Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 11 из 30

Адно цяпер я заўважыў, што на нагах няма абутку. Дах ужо дыхаў восеньскім халадком, ды на другім коле ступакі сагрэліся і пакідалі руберойду цёплыя сляды. Ноч была зорнай, але бязмесяцавай, і зарэчная вёска адступіла ў цемрыва. Праз колькі колаў я апусціў павекі і даволі доўга, час ад часу мяняючы кірунак, рухаўся наўслеп. Потым, не спыняючыся, агледзеўся. Са стрэшак калодзежаў на чужаніцу ўражана і са шкадаваннем пазіралі ластаўкі. Але, наразаючы кола за колам, я не губляў надзеі. І тады, калі падступілася паняверка, паветра ледзь улоўна затрымцела і пачулася ціхуткая песня выпушчанай аднекуль стралы…

Цяпер я нарэшце не проста рухаўся, а — танчыў і ў нейкую хвілю адчуў: трэба зноў замружыцца і развесці рукі. Дакладней, не адчуў — пра гэта паведамілі ластаўкі, што наогул пакінулі дах з лёгкім ветрыкам, які не знік разам з іхнім адлётам. Яшчэ тры колы, сказаў я сабе, яшчэ тры…

І тут — здзейснілася! Кончыкі пальцаў адчулі лёгкае паколванне невідочных танюткіх іголачак. Ад разгубленасці, баючыся падману пачуццяў, я спачатку запаволіў тэмп, потым паскорыў яго, але іголачкі не знікалі, і ў маёй правай руцэ… У маёй правай руцэ з’явіліся кароткія, гладкія й цёплыя пальчыкі, што нельга было зблытаць ні з якімі іншымі. Я трошкі сціснуў іх, і яны выразна азваліся. Тым часам левая рука радасна страпянулася, сустрэўшы незабытую шурпатую і моцную руку Настаўніка. Я чакаў, каб аб ногі пацёрлася Котка, ды нашая чацвераногая танцорка не адгукалася.

Мы танчылі ўтраіх, затым я — так, як некалі даўно, на Гатэлі, калі мы мяняліся месцамі — па-ранейшаму з заплюшчанымі вачыма асцярожна вызваліў рукі, зрабіў крок наперад і развярнуўся. Мае распыленыя рукі чакалі дзвюх новых сустрэч, аднак дзівосы скончыліся. Нас заставалася трое: рука Настаўніка шурпаціла маю правую руку, а ручка Гімнасткі лашчыла левую.

Надышоў момант, у які музыка калісьці загадвала нам абняцца ў танцы за плечы, але я баяўся адпускаць іхнія рукі, каб не страціць тое вернутае адчуванне суладнасці, і мы танчылі да пошуму ластаўчыных крылаў, які абвясціў, што ўсё сканчваецца. Спачатку прысутнасць дарагіх мне рук пачала слабець і ператварылася ў лёгкі эфірны дотык, які, у сваю чаргу, стаўся паколваннем у кончыках пальцаў. Не чакаючы, пакуль ён знікне, я спыніўся і ўзняў рукі ў неба.

38

Прачнуўшыся і згатаваўшы сабе заўсёдную чорную, быццам дзёгаць, кенійскую гарбату, якую можна піць толькі з малаком, я паспрабаваў асэнсаваць падзеі мінулае ночы.

Чаму нас танчыла ўсяго трое? Няўжо гэта азначае, што астатніх няма на свеце? Я не гатовы быў пагадзіцца, што няма нават Коткі, хоць ёй, паводле чалавечых мерак, і было б далёка за сто гадоў. Не хацелася думаць, колькі цяпер астатнім танцоркам з нашага брацтва, ды, выглядала, іхні век, калі не прычынілася чаго благога, не павінен быў скончыцца, і мы ўсе маглі б, як і даўней, дарыць адно аднаму непараўнальную ні з чым радасць. Радасць, якую нам дадзена адчуваць не таму, што мы яе заслужылі, а — дзеля таго, каб ведаць: на свеце існуе, апрача нечалавечай самоты, і ўсёабдымная чалавечая еднасць, няхай вас усяго пяцёра і Котка.

Усе — і Кіяскёрка, і Залацістая Эфа, і нават Котка — павінны вярнуцца, пагатоў я ўжо меў канал сувязі з часам, у які мы, прынамсі некаторыя з нас, яшчэ пачуваліся неўміручымі.

39

У наступнае лета мы пачалі танчыць на беразе вадасховішча, на даху закінутай будыніны, якая нечым нагадвала Гатэль. Вакол яе таксама цягнуўся плот, але адарваных дошак ён меў значна болей, чым ацалелых, і ў ліпені праз іх было відаць, як па той бок згароды малінавымі «шышкамі» зацвітае скрыпень.

