Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 51 из 63



Такім чынам, у першыя тыдні свайго праўленьня Готбэрг не выказваў намеру палітычнага супрацоўніцтва зь беларусамі. Выведка Арміі Краёвай адзначала гэтыя тэндэнцыі на Беларусі. У лістападзе яна паведамляла:

Саступкі, зробленыя гаўляйтарам Кубэ (стварэньне Рады даверу, Саюзу беларускай моладзі, Навуковага таварыства і г. д.), фармальна стаяць пад пытальнікам, прычынаю — сьмерць гаўляйтара, а таксама — набліжэньне фронту. Генэральная акруга Беларусь будзе ліквідаваная і трапіць, прынамсі часткова, пад кіраўніцтва палявога камандаваньня — з гэтым трэба лічыцца.

У іншым данясеньні таго пэрыяду гаварылася:

Палітычныя штабы беларусаў і літоўцаў ужо задумваюцца аб эміграцыі… Усе беларускія ўстановы з Магілёва, Менску і да т. п. альбо распушчаныя, альбо эвакуіруюцца і развальваюцца самі.

Напэўна, Готбэрг разьлічваў на тое, што свае асноўныя праблемы: барацьбу з партызанамі і выкарыстаньне гаспадарчых рэсурсаў Беларусі — ён здолее выканаць і без дапамогі палітычных сродкаў. Такая лінія цалкам супадала з пазыцыяй Бэрліна. Зь вясны 1943 г. у руках Готбэрга апынулася практычна ўся паліцыйная ўлада на землях Генэральнай акругі Беларусь і Ўсходняй Беларусі. Цяпер ён хацеў поўнасьцю падпарадкаваць сабе і гаспадарчую дзейнасьць і ня толькі на тэрыторыі цывільнай адміністрацыі, але і ў зоне вайсковай адміністрацыі.

У выніку, на цэнтральным участку фронту ўжо ў лістападзе 1943 г. вайсковая гаспадарчая інспэкцыя была распушчана, а яе супрацоўнікі перайшлі ў генэральны камісарыят у Менску. Такім чынам, пад кіраўніцтвам Готбэрга на Беларусі ўтварыўся суцэльны гаспадарчы абшар. У лютым 1944 г. яго тэрыторыя павялічылася за кошт ужо прыгаданых былых трох паветаў RKU. Пры гэтым падкрэсьлівалася асаблівая неабходнасьць падначаліць аднаму кіраўніцтву сельскую гаспадарку. У сьнежні 1943 г. у сыстэме генэральнага камісарыяту ў Менску паўстаў новы галоўны аддзел харчаваньня і сельскай гаспадаркі. Яго дзейнасьць пашыралася на тэрыторыі цывільнай і вайсковай адміністрацыі. Усё гэта рабілася дзеля таго, каб узмацніць эксплуатацыю беларускай сельскай гаспадаркі, значэньне якой узрасло пасьля страты немцамі Ўкраіны.

Гаспадарчая палітыка Кубэ адышла ў нябыт. Пад канец акупацыі людзі балюча адчулі на сабе гэтыя перамены. Акупацыйныя ўлады раз за разам павялічвалі нормы паставаў мяса і жорстка дамагаліся іх выкананьня. Жывёлагадоўля прыйшла ў глыбокі заняпад. Паводле зьвестак слонімскага акруговага камісара, у выніку інтэнсіўнага нарошчваньня харчовых паставаў для Нямеччыны і партызан пагалоўе жывёлы ў гэтай акрузе ў 1944 г. зьменшылася на 50 % у параўнаньні з 1942 г., ад ранейшага пагалоўя сьвіньняў і авечак засталося ўсяго 10 %, а птаства было вынішчана амаль цалкам. У адной вёсцы на 80 гаспадарак прыходзілася 10 коней, а ў шасьці вёсках налічылі толькі 11 сьвіньняў. Напэўна, гэта адзін з найзырчэйшых прыкладаў, які праўдзіва адлюстроўваў становішча беларускай жывёлагадоўлі таго пэрыяду.

