Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 20 из 30

Не ўважаючы на забарону масавых акцый хаваць Настаўніка сабралося на могілках больш за сотню чалавек. Я разумеў, што, відаць, кожны трэці з іх — на службе. Некаторыя не таіліся. Два відэааператары вялі здымкі, а зводдаль назіраў за тым, што адбываецца, мацак у чорным скарбовым паўкажушку і з жуком-тэлефонам у вуху.

Труну не адчынілі. Выступы былі забароненыя, але двое немаладых сяброў Настаўніка сказалі кароткія прамовы. Мацак даў праз тэлефон каманду, і за плячыма ў абодвух выступоўцаў сталі па двое мужчын з такімі самымі, як у іхняга верхавода, чорнымі жукамі ў вушах.

Калі да пакуль што пустой магільнай ямы падцягнуліся далакопы, адбылося агульнае замяшанне. На труну нечакана апусцілася вялікая чорная птушка з двума зялёнымі пёрамі на крылах. У дзюбе яна трымала немаведама як здабытую такой парою стрэлку аеру.

Жанчыны ў натоўпе жагналіся. Чалавек у паўкажушку подбегам рушыў наперад: Хто выпусціў папугая? Убраць нахуй! Адзін з далакопаў замахнуўся на дзіўную птушку рыдлёўкай. Яна ўзмахнула крыламі і паднялася ў паветра, але не паляцела прэч, а пачала на невялікай вышыні кружляць над свежай магілай. Мацак выцягнуў пісталет, навёў яго ў неба, аднак скамандаваў сам сабе: Адставіць! — і апусціў зброю разам з рукой у кішэню.

Па труне з Настаўнікам ударылі першыя жменькі марознай зямлі. Я канчаткова зразумеў, што марна шукаў вачыма Залацістую з Коткай або Кіяскёрку. За справу ўзяліся людзі з рыдлёўкамі. Падначаленыя мацака ў аднолькавых скуранках вялі да аўтобуса з зацемненымі вокнамі двух мужчын, што прамаўлялі над труной. Сівая жанчына з вялікай чырвонай ружай гучна прамовіла: А можа, там пуста, толькі цэглы наклалі… Да яе адразу кінуўся яшчэ адзін у скуранцы.

Мацак аддаў новы тэлефонны загад, і ягоныя падручныя ўзяліся адціскаць людзей ад магілы. Сёй-той з задніх шэрагаў не паспеў пакласці кветкі, таму іх перадавалі пярэднім. Пра незвычайную птушку ўсе забыліся, адзін я, адступаючы пад націскам чорных вязаных шапак, зноў і зноў азіраўся на яе. Кругі рабіліся ніжэйшымі, і нарэшце птушка праляцела над самым магільным грудком, але здалёк я ўжо не здолеў убачыць, ці паклала яна Настаўніку аеравую галінку.

35

Трэба дадаць, што ўвесну я зноў выкарыстаў сястрын ад’езд для самотніцкай працы, ды ні на яве — на зялёнай канапе, ні ў сне — у скураным фатэлі або дзе-небудзь у іншым кутку кватэры — Чорны чалавек або хтосьці суадносны з ім не з’явіўся.

Тады адлічваў свае апошнія дні красавік. На лясных узгорках-санцагрэях па дарозе на возера сінелі званцы дрымотніку, але ў лагчынах пасля доўгай марознай зімы яшчэ бялелі сям-там лапікі снегу.

Возера, што здараецца такой парою нячаста, пакуль стаяла пад зеленаватым лёдам. Пра ягоную трываласць сведчылі тузіны два ўседлівых рыбакоў, якія не збаяліся пракруціць палонкі на самай сярэдзіне, разасяродзіўшыся па ледзяной роўнядзі доўгім няроўным ланцужком. Зрэшты, там лёд, відавочна, быў мацнейшы, бо пры беразе яго падтачылі шматлікія раўчукі-ручаінкі, што ўліваліся ў вузкую паласу серабрыста-чыстай вады.

Вы, відаць, заўважылі асаблівасць маёй памяці, якая ў пэўны момант неспадзявана пасылае са сваіх сховаў мой уласны, або нечы радок, маю не маю, здавалася б, даўно забытую і згубленую недзе думку, і менавіта такі раптоўны падарунак найлепей кажа пра перажываную цяпер хвіліну, змяняючы оптыку і перайначваючы навакольныя фарбы…

Так адбылося і ў той момант. Плыве вясновымі ручаямі радасць тапельцаў… — прагучала ўва мне, і я, пераступіўшы прыбярэжную ваду, выйшаў на лёд. З кожным крокам прыходзіла адчуванне ягонай усё большай надзейнасці. Абыходзячы першых рыбакоў, засамотненых на бляшчастых скрынках-седалах, я рушыў да таго берага. Упэўненасці надавалі стуленыя постаці далёка наперадзе. Ва ўсякім выпадку я наважыўся дайсці да доўгага ценю ад знаёмай яліны, бо ішоў тым самым шляхам, якім пераплываў возера ўлетку, і нізкае сонца кратала лоб несляпучымі ласкавымі промнямі.

Сіні цень ад яліны ўжо быў відаць наперадзе. Па два бакі ад майго арыенціра і, калі лічыць ад ценю, на сотню крокаў бліжэй да мяне паводдаль адзін ад аднаго ўладкаваліся двое самых далёкіх вудалёў. Я правёў паміж імі нябачную лінію і праз пару хвілін апынуўся якраз на ёй.

