Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 3 из 50



Не падумай толькi, што ля вытокаў нашай бяды стаяла рэўнасць. У тую летнюю ноч 1885 года, калi ты прызналася, што гэты незнаёмы мне юнак быў мiнулым летам тваiм жанiхом, я зусiм не раўнаваў цябе. I толькi намнога пазней прыйшло да мяне гэтая шалёнае пачуццё.

Неверагодна! Толькi праз сорак пяць год атрымаў я магчымасць пагаварыць з табой пра гэта. Толькi цi захочаш ты чытаць далей гэтае пiсьмо? Цябе ж гэта амаль зусiм не цiкавiць. Усё, што звязана са мною, наводзiць на цябе нуду i смутак. Ты ўся растварылася ў дзецях: яны не давалi табе бачыць i чуць мяне. А калi з'явiлiся ўнукi!.. Што ж, тым горш для мяне! Але я вось вырашыў апошнi раз паспытаць шчасця. Магчыма, мёртвы я буду табе цiкавейшы, чым жывы. Можа, пасля смерцi я хоць на некалькi тыдняў займу нейкае месца ў тваiм жыццi, i ты па клiчу апошняга доўгу дачытаеш гэтыя старонкi да канца. Я так хачу ў гэта верыць. I я веру.

II

Сапраўды, я не раўнаваў цябе ў тую ноч, калi ты так шчыра спавядалася. Але як жа табе растлумачыць, што разбурыла гэтая споведзь? Я быў у мацi адзiным сынам. Яна рана аўдавела i адна гадавала мяне. Ты ведала яе цi, правiльней, бачыла, жывучы пад адным дахам столькi гадоў. Нават калi ты i захочаш, то наўрад цi зразумееш тую душэўную блiзкасць, што яднала дзве адзiнокiя iстоты мацi i сына; бо ты вырасла зусiм у iншай сям'i - вялiкай, моцнай, багатай буржуазнай сям'i, дзе панавалi свае правiлы i парадкi. I нiколi ты не зразумееш, з якой пяшчотнай руплiвасцю гадавала сына - сваю адзiную ўцеху на свеце, удава сцiплага чыноўнiка. Мае школьныя поспехi напаўнялi яе гонарам. Я таксама любiў добрыя адзнакi, i iншай радасцi, бадай, не ведаў. У тую пару я не сумняваўся, што жывём мы вельмi бедна. У гэтым мяне пераконвалi i наш сцiплы побыт, i гаспадарчая ашчаднасць, i асаблiва строгая эканомiя, якая была для мамы непарушным законам. Я, вядома, меў усё, што хацеў, i нiякай нястачы не адчуваў. Але толькi потым я зразумеў, як няньчыла i песцiла мяне мацi. У Астэйне ў нас была ферма, адкуль па таннай цане нам прывозiлi прадукты. Як бы я здзiвiўся, калi б у дзяцiнстве мне хто сказаў, што ў нас на стале далiкатэсы: адкормленыя кураняты, зайцы, паштэты з бакасаў, - усё гэта мне не здавалася раскошай. Я часта чуў ад старэйшых, што наша ферма нiкуды не вартая. I сапраўды, калi яна перайшла ў спадчыну да мацi, там былi закiнутыя аблогi, дзе калiсьцi яшчэ мой дзед хлопчыкам пасвiў кароў. Але адкуль мне было ведаць, што бацькi перш-наперш паклапацiлiся пра тое, каб аддаць землi пад лясныя пасадкi, i калi мне споўнiўся дваццаць адзiн год, я стаў уладальнiкам дзвюх тысяч гектараў маладога гоннага лесу, дзе ўжо нарыхтоўвалi i вывозiлi ўмацавальныя слупы для шахтаў. З гэтых сцiплых даходаў мацi памалу ўжо адкладвала грошы. Яшчэ пры бацьку "за апошнiя франкi" мы купiлi маёнтак Калез (аддалi тады сорак тысяч, а цяпер гэтыя вiнаграднiкi я i за мiльён не прадам). Мы жылi на вулiцы Сэнт-Катрын у чатырохпавярховым доме, якi бацька атрымаў у спадчыну перад сваiм вяселлем. Два разы на тыдзень з вёскi прывозiлi кашолку з правiянтам: мацi старалася як мага менш "абiваць парог" мясной крамы.

