Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 25 из 63

Праўда, у дэклярацыях Кубэ беларусам аддавалася перавага, але гэта не магло сур’ёзна зьмяніць кадравую сытуацыю, што ўсталявалася за час існаваньня вайсковай адміністрацыі. Акупацыйныя ўлады не пераставалі адчуваць недахоп беларускіх спэцыялістаў, якія б мелі здольнасьці ці жаданьне ўдзельнічаць у розных галінах грамадзкага жыцьця. Асабліва гэта датычыла аховы грамадзкага парадку і бясьпекі. Аб выніках такой сытуацыі гаворыцца ў рапарце СД:

Паколькі ў распараджэньне Вэрмахту і паліцыі трапіла вельмі мала беларусаў, якім можна было б даручыць заданьні мясцовай службы парадку, давялося зьвярнуцца да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў і даручыць ім гэтае заданьне. Мабілізацыя латыскіх, літоўскіх і ўкраінскіх атрадаў, а таксама прызначэньне палякаў на пасады бурмістраў, камандзіраў ахоўных службаў, апекуноў вялікіх зямельных маёнткаў і т. п., якое ажыцьцяўляў Вэрмахт, а потым зацьвердзіла цывільная адміністрацыя, — усё гэта выклікала сярод нешматлікіх сьвядомых беларусаў вялікае расчараваньне. Прызнаньне ўласнай бездапаможнасьці і немагчымасьці стварыць сваімі сіламі службы аховы парадку і бясьпекі павялічыла сярод сьвядомых беларусаў пачуцьцё непаўнацэннасьці. У выніку, частка зь іх пакінула тыя нешматлікія камунальныя ўстановы, дзе іх часова наймалі.

Многія перавагі, якія беларусы атрымлівалі з рук Кубэ, так і не былі выкарыстаны. Вінавацілі яны ў гэтым ня так уласную слабасьць, колькі кіраўнікоў цывільнай адміністрацыі, якія нібыта занадта лібэральнічалі з палякамі. Беларуска-польскія канфлікты таму не заціхалі. Як і раней, у паліцыйных рапартах за верасень 1941 г. паведамлялася пра даносы на беларускіх службоўцаў, якіх абвінавачвалі ў камунізьме. Але цяпер паліцыя больш пільна разглядала такія справы, і калі даносы былі беспадстаўныя, іх аўтараў прыцягвалі да адказнасьці.[77] Таму здараліся такія выпадкі ўсё радзей. Затое часьцей пачалі зьяўляцца антыпольскія даносы ад беларускіх дзеячоў. Яны такім шляхам спрабавалі весьці барацьбу з засільлем палякаў. Адзін з гэтых дзеячоў, Іван Касяк, пісаў пасьля вайны:

Беларусы бараніліся супроць польскай акцыі вынішчэньня тымі сродкамі, якія былі даступныя.

Такія даносы яны пісалі ня толькі на палякаў, што займалі пасады ў адміністрацыі, але і на каталіцкіх ксяндзоў, якіх лічылі за пашыральнікаў «польскай веры» і палянізацыі, ворагаў інтарэсаў праваслаўя. І тут не абышлося без удзелу праваслаўных сьвятароў. Пра гэта сьведчыць наступны данос аднаго зь іх, дасланы ў верасьні 1941 г. у нямецкую паліцыю:

Рыма-каталіцкае духавенства праводзіць вялікую прапаганду для аднаўленьня незалежнай польскай дзяржавы. Яно імкнецца згуртаваць насельніцтва і плянуе пасьля адыходу нямецкіх войскаў стварыць партызанскія атрады для вызваленьня акупаваных земляў ад ворагаў польскасьці, у тым выпадку — ад немцаў. Правадырамі гэтага руху ёсьць рыма-каталіцкія ксяндзы з касьцёлаў у Ашмянах, Гальшанах, Гранасеках (Granosiekach), Барунах, Сеноргоях (напэўна, Смургонях. — Ю. Т.), Крэве, Драбах, Солах, Жупранах і г. д.

