Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 12 из 30

Я танчу ў промнях месяцавага святла, калі поўня ўрастае ў зямлю сваімі каранямі, і ў зорныя ночы, што сумуюць без месяца або адпачываюць ад яго. Танчу ў памяць пра юнацтва, пра нашае брацтва, якое будзе жыць, пакуль танчыць хоць адзін з нас.

Танчу ў памяць пра кожнага.

У памяць пра Настаўніка і ягоную іншую форму душы, што знайшла прытулак сярод зорак, адна з якіх калісьці пацалавала яго. У памяць пра Гімнастку, што робіць бясконцае сальта ў вечнасці. У памяць пра Кіяскёрку і яе дом з дзвюма поўнямі на карціне. У памяць пра нашую ласкавую Котку і мае здагадкі, кім яна насамрэч была. У памяць пра Залацістую Эфу, ейны пярсцёнак і наструненых вужоў у высокай траве. У памяць пра надзею на вяртанне яе ядвабных падушачак, якія апякуць руку шчасцем.

І бываюць ночы, калі я напраўду адчуваю: кожны з іх таксама танчыць недзе ў недасяжнай прасторы з такімі ж думкамі й адчуваннямі, што і я, а потым замірае, ускінуўшы рукі.

І бываюць ночы, калі я прысвячаю свой танец усім тым, хто зараз танчыць на дахах у іншых гарадах гэтага і таго свету.

Я танчу ў памяць пра Паэта, які аднойчы прачытаў мне верш і даказаў: паэзія здольная ўплываць на жыццё. І ў памяць пра карузліка, нават калі ён жывы, хоць я чуў, што ён памёр ад тугі па Паэце.

Я танчу ў памяць пра сябе, бо прыйдзе ноч, калі я пачну пашыраць кола свайго танца, пакуль яно не кранецца бездані і дах зноў будзе паўнаўладна належаць толькі ластаўкам, якія пачнуць забываць чалавека, што калісьці без дазволу ступіў на іх тэрыторыю, хоць і з павагаю зняў абутак.

Магчыма, у тую ноч дах тонка запахне аерам, і ногі спачатку будуць асцярожна, каб не паслізнуцца, ступаць па ягоных свежых халаднаватых сцяблінах.

Магчыма…

Але пакуль… Пакуль — я танчу.

25 жніўня 2015 г.

ЧОРНЫ ЧАЛАВЕК НА ЗЯЛЁНАЙ КАНАПЕ

1

Вы, пэўна ж, чулі выслоўе: Habent sua fata libelli, а ў перакладзе з лаціны — Кнігі маюць свой лёс… Яно належыць сучасніку Марка Аўрэлія, старажытнарымскаму граматыку Тэрэнцыяну Маўру і насамрэч мае ці то свядома — калі казаць пра саміх аўтараў кніг, — ці то проста, праз адвечную чалавечую ляноту, прызабыты і амаль згублены ў стагоддзях працяг: адпаведна таму, як іх прымае чытач.

2

Колькі гадоў таму я прыехаў у родны горад, каб нарэшце напісаць аповесць, якая нібыта даўно выспела і прасілася на волю, але класціся на паперу ў сталіцы — з самых розных, як уяўлялася, неістотных прычын кшталту позняй вясны, лёгкага абвастрэння піеланефрыту або дажджлівага чэрвеня — катэгарычна адмаўлялася. Калі ўжо тут прагучала метафара спеласці, можна сказаць, што яна, яшчэ не перакладзеная на словы аповесць, сапраўды нагадвала спакуслівы, залацістабокі, з румянцам яблык, якому, тым не менш, хочацца даць трошкі часу, каб ён за пару пагодлівых дзён стаўся наліўным і паказаў бы ў глыбіні жывога светлага бурштыну цёмныя кропелькі зярнятак, дзе запісаныя таемныя сэнсы, датычныя і гэтага плода, і яблыні, і цэлага саду.





У выніку было вырашана — пагатоў на небе нарэшце трывала атабарылася сонца — скарыстацца ад’ездам сястры ў адпачынак і, як ужо не раз бывала, ператварыць у кабінет адзін з пакояў ейнай вялікай чатырохпакаёвай кватэры, што засталася нам у спадчыну ад бацькоў на трэцім паверсе пяціпавярховіка з зацішным зялёным дваром, спакой якога, праўда, цяпер парушала аўтапаркоўка каля суседняга гатэля.

Дом з аднаго боку стаіць блізка ад Дзвіны, а з другога — ад ляснога возера. Такім чынам, у перапынках паміж працай я мог не толькі выпраўляцца на бястлумную праходку, але і дасхочу плаваць, выбіраючы, залежна ад настрою, раку з моцнай пругкаю плынню ці азёрны спакой у атачэнні ялін і хвояў.

3

Першы ж дзень на самоце засведчыў, што інтуіцыя не падманула: увечары паўтузіна спісаных і скрэмзаных старонак легла са стала на падваконне. Тут трэба патлумачыць, што я здавён старамодна пішу пачатковы варыянт ад рукі асадкай і адно потым прысаджваюся да камп’ютэра.

