Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 5 из 63

Асабліва вялікія цяжкасьці выпалі на долю беларускага школьніцтва, якое не існавала з часоў расейскага панаваньня і цяпер павінна было стварацца спачатку. Найважнейшай праблемай была нястача настаўнікаў, большай часткаю мабілізаваных або эвакуяваных у Расею. Таму ўлады Обэр Осту прынялі рашэньне адкрыць беларускую настаўніцкую семінарыю ў Сьвіслачы, што на Гарадзеншчыне, дзе на колькімесячных курсах[24] павінны былі атрымаць падрыхтоўку новыя кадры. Цяжка аказалася знайсьці выкладчыкаў, таму заняткі ў сэмінарыі пачаліся толькі 15.10.1916 г. і працягваліся да 15.11.1918 г. Дырэктарам яе быў анямечаны сылезец Бэндзеха, а выкладчыкамі, між іншым, Б. Пачобка і Квяцінскі, часова — прафэсар Рудольф Абіхт[25] з Браслаўскага ўнівэрсытэту. У выніку, тут атрымалі падрыхтоўку 144 настаўнікі беларускіх школаў. Пэўная палёгка надышла ў 1918 г., калі вярнулася на радзіму частка мабілізаваных ці эвакуяваных пэдагогаў.

Па меры таго як вырашаліся элемэнтарныя кадравыя праблемы, разьвівалася сетка беларускіх пачатковых школаў. Паводле афіцыйных нямецкіх зьвестак, яшчэ ў кастрычніку 1916 г. на ўсёй тэрыторыі Обэр Осту дзейнічала ўсяго 8 такіх школаў, ужо ў сьнежні 1917 г. іх колькасьць узрасла да 50, а вясною 1918 г. дасягнула 89. У большасьці сваёй яны месьціліся на тэрыторыі Беластоцка-Гарадзенскай акругі, дзе вясной 1918 г. дзейнічала ўжо 79 беларускіх школаў. Іх доля ў агульнай лічбе школаў Обэр Осту (без Курляндыі) складала толькі 6,5 %, а ў Беластоцка-Гарадзенскай акрузе — 21,2 % (гл. табл. 2). Такім чынам, гэты ўдзел быў нашмат ніжэйшы за агульны працэнт беларускага насельніцтва на ўпамянутых землях.

Віною таму быў ня толькі недахоп настаўнікаў, але і пазыцыя польскага каталіцкага духавенства. Яно працівілася адкрыцьцю школаў на роднай мове для беларускіх дзяцей-каталікоў. Спробы нямецкіх уладаў адчыніць беларускія школы былі сустрэты рашучым супрацівам большасьці ксяндзоў, якія выкарыстоўвалі з гэтай мэтай разнастайныя санкцыі: не дапускалі да споведзі і прычасьця бацькоў, што пасылалі сваіх дзяцей у беларускія школы, або і саміх вучняў. Ксяндзы звычайна адмаўляліся выкладаць рэлігію па-беларуску і забаранялі дзецям карыстацца падручнікамі катэхізісу на гэтай мове. Паводзіны кліру ў гэтай справе, з традыцыйным трактаваньнем беларусаў каталіцкага веравызнаньня як палякаў, а праваслаўнага — як расейцаў, мелі выразны палітычны характар, яны выяўлялі імкненьні большасьці палітычных груповак у Польшчы да фэдэралізацыі або анэксіі беларускіх земляў. З прычыны супраціву духавенства да вясны 1918 г. у каталіцкіх асяродках Обэр Осту было створана ўсяго толькі пяць беларускіх школаў, пераважная іх большасьць узьнікла сярод праваслаўнага насельніцтва, якое складала каля 60 % беларускамоўнай масы на гэтай тэрыторыі і ўхваляла школы на роднай мове. Паводле сьведчаньняў Цэмке, нямецкія ўлады ў Беластоцка-Гарадзенскай акрузе часам ішлі насуперак інструкцыям, даючы згоду на адкрыцьцё польскіх школаў для беларусаў-каталікоў пасьля іх настойлівых пісьмовых хадайніцтваў.

У апэрацыйнай вайсковай паласе, якая распасьцерлася на большую частку акупаваных беларускіх земляў, тэндэнцыі нямецкай палітыкі адрозьніваліся ад тых, што панавалі на тэрыторыі Обэр Осту. Яны не знайшлі пакуль што адлюстраваньня ў гістарычных працах і могуць быць апісаны толькі пасьля вывучэньня архіўных матэрыялаў штабу 10 арміі. У роўнай ступені ні беларуская літаратура, ні «Zeitung der 10 Armee» ня ўказваюць на зьяўленьне там якіх-небудзь арганізацыяў, не надаюць інфармацыі пра культурную і выдавецкую дзейнасьць. Напэўна, тут распаўсюджваліся кнігі і часопісы, якія выдаваліся ў Вільні. Аднак прынцыпы школьнай палітыкі ўладаў Обэр Осту хоць і датычылі толькі гэтай тэрыторыі, але аказвалі ўплыў на ўзьнікненьне беларускіх школаў таксама і ў вайсковай апэрацыйнай зоне. Паводле зьвестак А. Луцкевіча, на канец 1918 г. агульная колькасьць гэтых школаў на зямлі «старой акупацыі» (г. зн. на тэрыторыях, занятых немцамі да 18.2.1918 г.) перавышала 150.[26] У параўнаньні да 89 школаў, зарэгістраваных увесну 1918 г. на землях Обэр Осту, гэта азначала, што каля 60 беларускіх школаў было створана ў апэрацыйнай зоне. Іншыя аўтары называюць значна большыя лічбы, аднак не акрэсьліваюць часу і месца існаваньня гэтых школаў. Так, напрыклад, Адам Станкевіч агульны лік беларускіх школаў, створаных за час нямецкай акупацыі, называе больш за 200, Вэрнэр Гасэльблат — аж за 300, а Канстанцін Сракоўскі — каля 350. Магчыма, гэтыя зьвесткі датычаць ня толькі пэрыяду «старой акупацыі», але таксама і часткі земляў, занятых у 1918 г.[27]

