Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 37 из 63



Пасьля вайны Кушаль пісаў:

Загад гэты зрабіў на нас вельмі непрыемнае ўражаньне. Зь яго ясна вынікала, што роля д-ра Ермачэнкі і людзей, пакліканых д-рам Ермачэнкам, зводзілася толькі да таго, каб паклікаць людзей, адзець іх, закватараваць і накарміць, а рэшта належала ўжо да немцаў.

Аднак Ермачэнка адразу ж узяўся за справу. Неўзабаве пасьля атрыманьня загаду Цэнэра ён распачаў арганізацыю штабу БСА і прызначыў яго шэфам падпалкоўніка Язэпа Гуньку. У канцы ліпеня ён склікаў зьезд акруговых і раённых кіраўнікоў БНС, на якім распрацаваў плян забесьпячэньня войска харчамі, абмундзіраваньнем і жыльлём. На пачатку жніўня ў Менску адкрыліся афіцэрскія курсы, начальнікам якіх стаў Кушаль. Да паловы лістапада тут было падрыхтавана каля 260 афіцэраў царскай, польскай і савецкай арміі. Адначасова ў Баранавічах, Наваградку, Вялейцы, Глыбокім, Браславе, Паставах і іншых гарадох адкрыліся падафіцэрскія курсы, на якіх было падрыхтавана колькі тысяч падафіцэраў.

Пытаньнем спрэчным, але і асабліва цікавым, выглядае рэкрэацыя ў БСА: паводле праекту, яна павінна была весьціся згодна з прынцыпам добраахвотнасьці. Савецкія крыніцы сьцьвярджаюць, што добраахвотнікаў увогуле не было, таму акупанты распачалі прымусовую мабілізацыю, аднак супраціў партызан і мірнага насельніцтва пазбавіў яе плёну. Але тагачасныя крыніцы не пацьвярджаюць такіх ацэнак. Як паведамляў Кушаль, паведамленьне пра стварэньне БСА выклікала ў насельніцтва «надзвычайны энтузіязм» і перакананьне, што ёй удасца зьнішчыць партызаншчыну і стаць зародкам будучага беларускага войска. Паводле Канстанціна Езавітава, наплыў добраахвотнікаў быў такі вялікі, што ня ўсе зь іх маглі быць прынятыя. Аднак гэтыя выказваньні трэба ацэньваць крытычна, улічваючы тэндэнцыйнасьць аўтараў і зьвязаную з гэтым схільнасьць да перабольшаньняў. Кубэ, у сваю чаргу, у кастрычніку заявіў, што служыць у БСА пажадала каля 15 тысяч беларусаў. Напэўна, частка зь іх пайшла на гэта не па сваёй волі, аб чым сьведчыць прымусовая мабілізацыя ў Ганцавіцкай акрузе. З паведамленьняў прэсы вынікае, што добраахвотнікаў усё ж было нямала, нават у Нямеччыне і Беластоцкай акрузе, дзе БНС не разгортвала сваёй дзейнасьці.

Праект стварэньня корпусу БСА нават у такім выглядзе, як гэта прадугледжваў Цэнэр, выклікаў незадавальненьне вышэйшых нямецкіх паліцыйных уладаў. Праўда, яны разумелі, якую карысьць можа прынесьці ўзмацненьне антыпартызанскіх сілаў на Беларусі, аднак, з другога боку, не жадалі ўмацаваньня палітычнай пазыцыі Ермачэнкі, якога ўважалі за сапраўднага ініцыятара і натхніцеля праекту. У канцы ліпеня шэф СД Остлянду паведамляў Лёзэ:

У папярэдніх штодзённых справаздачах ужо гаварылася пра тое, што беларускія нацыянальныя колы інсьпіруюць стварэньне «беларускага легіёну» зь беларускім камандаваньнем. Кіраўнік мясцовай самапомачы (БНС), ад якога зыходзіць праект фармаваньня БСА, разьвівае ў гэтай галіне актыўнасьць, характэрную для плянаў, якія беларуская інтэлігенцыя ў Менску зьвязвае з стварэньнем самааховы. Прымаюцца захады, каб забясьпечыць будучыя часьці Самааховы адзіным абмундзіраваньнем і ўзбраеньнем, у тым ліку лёгкай пяхотнай і аўтаматычнай зброяй, каб адразу надаць ім рэгулярны вайсковы характар; а пазьней, пасьля правядзеньня першых апэрацыяў, мець права выстаўляць свае патрабаваньні.

Такім чынам, пазыцыя паліцыйных уладаў Остлянду адлюстроўвала палітычнае гледзішча, згоднае з прынцыпамі Гімлера, якое можна трактаваць як неўхваленьне дзеяньняў Кубэ ня толькі ў справе БСА, але і ўсёй яго беларускай палітыкі. Таму Цэнэр, які занадта падпарадкоўваўся Кубэ, у канцы ліпеня быў адкліканы з пасады шэфа СС і паліцыі на Беларусі. Яго пераемнік, Вальтэр Шымана, кіруючыся ўказаньнямі Екельна, адразу ж пачаў выпраўляць «памылкі» свайго папярэдніка: у верасьні Ермачэнку пазбавілі тытулу галоўнага камандзіра БСА, штаб яе быў распушчаны, афіцэрскія чыны скасаваныя. Батальёнам БСА, якія ўжо пасьпелі сфармавацца, не далі зброі — ім прапанавалі перайсьці на статус паліцыйных батальёнаў (Schutzma

Праблема, па сутнасьці, зводзілася да таго, каб захаваць у часьцях БСА беларускую мову і камандзірскія кадры (weissruthenischer Selbstschutz) — г. зн. іх нацыянальны характар. У паліцыйных батальёнах (Schutzma

Як мага хутчэйшае ўзбраеньне беларускіх добраахвотнікаў— першачарговая задача ў барацьбе з бандамі.