А я клаўся спаць i ўставаў з адной толькi думкай: паступiць у Эколь Нармаль*. У чацвер i нядзелю** мяне амаль немагчыма было выгнаць на двор, ("каб хоць праветрыўся"). Я не з тых дзяцей, якiя хваляцца, што сталi выдатнiкамi без нiякiх намаганняў. Я быў зубрылам i ганарыўся гэтым: "Зубрыла! А што тут такога?!" Не скажу, што ў лiцэi я з вялiкiм задавальненнем вывучаў Вергiлiя цi Расiна. Але што зробiш: задалi - значыць, чытай, зубры i нiчога не думай. Праграма ёсць праграма. Са скарбнiцы чалавечага генiя я вылучаў толькi тыя шэдэўры, што былi пазначаны ў праграме. Толькi яны мелi для мяне значэнне. I я пiсаў пра iх у сваiх сачыненнях тое, што трэба было пiсаць, каб дагадзiць выкладчыкам, - гэта значыць тое, што сотнi разоў гаварылася i пiсалася цэлымi пакаленнямi абiтурыентаў, якiя паступалi ў Эколь Нармаль. Вось такiм я быў iдыётам, i, магчыма, iм бы i застаўся на ўсё жыццё, калi б за два месяцы да ўступных экзаменаў не пачаў харкаць кроўю. Хвароба страшэнна напалохала мацi, i я быў вымушаны ўсё кiнуць.

* Вышэйшая навучальная ўстанова ў Парыжы.



**У французскiх школах чацвер i нядзеля - вольныя ад заняткаў днi.

Гэта была расплата за празмернае зубрэнне ў дзяцiнстве i юнацтве. Калi хлопчык расце, развiваецца, нельга яму ад ранiцы да ночы сядзець за пiсьмовым сталом, згорбiўшыся над кнiгамi i сшыткамi. Трэба даваць яму хоць якую фiзiчную нагрузку.

Табе сумна? Як я гэтага баюся, але прашу цябе: не прапускай нiводнага радка. Павер, я гавару толькi пра самае неабходнае: уся трагедыя нашага сумеснага жыцця пачынаецца з гэтых маленькiх непрыкметных падзей, - ты пра iх не ведала альбо забылася.

Урэшце ты бачыш з гэтых першых старонак, што я не збiраюся шкадаваць i сябе. Ты тут знойдзеш нямала звестак, ад якiх твая нянавiсць толькi парадуецца. Ну, не трэба, не пярэч мне.., бо ты, калi i ўспамiнаеш пра мяне, то толькi з варожасцю.

Магчыма, я залiшне рэзкi i не зусiм справядлiвы да таго кволага падлетка, што ўпарта ўчытваўся ў тоўстыя даведнiкi i слоўнiкi. Калi я гартаю ўспамiны дзяцiнства другiх людзей i бачу, якi светлы рай паўстае перад iх вачыма, я з нудою пытаю ў сябе: "А я? Чаму гэтая пустыня адабрала ў мяне нават дзяцiнства? Можа, я нешта забыўся, а другiя берагуць гэта ў памяцi? Можа, i ў маiм маленстве былi такiя ж радасныя часiны?.." Дзе там... У памяцi толькi бясконцае зубрэнне, упартая барацьба за адзнакi, жорсткае сапернiцтва з Энохам i Радрыгам - маiмi аднакласнiкамi. Сяброў у мяне не было, бо я па прыродзе сваёй не прымаў нiякай дружбы. Поспехi ў вучобе, мая незалежнасць i нават высакамернасць прыцягвалi да мяне некаторых школьнiкаў, але я жорстка адштурхоўваў кожнага, хто лез да мяне са сваёй дружбай. Я цярпець не мог нiякiх "сантыментаў". I калi б нават лёс зрабiў мяне пiсьменнiкам, я ўсё роўна не знайшоў бы ў сваiх дзiцячых успамiнах нiводнай пяшчотнай старонкi. Пачакай... усё ж нейкi водблiск святла прабiваецца... Бацька... Я амаль не памятаў яго i часта пераконваў сябе, што ён не памёр, не, а толькi на нейкi час знiк i хутка вернецца... Пасля заняткаў у лiцэi я бягом iмчаўся дамоў, абмiнаючы экiпажы. На тратуарах заўсёды было многа прахожых, i я бег проста па вулiцы. Стрымгалоў узлятаў я па лесвiцы. Мама сядзела ля акна i цыравала бялiзну. Бацькава фатаграфiя вiсела на сваiм месцы - справа ад ложка. Я дазваляў маме пацалаваць сябе, штосьцi мармытаў у адказ на яе пытаннi i садзiўся за ўрокi.