Такім чынам, нямецкая палітыка што да беларусаў у абедзьвюх зонах акупацыі абмяжоўвалася ў асноўным культурна-асьветнымі справамі і не давала падстаў спадзявацца вырашыць справу беларускай дзяржаўнасьці зь нямецкай дапамогай. Незалежна ад прычын такога стаўленьня Нямеччыны беларускія дзеячы на чале з Іванам і Антонам Луцкевічамі, а таксама Вацлавам Ластоўскім разумелі немагчымасьць стварэньня асобнай дзяржавы ў зоне акупацыі, пад якой знаходзілася чвэрць беларускіх земляў. Гэта абумовіла тактыку іх паводзін: немцаў трэба было пераканаць у мэтазгоднасьці стварэньня новай самастойнай дзяржаўнай адзінкі — Вялікага Княства Літоўскага, дзе беларускія і літоўскія землі злучаліся б па прынцыпе аўтаноміі. Такая пазыцыя беларускіх дзеячаў знайшла адлюстраваньне ў выдадзеных зь іх ініцыятывы ў сьнежні 1915 г. і лютым 1916 г. адозвах канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага,[28] мэмарыялах да парлямэнту (1.9.1917 г.)[29] і канцлера Райху[30] (сьнежань 1917 г.), нарэшце, у рэзалюцыях канфэрэнцыі прадстаўнікоў усіх беларускіх груповак, якая адбылася ў Вільні 25–27.1.1918 г. Гэтая канцэпцыя не ўзбудзіла, аднак, зацікаўленасьці нямецкіх уладаў, якія з 1917 г. імкнуліся да стварэньня асобнай літоўскай дзяржавы, у якую меліся ўвайсьці, між іншым, і далучаныя да Обэр Осту беларускія землі.

Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі ажывіўся беларускі нацыянальны рух і на тэрыторыі Ўсходняй Беларусі. У сакавіку 1917 г. узьнікае Беларускі нацыянальны камітэт, які ў выніку шэрагу зьменаў ператвараецца ў Вялікую беларускую раду. Яна прэтэндуе на ролю краёвага палітычнага прадстаўніцтва, у сярэдзіне лістапада 1917 г. патрабуе заключэньня міру зь Нямеччынай, аб’яднаньня акупаваных немцамі беларускіх земляў з рэшткай краю і фэдэралізацыі з Расеяй Беларускай дэмакратычнай рэспублікі. 14.12.1917 г. Рада склікае ў Менску першы ўсебеларускі зьезд, які прыняў пастанову аб неадкладным стварэньні выканаўчага органа ўлады ў Беларусі.[31] Ноччу 18 сьнежня савецкія войскі разагналі зьезд, з гэтай прычыны яго функцыі пераняў падпольны Выканаўчы камітэт Рады зьезду,[32] які, між іншым, выслаў сваіх прадстаўнікоў на мірныя перамовы ў Берасьце.[33] Пасьля новага нямецкага наступу (18.2.1918 г.) і адыходу зь Менску савецкіх войскаў (19.2.1918 г.) Рада зьезду выходзіць з падпольля, абвяшчаючы сябе часовым урадам на Беларусі, і 21.2.1918 г. утварае свой выканаўчы орган — Народны сакратарыят на чале зь Язэпам Варонкам.[34]

Палітычная сытуацыя ў Менску мянялася хутка, таму, калі нямецкія войскі ўваходзілі ў горад (25.2.1918 г.), ні бэрлінскія ўлады, ні камандаваньне 10-й арміі ня ведалі яе дакладна. Палітычнай асновай іх паводзінаў мог быць толькі Берасьцейскі трактат, у якім, аднак, беларускае пытаньне не было ўлічана. Займаючы Беларусь аж да Дняпра, немцы па-ранейшаму трактавалі яе як расейскую тэрыторыю, своеасаблівы заклад пад кантрыбуцыю памерам 6 млрд. рублёў, выплочваць якія абавязвалася савецкая Расея. Але ў Менску яны нечакана сутыкнуліся з палітычным цэнтрам, які менаваў сябе беларускім урадам. Увайшоўшы ў горад, нямецкія атрады абышліся зь ім, як з урадам варожай дзяржавы: з будынку Народнага сакратарыяту скінулі беларускі нацыянальны штандар і на яго месцы ўсталявалі нямецкі, канфіскавалі касу, такім чынам зрабіўшы немагчымай далейшую дзейнасьць гэтага органа. Неўзабаве пасьля інцыдэнту Народны сакратарыят адаслаў вышэйшым акупацыйным уладам мэмарыял, у якім, між іншым, дамагаўся тлумачэнняў іх стаўленьня да пабудовы беларускай дзяржаўнасьці.

