Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 38 из 63



Нямецкія карныя акцыі на Беларусі савецкая гістарыяграфія часта акрэсьлівала як «барацьбу з партызанамі і насельніцтвам». У прынцыпе гэта слушная фармулёўка, аднак яна адлюстроўвае толькі вынікі гэтых апэрацыяў, але ня іх прычыны: на тэрыторыях, дзе не былі занатаваны выступленьні партызан, не натавалася і «барацьбы з насельніцтвам». У першыя тыдні вайны Гімлер, адказны за бясьпеку, у т. л. і на Беларусі, даў распараджэньне ахоўным атрадам СС, якія займаліся ачышчэньнем новазанятых раёнаў ад чырвонаармейцаў, «сэлектыўна» паводзіць сябе зь мясцовым насельніцтвам. У загадзе, адрасаваным Баху, ад 28.7.1941 г. ён указваў, што жыхароў, якія ставяцца да Нямеччыны прыхільна, трэба ашчаджаць і нават часткова ўзбройваць, затое супраць насельніцтва, якое падтрымлівае савецкіх марадэраў і партызан, належыць прымаць самыя вострыя меры: мужчын — расстрэльваць, дзяцей і жанчын — дэпартаваць, а вёскі — спальваць. Аднак вызначыць дакладна пазыцыю насельніцтва было, па сутнасьці, немагчыма, таму ўжо ўлетку і ўвосень 1941 г. шмат беларускіх вёсак, асабліва тых, што стаялі паблізу вялікіх лясных масіваў, было спалена.

Актывізацыя дзейнасьці савецкіх партызан на Беларусі, якая зь вясны 1942 г. пачала набываць характар старанна арганізаванай вайсковай апэрацыі ў тыле фронту, стварыла цалкам новую сытуацыю, да яе акупацыйныя ўлады не былі падрыхтаваны. Зрэшты, зьмяніўся сам характар партызанскага руху: яго ядром сталі перакінутыя з-за лініі фронту спэцыяльна падрыхтаваныя атрады Чырвонай Арміі, якія атрымлівалі загады і ўзбраеньне з савецкага тылу. Таму немцы неўзабаве пераканаліся ў непрыдатнасьці ранейшых паліцыйных захадаў і прыйшлі да высновы, што весьці барацьбу супраць партызан трэба іншымі спосабамі.

Плян Кубэ, інсьпіраваны Ермачэнкам, грунтаваўся на стварэньні густой сеткі атрадаў Беларускай самааховы, падмацаваных сіламі СС і Вэрмахту, і, безумоўна, адпавядаў новым задачам антыпартызанскай барацьбы. Паводле задумы, атрады БСА павінны былі быць невялікія — ад роты да батальёна ў кожным раёне, мабільныя і, самае галоўнае, настолькі добра зарыентаваныя ў мясцовай сытуацыі, каб распазнаць сапраўдных партызан. Для партызан гэты плян уяўляў рэальную пагрозу, пра што сьведчыць іх «фанатычная і бязьмежная нянавісьць» да атрадаў БСА. Яны мелі перад сабою досьвед Прыбалтыкі, дзе мясцовыя паліцыйныя сілы цалкам перакрэсьлілі шанцы для больш значнага разьвіцьця савецкага партызанскага руху.

Лёзэ падтрымаў плян Кубэ, затое Гімлеру ён не спадабаўся, аб чым сьведчыла адкліканьне Цэнэра і перашкоды, якія ствараліся ў справе ўзбраеньня беларускіх батальёнаў. У некаторай ступені тут быў прычынаю праектаваны статус БСА: часткова яна была падпарадкавана БНС, а значыць, мела больш самастойнасьці, чым паліцыйныя батальёны. Аднак цяжка дапусьціць, што гэты фактар, таксама як і боязь празьмернага росту беларускага нацыяналізму, адыгрывалі тут больш значную ролю. У тагачасных умовах забясьпечыць нямецкі кантроль над БСА не складала асаблівай праблемы. Такім чынам, можна меркаваць, што гэты плян Гімлер успрыняў як чарговую спробу ўмяшальніцтва цывільнай адміністрацыі ў кампэтэнцыю СС і паліцыі, што і перадвызначыла яго няўдачу. Гімлер спадзяваўся расправіцца з партызаншчынай безь якіх-колечы палітычных саступак на карысьць беларусам.

