Страница 61 из 63
Аднак знайшліся беларусы, украінцы і іншыя, якія пагадзіліся на ўдзел у абвешчаным 14 лістапада ў Празе Камітэце вызваленьня народаў Расеі. У адказ на маніфэст гэтага Камітэту прадстаўнікі дзевяці народаў СССР, у т. л. і БЦР, 18 лістапада выдалі супольную заяву, у якой адмовіліся ад прызнаньня кіраўнічай ролі Ўласава і запатрабавалі, ваб ён абмежаваў сваю дзейнасьць справамі этнаграфічнай Расеі. Пачаліся новыя перамовы зь нямецкімі ўладамі, але яны не дапамаглі вырашыць спрэчку паміж «сэпаратыстамі» і камітэтам Ўласава. Ды, зрэшты, было ўжо занадта позна гаварыць аб гэтым.
Група афіцэраў і моладзевых дзеячоў крытычна паставілася да паводзін Астроўскага ў справе ўдзелу ў камітэце Ўласава і асудзіла маруднасьць пры арганізацыі асобнага беларускага вайсковага фармаваньня. Гэтыя людзі, што рваліся да безнадзейнай барацьбы, гуртаваліся вакол палітычна-вайсковай арганізацыі — Беларускай незалежніцкай партыі (БНП). Яе кіраўнікі — Усевалад Родзька, Міхаіл Вітушка і іншыя — супрацоўнічалі з Абвэрам, прадстаўлялі БНП як патрыятычную кансьпірацыйную арганізацыю і выдавалі быццам бы нелегальны «Бюлетэнь БНП», на старонках якога заклікалі даўзброенай барацьбы за незалежную Беларусь.[144]
БНП была створана ў Менску ў ліпені 1942 г., але больш значную дзейнасьць разгарнула толькі ў чэрвені 1944 г., арганізуючы некалькі кансьпірацыйных выведна-дывэрсійных групаў у тылах Чырвонай Арміі. У ліпені, а найпазьней — у жніўні 1944 г. Абвэр арганізаваў у Дальвіцы ўва Усходняй Прусіі навучальны цэнтар і рыхтаваў там добраахвотнікаў для дывэрсійнай працы на Беларусі. Палітычным кіраўніком цэнтру быў Родзька.
Істотную ролю ў вярбоўцы добраахвотнікаў адыгрывала прапаганда БНП. Кансьпірацыйны арэол дазваляў ёй карыстацца такімі прыёмамі, якія былі недапушчальныя ў афіцыйнай прапагандзе, і гэта выклікала да яе большы давер. БНП ня толькі выкарыстоўвала патрыятычную фразэалёгію, але дазваляла сабе і крытыку нямецкай акупацыйнай палітыкі на Беларусі, хоць гэтыя праблемы сталі ўжо справаю мінуўшчыны. Што да прагнозаў на будучыню, дык тут БНП малявала непазьбежны канфлікт паміж саюзьнікамі пасьля перамогі над Нямеччынай. Зыходзячы з такіх меркаваньняў, БНП прапагандавала ўзмацненьне ўласных сілаў як вырашальнага фактару для будучыні Беларусі. У «Бюлетэні БНП» гаварылася:
Гэтыя сілы, — і перш за ўсё нацыянальнае войска і антысавецкі партызанскі рух, што ахапіў усю краіну, — ужо дзейнічаюць на Беларусі, і трэба далучыцца да іх, каб споўніць свой сьвяты абавязак перад Бацькаўшчынай.
Пад заклікам БНП: «Здабудзем беларускую дзяржаву — альбо згінем у барацьбе за яе!» — шмат беларусаў накіравалася ў Дальвіц, а адтуль — на Беларусь, цешачы сябе ілюзіяй аб ангельска-амэрыканскім канфліктце з СССР.