24

Для першага набору слухачоў курсы былі трохмесячныя, для наступных — шасьцімесячныя.

25

Абіхт Рудольф (1850–1921) — нямецкі славіст, прафэсар Уроцлаўскага (Брэслаўскага) унівэрсытэту. Дасьледаваў беларускую мову і літаратуру, спрыяў адраджэньню беларускага пісьменства. — А. П.

26

У артыкуле «Вільня, 13 жніўня 1918 г.» (Homan. 1918. 13 жніўня) А. Луцкевіч пісаў, што «беларускія народныя школы дайшлі ў нас даволі вялікай цыфры — 150». У брашуры «Польская акупацыя ў Беларусі» (1920) і артыкуле «Дзесяцілецьце Беларускае школы» (Жыцьцё Беларуса. 1925. 12 лістапада) ён адзначаў, што ў Віленшчыне і Гарадзеншчыне ў пэрыяд нямецкае акупацыі было закладзена 153 школы. Гэтая лічба названая і ў зборніку «Наша Ніва» (Вільня, 1920. С. 48). — А. С.

27

М. Семаковіч піша, што ў сьнежні 1918 г. існавала каля 400 беларускіх школаў: 135 — на Гарадзеншчыне, 150 — на Віленшчыне, 54 — на Наваградчыне. Лічбу школаў на Меншчыне аўтар не назваў. — А. С.



28

Гаворка пра ўнівэрсал Канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага, пісаны І. Луцкевічам, і адозву Канфэдэрацыі, аўтарам якое быў Ю. Шаўліс. — А. С.

29

Гаворка пра зварот «беларускага арганізаванага грамадзянства» да Галоўнай камісіі Райхстагу, апублікаваны ў «Homanie» 28 верасьня 1917 г. — А. С.

30

Вядомыя таксама звароты да райхсканцлера, пісаныя 26 сакавіка 1917 г. і 16 кастрычніка 1917 г. — А. С.

31

Усебеларускі зьезд пачаў працу 5(18) сьнежня 1917 г. Ініцыятыва яго скліканьня, акрамя Выканаўчага камітэту Вялікай беларускай рады, належыць таксама Выканаўчаму камітэту Цэнтральнай вайсковай беларускай рады і Беларускаму выканаўчаму камітэту Заходняга фронту. Зьезд пастанавіў утварыць з свайго складу орган краёвай улады Беларусі — Усебеларускі савет сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў. — А. С.

32

У НАРБ захоўваецца машынапісная копія пратаколу паседжаньня агульнага сходу сяброў 1-га ўсебеларускага зьезду ў дэпо Лібава-Роменскай чыгункі раніцай 18 сьнежня 1917 г. На гэтым паседжаньні Рада зьезду была абвешчана часоваю краёваю ўладаю. Тамсама маецца копія рэзалюцыі Рады зьезду, прынятай 21 сьнежня. Рада прызнала сябе часоваю ўладаю і вырашыла папоўніць свой склад прадстаўнікамі сялян, рабочых і салдатаў, а таксама нацыянальных меншасьцяў у асобе іх сацыялістычных партыяў. Было вырашана вылучыць з складу Рады выканаўчы камітэт 1-га ўсебеларускага зьезду. Рада даручала Выканаўчаму камітэту прыняць на сябе функцыі выканаўчай улады ў Беларусі. Мелася на ўвазе, што Выканкам сфармуе ўрад, якому была дадзена назва «Урад народных камісараў». — А. С.

33

Ф Турук піша, што дэлегаты Рады зьезду ўдзельнічалі ў берасьцейскіх перамовах як дарадчыкі ў складзе ўкраінскай дэлегацыі і не маглі аказваць уплыву на іх хаду.

34

Выйшаўшы з падпольля 19 лютага 1918 г., Выканаўчы камітэт рады Усебеларускага зьезду выдаў загад № 1, у якім абвясьціў, што «ўзяў уладу ў свае рукі», а «для наладжаньня парадку ў гор. Менску» прызначыў камэнданта — Канстанціна Езавітава. 20 лютага было абвешчана аб стварэньні рэвалюцыйнай улады — Народнага сакратарыяту Беларусі. У той самы дзень Народны сакратарыят прыняў на сябе абавязкі Часовага беларускага ўраду. 21 лютага была апублікаваная 1-я Устаўная Грамата да народаў Беларусі і абвестка пра тое, што Народны сакратарыят «ужо прыступіў да спаўненьня сваіх абавязкаў». Да ведама грамадзян даводзіўся асабовы склад Народнага сакратарыяту. — А. С.