Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 13 из 30

6

Там, на кухні, разглядваючы вінную этыкетку, я і адчуў, што ў кватэры прысутны хтосьці яшчэ. Раптоўнае адкрыццё змусіла перахапіць неадкаркаваную пляшку за рыльца. Пасля кароткага роздуму я перакінуў гэтую зброю ў левую руку, у правай сціснуў самы вялікі кухонны нож і асцярожна ступіў у калідор.

Першае павярхоўнае абследаванне кватэры не прынесла ніякіх вынікаў. Надзейныя дубальтовыя дзверы на лесвічную пляцоўку былі на моцнай металёвай засаўцы. Пластыкавыя вокны прачыненыя зверху, і ў іх, апрача мух і камароў, маглі заляцець хіба што матылёк і, пры моцнай ахвоце, верабей.

Але адчуванне чужой прысутнасці не пакідала, а рабілася мацнейшым. Яно прымусіла рассунуць у спальні дзверцы шафы-купэ і перабраць вешакі з сестрынымі сукенкамі, каб упэўніцца, што за імі або ў іх саміх ніхто не затаіўся. Зазірнуўшы дзеля прыліку пад ложак і напалохаўшы порсткага павучка, я з парога зноў уважліва абвёў позіркам гасцёўню. Упэўніўся, што нікога няма ні ў кабінеце, ні ў маленькім пакоі паміж спальняй і кухняй, які некалі служыў у бацькоў спальняю для гасцей. У вітальні я падміргну ў расхваляванаму чалавеку ў вялікім авальным люстры. Чалавек з люстра міргнуў у адказ, тым самым сведчачы, што з ягонай прасторы ў маю ніхто пакуль што не патрапіў. Праінспектаваўшы прыбіральню з лазенкай, я вярнуўся да круглага кухоннага стала і ўсё ж вырашыў — перадусім дзеля супакаення — выпіць віна. Перапрацаваўся, — паспрабаваў я ўголас растлумачыць свой стан, ды атрымалася зусім непераканаўча.

Корак з пляшкі выйшаў так звонка, нібы шніпар быў у руках у некага іншага. Нервы… Яно, можа, і не дзіва, калі ўзяць пад увагу, што ты пішаш.

Мая аповесць, умоўна кажучы, прысвячалася самнамбулам. Спярша гэта былі трое дарослых — Настаўнік, Залаціставалосая і Кіяскёрка, а таксама двое падлеткаў — Гімнастка-васьмікласніца і крыху старэйшы за яе хлапчук, ад імя якога і распавядалася тая гісторыя. Ён быў адзіны, хто, прачнуўшыся, усё памятаў, таму што раней бачыў адбытае і на яве.

Самнамбулы збіраліся з розных канцоў горада на даху недабудаванага закінутага гатэля і танчылі пад зоркамі, каб пасталець, згубіцца ў вялікім свеце і зноў — каму пашанцуе — сустрэцца ў маўклівым паўночным танцы ў памяць пра тых, хто танчыць на дахах ужо ў тагасветных гарадах. Разам з людзьмі ад самага пачатку танчыла Котка — нібыта звычайная трохколерная бела-чорна-рудая рыска, аднак з дзівосна доўгім хвастом, які, перакінуты на спінку, даставаў да вушак. Потым у аповесці павінны былі з’явіцца яшчэ два нешараговыя персанажы — Паэт і карузлік.

Шыраз трапіўся сапраўдны — густы, цёмнафіялетавага колеру, букет, як і ўласціва гэтаму віну, бліжэйшы не да садавіны, а да спецыяў, з выразнымі смакавымі адценнямі шакаладу і чорнага перцу. Адмыслоўцы, згадалася мне, нездарма называць шыраз віном пачуццёвым ці нават непрыстойным.

Ды падмануць сябе не ўдалося: думкі пра віно існавалі самі сабой, а ўся істота наструнена прыслухоўвалася да кватэры, прымушаючы ўнутраны зрок зноў, пачаўшы ад спальні, сканаваць пакой за пакоем.

Праз колькі імгненняў келіх з віном ледзь не выпаў з рукі. Цяпер я ўжо напэўна ведаў: хтосьці ў кабінеце. Прысутнасць гэтага кагосьці лакалізавалася на зялёнай велюравай канапе. Вольна адкінуўшыся на падушкі і паклаўшы нага на нагу, на канапе сядзеў… абсалютна чорны чалавек.

7

Каб авалодаць сабой, я зрабіў глыток, затым другі і трэці. Шыраз цалкам страціў нядаўнія ўласцівасці, перайначыўшыся ў шараговае пітво айчыннай фірмы Ambassador; якая з аднолькавай сыравіны паспяхова вырабляла амаль што ўсе на свеце віны. Я механічна дапіў келіх і падняўся. Сказаўшы, што дзейнічаў рашуча, я нахабна б схлусіў. Праўдзівым было іншае слова — зацкавана. Аднак я зрабіў некалькі крокаў, выйшаў у калідор і, таймуючы сэрца, асцярожна зірнуў у прачыненыя дзверы майго часовага кабінета. Як і чакалася, там нікога не было. І разам з тым ён, бясспрэчна, знаходзіўся ў гэты момант на канапе.

