Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 24 из 63

У дадатак да працытаванага ліста Кубэ выслаў рапарт шарагоўца Авэля пра становішча менскіх бібліятэк пасьля таго, як іх спустошыў Вэрмахт. Заканчваўся ён наступным чынам:

Гэты рапарт дасягне сваёй мэты толькі тады, калі будзе пададзены найвышэйшаму кіраўніцтву і калі будуць неадкладна выдадзены загады, якія не дазволяць нямецкаму салдату ў будучым паводзіць сябе, як барбару.

Дакумэнт 3: Фрагмэнты справаздачы акруговага камісара ў Слуцку Карла генэральнаму камісару ў Менску ад 30.10.1941 г. пра масавую расправу з габрэямі ў Слуцку.

Зь непамернай жорсткасьцю нямецкія паліцыянты і асабліва літоўскія партызаны (гаворка ідзе пра літоўскія паліцыйныя часьці на службе ў немцаў. — Ю. Т.) выцягвалі з хат і зганялі габрэяў, а сярод іх і беларусаў. Паўсюдна ў горадзе стаяла страляніна, на паасобных вуліцах ляжалі трупы забітых габрэяў. Беларусам зь вялікімі цяжкасьцямі ўдавалася пазбавіцца абвінавачваньняў. Ня кажучы аб тым, што з габрэяў, у тым ліку і з рамесьнікаў, зьдзекаваліся на вачох у беларусаў, дык і саміх беларусаў білі гумовымі палкамі і прыкладамі карабінаў. Гэта была ўжо не жыдоўская акцыя, а выглядала хутчэй як рэвалюцыя. Я сам увесь час знаходзіўся разам з усімі сваімі супрацоўнікамі пасярод гэтага, каб яшчэ ратаваць, што толькі ўдасца. Шмат разоў мне даводзілася літаральна з настаўленым рэвальвэрам выцягваць з майстэрняў нямецкіх паліцыянтаў, а таксама літоўскіх партызан. Такое самае даручэньне атрымала і мая жандармэрыя, аднак з-за дзікай страляніны яна мусіла шмат разоў пакідаць вуліцы, каб ня быць расстралянай… Беларускае насельніцтва, якое нам поўнасьцю давярала, цяпер жахаецца. І хоць запалоханыя людзі не адважваюцца свабодна выказаць свае думкі, аднак чутны ўжо меркаваньні, што гэты дзень ня стане ганаровай старонкай нямецкай гісторыі, але і забыты ён ня будзе таксама. Я лічу, што гэтай акцыяй было зьнішчана шмат з таго, што нам удалося дасягнуць за апошнія месяцы, і што пройдзе багата часу, пакуль мы вернем страчаны ў насельніцтва давер.

1 лістапада Кубэ выслаў справаздачу Карла да Лёзэ і Розэнбэрга, адначасова прапаноўваючы распачаць судовы працэс над усім афіцэрскім корпусам паліцыйнага батальёну — выканаўцам слуцкай масавай расправы. Пратэстуючы супраць забойства габрэйскіх рамесьнікаў, ён пісаў:

Такімі мэтадамі нельга ўтрымаць на Беларусі спакой і парадак. Тое, што цяжка параненыя былі пахаваны жыўцом, а потым вылезьлі з магіл, — гэта такое бязьмежнае сьвінства, што пра гэтую падзею трэба было б проста паведаміць фюрэру і райхсмаршалу. Цывільная адміністрацыя на Беларусі прыкладае велізарныя намаганьні, каб, згодна з указаньнямі фюрэра і міністра Райху (Розэнбэрга. — Ю. Т.), здабыць сымпатыі ў мясцовага насельніцтва. Але гэтыя стараньні ня могуць суіснаваць і мірыцца з апісанымі вышэй мэтадамі.

