Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 48 из 71

Моўчкi рушылi па балоце. Срэбнымi пырскамi скакала з-пад ног вада. Клён бачыў у небе над сабой нейкiя сухiя карычневыя воблакi. Яны не неслi ў сабе дажджу, яны былi з пылу або з дыму. Святло, што лiлося з нябёсаў, таксама было пыльнае, нярэзкае. Ва ўсiм адчувалася блiзкасць вулкана, якi хоць i патух, прыцiх, але ў сваёй патаемнай недаступнай воку глыбiнi назапашваў пакрысе каласальную разбуральную энергiю. Праз тысячагоддзi ён зноў загрымiць, залямантуе пад гэтым зялёным небам. Праўда, тады ўжо не будзе нi Клёна, нi караля Аюса...

На травянiстай макраватай лугавiне ляжалi тры велiзарныя пасечаныя трэшчынамi камянi. Спынiлiся каля iх. Аюс узняў галаву, пачаў узiрацца ў неба. Яр, Iг i Кук неадрыўна глядзелi туды ж. Раптам у самым зенiце з'явiлася чорная кропачка. Спачатку яна была малапрыкметная, марудлiвая, здавалася, мурашка паўзе па зялёным шкле. Але праз некалькi хвiлiн пачуўся ярасны шум крылляў, што iмклiва разразалi, разрывалi, разломвалi паветра, i магутная чарнапёрая птушка лiтаральна ўпала з неба на адзiн з камянёў. Звонка шчоўкнулi доўгiя гнутыя кiпцюры. Агромнiстыя птушыныя крылы рэзка напялiся, як ветразь або як тармазны парашут. Птушка пахiснулася, але ўтрымалася на месцы, толькi яе кiпцюры, падалося Клёну, выбiлi з каменя iскрыну. Вось крылы абмяклi, знерухомелi, i птушка ва ўпор глянула на Аюса, нiбы дзеўбанула вострым смелым позiркам.

"Добра, што прыляцеў, Страб, - нахiлiў лыч да самай травы Аюс. - Мы цябе чакалi з вялiкiм нецярпеннем. Я аб'явiў вайну Пяцiногу - такое зараз iмя Ўльтрамозга, Кладара Таямнiцы".

Чорнае варанёнае пер'е дзiвоснай птушкi пахла халодным верхавым ветрам, цьмяна блiшчэла, i Клён падумаў раптам, што гэта блiшчыць метэарытны пыл, якi асеў на крылле там, у галавакружных нябёсах.

"З намi прыйшоў чалавек з планеты Зямля, - казаў далей Аюс. - Тады, калi на месцы Нябеснага Зуба была ўсяго кучачка пяску, мае прашчуры таксама жылi на ягонай планеце. Пяцiног разам з Жалезнымi Людзьмi захапiў у палон зямлян. Мы павiнны вызвалiць iх".

Страб зiрнуў на вулкан, потым на Клёна.

"Узнiмайся над Нябесным Зубам, Страб, глянь, што робiцца ў кратэры. Глянь, чым займаецца Пяцiног, куды збiраюцца iсцi Жалезныя Людзi".

Аюс падышоў да вялiзнай птушкi, што горда сядзела на вялiзным каменi, i вушы ягоныя былi на ўзроўнi птушыных кiпцюроў. Страб узняў, узвiхурыў крыло, пагладзiў дзiка крылом. Потым рэзка адкiнуў назад сваю прыгожую галаву, закрычаў-заспяваў чыстым высокiм голасам. Нiколi не чуў Клён такой птушынай песнi. Галасы зямных птушак у параўнаннi з гэтым незвычайным голасам былi салодкiм абрыдлым кiсялём, якому нiколi не зраўняцца са старадаўнiм высакародным вiном самага далiкатнага гатунку. Страб шырока ўзмахнуў крыламi, рэзка адштурхнуўся ад каменя моцнымi кiпцюрыстымi лапамi, паляцеў i неўзабаве завiс над вулканам.

"Гэта - Страб, - пачаў тлумачыць Аюс Клёну. - Так мы ўсе яго завём. Я гаварыў табе, хутканогi i вастравокi, што на планеце Вар жывуць толькi крангi, птушкi, якiя адкладваюць у свае гнёзды яйкабомбы. А пра Страба я нiчога не сказаў. Справа ў тым, што ён i жыве i як бы не жыве на Вары".

- Хiба такое можа быць? - не зразумеў Клён.

"Можа. Ён i ягоныя родзiчы ўюць гнёзды на воблаках".





Клён здзiўлена паглядзеў на караля жывёл.