Знячэўку адзін з рыбакоў, які сядзеў спінай да мяне, падхапіўся і, павярнуўшыся, узняў над галавой скрыжаваныя рукі. Ён знаходзіўся не так блізка, каб я мог разгледзець твар або пачуць голас, аднак пасланы знак меў адзіна магчымы сэнс. Я ўдзячна памахаў рукой і спыніўся. Плыве вясновымі ручаямі радасць тапельцаў…

Апусціўшы павекі, я досыць працяглы час стаяў, уяўляючы падлёднае жыццё: вялікіх сонных рыбін; нейкіх іншых істотаў, надзеленых варухлівымі шчэлепамі на затуленых у багавінні галовах; карані і доўгія сцябліны лілеяў, якія — адрозна ад мёртвага тапляку — павінны былі захаваць у сваёй памяці апошнія жывыя рухі юнака з завушніцай і залатой кітвагаю на сініх плаўках.





Калі я расплюшчыў вочы, сонца якраз кранулася спічастых вершалін таго берага і ў паглыбелым небе запалілася першая зорка. Невідочнымі хвалямі з-за лесу наплывала сціхота. І ў гэтай чуйнай, акварэльна тонка афарбаванай вясновымі колерамі і пахамі сціхоце нарадзілася і ўскалыхнула маю свядомасць поўнае вусцішнай светлыні адкрыццё:

Вечнасць роўная чалавечаму жыццю.

Некалькі хвілін я, апанаваны гэтым адкрыццём, не адрываў позірку ад небакраю, а апусціўшы вочы ніжэй, здрыгануўся. Рыбак, што нядаўна падаў мне знак трывогі, па-ранейшаму стаяў з паднятымі скрыжаванымі рукамі, як быццам і не апускаў іх. Я хутка супакоіў сэрца, зноў памахаў у адказ і пайшоў у свой бок. Праз колькі крокаў азірнуўся.

Дзіўна, але двух вудалёў, якіх я нядаўна злучыў невідочнай лініяй, ужо не было. Праўда, гэта нічога не азначала: там, за прыбярэжнымі ялінамі, ішла дарога, а рыбакі, безумоўна, ведалі бяспечную сцежку на той бераг.

У лесе сутоньвалася. На прыкмечанай па шляху на возера выжарыне я ўгледзеў шаравата-блакітныя мазкі дрымотніку і сарваў кветку на кашлатай ножцы. Дома, не адшукаўшы адпаведнага збанка, паставіў кветку ў высокі вінны келіх і занёс яе на пісьмовы стол.

Вечнасць роўная чалавечаму жыццю.

36

Даверыўшы гэтую гісторыю паперы, я сядзеў над свежаскончаным чарнавіком, чуючы ў сабе звычайную ў такія хвіліны гулкую пустэчу нейкіх аддаленых лёхаў, дзе сціхалі далёкія крокі і заміралі ў прыцемных нішах ды кутах нядаўнія, поўныя зямных гукаў і пахаў скавышы і проймы.

У вакне з-за даху гістарычнага музея, насупроць якога я жыву, выглянуў край зыркага месяца. Цікава — я кінуў вока на гадзіннік, — колькі яму спатрэбіцца, каб выплысці цалкам? Я зусім не чакаў, што за лічаныя хвіліны месяц, а дакладней, налітая святлом поўня, не проста адарвецца ад даху, але і паспее адплысці на адлегласць, большую за свой дыяметр. Здавалася, я нават заўважаю ейны рух па нябесным атраманце, аздобленым вуалева-празрыстымі начнымі аблачынкамі. Дамаляваўшы да поўні святлявы «хвост», яе можна было прыняць за велізарную няспешную камету.

Уяўленне прачнулася і не збіралася супакойвацца. Ажно да халадку па хрыбетніку прымроілася: гэта не поўня, а тая вандроўная планета, што, шчасліва размінуўшыся з нашай, неспадзявана павярнула назад і імкліва набліжаецца да Зямлі, каб неўзабаве засціць сваёй зялёнай куляй палову небасхілу. Калі ўзняўся, ператвараючыся ва ўраган, апошні зямны вецер, галоўная гераіня таго фільма закрыла маленькаму хлопчыку вочы. Фантазія разгулялася да таго, што сэрца азвалася чутным у вусцішы рытмам.

Гэта толькі кіно, — сказаў я сабе і прамовіў надуманае ўголас, дакладна, як у дзяцінстве мама, калі на кінасеансе я пачынаў плакаць і туліцца да яе: — Гэта толькі кіно, сынка, толькі кіно.

Маміных слоў хапіла і цяпер.

Ды поўня не адпускала. Вымкнуўшы святло, я ўгледзеўся ў зыркі дыск з шырокім туманным галом. Кажуць, на месяцы можна ўбачыць, як Каін забівае Авеля. Я напружыў зрок, аднак убачыў іншае: у верхняй частцы поўні, распасцёршы крылы, ляцела над замглёным долам вялізная птушка. Месяц праплыў праз яшчэ адну аблачынку, і дол ператварыўся ў другую птушку. Цяпер дзве птушкі з урачыстай павольнасцю рухаліся адна за адной. Праз хвіліну яны пераўвасобіліся ў дзве чалавечыя постаці з раскрыленымі рукамі, якія плылі па магічным коле, не выклікаючы ніякіх асацыяцый з біблійнымі героямі.