Праблема неадкладнага ўдзелу ў баявых апэрацыях летам 1944 г. перарасла ў канфлікт — на гэтым грунце сутыкнуліся палітычныя амбіцыі Астроўскага і Родзькі. У выніку БНП перайшла ў апазыцыю да Астроўскага і БЦР. Лідэры гэтай партыі абвінавачвалі Раду ў няздольнасьці кіраваць незалежніцкім рухам і выкрывалі яе марыянэтачны характар. У канцы 1944 г. гэты канфлікт перарос у адкрытую варожасьць — Астроўскага крытыкавалі за палітычнае згодніцтва, ускладалі на яго адказнасьць за эвакуацыйны хаос, у якім была страчана пераважная частка сілаў БКА, за няздольнасьць арганізаваць беларускае войска ў Нямеччыне, за нежаданьне супрацоўнічаць з Уласавым і г. д. На пачатку 1945 г. Родзька ўвогуле адмовіўся ад супрацоўніцтва з Астроўскім і выказаў шкадаваньне аб тым, што зьвязваўся зь ім у мінулым.
Фармальна БНП мела ўсе падставы, каб крытыкаваць Астроўскага, але ніякай разумнай альтэрнатывы яна не сфармулявала. Усе закіды БНП папросту адлюстроўвалі нямецкія абарончыя інтарэсы, якія вымагалі мабілізацыі ўсіх даступных сілаў і сродкаў для ўзброенай барацьбы. Матывы паводзінаў Астроўскага ў Нямеччыне былі прынцыпова іншыя. Яго адносіны да арганізацыі войска, Саюзу вызваленьня Беларусі і камітэту Ўласава сьведчылі аб разуменьні бескарыснасьці і бяссэнсавасьці ўдзелу ў абароне Райху. Астроўскі прыклаў усе стараньні да таго, каб запэўніць сабе і БЦР магчымасьць дзейнічаць і пасьля капітуляцыі Нямеччыны. Супрацоўніцтва з Уласавым магло б пасьля вайны ўскладніць і нават зусім перакрэсьліць яго палітычную працу ў эміграцыі. Лідэр БЦР не жадаў адмаўляцца ад такіх шанцаў і таму пад канец 1944 г. узяўся перакройваць статут Рады, падганяючы яго пад новую сытуацыю. Пленум БЦР прыняў гэты статут 14–17 студзеня 1945 г., калі Чырвоная Армія зь берагоў Віслы рушыла ў паход на Бэрлін, а ОМі ўжо не заглыблялася ў гэткія справы.
ЗАКЛЮЧЭНЬНЕ
У выніку вайны і акупацыі Беларусь панесла вялікія людзкія страты. Калі беспасярэдне перад нападам Нямеччыны ў ёй налічвалася 9,2 млн. жыхароў (у цяперашніх межах), дык пад канец 1944 г. іх засталося толькі 6,3 млн. Такім чынам, насельніцтва зьменшылася на 2,9 млн., альбо на 32%. Аднак і па сёньняшні дзень гэтыя лічбы дэталёва не ўдакладненыя. Савецкія крыніцы шмат гадоў сьцьвярджалі, што нямецкія акупанты зьнішчылі 1408 тыс. цывільных жыхароў Беларусі і 378 тыс. выслалі на прымусовую працу ў Нямеччыну. Адначасова пісалася, што летам 1941 г. адсюль на ўсход, у эвакуацыю, было вывезена 1,5 млн. чалавек і больш за 500 тыс. мабілізавана ў Чырвоную Армію. Акрамя таго, у ліпені 1944 г. у войска было прызвана яшчэ звыш 600 тыс. чалавек. Разам гэта складала 4,4 млн чалавек, альбо на 50 % больш за афіцыйна названыя людзкія страты (2,9 млн.), пры гэтым варта ўлічыць, што да канца 1944 г. толькі невялікая частка эвакуяваных у глыб СССР магла вярнуцца на радзіму. Лічбы відавочна не сыходзіліся, і таму колькасьць жыхароў, забітых акупантамі, ацэньвалі пазьней ня больш як 750 тыс. На думку аўтара, гэтая апошняя ацэнка больш адпавядае сапраўднасьці, аднак яна па-ранейшаму завышаная.