Паводзіны Кубэ былі прадыктаваныя імкненьнем наладзіць супрацоўніцтва зь мясцовым насельніцтвам, ён лічыў, што гэта — асноўная ўмова, безь якой немагчымы посьпех у любых распачынаньнях акупацыйных уладаў. Адсюль і яго спробы спыніць бязьлітасныя і хаатычныя харчовыя рэквізыцыі, якія войска працягвала праводзіць таксама і пасьля ўвядзеньня цывільнага рэжыму. На гэта былі скіраваны і клопаты пра стан беларускіх музэяў і навуковых устаноў, і стараньні запэўніць бясьпеку працаўнікам мясцовай адміністрацыі. У гэтай астатняй справе завязаўся ў сьнежні 1941 г. востры канфлікт з камандуючым Вэрмахту ў Генэральнай акрузе Беларусь генэралам Бэхтальдсгаймам, пасьля таго, як нямецкія салдаты расстралялі бурмістра м. Негарэлае Менскай акругі, якога западозрылі ў сувязях з партызанамі. Кубэ і тут патрабаваў пакараць вінаватых, указваючы, што, калі пагадзіцца з падобнай практыкай, аніводзін беларускі бурмістар не захоча працаваць у цывільнай акупацыйнай управе. Яшчэ ў ліпені 1943 г. ён дакараў шэфа менскага СД за садысцкія зьдзекі з трох беларусак, хоць сам гэты факт меў месца ў канцы 1941 г. І гэта мела сваё палітычнае значэньне ня толькі з увагі на вялікі час, які прайшоў, але і соцень тысяч ахвяр гітлераўскага тэрору на Беларусі.

Аднак асабліва пільнага разгляду патрабуюць адносіны Кубэ да вынішчэньня габрэяў. Далін лічыць, што яго перасьцярогі і супраціў гэтай кампаніі дыктаваліся толькі эканамічнымі і палітычнымі матывамі, бо пераважную частку беларускага рамесьніцтва складалі габрэі, а мэтады іх зьнішчэньня выклікалі непажаданыя антынямецкія настроі сярод беларускага грамадзтва. Насамрэч пазыцыя Кубэ ў гэтым пытаньні не выглядала так адназначна. Як стары дзеяч партыі нацыянал-сацыялістаў і адзін з тэарэтыкаў антысэмітызму ён не выступаў афіцыйна супраць самога прынцыпу зьнішчэньня габрэяў і часта карыстаўся антысэміцкай фразэалёгіяй. Аднак менавіта на Беларусі тэорыя ўступіла ў канфрантацыю з жудаснай рэчаіснасьцю, і тут — паводле вобразнага вызначэньня Гальмута Гайбэра — вучань чарнакніжніка жахнуўся, пабачыўшы, якіх духаў ён наклікаў.

Таму, не выступаючы супраць асноўнага ідэалягічнага прынцыпу гітлерызму, Кубэ імкнуўся абмежаваць маштабы масавага забойства габрэяў. Перш за ўсё ён стараўся адцягнуць рэалізацыю гэтай акцыі, выстаўляючы розныя гаспадарчыя і палітычныя прычыны. Зьвяртаўся таксама да Гэйдрыха наконт дэпартаваных нямецкіх габрэяў, прыгадваў іх часткова арыйскае паходжаньне і заслугі перад Нямеччынай у якасьці франтавых салдат Першай сусьветнай вайны. Надзіва гэтыя паўмеры на практыцы мелі посьпех. Варта прывесьці тут сьведчаньне шэфа СД Остлянду, які ў сваім рапарце падае наступную статыстыку забітых і пакінутых у гета габрэяў у генэральных акругах пад канец студзеня 1942 г. (гл. табл. 7).