Зноў апынуўшыся на кухні, я зразумеў, што здолеў разгледзець яго лепей. Першы раз здалося, быццам Чорны чалавек голы, але на ім выявілася нешта накшталт цёмнаатрамантавага, з лёгкім серабрыстым адлівам трыко. На нагах ён меў чорныя, нізкія і пляскатыя пантофлі з даўгімі, загнутымі ўгару мыскамі. Такі абутак можна ўбачыць на палотнах старых майстроў ва ўборах прыдворных блазнаў, хоць мой няпрошаны госць выдаваў на каго заўгодна, але не на блазна. З тае прычыны, што ён сядзеў, рост вусцішнага візітанта заставаўся нявызначаным, і пра яго мне наканавана было даведацца адно праз два тыдні.





Спадабаўшыся самому сабе, я даволі спакойна выпіў другі келіх шыразу. Рука не трымцела, віно вярнула сабе смакавыя якасці і прыемна паколвала язык.

Чорны чалавек, які рабіўся невідочным, калі я зазіраў у кабінет, і матэрыялізоўваўся, як толькі я адводзіў пагляд, ані не нагадваў абліччам мурына — ні класічнага жыхара экватарыяльнай Афрыкі, ні чарнаскурага амерыканца. Не выдаваў ён — тут, мяркую, са мною пагадзіўся б і Тэрэнцыян Маўр — і на жыхара Магрыбу, дзе мне калісьці пашчасціла тыдзень павандраваць і нават выключыць з гульні двух скарпіёнаў.

Еўрапейскія рысы твару, у меру высокі лоб, прамы, з няўлоўнаю гарбінкаю нос. Валасы кароткія, аднак не ў дробныя кудзеркі, як руно, а — густы падрослы вожык, і такая самая кароткая кучаравая бародка. Вызначыць колер вачэй у прыцемку не ўдалося, але яны падаліся агатавымі, не, лепей сказаць — чорнаслівовымі.

8

Выратавальную, як выглядала спачатку, думку — затэлефанаваць некаму з сяброў і, вымысліўшы праўдападобную прычыну, папрасіцца нанач — я цвёрда пастанавіў не разглядаць. Па-першае, час набліжаўся да поўначы. Па-другое, хатні тэлефон стаяў на паліцы ў кабінеце, і тамсама, на стале побач з рукапісам, я пакінуў мабілку. Па-трэцяе, госць, хоць і ствараў у кватэры напружанне, відавочна не ўяўляў сабой непасрэднай пагрозы.

Апрача таго, кожны з нас знойдзе ў памяці прынамсі адно здарэнне, якое аніяк немагчыма вытлумачыць у звыклай сістэме матэрыялістычных каардынат.

Карацей, ад намеру сысці да сяброў, або на недалёкі адчынены ўначы аўтавакзал, або проста на лавачку ў парку каля ракі, бо ноч была аксамітава цёплай, я адмовіўся. І не без палёгкі. Едучы да сястры, я пастанавіў унікаць сустрэч са знаёмымі, каб не парушыць неабходнай адзіноты. Дый адваротны варыянт — сыход з дому — стаўся б маладушнымі ўцёкамі. Хто ведае, што атрымалася б у выніку. Напрыклад, ці не была б кватэра, калі я вярнуся, зачыненая на засаўку з сярэдзіны?

Дзеля смеласці я выцадзіў новы келіх віна, пасля чаго досыць бадзёра накіраваўся ў спальню, дзе, зачыніўшы дзверы, прылёг на неразасланы ложак і вымкнуў святло. Адчуванне ягонай прысутнасці не пакідала. Круцячыся на ложку, што зрабіўся страшэнна мулкім, не раўнуючы, як у матрац нехта падступна насыпаў жвіру, а падушку наладаваў пілавіннем, я ўспомніў маміны вяртанні.

Пасля пахавання мамы сястра штоночы прачыналася роўна ў дваццаць хвілін на трэцюю ад таго, што адчувала несумнеўнае маміна з’яўленне. Яна тады спала ў маім цяперашнім кабінеце, бо мама прамовіла апошнія словы якраз там, дзе я зараз варочаўся з боку на бок, страціўшы ўсякі спадзеў знайсці зручнае месца. У сваю сённяшнюю спальню сястра перасялілася толькі пасля ўгодкаў мамінай смерці.

Мама заўсёды вярталася сюды, у пакой, дзе развіталася з намі, затым, паводле слоў сястры, выходзіла ў гасцёўню і доўга стаяла там каля вакна, гледзячы ў яго праз свае акуляры з чарапахавай аправай, ды ніколі не пераступала парогу вітальні.

Першыя дні сястра баялася, а потым прывыкла, аднак да трэцяе гадзіны ночы — пакуль мама не развітвалася з роднымі сценамі — ляжала без сну. Але ў адну з начэй не прачнулася, і мама з яе паслясмерця больш ніколі не завітвала.