Рэальны рост партызанскай актыўнасьці быў самым важкім аргумэнтам у гэтай спрэчцы — праігнараваць довады «беларускага гаўляйтара» было ня так лёгка.

Заступніцтва Кубэ прынесла некаторы, хоць і вельмі сьціплы, плён. У лістападзе вышэйшыя паліцыйныя ўлады мусілі, хаця і неахвотна, прызнаць два факты: па-першае, што «ідэя Беларускай самааховы супраць бандытызму на самай справе знайшла даволі шырокі водгук сярод мясцовага насельніцтва», а па-другое, што маладыя беларусы выразна супраціўляліся іх пераводу ў паліцыйныя батальёны. Пра гэта сьведчыла іх масавае дэзерцірства з т. зв. батальёну № 49 — першага фармаваньня такога тыпу на тэрыторыі Генэральнай акругі Беларусь, стварэньне якога Шымана распачаў у жніўні 1942 г. Таму — насуперак уласнаму нежаданьню і адгаворкам — давялося пагадзіцца нарэшце на тое, каб захаваць Беларускую самаахову. У рамках БНС пакінулі вайсковы сэктар і ў другой палове лістапада прызначылі яго шэфам Кушаля. Ён кіраваў дзейнасьцю акруговых і павятовых рэфэрэнтаў БНС па справах самааховы. Паводле Кушаля, было сфармавана ўсяго каля 20 батальёнаў БСА і некалькі меншых падразьдзяленьняў. Аднак цяжка акрэсьліць іх фармальны статус. На думку Кушаля, яны падначальваліся ня толькі мясцовым рэфэрэнтам БНС, але і акруговым камандзірам нямецкай паліцыі, тым ня менш у некаторых акругах часьці БСА лічылі сябе за незалежныя ад немцаў беларускія фармаваньні.[96]

Але гэтая «незалежнасьць» стварала немалыя праблемы. Паліцыйныя ўлады, ня маючы даверу да беларускіх атрадаў, адмаўляліся забясьпечваць іх абмундзіраваньнем, таму салдаты і камандзіры мусілі хадзіць ува ўласнай вопратцы — вонкава яны мала чым адрозьніваліся ад партызан. Счакаўшы некалькі месяцаў, пад канец 1942 г. часьцям БСА выдалі невялікую колькасьць зброі. Гэта не вырашала пытаньня з узбраеньнем, але і не стварала вялікай праблемы: зброю здабывалі ўласнай рукой, у т. л. куплялі ў нямецкіх салдат. Як піша Кушаль, такім чынам узброіўся цэлы батальён у Рудзенску Менскай акругі. Сяргей Хмара, апавядаючы пра сытуацыю ў Слонімскай акрузе, надае нават цэны, па якіх рабіліся такія ўгоды. Так, напрыклад, кулямёт, які купляўся ў нямецкіх або італьянскіх салдат, што вярталіся з фронту, каштаваў 9 кг саланіны і 5 літраў самагону. Звычайныя аўтаматы куплялі нават… у савецкіх партызан — за іх плацілі пару бутэлек гарэлкі. Такім чынам, — зазначае далей Хмара, — адзін з слонімскіх батальёнаў неўзабаве займеў восем кулямётаў і нават мінамёты.

Барацьба з партызанамі — гэта вайна зь невызначаным праціўнікам, які атаясамліваецца з насельніцтвам. Яна закранае гэтае насельніцтва беспасярэдне, без увагі на пазыцыю, занятую ім у барацьбе. Улада звычайна перакладае адказнасьць за партызанскія выступленьні на плечы навакольнага цывільнага люду. Такім чынам, насельніцтва прымушаюць улучыцца ў антыпартызанскую барацьбу, бо ў адваротным выпадку яно само становіцца ахвярай карных акцыяў. Гэта клясычны мэтад, стасаваны і да Другой сусьветнай вайны, і пасьля яе, які незалежна ад ваенных апэрацыяў і тэрору як сродкаў запалохваньня павінен быў пазбавіць партызан апоры ў мясцовага насельніцтва. У залежнасьці ад варункаў мэта дасягалася рознымі сродкамі. Адным з самых туманных была прапаганда (такую ролю эфэктыўна адыграў падчас паўстаньня 1863 г. царскі маніфэст аб скасаваньні прыгону для сялян Літвы і Беларусі), а да найбольш радыкальных належала «ачыстка» пацыфікаванай тэрыторыі (напрыклад, скіраваная супраць УПА[97] акцыя «Вісла») ад насельніцтва.

96

Цікавую інфармацыю падае на гэты конт Кіслы, слонімскі гарадзкі начальнік, у сваім лісьце ў акруговы камісарыят ад 12.3.1943 г.: «…цяпер самаахова слонімскай БНС ужо не існуе, але калі яшчэ існавала, яна не падпарадкоўвалася паліцыйнаму камандаваньню…»

97

УПА — Украінская паўстанцкая армія.