Пазыцыю СС і паліцыі што да цывільнай адміністрацыі выдатна ўмацавала дырэктыва Гітлера № 46, якая барацьбу з партызанамі, таксама як і дзеяньні на фронце, прызнавала справаю найвышэйшага камандаваньня, канцэнтравала яе ў руках Гімлера і аддавала ў яго распараджэньне ўсе рэзэрвовыя сілы Вэрмахту, СС і паліцыі, каб яшчэ да пачатку найбліжэйшай зімы разьбіць асноўныя партызанскія сілы. Меркавалася, што гэтай мэты ўдасца дасягнуць шляхам т. зв. вялікіх карных апэрацыяў — скаардынаваных комплексных акцыяў на акрэсьленых вялікіх землях. Гімлер і Герынг спадзяваліся, што падчас правядзеньня гэтых апэрацыяў вынішчэньне партызан удасца спалучыць з рэквізыцыямі свойскай жывёлы і іншых харчовых прадуктаў, а таксама — прымусовым вывазам насельніцтва на працу ў Нямеччыну або ў канцлягеры. Побач з гэтымі дзеяньнямі ішлі расстрэлы вясковых жыхароў, якія падазраваліся ў спачуваньні або дапамозе партызанам, вынішчэньне габрэяў, што хаваліся па лясах, паленьне цэлых вёсак і іншыя злачынствы.

Паводле савецкіх крыніц, за ўвесь пэрыяд акупацыі на Беларусі было праведзена больш за 60 карных экспедыцыяў, у выніку якіх было зьнішчана 692 вёскі разам зь іх жыхарамі.[98] Па няпоўных зьвестках, пададзеных у табліцы 11, падчас 28 падобных апэрацый ад рук карнікаў загінула звыш 70 тысяч чалавек.

Нельга, аднак, падлічыць усе людзкія страты, панесеныя ў часе ўсіх карных экспедыцыяў, шляхам падваеньня гэтага ліку, паколькі ў табліцу ўвайшлі ўсе найбуйнейшыя карныя акцыі. Таму агульную колькасьць забітых, спаленых жыўцом і зьнішчаных іншым шляхам людзей падчас гэтых акцыяў на Беларусі зь вялікай асьцярогай можна ацаніць прыблізна ў 100 тысяч чалавек.



Першая карная апэрацыя на тэрыторыі Генэральнай акругі Беларусь мела назву «Зумпфібэр» («Балотная ліхаманка»). Яна праводзілася з 21 жніўня па 21 верасьня 1942 г. пад камандаваньнем HSSPF Остлянду Екельна. Вынікі яе, паводле рапарту, былі наступныя: спалена 49 партызанскіх лягераў і некалькі вёсак, забіта ў баях 389 партызан, 1274 цывільныя жыхары, якіх западозрылі ў супрацоўніцтве з партызанамі, і 8350 габрэяў. Да таго ж «эвакуявана» 1217 чалавек. Такім чынам, усяго было забіта больш за 10 тысяч чалавек, зь якіх партызаны не складалі і 4 %.

Вынікі акцыі «Зумпфібэр» былі значна большыя за яе антыпартызанскі эфэкт. Кубэ высьмейваў Екельна, які лічыў гэтую апэрацыю за вялікае дасягненьне ў барацьбе з партызанскай пагрозай, і адначасова паведаміў Лёзэ, што такія сродкі ня толькі перашкаджаюць дзейнасьці падначаленага яму мясцовага адміністрацыйнага апарату, але ўвогуле не судзеюць паляпшэньню стану бясьпекі. Забойства нявінных людзей падымала апэрацыйныя паказчыкі СС, затое падрывала палітыку Кубэ, скіраваную на здабыцьцё прыхільнасьці тутэйшага насельніцтва. Цікава, што яго падтрымаў SSPF Шымана, які пацьвердзіў, што вялікая акцыя Екельна мала што дала, бо партызаны паўцякалі. І Кубэ, і Шымана адначасова выступілі супраць правядзеньня такіх апэрацыяў у будучым. У гэтай справе Шымана зьбіраўся прапанаваць Екельну стварэньне густой сеткі паліцыйных базаў, якая ахоплівала б кожны раённы горад. На яго думку, гэтае мерапрыемства дало б куды большы плён у барацьбе з партызанамі. Такім чынам, менскі шэф СС і паліцыі падтрымаў канцэпцыю Кубэ.

