Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 6 из 63

І хоць зьмест нямецкага адказу невядомы, далейшае разьвіцьцё падзеяў сьведчыць аб тым, што стараньні беларускага Народнага сакратарыяту не былі дарэмныя. Афіцыйна не прызнаны, ён тым часам распачынае ажыўленую нарматыўную дзейнасьць. 9.3.1918 г. Выканаўчы камітэт Рады зьезду выдае ўстаўную грамату, у якой абвяшчае ўтварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), па-ранейшаму трактаванай як частка аіульнарасейскай фэдэрацыі, і акрэсьлівае асновы яе канстытуцыі, у т. л. адмену прыватнага ўладаньня зямлёй і перадачу яе тым, хто на ёй працуе. 18 сакавіка Рада Усебеларускага зьезду абвяшчае сябе Радай БНР, куды ўваходзяць таксама прадстаўнікі нацыянальных меншасьцяў — палякаў, габрэяў, расейцаў, украінцаў, літоўцаў. Нарэшце 25 сакавіка Рада БНР выдае чарговую ўстаўную грамату, у якой праклямуе незалежнасьць Беларусі і разрыў дзяржаўных сувязяў з Расеяй, абвяшчае пры гэтым неправамоцным Берасьцейскі трактат, паводле якога беларускія землі былі падзелены на некалькі частак.

Акт незалежнасьці ад 25 сакавіка адлюстроўваў надзеі на прызнаньне Беларускай Народнай Рэспублікі нямецкім урадам і іншымі краінамі. Аднак гэты крок не прывёў да зьменаў у пазыцыі немцаў. У адказ на ноту Народнага сакратарыяту новы канцлер Райху Георг Герлінг паведаміў, што Бэрлін трактуе Беларусь як частку савецкай Расеі і, паводле Берасьцейскага трактату, ня мае права бяз згоды ленінскага ўраду прызнаць новаствораную беларускую дзяржаву. У канцы красавіка 1918 г. Рада БНР выслала кайзэру Вільгельму ІІ тэлеграму[35] з падзякай за «вызваленьне Беларусі ад чужацкага ўціску і анархіі» і просьбу «абараніць імкненьні Рады да ўмацаваньня дзяржаўнай незалежнасьці і непадзельнасьці краю ў саюзе зь нямецкім Райхам». Адказу не было. Не далі выніку і іншыя намаганьні Рады БНР у гэтай справе.

У чаканьні памыснага павароту ў вялікай палітыцы Нямеччыны і ў сьвеце не прызнаная ў Бэрліне, Рада БНР прыступіла ў паразуменьні з камандуючым 10-й арміі генэралам Эрыхам фон Фалькенгайнам да арганізацыі мясцовага апарату ўлады. Ужо 27 сакавіка была апублікавана пастанова аб перадачы пад яе кампэтэнцыю ўсіх краёвых дзяржаўных устаноў. 20 красавіка Рада выдала «часовы загад мясцовым беларускім радам», у якім акрэсьліваліся прынцыпы выбараў па вёсках, валасьцях, гарадох і мястэчках, паветах і губэрнях органаў Беларускай Народнай Рэспублікі і прыняцьця імі на сябе ўлады ад акупантаў у асобных адміністрацыйных галінах. Паводле сьцьверджаньня Круталевіча, немцы перадалі ў кампэтэнцыю Рады БНР ведамствы гандлю, прамысловасьці, асьветы, сацыяльнага забесьпячэньня і інш., якімі кіраваў Народны сакратарыят пад наглядам нямецкіх уладаў.

27.5.1918 г. Фалькенгайн прыняў прадстаўнікоў Рады БНР і Народнага сакратарыяту і выказаў ім «сымпатыі нямецкіх уладаў», паведаміў, што «акупацыйныя ўлады хацелі б бачыць у Радзе пасярэдніка паміж нямецкай адміністрацыяй і беларускім народам дзеля ўлагоджваньня — паводле магчымасьці — жыцьцёвых цяжкасьцяў, выкліканых вайной». Фалькенгайн дадаў, што дзейнасьць Рады і Сакратарыяту ў гэтым кірунку «прынясе для Беларусі ў недалёкай будучыні пазытыўныя вынікі». Гэта магло расцэньвацца як абяцаньне прызнаць БНР. У выніку 21.6.1918 г. нямецкае камандаваньне пагадзілася на стварэньне дарадчых устаноў пры павятовых камандзірах для рэгуляваньня стасункаў паміж насельніцтвам і нямецкімі войскамі.