Паводле гэтых зьвестак, да прыходу вясны 1942 г. у Эстоніі былі зьнішчаны ўсе, зрэшты, нешматлікія, габрэі. У Латвіі іх засталося толькі 7 %, у Літве — 12 %, затое на Беларусі — 75 %. Такі ж высокі працэнт надаецца і ў другім рапарце СД у лютым 1942 г. Ува Усходняй Беларусі, якая не знаходзілася пад кіраўніцтвам Кубэ, вынішчэньне габрэяў таксама ішло значна хутчэй. Такім чынам, да прыходу вясны 1942 г. перададзеная ў распараджэньне цывільных уладаў Генэральная акруга Беларусь займала ў гэтай кампаніі выключнае становішча. Тактыка Кубэ дазволіла дзясяткам тысяч габрэяў уцячы з гета ў лясы, дала ім шанец для захаваньня жыцьця. Гэтай акалічнасьці не ўлічыў Далін.

Пазыцыя Кубэ ў разгледжаных пытаньнях супярэчыла плянам Гімлера, які рэагаваў на гэта вельмі востра. Ён перакрэсьліў патрабаваньні перадаць у рукі цывільных уладаў усю беларускую гаспадарку, згадваючы, што



спадар Кубэ толькі два месяцы праслужыў у войсках СС вартаўніком і ня мае паняцьця аб салдацкіх праблемах, аб дапамозе арміі і яе забесьпячэньні.

Што датычыць адказнасьці за рабункі і зьнішчэньне твораў мастацтва, дык і тут яго адказ гучаў сувора:

З боку спадара Кубэ я раз і назаўсёды прашу вызваліць мяне ад падобнага нахабства.

У дадатак у вачох Гімлера, СС і Вэрмахту Кубэ набыў славу «прыяцеля габрэяў». Так, ужо пад канец 1941 г., паміж Кубэ і Гімлерам зь яго магутным ведамствам абазначылася варожасьць.

Спробы здабыць сымпатыі мясцовага насельніцтва таксама не прынесьлі для Кубэ плёну. Склад адміністрацыйнага апарату, створанага за час існаваньня вайсковай адміністрацыі, амаль не зьмяніўся — не хапала адпаведных беларускіх кадраў. Гэта было часовае становішча: тут усё залежала ад падрыхтоўкі беларускіх спэцыялістаў. Польскі характар захоўвала ня толькі мясцовая, асабліва гарадзкая, адміністрацыя, але і Каталіцкая царква і памешчыцкія маёнткі, апрача таго існавала пэўная колькасьць школаў з польскай мовай навучаньня.[75]

Былі адзначаны выпадкі, калі ў школах, намінальна беларускіх, заняткі адбываліся на т. зв. «дапаможнай» польскай мове, бо не хапала адпаведных настаўнікаў. Тагачасную сытуацыю ў заходнебеларускіх землях Браніслаў Кжыжаноўскі акрэсьліў ляканічна: «Остлянд на Беларусі быў польскі». У пэўнай ступені гэта было справядлівае выказваньне, тым ня менш польскія палітычныя колы непрыхільна ставіліся да лініі, якую праводзіў Кубэ. Яго лёзунг «Беларусь для беларусаў» і абвешчаны курс на беларусізацыю краю перакрэсьлівалі ў іх вачох значэньне гэтых здабыткаў, а супярэчнасьці паміж уласнымі канчатковымі мэтамі і інтарэсамі Нямеччыны ўсё больш падштурхоўвалі палякаў у лягер апазыцыі супраць немцаў і беларусаў. У выніку, ужо ўвосень 1941 г. пачалі ўзьнікаць першыя падпольныя структуры ЗУБ.[76]

75

Так, напрыклад, у Вялейскай акрузе каля паловы школаў у канцы 1941 г. было з польскай мовай навучаньня. Падобная сытуацыя панавала і ў Лідзкай акрузе.

76

Праўдзіц-Шляскі піша, што сваё прызначэньне на пасаду камандзіра Наваградзкай акругі ЗУБ ён атрымаў 1.9.1941 г. Аднак ужо ў ліпені — жніўні на тэрыторыі Заходняй Беларусі распачалося стварэньне агентурнай сеткі ІІ аддзелу ГК ЗУБ.