Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 22 из 30

Але, што б там ні было, Марцін пераканаў сябе: 23-ці красавіцкі дзень — не шараговы, у гэты дзень мацней праяўляюцца неспасцігальныя чалавечым розумам сілы і перад верагоднай сустрэчаю з імі трэба трымацца напагатове.

Якраз тады, няхай і не 23 красавіка, а напярэдадні, ён знайшоў на беразе ракі пасля паводкі срэбную манету з партрэтам яшчэ невядомага яму манарха на аверсе і конным рыцарам на рэверсе. Тое здарэнне сведчыла, што і ў наш час у дваццатых днях другога вясновага месяца могуць адбывацца рэчы непрадказальныя і, апрача таго, неабавязкова сумныя.

Так у Марціна з’явілася асабістая таямніца — магічны дзень.

6

Загадка Шэкспіра і Сервантэса не давала Марціну спакою да дзявятага класа. Але аднойчы брат-студэнт, які прыехаў да іх на Каляды, паблажліва паляпаў Марціна па плечуку і даў параду супакоіцца і пашукаць сабе іншую таямніцу.

Стрыечны не забыў на абяцанку і, нарэшце заглыбіўшыся ў тэму, высветліў, што насамрэч сэрцы класікаў спыніліся не ў адзін і той жа дзень. Сервантэс адышоў на дзесяць дзён раней, бо ў каталіцкай Іспаніі дзейнічаў грыгарыянскі каляндар, а пратэстанцкая Англія ўпарта трымалася юліянскага. Брат патлумачыў, што такія аддаленыя ад нас даты не пераводзяцца ў новы стыль, праз што і ўзнікла міфічная таямніца, якой дураць наіўныя галовы.

7

Марцін перажыў глыбокае расчараванне. Ягоны свет страціў адну з непаўторных барваў. Сітуацыю не ратавалі і адкапаныя звесткі, паводле якіх Шэкспір памёр у той самы дзень, калі і нарадзіўся, што таксама выглядала дзіўнавата. Марцін з сумам закінуў жоўты нататнік з пабляклым сонейкам на антрэсолі ды ўзяўся шукаць новыя загадкі.

Аднак яго даўняя таямніца не канула ў Лету і па часе вярнулася. Па-першае, разважаў Марцін, і Іспанія, і Англія, а значыць, і Шэкспір з Сервантэсам, пражывалі той далёкі дзень менавіта як 23 красавіка. Такім чынам, версія з ліставаннем і пакрыёмай дамоваю класікаў канчаткова не губляла імавернасці. А па-другое, Марціну проста расхацелася развітвацца з магічным днём.

8

Да гэтай падлеткавай тайніцы Марцін у розныя перыяды жыцця ставіўся неаднолькава, часта іранізаваў над сабой, але не забываў намаляваць у штодзённіку на адпаведнай старонцы сонца са стрэлкамі-промнямі. Цяпер яны азначалі чаканне чагосьці такога, што магло аздобіць сваім водсветам будзённае жыццё. А магло і азмрочыць, таму трэба быць гатовым да неспадзяванак. Калі ты наструньваешся і ловіш адпаведную хвалю, верагоднасць такога здарэння павялічваецца.

Урэшце і нязначная, на першы погляд, падзея, убачаная пад іншым ракурсам, можа набыць новае нечаканае гучанне, стацца лёгкім намёкам, знакам, папярэджаннем або абяцаннем. Карацей, Марцін не здраджваў даўняй гульні і ў дваццатыя красавіцкія дні імкнуўся хоць на хвіліну ператварыцца ў падлетка з жоўтым нататнікам.

Калі-нікалі гульня дзячыла яму за вернасць. Ён не вёў дакладнага ўліку таго, што адбывалася 23 красавіка ці ў суседнія дні, але якраз тады, пры канцы красавіка, некалі перажыў бурнае развітанне з жонкай-актрысаю Жаннай, якую ў сапраўднасці звалі Ганнай. Праз колькі гадоў гэтай парою завязалася знаёмства з мастачкаю Вітай. Яно перарасло ў працяглую, збольшага шчаслівую гісторыю, што, на жаль, пяць гадоў таму — праўда, не ў красавіку, а ў траўні — завяршылася ад’ездам Віты на міжнародны пленэр у Краіну баскаў, які, даходзілі чуткі, скончыўся для яе шлюбам з неўзабаве асуджаным на працяглы тэрмін байцом ЭТА.

