Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 50 из 63



Перамогі Чырвонай Арміі і высадка саюзьніцкага дэсанту на Сыцыліі[129] неўнікнёна павінны былі прывесьці да паразы Трэцяга райху. У прадчуваньні гэтай катастрофы 3.9.1943 г. Італія абвясьціла аб сваёй капітуляцыі. 19–30 кастрычніка ў Маскве адбылася канфэрэнцыя міністраў замежных скіраваў СССР, Вялікай Брытаніі і Злучаных Штатаў Амэрыкі, дзе была прынята даклярацыя аб вядзеньні вайны аж да поўнай капітуляцыі Нямеччыны і яе саюзьнікаў. Кіраўнікі ўрадаў вялікай тройкі пацьвердзілі гэтае рашэньне на канфэрэнцыі ў Тэгеране (28.11.—1.12.1943). Для Нямеччыны гэта азначала ня проста паразу, але поўны, татальны разгром. Такім чынам, пад канец 1943 г. ваеннае і палітычнае становішча зьмянілася кардынальна, разьлічваць на паўтарэньне сытуацыі, што склалася пад канец Першай сусьветнай вайны,[130] было ўжо немагчыма, ранейшыя пляны страцілі пад сабою грунт. Вымалёўваўся ўпэўнены абрыс будучыні: уваход чырвоных войскаў у Нямеччыну, а значыць — і ўва Усходнюю Эўропу.

Але і ў гэтай сытуацыі Гітлер не рашыўся зьмяніць сваёй ранейшай ўсходняй палітыкі. Напэўна, на гэтую пазыцыю ўплывалі яго асабістая ўпартасьць, і палітычнае дактрынэрства. Аднак усё гэта ня можа вытлумачыць праблемы да канца. Становішча на фронце напярэдадні 1944 г., калі большая частка Ўкраіны і амаль адна пятая Беларусі ўжо былі страчаныя, не пакідала ілюзій: ніякія новыя палітычныя ініцыятывы зьмяніць яго ўжо не маглі. Супрацьстаяць Чырвонай Арміі нямецкія войскі былі ня ў стане, таму любыя дэклярацыі нямецкага ўраду наконт будучыні ўсходніх народаў ніхто б сур’ёзна не ўспрыняў, і Гітлер асьцерагаўся рабіць такія заявы — цяпер яны толькі лішні раз засьведчылі б слабасьць Трэцяга райху. Фюрэр па-ранейшаму быў супраць фармальнага стварэньня прадстаўнічых органаў усходніх народаў. Ён адхіліў гімлераўскі праект наданьня абмежаванай аўтаноміі Эстоніі і Латвіі.

Пазыцыя Гітлера не зьмянілася, і ўсходняя палітыка Нямеччыны кацілася па старой каляіне. Яна па-ранейшаму зводзілася да эксплуатацыі гаспадарчага і чалавечага патэнцыялу акупаваных земляў. Нямецкія ўлады жадалі шырэй выкарыстаць мясцовыя сілы дзеля спраў абароны, аднак часта іх стараньні не прыносілі чаканых вынікаў. Ваенныя няўдачы Вэрмахту толькі вышэй узьнялі хвалю дэзерцірстваў сярод салдат Осттрупэн. Ўвосень 1943 г. гэта спарадзіла сапраўдны крызіс даверу да такіх часьцей. У кастрычніку сярод чальцоў вышэйшага камандаваньня Вэрмахту паўстала думка, што лепш увогуле ня мець ніякіх дапаможных атрадаў, чым мець такія, якія здраджваюць у крытычны момант і пераходзяць па бок партызан. Аднак людзкія патрэбы Нямеччыны былі настолькі вялікія, што распусьціць Осттрупэн Вэрмахт не рашыўся. Замест гэтага большасьць зь іх перакінулі з савецкай тэрыторыі на Захад: у Францыю, Галяндыю, Італію і на Балканы.

