Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 19 из 30

Я разаслаў на пяску ручнік і скінуў тэніску і шорты. Страху не было, яго замяняла ўваскрэслае ва ўсёй істоце хваляванне, што апаноўвала, калі мы, падлеткамі, лазілі пад пралётамі старога моста па хадах, пакінутых, як лічылася, для мініравання ў ваенны час, і, здаралася, некалькі метраў ішлі над безданню па хісткай дошцы без усякай страхоўкі.

Вынырнуўшы, я хутка паплыў наперарэз плыні ў процілеглы ад моста бок. Вада была свяжэйшая за азёрную і здавалася пасля ўчорашняга трагічнага здарэння жывой.

На сярэдзіне ракі я аддаўся на волю плыні, што ўсцешана панесла безразважнага плыўца насустрач мосту і небяспечнаму месцу, да якога заставалася метраў дзвесце.

Калі гэтая адлегласць скарацілася ўдвая, хтосьці нібы штурхнуў у грудзі. Я ўбачыў, што… што Чорны чалавек стаіць пасярод кабінета, неяк трошкі па-дзіцячаму падняўшы руку ўгору. Нягледзячы на ранейшы досвед, вады давялося напіцца зноў. Адчайна працуючы рукамі і нагамі, я, наколькі мог, рэзка ўзяў супроць плыні і рвануўся да берага. Чорны чалавек не набліжаўся да дзвярэй, як пазаўчора, а стаяў побач з канапай, павярнуўшыся да дзвярэй. Я зразумеў, што ён падымае правую руку, а левай, быццам прыспешваючы мяне, злёгку паляпвае сябе па сцягне, рассыпаючы на чорным трыко серабрыстыя іскры.

30

У суботу адна з маіх гераінь вырашыла назаўсёды скончыць свой танец і пакінула прастакутнік даху, абраўшы дзеля развітання з ім палёт. Аповесць набліжалася да фіналу з крыху здзіўленымі ластаўкамі, што некалі мусілі зноў зрабіцца паўнапраўнымі валадаркамі пляскатай прасторы з вентыляцыйнымі калодзежамі.

Штодня я хадзіў на Дзвіну, выплываў у бяспечным месцы на строму і падоўгу дужаўся з ёю, нібыта з трэнажорам, праўда — каб не пакрыўдзіць раку — у думках старанна адпрэчваў гэткае параўнанне.

31

Таго вечара, калі я напісаў апошні сказ і паставіў пасля яго клічнік, Чорны чалавек не з’явіўся.

Добра памятаю, як тады, разважыўшы, што клічнікам няварта завяршаць не толькі вершы і паэмы, але і аповесці, я замяніў сумнеўны знак прыпынку на кропку і ўзяўся гатаваць святочную вячэру. Да традыцыйнай яечні дадалося купленае ў кулінарыі свіное вуха і ўласнаручна зробленая грэцкая салатка. Адкаркаваўшы бутэльку мукузані, я паставіў на стол два келіхі і нейкі час чакаў.

Першы келіх я павольна выпіў на зялёнай канапе, дакладна на тым месцы, дзе раней сядзеў мой штовячэрні наведнік.

Спаў я неспакойна, раз-пораз прачынаўся і прыслухоўваўся да кватэры. У адзін з такіх бяссонных прамежкаў упершыню ўспомніўся ўбачаны днямі і адразу там, у сне, і забыты сон. Чорны чалавек сядзеў не на канапе, а ў гасцёўні ў маім фатэлі. На каленях у яго ляжала кніга, аднак я не разгледзеў, быў гэта томік Марка Аўрэлія або нешта іншае. Згаданы сон падзейнічаў як заспакаяльная пігулка. Паспяхова пазмагаўшыся з трыма камарамі і ўспомніўшы, што, як на погляд камара, чалавек не паміра… я ціхамірна заснуў.

32

У сераду, роўна праз тыдзень пасля майго астатняга паходу на возера, вярнулася сястра. Ці варта казаць, што ўсе дні пасля клічніка, змененага на кропку, кватэра належала аднаму мне?

Назаўтра я на развітанне амаль да знямогі спрачаўся з дзвінскай плынню, а ўвечары з’ехаў да сябе ў сталіцу.





Папярэднюю ноч сястра спала на зялёнай канапе. Я не стрымаўся і асцярожна, каб усё ўспрымалася як імправізаваны лёгкі жарт, пацікавіўся, ці не адчула яна ўначы нечага такога? Ці не прысаджваліся на край пісьмовага стала ці на канапу мае героі? Ці не зазіралі выпадкова ў яе сны? Не, яна спала як немаўля. Відаць, карагод літаратурных персанажаў чакае наперадзе. Лепей не трэба, — падумаў я.

33

Пасля скварнага ліпеня сплыў у невараць жнівень, а за ім восень, зіма і вясна, але я часта вяртаўся ў тыя дні і спрабаваў знайсці адказ: што гэта было? Як вы разумееце, раіцца з сябрамі або калегамі ў падобных пытаннях даволі складана, калі не сказаць — небяспечна, і даводзіцца спадзявацца на сябе.

