Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 23 из 30

11

Марцін папрасіў у халаднавата-прыгожай сцюардэсы-скандынаўкі чорнай кавы ды іхнюю цацачную пляшачку віскі.

Яго думкі набылі новы кірунак. Сервантэс у той дзень, калі іспанскі каляндар паказваў фатальную дату, меў шэсцьдзесят сем пражытых гадоў. За колькі дзён да сыходу ён, цяжка хворы жабрак, пастрыгся ў манахі, але і на Божай пасцелі не разлучаўся з пяром і паперай. Шэкспір жа назаўсёды заплюшчыў вочы, маючы ўсяго пяцьдзясят два, крыху больш, чым ён, Марцін. Тры астатнія гады мэтр, мяркуючы па ўсім, біў лынды, а пры канцы зямнога шляху, бывала, добра выпіваў з жаніхом малодшай дачкі, які зарабляў на жыццё вінаробствам.

Перад пасадкаю ў Стакгольме Марцін не надта цвяроза падумаў, што, калі б Шэкспір карыстаўся інтэрнэтам, ён мог бы своечасова даведацца пра вечны вырай іспанскага брата па духу і таленце і памянуць яго добрым келіхам, а натхніўшыся, напісаць прачулае развітальнае слова пад рубрыку In memoriam.

Марцін ляцеў на кніжны кірмаш, дзе мела адбыцца прэзентацыя перакладу яго шыкоўна ілюстраванага турыстычнага даведніка.

12

Кірмаш не належаў да самых прэстыжных, але карыстаўся статусам міжнароднага і, акрамя таго, праходзіў у старажытным горадзе, што, сцвярджала Вікіпедыя, ганарыўся непадступным замкам на азёрнай выспе і ў мінулым пабыў неафіцыйнай шведскай сталіцай. Вечар і ноч Марцін павінен быў прабавіцца ў сталіцы сучаснай і афіцыйнай, а назаўтра сесці на цягнік.

Гатэль яму — дзеля зручнасці некалькіх прыездаў і ад’ездаў — замовілі насупраць чыгуначнага вакзала, што ані не ўплывала на цішыню і ўтульнасць.

Марцін трымаўся на хвалі чакання нязвыклых уражанняў і падзей, але нічым асаблівым, калі не лічыць вялікіх ампірных люстраў у пазалочаных асадах перад шырокімі маршамі парадных сходаў, гатэль не ўразіў. Вечаровае вакно выходзіла на зялёны ўнутраны двор з вячыстымі дрэвамі, адно з якіх падступала зусім блізка. Пупышкі на галінках пакуль не пырснулі лістотай, аднак Марцін чамусьці вырашыў, што гэта вяз. Відаць, таму, што магутным галамнём і галінамі, падобнымі да рук казачных асілкаў, дрэва за вакном нагадала яму стары вяз над ракой на іхняй ціхай гарадской ускраіне. Вяз, пад якім ён-хлапчук, збягаючы з дому, любіў летнімі вечарамі дапазна чытаць і заседжваўся там — ужо з ліхтарыкам — да поўначы, забываючы, што мама з бабуляй не лягуць спаць, пакуль ён не вернецца. Як і на тым даўнім вязе з яго дзяцінства, так і на дрэве за гэтым падвойным шклом мудрагелістыя расколінкі, шнары і раўчукі на галамні ў прыцемку пачыналі складвацца ў больш вычварныя ўзоры, нагадваючы малюнкі з аптычным падманам і нараджаючы ў душы лёгкае хваляванне.

Марцін апусціў шторы, паглядзеў на канале National Geographic пачатак фільма пра некранутых цывілізацыяй індзейцаў Амазоніі, а затым, уключыўшы ў сотавым тэлефоне будзільнік, з асалодай выцягнуўся на духмянай хрумсткай прасціне.

13

Каб аздобіць адыход да сну, ён зазірнуў у сховы памяці, дзе побач з палічкамі, занятымі шэкспіраўскімі санетамі, знаходзілася і мясцінка з улюбёнымі цытатамі з «Дон Кіхота». Ён вырашыў, што зараз добра надаецца эпізод з астурыйкаю-прыслужніцай, якая ў раздзеле XVI першай кнігі рамана змаўляецца на заезным двары з паганятым мулаў адарыць яго сваімі вабнотамі і жарсцю, але па дарозе трапляе ўначы ў рукі хітрамудрага Ідальга.

Дон Кіхот, пачуўшы яе крокі, сеў на ложку і, не зважаючы на пластыры і боль у баках, раскрыў прыўкраснай дзеве абдымкі. Дакрануўшыся да ейнай пашытай з радна начной кашулі, ён уявіў, што гэта дзівосны найтанчэйшы ядваб. На руках у яе быў шкляны ружанец, але яму прымроілася, што ён мае справу з каштоўнымі ўсходнімі перламі. Яе валасы, што збольшага нагадвалі конскую грыву, ён прыпадобніў да нітак найчысцейшага арабскага золата…

Ужо ў абладзе дрымоты Марцін своечасова спыніўся, бо наступны рызыкоўны пасаж пра пахі, што густа разыходзіліся ад астурыйкі, мог дазвання сцерці водар канвалій, якім струменіла тонкая пуховая коўдра.





