Страница 47 из 50
Ты i твае бацькi не разумелi, што яму хацелася адчуваць сябе мацнейшым за вас, быць незалежным, што ён задыхаўся ў гэтай рабскай атмасферы. Навошта вы так высока трымалi падачкi i прымушалi яго падскокваць? Ён з той пароды сабак, якiя не паддаюцца такой дрэсiроўцы i ўцякаюць туды, дзе косцi кiдаюць проста пад нос.
Бедная Янiна! Зусiм ты не ведаеш свайго Фiлi!.. Ды што яна можа бачыць, калi ўсё засланiла нуда, рэўнасць, патрэба чуць, бачыць яго, цешыцца яго ласкамi... Усё засланiў жах ад таго, што яна страцiла свайго каханага... I вось аслепленая сваiм каханнем утрапёна бяжыць яна за сваёй здабычай i сама не ведае, хто ён такi, за кiм яна гонiцца... Людзi кажуць: бацькоўская любоў сляпая. Янiна мне ўнучка, але калi б яна была маёй дачкою, я бачыў бы яе такой, якая яна ёсць. Нiчога ў ёй няма абаяльнага. Рысы твару правiльныя, але фiгура няўклюдная, голас нейкi пiсклявы, вочы пустыя... На такiх мужчыны не надта заглядаюцца... I ўсё ж у гэтыя доўгiя вечары яна здавалася мне прыгожай. Была ў яе тая асаблiвая прыгажосць, якую надае жанчыне любоўны адчай. Хто ведае, можа, i знойдзецца мужчына, якога прыцягне да сябе гэты пажар... Але няшчасная гарыць у змроку, у адзiноце, i толькi я адзiны сведка яе пакут...
Шкада мне Янiны, i я цярплiва слухаю яе бясконцыя ўспамiны пра гэтага незвычайнага Фiлi. А што ў iм незвычайнага? - Мiльёны такiх... Але я слухаю i не магу надзiвiцца, як распалiў гэты Фiлi такое пачуццё ў маёй унучцы. Гэта ж трэба: свету белага не бачыць! Усё перастала iснаваць, акрамя яе мужа, акрамя гэтага маладога самца, якi любiць прыкладацца да чаркi, а на каханне глядзiць як на работу, на цяжкую павiннасць... Якое ўбоства!
Янiна амаль не заўважае дачкi, якая ўпоцемку прашмыгнула да нас у гасцiную. Мацi, не гледзячы, датыкаецца губамi да яе кучаравенькай галоўкi. Не скажу, каб гэтае малое не адыгрывала нiякай ролi ў жыццi Янiны: толькi дзякуючы гэтай дзяўчынцы перамагла яна ў сабе жаданне кiнуцца ў пагоню за Фiлi (а магла б яна i пагнацца, i ўпрошваць яго, i лаяць, i рабiць сцэны на людзях). Не, не змог бы я яе адзiн утрымаць. Дома яна засталася толькi дзеля дзiцяцi, але вялiкай уцехi ў iм не знаходзiла. Малая нiбы адчувала гэта i вечарам, калi мы чакалi, пакуль пададуць на стол, спяшалася залезцi да дзеда на каленi, нiбы шукала ў мяне прытулку. Валаскi ў яе былi мякенькiя, як пух, пахла ад iх цёплым птушыным гняздзечкам, i мне ўспамiналася тады Мары. Я заплюшчваў вочы i, прытулiўшыся губамi да яе шчочкi, цiхенька сядзеў, ледзьве стрымлiваючы сябе, каб моцна-моцна не абняць гэтае маленькае цельца. У такiя моманты мне здавалася, што гэта Мары або Люк. Часам цалуеш яе, калi яна разгуляецца, i адчуваеш, што шчочкi ў яе чуць-чуць салёненькiя, як у маленькага Люка ў днi летнiх вакацый, калi ён, бывала, так набегаецца за дзень, што возьме ды засне проста за сталом. Не мог ён дачакацца дэсерту i падстаўляў усiм свой сонны стомлены тварык для развiтальнага пацалунку.
Вось што ўспамiналася, мроiлася мне, пакуль Янiна, нявольнiца свайго кахання, хадзiла ўзад i ўперад па гасцiнай.
Памятаю, аднойчы яна ў мяне спыталася:
- Як цяпер мне жыць? Што зрабiць, каб не пакутаваць?.. Як вы думаеце, гэта пройдзе?..