Аднак найважнейшым клопатам Готбэрга па-ранейшаму заставалася барацьба з савецкімі партызанамі. Іх дзейнасьць пагражала ня толькі выкананьню гаспадарчых задач — цяпер, з набліжэньнем фронту, навісла небясьпека дэзарганізацыі беспасярэдніх тылоў дзейнай арміі. Папярэднія супрацьпартызанскія акцыі не далі жаданых вынікаў, апрача таго, выклікалі пратэсты Кубэ, якія ўсё ж такі падзейнічалі пэўным чынам: пасьля атрыманьня апошняга рапарту ў кастрычніку 1943 г. Бройтыгам прапанаваў Бэргеру заняцца расьсьледаваньнем карных мэтадаў СС на Беларусі. Праўда, Бэргер адкінуў гэтую прапанову, тым ня менш мусіў прызнаць, што адзін з самых лютых атрадаў СС пад камандаваньнем Дырлевангера дзейнічаў «абсалютна безадказна». Такія выказваньні ў найвышэйшых эсэсаўскіх колах прымусілі Готбэрга перагледзець свае мэтады барацьбы з партызанамі. Да таго ж разам зь сьмерцю Кубэ зьнікла галоўная крыніца канфліктаў сярод нямецкага кіраўніцтва на Беларусі.

Свае новыя погляды Готбэрг прывёў падчас канфэрэнцыі, якая адбылася ў ОМі ў канцы лістапада 1944 г. Па-першае, ён прызнаў, што ранейшыя бесчалавечныя сродкі абыходжаньня з насельніцтвам былі памылкаю, бо «парушаюць яго пачуцьцё справядлівасьці», а па-другое, карныя экспэдыцыі ня могуць прынесьці чаканых вынікаў. Неўзабаве ў вайсковыя часьці была разаслана спэцыяльная інструкцыя, дзе падрабязна расьпісваліся паводзіны ў часе карных экспедыцыяў. Забаранялася «залішне жорсткае» абыходжаньне з цывільнымі жыхарамі; нельга было адлучаць матак ад дзяцей, палонных, якіх раней папросту расстрэльвалі, цяпер было загадана трымаць у перавалачных лягерах і трактаваць належным чынам. Хворыя, старыя, а таксама маткі зь дзецьмі да 10 гадоў павінны былі перасяляцца ў больш спакойныя мясьціны, прычым ім дазвалялася перавезьці з сабою ўсю сваю маёмасьць. У пачатку сакавіка 1944 г. Розэнбэрг падпісаў дэкрэт, які даваў права памілаваньня ўдзельнікам партызанскага руху ў Беларусі.



Зьмякчэньне тэрору да насельніцтва было адным з элемэнтаў новай антыпартызанскай стратэгіі Готбэрга. Ён крытычна ацаніў вынікі ранейшых карных апэрацыяў і цяпер імкнуўся дамагчыся прыхільнасьці насельніцтва, каб уцягнуць яго ў барацьбу супраць партызан. Гэта быў паварот да ранейшай канцэпцыі Кубэ. Аднак сытуацыя ў канцы 1943 г. аказалася ўжо зусім іншая: цяжка было спадзявацца на сапраўдную шырокую падтрымку беларусаў у антыпартызанскай кампаніі. Не апраўдаліся і надзеі на стварэньне беларускіх паліцыйных батальёнаў замест некалі распушчанай самааховы. Нягледзячы на доўгія стараньні, да верасьня 1943 г. арганізавана ўсяго два такія атрады.[134] Паралельна зь імі дзейнічалі толькі паліцыя парадку і чыгуначная ахова. Гэтых сілаў было недастаткова, таму летам 1943 г. для барацьбы з партызанамі апрача нямецкіх войскаў прыбыло некалькі нацыянальных паліцыйных батальёнаў, сярод іх літоўскія, латыскія, украінскія, расейскія і нават адзін польскі. Але і гэтых сілаў усё ж такі не хапала.

