Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 21 из 30

Раптам дзесьці ў бязмежжы паміж мной і поўняй нарадзілася вар’яцкая здагадка, адкуль наведваўся да мяне Чорны чалавек. Яна, здагадка, здаецца, спадабалася і самой поўні, якая скінула хуткасць і наогул — адносна мігатлівай зоркі злева ад яе — застыла ў адной кропцы, нібы нарэшце знайшла сваё месца.

І тады мне неверагодна выразна і пранізліва ўявілася, што ў гэтую хвілю з самых розных светаў і сусветаў на поўню скіравалі позіркі мае танцоры-самнамбулы, і хтосьці з іх неадменна трымае на руках ці на плячы іх верную сяброўку — чатырохногую танцорку-Котку, якая, магчыма, зусім і не была коткай. Разам з імі ўзіраўся ў поўню тапелец з перлінкай у вуху, што так і не з’явіўся ў маўклівым танцы пад зоркамі, ды дзіўным чынам назаўсёды застаўся ў ім прысутны. Прастору да зіхоткага дыска праціналі і позіркі юнай рыжавалосай жанчыны з азёрнага пляжа і яе другога ўвасаблення — жанчыны-малпачкі з марэлевай поўсткаю. І — праз два з паловаю стагоддзі — падымала вочы да залатой зрэнкі нашага паўночнага неба мексіканка ў срэбнай сукенцы з адкрытымі плячыма. А мама сачыла за поўняю, стоячы пры цёмным вакне ў гасцёўні, і ў месяцавым святле паблісквалі шкельцы яе акуляраў у чарапахавай аправе.

І — у гэтыя самыя імгненні — з зялёнай канапы глядзеў на поўню Чорны чалавек.

Але вечнасць усё адно заставалася роўнай чалавечаму жыццю.

Я запаліў настольную лямпу і ўверсе першай старонкі напісаў: Чорны чалавек на зялёнай канапе.

37

Граматык Тэрэнцыян Маўр меў рацыю: Habent sua fata libelli...

2016

ДОМ З ДАМАВІКАМІ

Хачу вам паведаміць, шаноўныя сеньёры,

што памянёны Ідальга прыбыў да нас

з намерамі сумнеўнымі і надзвычай падазронымі.

1

У аэрапорце за паўгадзіны да пасадкі Марцін выняў з наплечнай кайстры кармінавы штодзённік, каб спраўдзіць, ці не забыўся чаго істотнага. Ён перагарнуў старонкі на бліжэйшыя дні і зрабіў маленькае адкрыццё: абведзеная колцам дата — 23 красавіка — прыпадала акурат на канец яго кароткага падарожжа. Гэта адразу перайначыла Марцінаў настрой, дадаўшы да лёгкага перадвандроўнага хвалявання новыя эмоцыі.

Марцін міжволі ўсміхнуўся: дзяцінства праз столькі гадоў па-ранейшаму заставалася з ім. Ён абвёў вачыма пачакальню. Наўрад ці хто-небудзь мог хоць прыблізна ўявіць, чым занятыя цяпер ягоныя думкі.





А імі завалодалі Шэкспір і Сервантэс.

2

Больш за прыгоды і фантастыку ў дзіцячыя гады Марцін любіў чытаць розныя даведнікі, а таксама кніжкі і часопісы з цікавосткамі ды таямніцамі, што друкаваліся пад рубрыкамі накшталт Загадкі мінулых стагоддзяў або Вучоныя дагэтуль шукаюць адказ. Там ён знаходзіў займальныя для юнага розуму звесткі пра жорсткую помсту егіпецкіх фараонаў археолагам ці пра высокаразвітую цывілізацыю інкаў, якая, тым не меней, не ведала кола. Яго захапляла загадка шумераў, што не толькі вынайшлі кола, аднак за тысячы гадоў да Каперніка былі ўпэўненыя, што Зямля рухаецца вакол Сонца. Ну а пошукі ў Гімалаях снежнага чалавека хвалявалі тады і шмат якіх дарослых, у прыватнасці ягонага старэйшага стрыечнага брата-студэнта. Той ставіўся да Марцінавага захаплення з разуменнем і забяспечваў аматара тайніц адпаведнай літаратурай.

З

Сталася так, што Марціна наймацней узяла ў палон загадка смерці Шэкспіра і Сервантэса. У сёмым класе ён вычытаў у часопісе «Вакол свету», што знакамітыя пісьменнікі памерлі ў адзін і той самы дзень, 23 красавіка, аднаго і таго ж 1616 года. Яны не загінулі ў адной бітве, не патанулі, плывучы на адным караблі, не былі атручаныя на нечы загад, калі сядзелі за адным сталом на каралеўскім балі. Яны, як выглядала, наогул ніколі не сустракаліся. Між тым энцыклапедыі неабвержна сведчылі, што аўтар «Рамэа і Джульеты» пакінуў гэты свет у родным Стратфардзе-на-Эйване, а стваральнік «Дон Кіхота» ўбачыў цётухну з касой — пра яе Марцін у тыя гады думаў легкаважна і амаль весела, адно як пра метафару — у неверагодна далёкай, як на тадышні час, ад Стратфарда іспанскай сталіцы.