Гэта была ня толькі крытыка бяздарнасьці паліцыі і апэрацыі Екельна. У канцавым рахунку ўсё сказанае датычыла Гімлера як галоўнага рэжысёра вялікіх карных экспэдыцыяў, і гэта пасьля таго, як сам Гітлер перадаў яму найвышэйшыя паўнамоцтвы ў барацьбе з партызанамі. З Шыманам разабрацца было прасьцей — ён быў чалавекам гімлераўскага ведамства, таму неўзабаве яго проста перавялі на ніжэйшую пасаду камандзіра паліцыі парадку ў Менску. 3 Кубэ затое было ня так лёгка, нягледзячы на яго няспынныя выступленьні супраць СС. Пасьля «нахабных» абвінавачваньняў СС у крадзяжы мастацкіх твораў у Менску, пасьля ўмяшальніцтва ў справу вынішчэньня слуцкіх габрэяў, пасьля «нягоднай немца пазыцыі» што да беларусаў і ўмяшальніцтва ў кампэтэнцыю СС і паліцыі пры арганізацыі БСА, Кубэ цяпер выступіў супраць масавых забойстваў цывільнага насельніцтва і спальваньня вёсак. Выступіў акурат тады, калі Гімлер зьбіраўся зрабіць гэтыя акцыі сталым элемэнтам усіх вялікіх карных апэрацыяў, і пры гэтым яшчэ сьцьвярджаў (што ўжо выглядала як іронія), быццам у сувязі з антыпартызанскімі экспэдыцыямі на Беларусі пагоршыліся гігіенічныя варункі і ўзьнікла небясьпека эпідэміяў.

Такім чынам, у барацьбе супраць партызанскага руху на Беларусі абазначыліся два напрамкі, пачалася вайна за мэтады, якімі яна павінна была весьціся, множыліся ўзаемныя папрокі і абвінавачваньні паміж цывільнай адміністрацыяй і СС у бяздарнасьці і няўмельстве. Спакою на будучыню гэта не варажыла, тым больш, што Кубэ выразна ігнараваў патрабаваньні Бэргера — гімлераўскага стаўленіка ў ОМі, які яшчэ зусім нядаўна катэгарычна і «ў апошні раз» дамагаўся, каб цывільная адміністрацыя на ўсходзе ня ўмешвалася ў кампэтэнцыі райхсфюрэра СС. Таму, калі ў кастрычніку Лёзэ зьявіўся ў Бэрліне, Бэргер высьветліў імгненна, што ён зьбіраецца разам з Розэнбэргам пайсьці да Гітлера, каб абвінаваціць паліцыю ў няздатнасьці весьці барацьбу з партызанамі і прапанаваць поўнасьцю падпарадкаваць яе цывільным уладам. Бэргер здабыў нават дакумэнтацыю з выступленьня Лёзэ і перадаў яе Гімлеру. Празь месяц ён адкрыта раіў свайму шэфу правесьці чыстку сярод высокіх чыноў цывільнага кіраўніцтва на ўсходзе, якія выяўляюць варожасьць да СС. Аднак Гімлер, нягледзячы на магутную ўладу і ня меншае жаданьне, ня мог скінуць Кубэ з пасады генэральнага камісара Беларусі, на якую яго прызначыў сам Гітлер. Затое, маючы найвышэйшыя паўнамоцтвы ў барацьбе з партызанамі, ён мог дзейнічаць іншым шляхам.

98

Пазначаная колькасьць спаленых вёсак (692) датычыць толькі паселішчаў, дзе налічвалася ня менш за 50 жыхароў. БелСЭ падае яшчэ большыя лічбы карных апэрацыяў (звыш 100), напэўна, з улікам самых дробных акцыяў.