Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 11 из 50



Я трымаўся спакойна i маўчаў, каб не перапыняць цябе. А ты ўсё даказвала мне, што наша каханне было наканавана самым Богам.

- Я пакахала цябе з першага позiрку. Я многа малiлася ў Лурдзе i, калi ўбачыла цябе - адразу зразумела: Бог пачуў мае малiтвы...

Ты i не здагадвалася, якiм болем аддавалiся ўва мне гэтыя словы. Нават бязбожнiкi маюць больш узвышанае ўяўленне пра рэлiгiю, чым ты - веруючая. Кожны бязбожнiк абурыцца, калi давядзецца, з якiмi нiзкiмi, карыслiвымi просьбамi звярталася ты да Бога, да свайго бацькi нябеснага. Але што мне да таго? З тваiх слоў выходзiла, што твая мацi i ты накiнулiся на першага стрэчнага жанiха i падлавiлi яго на кручок.

Вось тады я i зразумеў, якiм недарэчным быў наш шлюб. Адбыўся ён толькi таму, што на тваю паважаную мацi найшло нейкае вар'яцтва, якiм яна заразiла i бацьку, i цябе... Ты мне расказала, што барон Фiлiпо нават пагражаў адрачыся ад цябе, калi ты выйдзеш за мяне замуж. Атрымлiваецца так, што ў той час, калi мы пасмейвалiся з барона ў Люшоне, гэты чалавек рабiў усё магчымае, каб схiлiць Фандадэжаў да разрыву са мной.

- Ды толькi дарэмна ён стараўся. Я пакахала цябе, рашэнне маё было цвёрдае, i я не шкадую пра гэта...

Я маўчаў, слухаў i не перабiваў цябе. А ты ўсё пераконвала мяне, што не было б табе шчасця з гэтым Рудольфам. Занадта ён быў прыгожы, ды i кахаць не ўмеў, а толькi паблажлiва дазваляў, каб кахалi яго. Любая жанчына магла адабраць яго ў цябе. I ты не заўважала, што нават голас твой мяняўся, калi ты вымаўляла яго iмя: звычайна голас у цябе трохi сухаваты, а тут раптам з'яўлялiся такiя пяшчотныя, трапяткiя ноткi, нiбы з тваiх грудзей iрвалiся на волю ўсхваляваныя любоўныя ўздыхi.

Выходзiць, не ашчаслiвiў бы цябе твой Рудольф, таму што быў прыгожы, абаяльны i падабаўся жанчынам. Iнакш кажучы, ты вырашыла шукаць шчасця са мною, бо са мною табе было прасцей, спакайней: хто паквапiцца на такога панурага, нецiкавага тыпа. "У Рудольфа былi, - казала ты, - нязносныя звычкi, як i ў многiх маладых гуляк, што вучылiся ў Кембрыджы i нахапалiся ангельскiх манер". Дык няўжо ты аддала перавагу мужыку, якi не можа выбраць тканiны на касцюм, завязаць гальштука, не займаецца спортам, не ўмее далiкатна i дыпламатычна размаўляць, не ведае, як жыць прыгожа i весела? Не, ты выбрала гэтага няшчаснага маладога чалавека толькi таму, што ён трапiў табе на вочы якраз тады, калi мацi ўбiла сабе i табе ў галаву, што "немагчыма выдаць замуж гэтую дачку", i так вымучыла цябе, што ты не магла больш чакаць... Да таго ж у жанiха было дастаткова грошай, каб апраўдаць гэты шлюб у вачах "прыстойных людзей".

Я маўчаў i слухаў, ледзьве стрымлiваючы сябе, сцiскаў кулакi, кусаў губы. I нават цяпер, калi я сам сабе раблюся агiдным i страшным, калi я праклiнаю сваё цела i душу, думкi мае заўсёды вяртаюцца ў той далёкi 1885 год. Мне ўспамiнаецца той дваццацiтрохгадовы юнак, няшчасны муж, якi амаль у непрытомнасцi прыцiскаў да грудзей рукi, нiбы хацеў задушыць у сабе сваё маладое каханне.

Я ўвесь дрыжаў. Ты заўважыла гэта i спыталася:

- Табе холадна, Луi?

- Нешта i праўда ў нас халаднавата...

- Паслухай, а ты мяне не раўнуеш? Гэта было б зусiм недарэчна.

Я супакоiў цябе, што не збiраюся раўнаваць, i я не ашукваў цябе. Але хiба ты магла зразумець, што драма мая была зусiм не ў рэўнасцi?