Гэты недавер да Осттрупэн, бадай, і прывёў да таго, што паўнамоцтвы па стварэньні мясцовых фармаваньняў на ўсходзе перайшлі ў рукі Гімлера: меркавалася, што пад эгідаю СС удасца арганізаваць больш надзейныя паліцыйныя нацыянальныя адзінкі.[131] Натуральна, такое рашэньне павялічвала значэньне СС на ўсіх землях акупацыі. У жніўні 1943 г. шэф Галоўнай управы СС Бэргер, які раней быў сувязным афіцэрам Гімлера ў міністэрстве Розэнбэрга, цяпер атрымаў пасаду шэфа дэпартамэнту палітыкі ОМі (з гэтага моманту перайменаванага ў Fuhrungstab Politik) і стаў такім чынам фактычным кіраўніком нямецкай усходняй палітыкі. Істотных зьменаў у палітыцы з гэтага, праўда, не адбылося. Тым ня менш менавіта гэтае прызначэньне перадвызначыла хаду шмат якіх пядзяў на Беларусі, асабліва пасьля забойства Кубэ.

Пасьля начнога выбуху ў доме гаўляйтара абавязкі генэральнага камісара Беларусі пачаў выконваць Готбэрг як фактычны HSSPF RM und WR. Гэта адпавядала пагадненьню паміж Гімлерам і Розэнбэргам, якое было заключана 19.11.1941 г. на выпадак адсутнасьці кіраўніка цывільнай адміністрацыі. 25.9.1943 г. Розэнбэрг пацьвердзіў паўнамоцтвы Готбэрга як намесьніка генэральнага камісара. Аднак само фармальнае прызначэньне мог выканаць толькі Гітлер — так значылася ў яго дэкрэце ад 17.9.1941 г. аб арганізацыі цывільнай адміністрацыі на акупаваных землях СССР. Даўняя варожасьць паміж Гімлерам і ОМі і тут прывяла да новай сваркі. У кастрычніку 1943 г. Розэнбэрг пасьля ўзгадненьня зь Лямэрсам вырашыў прапанаваць на пасаду генэральнага камісара кандыдатуру свайго супрацоўніка — Шыкеданца. Але Бэргер, зацікаўлены ў тым, каб прывесьці на гэтае месца чалавека СС, рашуча запярэчыў. На думку Даліна, Гітлер пад націскам СС пайшоў на саступку, таму Готбэрг захаваў сваю пазыцыю. Аднак гэта не зусім дакладнае сцверджанне: да канца вайны Гітлер так і не падпісаў таго прызначэньня, і Готбэрг па-ранейшаму толькі выконваў абавязкі генэральнага камісара Беларусі.[132] Цяжка сказаць, чаму так атрымалася. Магчыма, Гітлер не хацеў надаць такой ролі СС, а магчыма, палічыў усю справу за ня вельмі важную ў тагачаснай ваеннай сытуацыі.

Новае становішча на фронце стварала новыя спэцыфічныя праблемы ў галіне кіраўніцтва. Па-першае, восеньню 1943 г. значна паменшала тылавая зона групы армій «Цэнтар», а па-другое, ад колішняга RKU[133] ў немцаў застаўся толькі невялічкі паўночна-ўсходні кавалак — Берасьцейская, Пінская і Кобрынская акругі. Таму Готбэргу была перададзена ўлада ня толькі на абшары Генэральнай акругі, але і цывільныя справы ўва Усходняй Беларусі, там, дзе яшчэ гаспадарыў Вэрмахт, аў лютым — з згоды Гітлера — ён часова прыняў пад сваё кіраўніцтва і застаныя тры паветы RKU. Фармальна гэтыя «набыткі» на ўсходзе і на поўдні так і не былі ўключаны ў адміністрацыйны склад Генэральнай акругі Беларусь, якая па-ранейшаму заставалася часткаю райхскамісарыяту Остлянд.

Спэцыфічны характар падначаленага Готбэргу абшару, які ў вялікай ступені быў прыфрантавой зонай, быў вызначальнай перадумовай незалежнасьці пазьнейшых яго паводзінаў. Да таго ж ён быў чалавекам СС, прэстыж ведамства значна пашыраў яму свабоду яго ўчынкаў. Ён мог ігнараваць залежнасьць ад уладаў RKO і адначасова — карыстацца шырокімі паўнамоцтвамі, якія Розэнбэрг прызнаў за генэральным камісарам Беларусі ў траўні 1943 г. Готбэрг імкнуўся вывесьці Беларусь з-пад фармальнага падначаленьня Остлянду, каб беспасярэдне падпарадкоўвацца Бэрліну. 1.4.1944 г. Гітлер выдаў дзеля гэтага спэцыяльны дэкрэт і тым самым узаконіў становішча, якое рэальна існавала з той нары, як памёр Кубэ. Варта заўважыць, што гэты дэкрэт ня быў апублікаваны і, такім чынам, не выкарыстоўваўся прапагандай.