Па гэтых даносах у лістападзе 1941 г. было расстраляна некалькі польскіх ксяндзоў, у т. л. Генрык Глябовіч, які распачаў на Меншчыне місіянэрскую дзейнасьць на загад Рамуальда Ялбжыкоўскага, архібіскупа віленскага. Аднак амаль адначасова ў Менску былі арыштаваны і забіты таксама і беларускія каталіцкія ксяндзы — Станіслаў Глякоўскі і Дзяніс Малец, бо ў СД ляжаў данос, паводле якога ксяндзоў-беларусаў касьцельныя ўлады выкарыстоўвалі для «дзейнасьці на карысьць Польшчы». Ініцыятарамі гэтых злачынстваў былі беларускія праваслаўныя дзеячы, якія сьцерагліся росту каталіцкага ўплыву на Беларусі, прычым незалежна ад таго, польскі ён будзе ці беларускі. Пра гэта яскрава сьведчыць забойства кс. Глякоўскага, да вайны вядомага беларускага дзеяча ў Вільні, які выдаў пад канец 1941 г. у Менску беларускамоўны падручнік катэхізісу. Той самы лёс ледзьве не напаткаў ксяндза Зянона Ігнатавічуса, літоўца, якога мясцовая беларуская паліцыя прыняла за «польскага ксяндза», — толькі мундзір капэляна раскватараваных на Беларусі літоўскіх атрадаў выратаваў яго ад арышту.

Таму на першым этапе сваёй дзейнасьці на Беларусі Кубэ даводзілася лявіяваць, паміж дэкляраванай беларусізацыяй і існымі рэаліямі. Праўда, ён пагадзіўся з фактычным становішчам у мясцовай адміністрацыі, але бачыў, якая там пануе варажнеча. Такім чынам, абапірацца на яе ў ажыцьцяўленьні сваёй беларускай палітыкі Кубэ ня мог. Да таго ж паўставала праблема з надбудовай гэтага апарату — стварэньнем цэнтральнай адміністрацыйнай інстанцыі. Паводле свайго характару яна, натуральна, павінна была стаць беларускай, але як забясьпечыць яе спраўнае функцыянаваньне ў спалучэньні зь пераважна небеларускім мясцовым апаратам? Вырашэньне гэтай супярэчнасьці Кубэ бачыў у паступовай беларусізацыі ніжэйшых ступеняў кіраўніцтва, але для гэтага трэба было падрыхтаваць адпаведныя кадры. Такі пункт гледжаньня падзяляла і ОМі. Пра гэта сьведчыць выказваньне Мэндэ, блізкага супрацоўніка Розэнбэрга:

Найпершы прынцып нямецкага праўленьня ў Остляндзе — мясцовая адміністрацыя пад нямецкім кіраўніцтвам… На Беларусі адміністрацыя заўсёды знаходзілася ў чужых руках. Новае тут трэба пачынаць з нуля, а гэта, натуральна, патрабуе часу. Таму нямецкай адміністрацыі даводзіцца займацца і такімі заданьнямі, якія яна б з ахвотаю даручыла мясцовым сілам.

Паколькі яўных пярэчаньняў з боку Розэнбэрга не было, стварэньне цэнтральнай адміністрацыйнай інстанцыі на Беларусі ў верасьні 1941 г. было вельмі магчыма. Праўда, ліпеньская інструкцыя Розэнбэрга не давала нямецкім цывільным уладам права на прызнаньне літоўскага, беларускага і латыскага ўрадаў,[78] аднак і Кубэ, і генэральныя камісары прыбалтыйскіх краін былі зацікаўлены ў стварэньні такой інстанцыі, зразумела — не нацыянальнага ўраду, але дапаможнага органа. Паколькі Шчорс адмовіўся ад палітычнай дзейнасьці ўва ўмовах цывільнага рэжыму,[79] гэтую кіраўнічую пасаду ў першых днях верасьня Кубэ даручыў Астроўскаму — адзінаму вядомаму беларускаму дзеячу, які ў гэты час выступаў на менскай палітычнай сцэне. Дзеля гэтага Кубэ захаваў адзіную на ўсёй тэрыторыі Остлянду Меншую акруговую ўправу на чале з Астроўскім і даручыў яму кіраўніцтва т. зв. Паралельным бюро (нэбэнбюро), якое было мясцовым адпаведнікам генэральнага камісарыяту, г. зн. найвышэйшай беларускай інстанцыяй.

