Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 45 из 71

- Жалезныя Людзi! - усклiкнуў Клён. Радаслаў падышоў да акенца, глянуў на вулiцу. Вочы зрабiлiся суровымi.

- Здаецца, мы палонныя, - сказаў ён i адразу ж дадаў: - Толькi не хвалюйцеся, Вера. Думаю, што гэтыя робаты не асмеляцца крануць зямлян i нам давядзецца мець справу з iхнiмi гаспадарамi, фiялетавымi i чырвонымi плазмоiдамi. Толькi чаму не прыйшоў Аюс?

- Гэты дзiк завёў нас у пастку, - злосна выдыхнуў Клён. - Як вы маглi яму паверыць, Радаслаў Алесевiч?

- Але паверыў i ты, - паклаў Буслейка руку на плячо Клёну. - Нiколi не вучыся перакiдваць сваю вiну, якой бы малой яна нi была, на чужыя плечы. Запомнi - ты мужчына з планеты Зямля.

Ад такiх слоў Клён нервова прыкусiў губу. Ён лiчыў сябе сумленным, прынцыповым, i заўвага стрэсаператара балюча ўдарыла па самалюбству. Атрымлiвалася, што ён яшчэ маленькае дзiцятка i толькi блытаецца пад нагамi ў дарослых. Ды Клён сцярпеў, як i належыць чалавеку ВЭП. Каб патушыць агонь крыўды, ён зноў глянуў у акенца i раптам здзiўлена закрычаў:

- Да нас коцiцца зорка!

XI

Вiдовiшча было, трэба сказаць, фантастычна-прыгожае. Клён бачыў, як зладжана i бязгучна расступiлiся ў бакi Жалезныя Людзi, ствараючы шырокi праход. I вось у гэты праход-пралом у блiскучай металiчнай сцяне павольна i велiчна кацiлася пяцiкутная, надзвычай зiхоткая зорка. Яна скочвалася (а можа, iшла?!) з травянiстага спадзiстага ўзвышша ў лагчыну, дзе стаяў вагончык. Нечаканая госця была метры чатыры ў папярэчнiку, i Жалезныя Людзi выглядалi на яе фоне маленькiмi, кволымi. Залацiстае ззянне струменiлася ад зоркi. Там, дзе адзiн з яе пяцi канцоў датыкаўся да пяску або травы, усё ружавела, iскрылася, быццам адразу маладзеючы. Плямы яркага святла, якое, аднак, не рэзала вочы, клалiся на плечы i галовы Жалезным Людзям. Зорка падкочвалася ўсё блiжэй. "Усё-ткi яна iдзе, - здагадаўся Клён. - Пяць канцоў не што iншае, як пяць яе ног". У думках ён спачатку назваў яе Пяцiножкай, але ў назве была нейкая здробненасць, мiнiяцюрнасць, а зорка мела ўнушальныя памеры, i ён прыдумаў ёй iмя - Пяцiног.

- Якая прыгожая, - прашаптала Вера, калi зiрнула на зорку.

Пяцiног падкацiўся-падышоў да вагончыка, у якiм знаходзiлiся зямляне, спынiўся. У акенца палiлося мяккае святло. Было ў iм нешта ад бляску расы на ранiшнiм лузе.

- Цiкава, гэта жывая iстота цi чарговая мадыфiкацыя якога-небудзь робата? - быццам у самога сябе запытаў Радаслаў Буслейка.

- Агрэсiўная або мiралюбная гэта прыгажуня? - у сваю чаргу, спытала Вера.

- Гэта - Пяцiног, - раздражнёна сказаў Клён.

- Як? Пяцiног? - Радаслаў задумлiва паглядзеў на Клёна. - Ты ўжо, аказваецца, iмя знайшоў. Што ж, тваё права. Першаадкрывальнiк, а ты першы ўбачыў зорку, мае законнае права прысвойваць ёй iмя. Такiм чынам, перад намi Пяцiног...

Радаслаў хацеў яшчэ раз глянуць на зорку, памкнуўся тварам наперад, але раптам насустрач яму ў акенца жвава торкнулася адна з ног Пяцiнога. Стрэсаператар адскочыў убок. Зямляне затаiлi дыханне.