Гаспадарка Беларусі таксама панесла вялікія страты. У 1945 г. узровень яе прамысловай вытворчасьці складаў толькі 20 % ад даваеннай. У шмат разоў скарацілася і сельскагаспадарчая вытворчасьць, адною з прычын гэтага былі антыпартызанскія карныя акцыі, у выніку якіх было спалена некалькі тысяч вёсак. Летам 1944 г. савецкія ўлады засьпелі на Беларусі толькі 39 % ад даваеннага пагалоўя коней, 31 % — буйной рагатай жывёлы, 11 % — сьвіньняў і 22 % — авечак і козаў. Аднак цяжка вызначыць, у якой ступені прычынілася да гэтага нямецкая гаспадарчая эксплуатацыя. Справа ў тым, што самыя вялікія разбурэньні ў беларускай прамысловасьці адбыліся ў выніку эвакуацыі на ўсход машын і абсталяваньня, а таксама — зьнішчэньня партызанамі дробных прадпрыемстваў у правінцыі. У дадатак немцы ўлетку 1944 г. правялі эвакуацыю некаторых заводаў. Не выклікаюць даверу зьвесткі пра выкарыстаньне або вынішчэньне свойскай жывёлы нямецкімі акупантамі — у некаторых выпадках гэтыя лічбы перавышаюць стан даваеннага пагалоўя (сьвіньні, козы і авечкі), і гэта — без уліку вынікаў эвакуацыі на ўсход, задавальненьня патрэбаў партызан і самога мясцовага насельніцтва.
Аднак асаблівым аспэктам акупацыйнай гісторыі Беларусі было яе палітычнае становішча. Тут міжволі напрошваецца паралель з пэрыядам Першай сусьветнай вайны. Усходняя палітыка кіраўнічых колаў другога і трэцяга Райху грунтавалася на розных прынцыпах, а іх стаўленьне да беларускага пытаньня як палітычнага фактару было, па сутнасьці, аднолькавае. У 1918 г. Беларусь была для Бэрліна «нязнанай краінай Эўропы», а слабы нацыянальны рух і нямецкая палітыка што да Расеі не дазвалялі нямецкаму ўраду прыняць і падтрымаць канцэпцыю беларускай дзяржаўнай незалежнасьці. У міжваенны пэрыяд аўтарытэт Беларусі ў бэрлінскіх палітычных колах зноў-такі ня ўзьняўся — перашкаджала адсутнасьць уласнай нацыянальнай дзяржаўнасьці і аслабленьне ў 30-х г. палітычных, эканамічных і культурных пазыцый беларускага руху. Нездарма напярэдадні другой акупацыі Гейзэнбэрг вельмі скептычна ацэньваў шанцы пэрспэктыўнага разьвіцьця Беларусі ў рамках «новага парадку» ў Эўропе. Гэтая яго пазыцыя так і не зьмянілася да канца акупацыі.
144
Зьвесткі аб стварэньні і дзейнасьці БНП вельмі скупыя. Раманоўскі піша, што яна была створаная на заданьне Абвэру. Магчыма, так яно і было, калі ўлічыць, што лідэр БНП Родзька зь вясны 1941 г. супрацоўнічаў з Абвэрам і ўдзельнічаў у арганізаванай ім дывэрсійнай апэрацыі на Беларусі напярэдадні нападу Нямеччыны на СССР. Пра сувязь БНП з Абвэрам сьведчаць таксама і некаторыя эміграцыйныя крыніцы. Затое шараговыя сябры БНП былі перакананыя, што маюць дачыненьне да сапраўднай падпольнай арганізацыі.