Фармальны статус Астроўскага і яго нэбэнбюро ня быў зацьверджаны, гэтаксама, як і статус цэнтральных краёвых управаў у іншых генэральных акругах Остлянду. Аднак асабістая падтрымка Кубэ і рэальная неабходнасьць у існаваньні такога органа давалі Астроўскаму надзею на юрыдычнае прызнаньне сваёй інстанцыі. Але ў кастрычніку ўсе яго пляны неспадзявана зруйнаваліся, бо ў Менск прыбыў Ермачэнка, прызначаны на загад Розэнбэрга кіраўніком Беларускай народнай самапомачы (БНС). Увогуле, абедзьве гэтыя арганізацыі маглі б працаваць паралельна, як гэта было ў Прыбалтыцы, аднак наперад было зразумела, што пасьля легалізацыі цэнтральнай управы Астроўскага БНС будзе фактычна ёй падпарадкавана. З гэтым не жадаў пагадзіцца Ермачэнка, які таксама прэтэндаваў на ролю беларускага правадыра. Яго пазыцыя ў гэтым канфлікце была значна больш пэўная: апрача афіцыйнага прызначэньня, ён яшчэ меў доказы супрацоўніцтва Астроўскага з камуністамі і польскімі ўладамі і выкарыстаў гэтыя аргумэнты ў барацьбе супраць свайго суперніка. Пры такіх абставінах Астроўскі страціў давер у Кубэ і, ратуючыся перад магчымымі рэпрэсіямі, выехаў зь Менску ў Смаленск, адкуль ужо ня мог аказваць беспасярэдняга ўплыву на падзеі ў Беларусі.[80] Як пісаў пасьля вайны яго блізкі паплечнік Леанід Галяк,



з таго часу аж да сьмерці Кубэ Астроўскі калі і прыяжджаў у Менск, дык затрымліваўся вельмі нядоўга і паказваўся на вочы толькі некалькім асобам.

77

Так, напрыклад, у Наваградку адзін паляк у верасьні 1941 г. данёс, што беларускі бурмістар гэтага гораду — камуніст. Сьледзтва высьветліла, што абвінавачваньне было падманнае, і даносчыка расстралялі.

78

На думку Вакара, на пачатку цывільнай адміністрацыі на Беларусі не было яшчэ вядома дакладна, які лёс чакае мясцовую цывільную адміністрацыю: ці паўстане над ёю «надбудова» накшталт беларускага нацыянальнага «ўраду», ці будзе яна падпарадкоўвацца беспасярэдне нямецкаму правінцыйнаму начальству.

79

Не зусім ясна, якімі матывамі кіраваўся Шчорс, калі пакінуў Менск і вярнуўся ў Варшаву ў верасьні 1941 г. Паводле інфармацыі СД, Шчорс, Тумаш і іншыя дзеячы «Цэнтру» расчараваліся ў нямецкай палітыцы і асьцерагаліся, што пасьля выхаду зь Менску ранейшых паліцыйных уладаў (Айнзацгрупы «Б») яны ўвогуле страцяць усялякую падтрымку. Аднак нельга выключаць і другой вэрсіі: Шчорс мог гэта зрабіць па дамоўленасьці з Астроўскім, які вёў складаную палітычную гульню і адчуваў, што ў Варшаве яму неабходна мець вернага чалавека.

80

Пасьля вайны Астроўскі называў іншыя прычыны свайго ад’езду зь Менску. Ён пісаў, што абразіўся на Кубэ, калі паліцыя паспрабавала канфіскаваць у яго радыёпрымач, альбо што быў расчараваны палітыкаю Кубэ і ня меў чаго рабіць у Менску.