14

Яму сніўся вяз, які падступіў да самага ваконнага шкла і шкробся ў яго галінамі, не раўнуючы як просячыся, каб пусцілі ў пакой. Марцін разумеў, што рабіць гэтага нельга, і, праверыўшы, ці надзейна зачыненае вакно, стаяў пры ім, як зачараваны. Кара на галамні ажыла і зрабілася рухомай. На ёй спачатку прарэзалася адна пара вачэй, затым з розных бакоў ад іх расплюшчылася яшчэ колькі. Усе вочы глядзелі проста на Марціна, і вакол іх пакрысе ўзнікалі абрысы незнаёмых і як быццам знаёмых мужчынскіх і жаночых твараў. Адчуваючы, як з кожным новым ударам яго сэрца пачынае калаціцца ўсё больш шалёна, Марцін намагаўся распазнаць заваконныя абліччы, але часу на тое ўжо не заставалася…

15

Спярша Марціну здалося, што звініць будзільнік. Ён намацаў на століку пры ложку тэлефон і зрабіў спробу вымкнуць званок, аднак нічога не атрымалася. Канчаткова прачнуўшыся, ён даўмеўся, што тэлефон невінаваты. Вусцішны прарэзлівы гук вырастаў і запаўняў усю прастору. Такім і нябожчыкаў з магіл падымеш, — змрочна падумаў Марцін і запаліў настольную лямпу, бо за вакном яшчэ раскашавала ноч.

У наступнае імгненне першы раз па-шведску, а затым па-англійску грамавым голасам загаварылі сцены: Fire! Fire! Please, leave your rooms at onse![2]

У нявыспанай свядомасці мільганула: Вось табе і прыгоды. Дачакаўся!

Марцін ведаў за сабой каштоўную асаблівасць: пры небяспецы галава на хвілю рабілася пустой і звонкай, а затым нейроны ўключалі поўную хуткасць.

Дымам не пахла, затое яшчэ чуўся вечаровы водар канвалій. Нумар на другім паверсе. Вакно адчынілася без праблем: унізе ў начной падсветцы зелянеў газон. У калідоры чуліся галасы, ляпанне дзвярэй і тупат шматлікіх ног. Марцін пастанавіў, што, калі спатрэбіцца, выкіне валізку ў вакно, а сам у горшым разе саскочыць на траву.

Ён апрануўся і склаў рэчы, не забыўшы пра гарнітур, што адвешваўся ў шафе. Забраў з лазенкі зубную шчотку і пасту. Там паветра таксама захоўвала чысціню. Чуйка, як Марцін называў інтуіцыю, падказвала, што трывога нейкая несапраўдная, хоць сірэна працягвала нястомна выць, а заклікі пакінуць нумары гучалі на мяжы прыймальных для чалавечага вуха дэцыбелаў. Набраўшы поўныя лёгкія паветра, Марцін асцярожна прачыніў дзверы ў калідор. Дыму не было і там.

Стоячы на парозе нумара, ён назіраў даволі забаўнае відовішча. У прасторны калідор павыходзілі, мусіць, ужо ўсе госці. Большасць апранулася і стрымана чакала развіцця падзей. Многія павыносілі і рэчы, астатнія займаліся гэтым цяпер. Між тым у калідоры мітусілася і некалькі не надта апранутых пастаяльцаў, сярод якіх вылучалася амаль голая маладая парачка: яна — у цынамонавай кашульцы і ён — у адных паласатых чорнабелых майтках, але з пачатай пляшкаю віскі ў руцэ.

Выглядала на тое, што парачка ў паніцы запамятавала, з якога яна нумара, бо раз-пораз рабіла роспачныя высілкі пратачыцца то ў Марцінавы, то ў суседнія дзверы злева і справа. Гэтыя высілкі скончыліся тым, што прысадзісты і барадаты, падобны да шкіпера чалавек у клятчастай начной піжаме элегантным рухам выхапіў у зебрастых майткоў пляшку і схаваў яе ў сваю шырокую кішэню.

16

Марцін супакоіўся і ціха радаваўся прыгодзе. Чуйка не здрадзіла: аглушальныя абвесткі, а ўслед за імі і завыванне сірэны, сціхлі. У калідоры з’явілася задыханая супрацоўніца гатэля, якая папрасіла прабачэння: пажарная сігналізацыя спрацавала, бо двое гасцей курылі ў нумары на чацвёртым паверсе. Чалавек з абліччам шкіпера па-англійску, але з нейкім моцным акцэнтам, выказаў здагадку, што гэта расейскія турысты, і прапанаваў неадкладна выселіць парушальнікаў на вуліцу. Сарваныя з ложкаў пастаяльцы ўхвальна зашумелі, аднак кабета ў гатэльнай уніформе зрабіла выгляд, што не пачула.