Ты i думаць не думала, якую глыбокую рану зрабiла мне, але маё маўчанне цябе занепакоiла. У начной цемры твая рука працягнулася да мяне, пагладзiла мой лоб, твар. Дарэмна ты спадзявалася, што шчокi мае будуць вiльготныя ад слёз, але, хто ведае, можа, тады твая рука i не пазнала знаёмых рыс на маiм суровым твары. Я моцна сцiснуў зубы i ўвесь акамянеў. Ты спалохалася. Ты хацела запалiць свечку. Перагнулася цераз мяне i нiяк не магла намацаць запалкi на начным столiку. А я задыхаўся пад тваiм ненавiсным целам.



- Што з табой? Толькi не маўчы, не палохай мяне!

Я прыкiнуўся здзiўленым i сказаў, што нiчога са мной не здарылася i ты дарэмна турбуешся.

- Ах, дурненькi ты мой! Як жа ты мяне напалохаў! Ну, я тушу свечку. Давай спаць...

Ты хутка задрамала, а я доўга глядзеў, як нараджаецца свiтанак, першая ранiца майго новага жыцця. На чарапiчным даху шчабяталi ластаўкi. Нехта прайшоў па двары, моцна грукаючы ботамi. Усё, што я чую цяпер, праз сорак пяць гадоў, я чуў i тады: спеў пеўняў, меладычныя гукi царкоўнага звону, працяжныя гудкi таварнага цягнiка... I сёння ўдыхаю я той самы пах, што i тады: пах паленай травы, што даносiў вецер з далёкiх ландаў... Раптам я ўскочыў з пасцелi.

- Iза, помнiш, ты плакала, калi мы сядзелi на лаўцы ў Баньеры? Гэта таму, што ты страцiла Рудольфа?

Ты маўчала, i я схапiў цябе за руку. Амаль са звярыным стогнам ты вырвалася ад мяне. Потым ты павярнулася на бок. Ты моцна спала. Увесь твой твар утапiўся ў прыгожых доўгiх валасах. Ранiшнi халадок напоўнiў пакой. Ты нацягнула на сябе скамечаную прасцiну i скруцiлася ў клубочак. Так спяць маладыя звяркi. Навошта было трывожыць твой спакойны дзiцячы сон? Тое, што я хацеў пачуць, я ўжо ведаў. Хiба не так?

Я цiхенька падышоў да шафы з люстэркам i пачаў пiльна ўглядацца ў сябе. Перада мною стаяў зусiм iншы чалавек. Чаму iншы? Я зноў стаў самiм сабой тым, каго нiхто на свеце не любiў i не шкадаваў... Вялiкай мужыцкай рукой правёў я па твары, на якiм ужо цямнелася калючае шчацiнне...

Я моўчкi апрануўся i выйшаў у сад. Мама ўжо была на алеi ружаў. Яна заўжды ўставала разам са слугамi. Мама ўсмiхнулася мне:

- Што, захацелася прайсцiся ў халадку. Сёння то ўжо будзе горача. У восем гадзiн трэба пазачыняць аканiцы...

Я пацалаваў яе з нейкай асаблiвай пяшчотай, i мама цiха сказала:

- Дарагi ты мой...

Сэрца маё (ты, напэўна, здзiвiшся, што я гавару пра сэрца) разрывалася ад шчымлiвага болю... Як жа мне хацелася пра ўсё расказаць маме... Словы самi прасiлiся на вусны... Але як пачаць? А цi зразумее мяне мая бедная мама? Маўчаць намнога лягчэй, прасцей, i гэтай спакусе я паддаваўся заўсёды.

Я спусцiўся да тэрасы. Над вiнаграднiкамi ледзь-ледзь вырысоўвалiся сiлуэты пладовых дрэў. Пагоркi нiбы плячом прыўзнiмалi заслону туману. Перада мной, як жывая iстота, узвышалася царква са званiцай. Ты вось усiм паўтараеш, што я нiчога не разумею ў такiх рэчах... А ў тую хвiлiну мне адкрылася, што чалавеку, жыццё ў якога паламалася, трэба абавязкова шукаць прычыну i сэнс сваёй трагедыi, i што галоўныя падзеi нашага жыцця, асаблiва тыя, якiя датычаць сэрца нашага, пасланы нам з патаемным запаветам, i трэба толькi ўмець прачытаць, разгадаць яго... Што ж, былi ў маiм жыццi часiны, калi я мог спасцiгнуць такiя таямнiцы, i гэта павiнна было зблiзiць мяне з табою. Зрэшты, у тую ранiцу хваляванне маё было нядоўгае... Помню, як я вярнуўся дадому. Яшчэ не было i васьмi, а сонца ўжо няўмольна палiла. Ты стаяла ля акна i, нахiлiўшы галаву, прытрымлiвала адной рукой свае распушчаныя валасы, а другой расчэсвала iх шчоткай. Ты не бачыла мяне. Я спынiўся i паглядзеў на цябе з такой нянавiсцю, што i сёння, здаецца, у роце ў мяне горыч той нянавiсцi.