Мой светлы драўляны стол месціўся пры вакне ў таксама светлым сонечным пакоі, куды трапляеш з доўгага і прасторнага калідора, што адначасова служыць і вітальняй. Злева ад стала роўнядзь зеленаватай сцяны займаюць ясеневыя кніжныя шафы з некалькімі паліцамі нашых з сястрою дзіцячых кніг, што робіць пакой асабліва прытульным.

Калі сядаеш за стол, за спінай апынаецца зялёная велюравая канапа з трыма падушкамі. Туды, на канапу, падчас маіх прыездаў звычайна перасялялася сястра, саступаючы мне шырокі ложак у колішняй бацькоўскай спальні, што ў канцы калідора направа.

4

Тэрэнцыян Маўр, а разам з ім і вядомы афарызм засталіся ў гісторыі дзякуючы вершаванаму трактату «Пра літары, склады, і метры Гарацыя». Імя аўтара сведчыць пра паходжанне з рымскай правінцыі Маўрытаніі, абшар якой сённяшнія навукоўцы называюць краінамі Вялікага Магрыбу. Іначай кажучы, Тэрэнцыян быў цемнаскурым маўрам, або, па-нашаму, мурынам.

5

Кожны літаратар ведае: сумовіцца з аркушам паперы, што палохае цнатлівай нерушшу, або з маніторам камп’ютэра, які асабіста мяне напачатку злёгку жахае, бо, дзякуючы вочку відэакамеры, падаецца амаль жывой істотай, — занятак не з самых лёгкіх. Таму, сказаўшы, што працаваў з насалодаю і не зважаў на гадзіннік, я апынуўся б далекавата ад ісціны. Я не забыўся ні разагрэць пакінуты сястрой на першы выпадак абед, ні спусціцца да паштовай скрыні, ні — дзеля моцнай чорнай гарбаты з цытрынай, мёдам і тэленавінамі на канале Euronews — патануць тры разы ў сваім улюбёным скураным фатэлі ў гасцёўні.

Але тое, што адзін з калег называў неспадзяванкаю душы, а другі — больш квяціста і нясціпла — пошумам анёльскіх крылаў, усё ж здарылася.

Пасля гарбаты а пятай адчуванне часу неўпрыкмет знікла. Нягледзячы на цудоўнае надвор’е і падрыхтаваныя ручнік з плаўкамі, я забыўся і пра паход на Дзвіну або на возера, і пра вячэру, на якую сястра пакінула, відаць, з намёкам — маўляў, не размаўляй, а пішы, — вараны цялячы язык.

Не буду ідэалізаваць сябе: пра вячэру я ўспомніў. Адчувалася, што яшчэ здатны з разгону напісаць старонку-паўтары новага раздзела, якія ўжо бачыў перад сабой, прычым менавіта так — старонку і ладны хвост на наступнай, — ды абмежаваўся тым, што зрабіў накід з падкрэсленымі словамі-ключыкамі, якія заўтра мусілі адамкнуць цэлыя абзацы.

Прыстоіўшы каля кніжных шафаў, я з удзячнасцю правёў рукой па карэньчыках выданняў на трох верхніх паліцах, дзе заслужана адпачывала чытанае-перачытанае ў дзяцінстве. Пальцы прайшліся па ружовых тамах Вальтэра Скота і блакітных Аляксандра Грына, затрымаліся на чорных, як і належыць, томіках Эдгара По…

У зборы твораў Фенімора Купера адной малахітавай кнігі не хапала: яе нахабна, ледзьве не на вачах, сцягнуў некалі, схаваўшы за пазуху, мой аднакласнік, апантаны гульнямі ў індзейцаў, сярод якіх ён зваўся братам Вялікае Вуха. Аднакласнік даўно жыў у Амерыцы і трымаў недзе на мяжы з Канадаю рэстаран. Магчыма, усміхнуўся я, такому лёсу паспрыяў якраз скрадзены том, і купераўскія матывы гучаць у інтэр’еры ягонай харчова-пітной установы. Мо і сама тая кніга знайшла пачэснае месца паміж аўтэнтычнымі тамагаўкамі і, трэба спадзявацца, несапраўднымі скальпамі бледнатварых ворагаў. Цікава, які ў Вялікага Вуха спіс страваў? Ці знойдзецца штосьці з таго, чым кармілі нас маці ў маленстве? Напрыклад, класічны прыдзвінскі дэсерт — халодная вараная бульба з бруснічным сочывам?

Урэшце думкі пра ежу скіравалі мяне на кухню, уваход у якую знаходзіўся цераз калідор і трохі наўскос ад кабінета. За вакном апусцілася на горад мяккае і ўтульнае ліпеньскае сутонне, і па двары, павольна запаўняючы сабою ўсе закуткі, плыла ціша. У абладзе ціхай радасці ад таго, што ведаю, як узяцца за тэкст заўтра, я меўся аздобіць вячэру параю келіхаў прывезенага з сабой чылійскага шыразу.