Готбэрг не зьбіраўся працягваць палітычны курс Кубэ: ні Гітлер, ні Гімлер не былі прыхільнікамі палітычнага супрацоўніцтва з славянскімі народамі. Да таго ж станавілася зразумела, што Вэрмахту ня ўдасца ўтрымаць у сваіх руках тэрыторыю Беларусі. Готбэрг прадбачыў, што неўзабаве давядзецца праводзіць эвакуацыю, і загадзя распарадзіўся, каб галоўныя аб’екты ў Менску былі замінаваныя. Прапанова маршала Бунта наконт адступленьня да лініі Бярэзіны дзеля скарачэньня працягласьці фронту толькі ўзмацніла настрой няпэўнасьці. І хаця Гітлер адкінуў гэтую прапанову і загадаў не здаваць беларускай тэрыторыі, яго распараджэньне, як і шмат папярэдніх, не магло ўжо стрымаць нямецкага адыходу. Працягваць палітыку Кубэ папросту ня мела сэнсу.

Готбэрг не жадаў рабіць стаўку на беларускі нацыяналізм і меў на гэта яшчэ і асабістыя прычыны, асабліва — недавер, дакладней кажучы, варожасьць да старшыні Камітэту даверу — Вацлава Іваноўскага. Готбэрг не забыўся, як сябры Камітэту выступалі з пратэстам супраць барбарскіх мэтадаў карных атрадаў СС на сумесным пасяджэньні ў жніўні 1943 г. Былі ў яго і іншыя нагоды для падазрэньняў. Дэлегацыя Камітэту (Іваноўскі, Сабалеўскі, Калубовіч) прымала ўдзел у пахаваньні Кубэ ў Бэрліне. 25 верасьня гэтыя дзеячы мелі спатканьне з сталым намесьнікам Розэнбэрга, Альфрэдам Мэерам, і прапанавалі яму праект аб прызнаньні аўтаноміі Беларусі і ўзьяднаньня яе тэрыторыі. Гэты візыт не ўзгадняўся з Готбэргам, бо адбываўся ён у момант «міжцараваньня» і мог расцэньвацца як спроба вынесьці на суд ОМі вельмі непрыемную для СС інфармацыю пра вынікі карных экспэдыцыяў на Беларусі. Таму пераемнік Кубэ цалкам ігнараваў Камітэт даверу і нават выношваў намер яго роспуску.

129



Высадка саюзьнікаў у Сыцыліі адбылася падчас Курскае бітвы (10.07.1943). Наступствам гэтай апэрацыі быў арышт Б. Мусаліні (25 ліпеня). Калі 3 верасьня амэрыкана-брытанскія войскі высадзіліся на поўдні Апэнінскае паўвыспы, Італія выйшла з вайны. Гэта змусіла Гітлера зьняць войскі зь іншых франтоў і ўвесьці іх у Паўночную Італію. — А. С.

130

Нягледзячы на тое, што ў траўні 1917 г. у вайну ўступілі ЗША, сілы саюзьнікаў былі аслабленыя выхадам з кааліцыі Расеі, дзе да ўлады прыйшлі бальшавікі. Гэта дазволіла Нямеччыне і Аўстра-Вугоршчыне ня толькі пратрываць яшчэ цэлы год, але нават павесьці наступ на Ўсходнім фронце ў лютым і на пачатку вясны 1918 г. — А. С.

131

У канцы 1943 г. шляхам мабілізацыі павялічылі свае сілы эстонскія і латыскія атрады СС, было збольшага ўжо скончана фармаваньне ўкраінскай дывізіі СС у Галіччыне. Затое ў выніку супраціву мабілізацыі не ўдалася спроба стварэньня літоўскага атраду СС, зь цяжкасьцю пасоўвалася справа фармаваньня паліцыйных батальёнаў на Беларусі.

132

Да канца акупацыі Беларусі ён падпісваўся як в. а. генэральнага камісара.

133

RKU — Райхскамісарыят Украіны.