Летась і залетась у красавіку не здарылася нічога прыкметнага, а вось тры гады таму Марцін адзіны раз у жыцці выйграў у латарэю. Грошы прыйшлі не богведама якія, аднак хапіла на велікодную выправу ў Вільню з прыстойным зацішным гатэлем у Старым горадзе і трохвечаровай вандроўкаю па знаёмых кавярнях. Ён піў за Шэкспіра з Сервантэсам моцныя літоўскія настойкі, часам, палохаючы афіцыянтаў, дэкламаваў самому сабе ўлюбёныя санеты славутага грамадзяніна горада Стратфарда, а ў адной пітной установе паблізу Базыльянскіх муроў пасля шматлікіх кілішкаў Suktinis’y пакінуў шчодры гасцінец, падпісаўшыся як Д. К. з Ламанчы, за што назаўтра адчуваў пякучы сорам.

9

Марцін не стаў літаратуразнаўцам. Ён меў дыплом географа і навуковую ступень, але пасля сарака гадоў у пэўным сэнсе вярнуўся да падлеткавага захаплення разнастайнымі цікавосткамі — узяўся пісаць турыстычныя даведнікі. Яму падабалася тлумачыць замежнікам, а заадно і неабазнаным суайчыннікам, што ягоная краіна не проста знаходзіцца ў геаграфічным цэнтры Еўропы, а мае і еўрапейскую гісторыю — з замкамі, магдэбургскім правам, рыцарскімі турнірамі…

У Марціна было лёгкае пяро. Справы ішлі няблага, і ў яго з’явіўся свой выдавец. Пасля кніжкі пра вядомых асобаў, што калісьці адзначыліся ў гэтых шыротах — ад заваёўнікаў розных эпох да Лі Харві Освальда, на прыз якога іхні школьны настаўнік вайсковай падрыхтоўкі ў гады халоднай вайны з Захадам праводзіў штогадовыя стралковыя спаборніцтвы, — Марцін пачаў задумвацца пра тое, каб пакінуць выкладчыцкую працу. Студэнты прыносілі на экзамены турыстычныя даведнікі і, падлабуньваючыся, прасілі ў Марціна аўтографы, а яму ўжо мроілася, як ён будзе ставіць мудрагелістыя подпісы на тытуле свайго гістарычнага рамана, героі якога наведваліся ў сны.





10

У самалёце Марцін, узяўшы маленькую пляшачку чырвонага віна, працягваў думаць пра Шэкспіра і Сервантэса. Ён — гэта сталася важным элементам гульні — выдатна ведаў іх жыццяпісы разам з легендамі, дыскусіямі і здагадкамі і сачыў за ўсімі новымі знаходкамі ды версіямі. Нядаўна, да прыкладу, знайшоў у сеціве сцверджанне, што, прынамсі, за частку славы Шэкспір мусіў быць удзячны яго багатай сучасніцы-габрэйцы, надзеленай бліскучым літаратурным талентам. Вядома, не абмінуў Марцін увагаю і свежае паведамленне пра адшуканне магілы Сервантэса ў мадрыдскім кляштары ордэна босых трынітарыяў, якія заплацілі выкуп за пісьменніка, калі той быў захоплены піратамі і пяць гадоў пакутваў у алжырскім палоне.

Апрача таго, Марцін сябраваў з Мнемазінай і калісьці вывучыў усе шэкспіраўскія санеты, прычым расставіў іх у памяці па нумараваных палічках, адкуль санеты вельмі зручна было здымаць у патрэбныя моманты. Зрэшты, парою яны і самі прасіліся на волю.

Вось і цяпер, не паспеў Марцін чарговы раз пагадзіцца з тымі, хто лічыць 126 першых санетаў адрасаванымі маладому мужчыну, да якога аўтар меў зусім не платанічныя пачуцці, як гэтыя вершы загучалі ў ім на вышыні дзесяці тысяч кіламетраў над роўнем мора:

Любоў мая не ідалапаклонства,

А мой каханы ідалам не ёсць.

Хоць пра яго яму пяю бясконца,

Ягоную ўслаўляю прыгажосць.

[1]

Ён замовіў яшчэ адну паднябесную пляшачку чырвонага.

Дваццаць шэсць наступных санетаў відавочна звернутыя да жанчыны. Тобок Шэкспір, адрозна, напрыклад, ад калегі Уайлда, здолеў пазбыцца даволі небяспечнага ў тыя часы захаплення або, прынамсі, дадаць да яго іншае, да якога грамадства ставілася з большым разуменнем.

На радасць мне і на пакуту мне

Ўва мне жывуць адразу два каханні.

Адно — кабета, што за ноч цямней,

Другое — сябар у анёльскім ўбранні…

Разам з тым цікава, што ў тастамэнце драматург пазначыў перадачу жонцы свайго другога па якасці ложка. Адны тэатразнаўцы расцэньваюць тое як падкрэсленую абразу, іншыя, аднак, перакананыя, што гаворка ідзе пра сужэнскі ложак і што нічога зневажальнага ў тастамэнце і не начавала.