Гэтая таямніца настолькі захапіла хлопчыка, што, каб занатоўваць развагі пра яе, Марцін завёў адмысловы вялікі нататнік з жоўтай вокладкай, на якой ён напісаў і абвёў колцам загадкавую дату. Ад лічбы 23 разыходзіліся стрэлкі, што сімвалізавалі яго пошукі і гіпотэзы. Атрымалася нешта падобнае да сонейка з вострымі промнямі, якіх пакрысе рабілася ўсё больш.

4

Нататнік даўно згубіўся, ды Марціну і сёння добра памятаўся ягоны змест.

Побач са здагадкаю, што ў 1616 годзе ўсю Еўропу ахапіў жудасны чумны паморак, які і забраў жыцці двух геніяў, пад жоўтай вокладкай хавалася версія ўтручвання ў гэтую справу цёмных магічных сілаў. Магчыма, даваў волю фантазіі начытаны падлетак, Шэкспір і Сервантэс адмовіліся прадаваць душу ў абмен на вечнае жыццё і былі за тое пакараныя.

Дэталёва Марцін распрацаваў і гіпотэзу, звязаную з іншапланетнікамі. Але не з тымі, што, безумоўна, дапамаглі некалі шумерам, а — з варожымі зямлянам прыхаднямі з касмічных глыбіняў, якія разлічвалі ў будучыні захапіць Зямлю і ператварыць яе ў калонію. Пакуль жа іхнія выведнікі пасылалі на самых выдатных жыхароў нашай планеты нябачнае смяротнае апраменьванне.

Памятаецца, цэлую школьную чвэрць Марцін, знаходзячы сабе ўсё новыя, самыя фантастычныя доказы і малюючы ў сваім нататніку касмічных прыхадняў з пяццю вачыма на круглых безвалосых галовах і хабаткамі замест насоў, трымаўся менавіта такога адказу на загадкавае пытанне. Але аднойчы ён прачнуўся з думкаю, што вінаватыя ўсё ж не хобатаносыя, а больш блізкія, зямныя цёмныя сілы, калі іх увогуле можна назваць зямнымі, бо не выключана, што яны валадараць ці, прынамсі, ставяць свае бесчалавечныя эксперыменты ва ўсім Сусвеце.

Падставаю для такога меркавання стала невытлумачальная смерць аднакласніцы Лілі, якая яшчэ ў панядзелак спісвала ў яго на матэматычнай кантрольнай, а ў пятніцу ляжала абкладзеная кветкамі ў невялікай падлеткавай труне. Хадзіла пагудка, што на просьбу мачахі Лілю зачаравалі і за два дні звялі са свету. Пасля таго як Ліліна сям’я выехала з горада невядома куды, гэтыя размовы набылі новы кірунак. Марцінава бабуля казала, што цяпер праклён будзе ляжаць на ўсім родзе і нават на тых, хто паселіцца ў іхняй апусцелай кватэры ў суседнім доме. Аднак у колішняй Лільчынай кватэры неўзабаве атабарылася маладая сямейка з зарэчнай вёскі, у якой, здаецца, штогод нараджаліся белагаловыя здаровыя дзеці, і бабуліна вера ў праклён урэшце адышла ў мінулае.

5

Сярод запісаў у нататніку мелася ўжо і не надта дзіцячае вытлумачэнне, згодна з якім Шэкспір ды Сервантэс ліставаліся між сабой і, стаміўшыся ад жыцця і славы, змовіліся сысці ў вечнасць у адзін дзень, пакінуўшы сваю загадку нашчадкам. Марцін марна намагаўся шукаць пацверджанне ў самім «Дон Кіхоце», прычым не ў сваім, з маленькага хатняга кнігазбору, дзе на тытульнай старонцы было пазначана, што кніга пераказаная для дзяцей, а папрасіў маці прынесці раман з дарослай бібліятэкі і напачатку чытаў яго з трымценнем, нібы кабалістычны трактат. Але нават вывучэнне раздзела пра незвычайную прыгоду Дон Кіхота з калёсамі Суда Смерці скончылася безвынікова.

Марцін спрабаваў звяртацца па дапамогу не адно да кніг, але і да дарослых. Маці яго засмуціла, бо лічыла таямніцу смерці геніяльных пісьменнікаў простым супадзеннем. Вясёлы чырвананосы настаўнік гісторыі параіў пакінуць праблему вучоным-шэкспіразнаўцам. Бабуля, паводле ейнай завядзёнкі, меркавала, што паўсюль трэба шукаць сляды нязводных д’ябальскіх сілаў. Брат-стрыечнік, які ведаў пра Марцінаў жоўты нататнік, дакляраваў у вольны час разабрацца з пісьменнікамі, ды хутка пра тое забыўся.