Мы зноў дзялілі дах з ластаўкамі, і, калі не лічыць іх, некалькі гадоў нас, танцораў, так і заставалася трое. Пачуццё нейкай вінаватасці перад астатнімі трыма паспела загаіцца. Знікненне Эфы з Кіяскёркаю і Коткай так і засталося без тлумачэння. Бывала, уяўлялася, што там, у нашым горадзе, на адлегласці начнога цягніка, яны, як і мы, у тыя самыя ночы выходзяць на дах і танчаць, бяруць Котку на рукі і плечы, а калі гучыць фінал санаты, іх рукі ўзлятаюць да птушак і зор. І, магчыма, яны гэтаксама думаюць пра тое, што прычынілася з намі, і ўрэшце робяць выснову: усё надзіва проста: яны засталіся, а мы з’ехалі, але калі-небудзь вернемся…

А затым падзеі набылі нечаканае і страшнае развіццё.

40

Аднае начы мая рука сустрэла ў прасторы толькі руку Настаўніка. Другая, шукаючы Гімнастку, злучылася з яшчэ адной знаёмай шурпатай даланёю.

Праглядаючы назаўтра ў інтэрнэце навіны, я здрыгануўся ад загалоўка — «Апошні палёт гімнасткі». У спальным сталічным мікрараёне скончыла жыццё самагубствам выкладчыца фізкультуры, якая раней займалася спартыўнай гімнастыкай. Жанчына, распавядалі суседзі, уражвала дзівацтвамі: хтосьці бачыў яе ўначы на даху, хтосьці прыгадаў, як яна круціла там, на верхатуры, складаныя сальта. Фотаздымка на сайце не было, ды не заставалася сумневу: гаворка пра Гімнастку. Я бясконца пракручваў у памяці ейныя сальта над Гатэлем, калі Гімнастка вылятала за край чорнага квадрата, аднак неверагодным чынам, зрабіўшы ў паветры фантастычны разварот, лёгка апускалася на моцныя зграбныя ножкі, аб якія ўдзячна церлася Котка.





Верыць у самагубства пакутліва не хацелася. Колькі разоў я ездзіў на метро да яе дома, адрас якога знайшоў у стужцы навінаў, хадзіў навакольнымі сцежкамі, шукаў, але так і не знайшоў выйсця на дах. Амаль упэўнены, што тое самае рабіў і Настаўнік.

41

Настаўнік загінуў падчас восеньскага расстрэлу дэманстрацыі, што пасля выбараў павярнула з праспекта да прэзідэнцкага палаца. Ен трапіў у лік забітых снайперамі, якія стралялі па першых шэрагах. Вінтоўкі былі з глушыльнікамі, і напачатку ніхто не зразумеў, што адбываецца: людзі падаюць, а стрэлаў не чуваць. Потым мы кінуліся бегчы, і ў цісканіне смерць сустрэлі яшчэ трое дэманстрантаў.

Замежныя тэлеканалы буйным планам паказалі твары ўсіх застрэленых снайперамі: дзесяці мужчынаў і трох дзяўчат-сябровак. Памыліцца я не мог: светлы, крыху здзіўлены твар з сівізною, якая толькі падкрэслівала радзімую пляму ад пацалунка зоркі. Побач з ёю і ўвайшла куля.

Я выкадраваў і павялічыў ягонае аблічча з выпускнога школьнага здымка, і цяпер Настаўнік пазірае на мяне з кніжнай паліцы. Сталася так, што з-за фота выглядае карэньчык «Марсіянскіх хронік».

Мы з Настаўнікам ведаем: іншая форма душы не ратуе ад смерці, а, наадварот, прыцягвае яе.

42

Пасля той трагедыі здарыўся цуд — вярнулася Залацістая Эфа.

Ейная ядвабная, амаль няўлоўная рука легла ў маю ў першую ж цёплую травеньскую ноч. Рукі лашчыліся, нібы дзве страшэнна засумавалыя ад доўгага расстання істоты.

Яны не маглі нацешыцца адна адной і не хацелі развітвацца й тады, калі танец набліжаўся да канца, і мы пачыналі чуць, як ластаўкі стрыгуць паветра.

Шчасце доўжылася ўсяго тры ночы. Я зноўку застаўся адзін і доўга не мог пазбыцца адчування ўсё меншай сваёй прыналежнасці да звыклага жыцця. Здаралася, я ўяўляў, што Эфа — у тым падземным горадзе-лабірынце, адкуль яна павінна ўратаваць іншага закінутага ў чужы час і чужую прастору вандроўніка, які блукае пад нізкай столлю бяззорнага неба. Можа, там некалі наканавана яшчэ раз апынуцца і мне — каб плысці поруч з Эфай і прачнуцца з фінікавым прысмакам, а мо нават і з костачкай за шчакой.

43

Мая таямніца дагэтуль са мною.

З надыходам траўня душа ўжо прадчувае набліжэнне начэй, калі мае босыя ногі адчуюць шурпатую, як рука Настаўніка, паверхню даха, і я аддамся рытму танца, і знаёмыя ластаўкі, а з імі і ўсе зямныя гукі, аціхнуць, і тады я заплюшчу вочы і раскіну рукі…