Ноч была халодная. I раптам я бачу, Янiна падыходзiць да акна, адчыняе яго, высоўвае свой заплаканы твар, глядзiць на сад, залiты блакiтным месячным святлом, i прагна дыхае ледзяным паветрам. Я прывёў яе назад да агню i, хоць не прывык да пяшчоты, падсеў да яе i абняў за плечы. Я спытаўся, цi няма ў яе хоць якой-небудзь падтрымкi.
- У цябе ёсць вера?
Яна разгублена адказала:
- Вера? - быццам не зразумела мяне.
- Ну, ты верыш у Бога?..
Яна прыўзняла на мяне свой палаючы твар, недаверлiва паглядзела на мяне i нарэшце сказала: "Пры чым тут вера?.." Я зноў паўтарыў пытанне, тады яна адказала:
- Ну, канешне, я веру. Хаджу ў царкву, прычашчаюся, словам, раблю ўсё, што ўсе робяць. Але навошта вы пытаецеся? Каб пасмяяцца з мяне?
- Як ты думаеш, - працягваў я, - Фiлi варты твайго кахання?
Яна паглядзела на мяне тым сумным, злосным позiркам, якi бывае ў яе мацi, калi яна не разумее, што ёй гавораць, не ведае, як адказаць, i баiцца трапiць у пастку. Нарэшце яна адважылася:
- Усё гэта не звязана адно з адным. Не трэба да маёй бяды прымешваць рэлiгiю. Ну што, я веру, а таму i не люблю, калi робяць такiя супастаўленнi... Я раблю ўсё, што гаворыць святар...
Усё гэта было сказана такiм тонам, нiбы яна стаяла перад фiнансавым iнспектарам i дакладвала яму, што "акуратна плацiць усе падаткi". Вось што я ненавiдзеў усё жыццё: гэтую карыкатуру, гэты ўбогi шарж на хрысцiянскае жыццё, а каб мець права iх ненавiдзець, я прытвараўся, што бачу ў карыкатуры сапраўднае хрысцiянства. Трэба мець адвагу адкрыта глядзець на тое, што ненавiдзiш... Але ж я цяпер ведаў... ведаў, што ўсё жыццё сам сябе ашукваў. Я ведаў гэта яшчэ ў канцы мiнулага стагоддзя, у той вечар, калi вось тут, у Калезе, абат Ардуэн сказаў мне: "Вы добры чалавек..." Хiба гэта не так?! А потым я затыкаў сабе вушы, каб не чуць тых слоў, якiя шаптала мне пры смерцi Мары. I менавiта тады, перад яе труною, адкрылася мне таямнiца жыцця i смерцi чалавечай... Мая дачушка памiрала дзеля мяне... Я хацеў забыць гэта... Зноў i зноў спрабаваў згубiць ключ ад брамы таямнiцы, але чыясьцi моцная рука вяртала яго мне на кожным павароце майго жыцця. (Хiба можна забыць позiрк Люка пасля нядзельнай ранiшняй службы, у тую хвiлiну, калi пачынаў стракатаць першы конiк?.. А тая вясновая ноч, калi пайшоў град?..)
Так цяклi мае думкi ў той вечар. Помню, я ўстаў i з такой сiлай адпiхнуў крэсла, што Янiна здрыганулася. Начны спакой i гэтая страшная цiшыня, здавалася, утаймавалi яе душэўны боль. Агонь у камiне патух, у пакоi рабiлася ўсё халадней, Янiна блiжэй i блiжэй падсоўвала сваё крэсла да камiна, ногi яе амаль дакраналiся да жару. Яна працягвала да вуголля рукi. Лямпа асвятляла яе сагнутую дзябёлую фiгуру... У прыцемку хадзiў я па гасцiнай, застаўленай старою мэбляй з палiсандравага i чырвонага дрэва. Бездапаможна мiтусiўся я вакол гэтай чалавечай глыбы, гэтага нерухомага цела.
- Дзiцятка ты маё... - Шукаў i не знаходзiў я патрэбных слоў... Як душыць мяне сёння вечарам, калi я пiшу гэтыя радкi, як балiць сэрца, здаецца, вось-вось разарвецца, а ўсё таму, што яно перапоўнена любоўю, i я ведаю нарэшце iмя, яе трапятк.................