Важнай сфэрай дзейнасьці Народнага сакратарыяту было школьніцтва. Пры Народным сакратарыяце асьветы было створана бюро па справах распрацоўкі школьных падручнікаў і таварыства «Прасьвета», якое й занялося іх выданьнем. Былі арганізаваны настаўніцкія курсы і школьная інспэкцыя, пашырылася сетка пачатковых і сярэдніх школаў. У Менску быў створаны Беларускі пэдагагічны інстытут,[36] выкладчыкамі якога былі В. Іваноўскі, Я. Карскі, Б. Тарашкевіч, У. Ігнатоўскі і інш. Рыхтавалася адкрыцьцё ўнівэрсытэту. Працавалі ў Менску Беларускі тэатар, Таварыства драмы і камэдыі ды іншыя культурныя ўстановы. Пад кантролем Народнага сакратарыяту выходзіла больш дзясятка газэт і часопісаў на беларускай мове.

Народны сакратарыят атрымаў паўнамоцтвы і ў галіне зьнешняй палітыкі. Зь яго ініцыятывы нямецкае вайсковае камандаваньне пачало летам 1918 г. перамовы з урадам савецкай Расеі аб аб’яднаньні з тэрыторыяй БНР усходніх раёнаў Беларусі, занятых расейскімі войскамі. З гэтай мэтай, а таксама для здабыцьця прызнаньня БНР у Маскву выехала беларуская надзвычайная місія, аднак народны камісар замежных спраў Г. Чычэрын яе не прыняў. Былі акрэдытаваныя прадстаўніцтвы БНР на Украіне і ў Літве, высылаліся дыпляматычныя місіі ў Варшаву, Бэрлін, Бэрн, Капэнгаген і інш. У Кіеве адкрылася Беларуская гандлёвая палата. Грамадзяне краю атрымлівалі пашпарты ад імя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Такім чынам, падтрымка, аказаная Фалькенгайнам справе БНР, заходзіла вельмі далёка. Па сутнасьці, беларусам не было дазволена толькі стварэньне ўласнага войска, затое ў астатніх галінах Народны сакратарыят мог разьвіваць дзяржаўную дзейнасьць, за якой, натуральна, сачылі акупацыйныя ўлады. Варта заўважыць, што было гэта ня толькі ціхае неафіцыйнае спрыяньне. Пра тое сьведчыць, між іншым, публічная падтрымка ў друкаваным органе штабу Фалькенгайна — «Zeitung der 10 Armee» — адозвы Беларускага нацыянальнага камітэту ад 17.3.1918 г. з пратэстам супраць літоўскіх, польскіх і ўкраінскіх прэтэнзіяў на беларускія землі, якія ў дачыненьні да Літвы і Ўкраіны былі зацьверджаны Берасьцейскім трактатам, надпісаным немцамі.

Дзьве лініі нямецкай палітыкі, г. зн. непрызнаньне Бэрлінам БНР і адначасовае стварэньне яе пад аховай 10-й арміі, супярэчылі сабе толькі вонкава. У сапраўднасьці яны адлюстроўвалі своеасаблівую тактыку паводзін нямецкіх уладаў, якая была вынікам эвалюцыі поглядаў на беларускае пытаньне. Пры ўступленьні ў лютым 1918 г. у Менск немцы былі перакананы ў абсалютнай няздольнасьці беларусаў да стварэньня ўласнай дзяржавы. Аднак яны ўбачылі тут дынамічны палітычны цэнтар, дзейнасьць якога хутка вызваляла ад сну народныя сілы і ўзбуджала сярод немцаў зацікаўленасьць патэнцыйнымі магчымасьцямі беларускага руху. Найбольш скептычна ацэньвалі гэтыя магчымасьці бэрлінскія ўрадавыя колы, пра што сьведчыць іх стаўленьне да ўкраінскага пытаньня,[37] затое лякальныя назіраньні не былі такія адназначныя, яны пацьвярджалі мэтазгоднасьць праверкі арганізацыйных здольнасьцяў рады БНР і Народнага сакратарыяту на практыцы.

