Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 62 из 63



Але пры бліжэйшым знаёмстве зь ёй Беларусь выйгравала. Пра гэта сьведчаць падобныя дзеяньні Фалькенгайна і Кубэ — кіраўнікоў мясцовай адміністрацыі ў пэрыяд першай і другой акупацыі. Іх праца мела значныя палітычныя вынікі. Так, Фалькенгайн насуперак пазыцыі Бэрліна пасудзеяў стварэньню і нядоўгаму існаваньню Беларускай Народнай Рэспублікі, якая заклала традыцыю сучаснай беларускай дзяржаўнасьці. Кубэ, у сваю чаргу, — у значна горшых варунках — паспрыяў адраджэньню падаўленых у 30-я г. нацыянальных пачуцьцяў беларусаў і ідэалу іх дзяржаўнай незалежнасьці. Акалічнасьці канфлікту «беларускага гаўляйтара» з СС сьведчаць аб тым, што яго паводзіны грунтаваліся ня толькі на тактычных разьліках — падзеі адбываліся ў той час, калі параза Нямеччыны не здавалася яшчэ непазьбежнай. Пасьля сьмерці Кубэ яго намесьнік Готбэрг пераняў гэтую палітычную лінію і надаў ёй эфэктнае прапагандысцкае гучаньне.

Вынікі цывільнага праўленьня — гэта паступовая беларусізацыя адміністрацыі, роспуск калгасаў, арганізацыя школьніцтва, СБМ, культурнай і выдавецкай дзейнасьці, беларусізацыя царкоўнага жыцьця і, нарэшце, БНС, Камітэт даверу і БЦР, якія, хоць і не атрымалі да канца акупацыі фармальнага прызнаньня ў Бэрліне як органы нацыянальнага прадстаўніцтва, фактычна ўсё ж такі адыгрывалі гэтую ролю. Ідэю корпусу Самааховы, якую Кубэ ня змог да канца ажыцьцявіць ува ўмовах канфлікту з СС, пазьней рэалізаваў Готбэрг у выглядзе БКА. У акупаваных краінах, якія мелі нацыянальную незалежнасьць, такія вынікі нельга было б палічыць за дасягненьні, але ўва ўмовах Беларусі яны набывалі цалкам іншае значэньне, бо стваралі магчымасьці для ўзмацненьня і распаўсюду нацыянальнай сьвядомасьці, для арганізацыі нацыянальнага грамадзкага жыцьця.

Выкарыстаньне гэтых магчымасьцяў, заблякаваных доўгі час ува Усходняй і Заходняй Беларусі, усе беларускія нацыянальныя палітычныя групы ацэньвалі як гістарычны шанец. Праўда, некаторыя зь іх арыентаваліся на Польшчу і заходніх саюзьнікаў, аднак пры гэтым не адмаўляліся ад актыўнага ўдзелу ў грамадзкім жыцьці, а ў некаторых выпадках — і ад палітычнага супрацоўніцтва зь мясцовай акупацыйнай адміністрацыяй, бо яно павінна было спрыяць узмацненьню беларускага нацыяналізму. Пры гэтым гістарычны досьвед паказваў, што магчымасьць дамінаваньня Нямеччыны і небясьпека германізацыі беларусам наўрад ці пагражала. Зрэшты, зь цягам часу меншалі страхі перад нямецкім дамінаваньнем, затое расло перакананьне ў немінучым вяртаньні савецкай улады. І тут дасягненьні нацыяналізму павінны былі ўзбагаціць нацыянальную сьвядомасьць, прышчапіць ёй імунітэт супраць русіфікацыі, урэшце, стварыць гістарычныя аргумэнты, якія ўжо нельга будзе абмінуць ува ўмовах савецкай Беларусі.

Цікава, што працэс палітычнай палярызацыі беларускага грамадзтва няспынна ўзмацняўся, нягледзячы на злачынствы акупантаў, непазьбежнасьць паразы Нямеччыны і вяртаньня савецкай улады. Большасьць насельніцтва жыла ў страху і чаканьні, але ўжо на самым пачатку акупацыі побач зь ёю абазначыліся дзьве крайнія плыні — камуністычная і нацыяналістычная, якія разьвіваліся ў вострай ідэалягічнай і ўзброенай барацьбе. Пік гэтага супрацьстаяньня прыйшоўся на апошнюю фазу акупацыі, калі дзясяткі тысяч беларусаў сталі з зброяй у руках па розныя бакі барыкады. Сярод іх, несумненна, было шмат людзей выпадковых, якія трапілі туды пад прымусам, але шмат было і такіх, якіх вяла толькі ўласная рашучасьць і нават фанатызм, які адлюстроўваў разуменьне сэнсу барацьбы.