"Так-так, - кiўнуў галавой Аюс, - ты правiльна пачуў - на воблаках. Калiсьцi i страбы, як крангi, ладзiлi свае гнёзды на пяску, у скалах або на дрэвах. Ды плазмоiды аб'явiлi iм вайну, нiхто нават не ведае чаму, з якой прычыны. Пэўна, плазмоiды пачалi зайздросцiць страбам, такiм прыгожым, хуткiм, звонкагалосым. Яны аб'явiлi: "Неба Вара належыць плазмоiдам i крангам". Страбаў пачалi лiчыць д'ябальскай птушкай, знiшчаць iхнiя гнёзды, яйкi, iх самiх. Так было сотнi гадоў. I страбы знiклi, нi пярынкi не засталося. Усе думалi, што з iмi назаўсёды скончана, забылiся пра iх. Але аднойчы я зусiм выпадкова ўбачыў гэтага Страба. Ён прыляцеў на Вар на самым досвiтку, калi неба было яшчэ зусiм цёмнае, i вельмi стараўся, каб нiхто яго не прыкмецiў. Напачатку я падумаў, што гэта якiсьцi гiганцкi кранг, бо нiколi на свае вочы не бачыў жывых страбаў. Ды гэта быў менавiта ён - самы сапраўдны страб. Як каралю жывёл планеты Вар ён адкрыў мне сваю таямнiцу, прызнаўся, што разам са сваiмi родзiчамi навучыўся вiць гнёзды на воблаках".

- Але воблакi такiя недаўгавечныя, - сказаў Клён Дубровiч. - На Вары таксама ж бываюць дажджы. Пайiпоў дождж - i няма воблака.

"Правiльна, - згадзiўся Аюс. - Вось чаму страбы надзвычай хутка выводзяць птушанят i адразу вучаць iх пераносiць гнёзды з воблака на воблака. Гнёзды яны робяць са сваiх пер'яў i з павуцiны. На Вары, у шчылiнах скал, жыве павук-залаталапiк. Вецер абрывае ягоную павуцiну, уздымае аж пад воблакi. Страбы там яе ловяць".

- Як гэта, напэўна, здорава - плаваць на воблаках, - паглядзеў на неба Клён i ўсклiкнуў: - Страб вяртаецца!

Магутная птушка, як метэарыт, упала з нябёсаў на той жа самы камень, i Аюс не пакаралеўску жвава падбег да яе.

Праз некаторы час Клён ужо ведаў у агульных рысах план вызвалення Радаслава i Веры. Аюс Першы вырашыў правесцi франтальную атаку Нябеснага Зуба па найболып спадзiстым схiле вулкана, дзе вогненная лава прабiла калiсьцi амаль паўкiламетровы тунель. Акрамя самога караля жывёл, акрамя Клёна, Яра, Iга i Кука ў атацы павiнны былi прыняць удзел усе пяць кланаў плазмоiдаў, прычым сiнiя плазмоiды намервалiся нанесцi ўдар, якi адцягнуў бы ўвагу абаронцаў вулкана, у iншым месцы. Дзве тысячы крангаў рыхтавалiся да бамбардзiроўкi Нябеснага Зуба, выкочвалi з гнёздаў яйкабомбы. Але самым эфектыўным момантам штурму задумваўся нечаканы рэзкi ўдар ажно дзесяцi страбаў - iмгненнае пiкiраванне з-пад воблакаў проста ў кратэр. Нi Пяцiног з Жалезнымi Людзьмi, нi ягоныя саюзнiкi, фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды, мяркуючы па ўсяму, не ведалi, што такая вялiкая колькасць адважных моцных птушак гняздуецца на воблаках i што зусiм нядаўна страбы прымiрылiся з каралём Аюсам i з пяццю кланамi.

XII

Ультрамозг, Уладар Таямнiцы, загадаў Жалезным Людзям прывесцi да сябе Радаслава Буслейку. Робаты, сiнхронна грукаючы цяжкiмi металiчнымi чаравiкамi, накiравалiся ў Залу Новых Нараджэнняў, а дакладней, у самы сапраўдны мартэнаўскi цэх, што быў пабудаваны ў тоўшчы застылай лавы. Там мелiся тры мартэнаўскiя печы, у якiх пераплаўлялiся пакалечаныя або зусiм спарахнелыя ад iржы i старасцi робаты. Непадалёку ад адной з такiх печаў стаялi, прывязаныя дротам да металiчнага слупа, Радаслаў Буслейка i Вера Хрысцiнюк. Iх трымалi менавiта тут не таму, што ў Нябесным Зубе не хапала iншых памяшканняў, а, пэўна, дзеля таго, каб запалохаць бясконцым грукатам i смуродам, мiгценнем агню, снапамi яркiх iскраў. Побач з мартэнаўскiмi печамi, за тонкай крацiстай перагародкай, былi кузня, дзе цяжка вухкаў паравы молат, i зборачны цэх з канвеерам. Зямляне бачылi, як павольна плыла стужка канвеера, на якой стаялi, сядзелi i ляжалi новенькiя робаты. У некаторых пакуль што не мелася галоў, рук, ног, тулава, i не пакiдала ўражанне, што знаходзiшся ў нейкiм вар'яцкiм шпiталi або ў пекле. Жалезныя Людзi адвязалi Радаслава, цесна абкружылi, павялi.