Стварэньне незалежнай беларускай дзяржавы адлюстроўвала спадзяваньні немцаў на ліквідацыю небясьпечнага расейскага кліну, якім, паводле Берасьцейскага трактату, была Беларусь: ён убіваўся паміж дзьвюма новаўтворанымі дзяржавамі — Літвой і Украінай. На фоне такой палітычнай пэрспэктывы трацілі сваё значэньне перашкоды, што раней не дазвалялі акупантам зацікавіцца беларускім пытаньнем. Так, напрыклад, прафэсар Бэрлінскага ўнівэрсытэту Фрыц Куршман пасьля знаёмства летам 1918 г. з сытуацыяй у Беларусі пагаджаўся, што беларускі рух яшчэ слабы, але прагназаваў яго хуткае і лёгкае высьпяваньне і пашырэньне. Ён бачыў таксама і слабасьць Рады БНР, аднак і тут выразіў перакананьне, што «калі ўжо беларусы трымаюцца ў сядле, дык, пэўна, навучацца езьдзіць». Немцы ўсьвядомілі карысьць, якую прыносіла існаваньне ўкраінскай і беларускай дзяржаваў для нямецкай палітыкі што да Польшчы і Расеі.

Такім чынам, толькі пасьля заключэньня Берасьцейскага міру і акупацыі каля 85 % беларускай тэрыторыі пытаньне дзяржаўнасьці гэтага краю зацікавіла нямецкія вайсковыя колы. Падтрымка дзейнасьці Рады БНР і Народнага сакратарыяту мела на мэце падрыхтаваць іх да прыняцьця на сябе рэальнай улады на Беларусі. Гэта быў, паводле трапнага вызначэньня Куршмана, рэзэрвовы ўрад, фармальнае прызнаньне якога магло ажыцьцявіцца пры дадатным для Нямеччыны выніку вайны. На думку Круталевіча, перад такім рашэньнем не стрымалі б немцаў і пастановы Берасьцейскага трактату.



35

Тэлеграму кайзэру выслала ня Рада БНР, а яе дзеячы: старшыня Рады Я. Серада, старшыня Народнага сакратарыяту Я. Варонка, сябры Рады Р. Скірмунт, А. Аўсянік, П. Аляксюк, П. Крачэўскі і Я. Лёсік. Пасьля таго, як тэлеграма была пасланая ў Бэрлін, у Радзе і Народным сакратарыяце вынік крызіс. Калі б пытаньне аб пасылцы тэлеграмы абмяркоўвалася на пленарным паседжаньні Рады, гэтая ідэя наўрад ці была б ухваленая. — А. С.

36

У верасьні 1918 г. зь Яраслаўля вярнуўся Менскі настаўніцкі інстытут. Яго далейшую дзейнасьць фінансавалі ўрад БНР і акупацыйныя ўлады. Вялася падрыхтоўка да пераўтварэньня яго ў вышэйшую навучальную ўстанову, аднак адкрыцьцё Менскага беларускага пэдагагічнага інстытуту адбылося ўжо пры бальшавіках — у канцы 1918 г. — А. С.

37

Наконт Украіны, якую ўжо прызнала Нямеччына, Вільгельм ІІ выказаўся так:

«Мы не павінны паддавацца ілюзіі, нібыта Украіна надоўга застанецца адарваная ад Расеі. Украіна, як і Расея, — славянскі край. Яны зьяднаюцца нанова».

Людэндорф заўважыў:

«Жыцьцяздольнай украінскай дзяржавы ня будзе ніколі. Нацыянальны дух Украіны існуе і ўтрымліваецца толькі дзякуючы прысутнасьці нашых войскаў».