Цяжка ацаніць іх пазыцыі адназначна. Удзельнікі камуністычнага руху, якія гуртаваліся ў партызанскіх атрадах і савецкім падпольлі, мелі за сабой традыцыі, арганізацыйны грунт і — самае галоўнае — усебаковую падтрымку з-за лініі фронту. Тым часам нацыяналісты, маючы за сабою горкі досьвед недалёкага мінулага, пры ўсёй непасьлядоўнасьці нямецкай палітыкі (справа Ермачэнкі) і адсутнасьці перад сабою абяцальнай пэрспэктывы паволі адваёўвалі свае пазыцыі. Факт, што ў гэтых неспрыяльных умовах нацыяналізм стаў важным грамадзкім фактарам і відавочнай процівагай для камуністычнага руху, быў, безумоўна, вынікам хуткага авалоданьня нацыянальнай ідэі грамадзтвам, асабліва моладзьдзю. Тую самую зьяву адзначаў у 1918 г. Куршман, аднак на гэты раз яна ўзьнялася да непараўнальна вышэйшага ўзроўню. Асабліва ўражвала нацыянальная актыўнасьць у апошнія месяцы акупацыі. Ксёндз Зянон Ігнатавічус, літоўскі капэлян у Менску, слаба зарыентаваны ў сутнасьці справы, ацэньваў убачанае на Беларусі як прызнаньне яе «поўнай незалежнасьці» і шкадаваў, што Літва не дачакалася такога ад немцаў.

Савецкія ўлады рашуча выступілі супраць актывізацыі беларускага нацыяналізму. Шмат фактаў сьведчаць аб тым, што найбольшую небясьпеку яны бачылі не ў стварэньні антыпартызанскіх беларускіх фармаваньняў, а ў пранікненьні пачуцьця нацыянальнай асобнасьці і сэпаратысцкіх тэндэнцыяў у масавую сьвядомасьць. Найбольш інтэнсіўна гэтыя працэсы ішлі на абшары Генэральнай акругі Беларусь — тут на грамадзтва ўзьдзейнічалі шматлікія палітычныя сродкі. Таму на гэтай тэрыторыі барацьба з нацыяналізмам была адной з найважнейшых задач партызанскага руху, і вялася яна больш зацята, чым на Украіне ці ў Прыбалтыцы. У часе вайны пра гэта сьведчыла, у прыватнасьці, стаўленьне партызан да беларускага школьніцтва, а пасьля вайны — прыняцьце ў лютым 1945 г. спэцыяльнай рэзалюцыі ЦК КП Беларусі аб перавыхаваньні грамадзтва ў духу савецкага патрыятызму і нянавісьці да нямецкіх акупантаў, якіх не было там ужо некалькі месяцаў. У Польшчы такія захады былі папросту непатрэбныя.



Абнародаваньне адпаведна падабраных злачынных аспэктаў нямецкай акупацыі ў пасьляваенны час сталі аднымі з асноўных аргумэнтаў у барацьбе зь беларускай мовай, культурай, нацыянальнай сьвядомасьцю і, урэшце, — з самімі нацыянальнымі дзеячамі. Усё гэта рабілася дзеля таго, каб адцягнуць грамадзкую ўвагу ад палітыкі русіфікацыі, якая праводзілася пад шырмай зьліцьця ўсіх пародаў СССР у адзіную сям’ю. Яна была скіравана на аслабленьне нацыянальнага касьцяка краіны, і дзеля гэтага прымаліся самыя разнастайныя захады: масавыя дэпартацыі беларусаў, расейская калянізацыя, выцясьненьне беларускай мовы з шырокага грамадзкага ўжытку і яе зьвядзеньне да мовы сялянства і вузкіх колаў творчай інтэлігенцыі. Прывядзём некалькі прыкладаў.

Паводле афіцыйных зьвестак, з 1950 да пачатку 60-х г. зь Беларусі «выехала» на ўсход, галоўным чынам у Сібір і Казахстан, каля 900 тыс. чалавек. Так, з 1945 г. туды перасялілася прыкладна звыш мільёна чалавек. У 1970 г., калі насельніцтва БССР яшчэ не дасягнула даваеннага ўзроўню, колькасьць расейцаў на яе тэрыторыі павялічылася да 938 тыс. чалавек і, такім чынам, перавысіла ўдвая даваенны ўзровень. У выніку, доля расейцаў у структуры насельніцтва рэспублікі ўвесь час узрастала і ў 1970 г. дасягнула 10,4 %, аднак іх сапраўдная ўдзельная вага была яшчэ большая; трэба ўлічыць, што ў іхніх руках апынуліся ключавыя гаспадарчыя і палітычныя пазыцыі.

Зь першых пасьляваенных гадоў пачалася русіфікацыя вышэйшай школы (па-беларуску выкладаліся толькі некаторыя дысцыпліны на факультэтах беларускай філялёгіі). Натуральна, гэта адбілася на стане сярэдняй і пачатковай адукацыі. Школьнікі, якія марылі працягваць навуку, бачылі, як падае грамадзкае значэньне беларускай мовы, і выяўлялі большую зацікаўленасьць у вывучэньні расейскай мовы. Але і гэты мэханізм быў недастаткова эфэктыўны, таму ў 60–70-х г. пачаўся масавы перавод беларускіх школаў на расейскую мову навучаньня адміністрацыйным шляхам. У выніку поўнасьцю былі зьліквідаваны беларускія школы ў гарадох, а на вёсках яны часьцей за ўсё заставаліся беларускімі толькі намінальна, бо па-расейску там выкладалася вельмі многа дысцыплінаў.

Выдавецкая дзейнасьць таксама выяўна адлюстроўвала вынікі такой нацыянальнай палітыкі. За пэрыяд з 1950 па 1985 г. агульны тыраж кніжак, выдадзеных у БССР, павялічыўся з 12,5 млн. да 53,3 млн. экзэмпляраў, пры гэтым доля беларускамоўных выданьняў зьнізілася з 10,7 млн. да 5,0 млн. экзэмпляраў, а іх доля ў агульнай кнігавыдавецкай прадукцыі зьменшылася з 85 % да 9 %.