Ці не быў мой госць анёлам-ахоўнікам? Шчыра кажучы, такі варыянт з некалькіх прычын сур’ёзна не разглядаўся. Нават з увагі на дасціпнае назіранне аднаго калегі, што анёлаў мы, маўляў, пакуль не бачылі, Чорны чалавек меў надта ж некананічнае аблічча. Ублытваць яго ў адну кампанію з нябеснымі сіламі выглядала б учынкам наіўным і неабачлівым.

Версію, што ў сестрыну кватэру наведваўся прывід, я разглядаў больш паважна, аднак мусіў адмовіцца і ад яе. Адмовіцца, нягледзячы на тое, што аднаго разу ў старадаўнім лонданскім доме ў Фінчлі, дзе я, так сталася, начаваў у велікодную ноч сам-адзін, хтосьці пасля поўначы прайшоў праз зачынены знутры на засаўку парадны ўваход, падняўся па рыплівых драўляных сходах на мой другі паверх, а потым, перарывіста дыхаючы і раз-пораз надрыўна кашляючы, доўга стаяў з другога боку дзвярэй.

Гэта лішні раз сведчыць, што здані паказваюцца не толькі ў замках і старадаўніх палацах, але і ў больш сціплых, часам населеных, а бывае, і пакінутых, але абавязкова старасвецкіх будынках. З дзіцячых гадоў і дасюль мяне пры пэўных абставінах хвалюе эпіграф з дарэшты забытай кніжкі: Апусцелы дом ператварыўся ў лагво лісіц і барсукоў, а таму ў ім часта могуць з’яўляцца дзіўныя пярэваратні і прывіды.

Дому, дзе жыве сястра, не споўнілася і пяцідзесяці гадоў. Бацькі сышлі ў іншасвет заўчасна, але ад хваробаў. Ніякіх звычайна звязаных са зданямі і прывідамі падзей — загадкавага забойства, самагубства даведзенага да роспачы чалавека, пакрыёмых заганных або злачынных дзеянняў гаспадара — мегаламана ці мізантропа — у нашай кватэры ніколі не адбывалася.

Важкіх падставаў сцвярджаць, што Чорны чалавек — маё alter ego, я зноў жа не маю. Смешна ж, пагадзіцеся, лічыць важкім аргументам нязначнае падабенства нашых насоў.

Версія чорнага чалавека, вядомага з творчасці літаратараў, што, як правіла, сустракаліся з ім у цяжкіх запоях або прадчуваючы смерць, блізкі прыход якой і вешчаваў госць, у гэтым выпадку таксама не спрацоўвае.

Урэшце аднойчы я зрабіў выснову, што так ніколі і не даведаюся, хто дзяліў са мной цёплыя ночы леташняга ліпеня. Але Чорны чалавек бясспрэчна быў датычны да маёй аповесці. Ён немаведама адкуль, з якой прасторы і якога часу прыйшоў і закінуў нага на нагу ў дзень, калі я акуратна вывеў асадкаю першае слова, і незваротна знік у тых самых неспасцігальных сферах, калі я закрэсліў фінальны пафасны клічнік і паставіў стрыманую кропку.

Магчыма, нічога метафізічнага і не здарылася б, каб аповесць не мела… як бы тое больш абачліва сфармуляваць… не мела б вокнаў, або, калі хочаце, выйсцяў, куды часам сыходзілі і адкуль вярталіся мае танцоры-самнамбулы. Мо якраз адтуль, не з раўналежнай, але з іншай, хоць і судакранальнай з нашай, рэальнасці, яны і выклікалі ці прывялі з сабою Чорнага чалавека — непадобнага ні да іх саміх, ні да каго-небудзь з асяроддзя знаёмых літаратурных герояў або жывых і мёртвых людзей. Прывялі, каб ён у пэўным сэнсе стаўся суаўтарам вельмі важнай для мяне аповесці, па якой я назаву будучую кнігу. Назаву, спадзеючыся, што рукапіс, дакладней, камп’ютэрны набор, калі і знікне, дык толькі пасля публікацыі — гэтаксама, як некалі сталася з трактатам Тэрэнцыяна Маўра.

Ці прачытае аповесць сам Чорны чалавек? Ці, можа, ён ведаў яе змест задоўга да напісання? Мо і раней за тыя восеньскія падзеі ў сталіцы?

34

Забітых падчас расстрэлу паслявыбарнай дэманстрацыі хавалі праз тры тыдні, калі адмянілі надзвычайнае становішча з каменданцкай гадзінай і спакутаваным горадам завалодала нечакана ранняя зіма. Толькі тады сваякам вярнулі целы застрэленых снайперамі з даху прэзідэнцкага палаца. Адразу вынесці палеглых там было немагчыма, бо гэта азначала загінуці самім.