Таму, нягледзячы на недавер і кадравы дэфіцыт, ўвосень 1943 г. была зроблена нясьмелая спроба пашырэньня беларускіх паліцыйных батальёнаў, нягледзячы на пэўны недавер і недахоп кадраў. У верасьні — кастрычніку была абвешчана лякальная мабілізацыя ў Баранавіцкай і Слонімскай акругах. Вынікі яе былі нечаканыя: на заклік вайсковых аддзелаў адгукнулася столькі прызыўнікоў, што гэтай колькасьці хапіла зь верхам, каб сфармаваць два заплянаваныя батальёны, — частку людзей давялося нават пераправіць у Слуцак, дзе павінен быў арганізавацца яшчэ адзін батальён. Неўзабаве быў сфармаваны даволі вялікі добраахвотны батальён у Наваградку, яго ядром сталі вучні мясцовай настаўніцкай сэмінарыі. Меркавалася стварыць добраахвотныя батальёны ў Глыбокім і Лідзе, аднак тут не набралася нават роты добраахвотнікаў.

Такім чынам, пад кіраўніцтвам HSSPF RM und WR на пачатку 1944 г. тэарэтычна было створана 7 батальёнаў, у якіх разам налічвалася 2167 чалавек. Тры з гэтых сямі батальёнаў (№ 64, 66 і 67) яшчэ знаходзіліся ў стадыі фармаваньня. Паводле зьвестак Кушаля, сюды яшчэ трэба было дадаць батальён № 13, што падпарадкоўваўся паліцыі бясьпекі (каля 1000 чалавек), батальён чыгуначнай аховы (каля 1000 чалавек), а таксама паліцыю парадку (каля 20 000 чалавек).[135]

Агульная колькасьць гэтых фармаваньняў па тэрыторыі Генэральнай акругі Беларусь складала разам больш за 24 тысячы чалавек. Відаць, ува Ўсходняй Беларусі колькасны склад паліцыі парадку быў ня меншы. Апрача таго, на ўсходзе Беластоцкай акругі ў 1943 г. распачалося стварэньне беларускіх паліцыйных атрадаў. З улікам усіх гэтых зьвестак атрымліваецца, што ў пачатку 1944 г. у шэрагах вайскова-паліцыйных атрадаў па ўсёй Беларусі знаходзілася ня менш як 50 тыс. чалавек, калі не лічыць яшчэ чужых нацыянальных часьцей.

134

Для Готбэрга працэс фармаваньня гэтых батальёнаў быў павучальны. Стварэньне першага батальёну № 49 Шымана распачаў яшчэ ў жніўні 1942 г. на Меншчыне. Нямецкія камандзіры набіралі туды людзей пад прымусам і абыходзіліся зь імі жорстка, нават білі. Пры гэтым навабранцаў апранулі ў непапулярныя паліцыйныя мундзіры. Падчас падрыхтоўкі часта здараліся выпадкі дэзерцірства, так што толькі ў красавіку 1943 г. нарэшце завяршылася фармаваньне гэтага батальёну, а ў траўні яго ў складзе 300 чалавек перадалі ў распараджэньне Готбэрга. Батальён, у прынцыпе, займаўся вартаўніцтвам, радзей яго выкарыстоўвалі для барацьбы з партызанамі. Другое фармаваньне — беларускі спэцыяльны батальён № 13, арганізаваны на пачатку 1943 г. паліцыяй бясьпекі ў Менску з прапагандысцка-вэрбоўчай дапамогай беларускіх дзеячаў. Ён атрымаў лепшае забесьпячэньне, шэра-зялёную ўніформу Waffen-SS зь бел-чырвона-белай павязкай на рукаве і ў значнай ступені знаходзіўся пад камандаваньнем беларусаў. I гэта прынесла посьпех: летам 1943 г. батальён удзельнічаў у антыпартызанскіх акцыях, аднак дэзерцірства ў яго шэрагах не было. Восеньню 1943 г. батальён быў пераведзены ў Вялейку ў складзе трох рот, дзе налічвалася каля 1000 чалавек.

135

Ацэнку Кушаля можна прызнаць за кампэтэнтную: у жніўні 1943 г. Готбэрг прызначыў яго на пасаду гаўптбэтраўэра (галоўнага апекуна) усёй беларускай паліцыі.