Несумненна гэта была частка цела (нага, рука або хобат - iншая справа) жывой iстоты. Вiдно было, як пульсуе ў ёй дыханне, як дробненька ўздрыгвае яна. Нагу шчыльна пакрывала ярка-залацiстае лускавiнне, што аж гарэла ў паўзмроку вагончыка. Але самым здзiўляючым, самым ашаламляльным было... вока, вялiкае, таксама залацiстае, з чорнай зрэнкай усярэдзiне.

- Пяцiног глядзiць на нас, - аднымi вуснамi выдыхнуў Клён i пачаў адступаць, тулiцца да Радаслава.

Жывое пранiзлiвае вока, вока невядомага стварэння пiльна i ў той жа час насцярожана сачыла за зямлянамi. Што рыхтаваў гэты позiрк людзям?





Тым часам у акенца пралезла яшчэ адна нага з яшчэ адным вокам.

- Думаю, што гэта i Пяцiног i Пяцiвок, - стараючыся быць бадзёрым, сказаў Радаслаў, але раптам, глыбока ўздыхнуўшы, падышоў да акенца, пакорлiва схiлiў галаву.

- Што вы робiце?! - закрычала Вера Хрысцiнюк i адразу ж здагадалася, абвяла голасам. - Гiпноз...

Буслейка стаяў, як смiрнае рахманае цялятка, i не адрываючыся глядзеў на Пяцiнога.

- Радаслаў Алесевiч, - шкуматнуў яго за руку Клён. - Глядзiце на мяне. Глядзiце на мяне, а не на яго.

- Адвяжыся, - цiхiм абыякавым голасам сказаў стрэсаператар. - Ты нiчога не разумееш. Вялiкае шчасце пазiраць у мудрыя вочы Ўльтрамозга, Уладара Таямнiцы.

Клён зразумеў - зараз ён для Буслейкi, як надакучлiвая восеньская муха. Не болей.

Тым часам у руках у некалькiх Жалезных Людзей з'явiлiся вострыя, адпалiраваныя да люстранога бляску сякеркi. Нiхто iм iх не даваў, i нiдзе яны iх не бралi. Проста сякеркi выскачылi знутры iхнiх рук-клешняў, рукi гэтыя зрабiлiся сякеркамi. Жалезныя Людзi з найвялiкшай стараннасцю i метадычнасцю пачалi секчы вагончык, пашыраючы акенца.

- Што яны хочуць? - дрыготкiм голасам спытала Вера.

Раптам Пяцiног схапiў Радаслава за шыю i за плячо i ў адно iмгненне выцягнуў з вагончыка.

- Жахоцце! - закрычала Вера, але адразу ж зацiхла, бо вiрлавокiя ногi вярнулiся назад i Пяцiног накiраваў на яе неадрыўны позiрк, як стрэлiў. Вера спачатку збялела, потым паружавела, i неўзабаве лагодная супакоеная ўсмешка засвяцiлася на твары.

- Не глядзiце на яго, - пачаў упрошваць Клён. - Ён жа зробiць з вамi тое самае, што з Радаславам Алесевiчам.

- Ах, Клёнiк, ты яшчэ такi маладзенькi, - усмiхалася Вера, пазiраючы на Пяцiнога. - Каб ты ведаў, якая асалода быць разам з Ультрамозгам, Уладаром Таямнiцы, чытаць ягоныя думкi. Колькi золата, срэбра i мармуру ў беласнежных палацах гэтых думак.

- Да вы ўсе звар'яцелi! - закрычаў Клён.

Пяцiног гэткiм жа самым чынам, як Буслейку, спрытна схапiў Веру Хрысцiнюк, i ў вагончыку застаўся адзiн Клён. Праз нейкi мiг у акенца ўпэўнена палезла лускаватая нага.

- Ну не, страшыдла, проста так ты мяне не возьмеш, - з адчаем i злосцю сказаў Клён.

Стараючыся не глядзець на Пяцiнога, ён адскочыў у самы далёкi ад акенца кут вагончыка. Тут было цемнавата, i Клён спадзяваўся, што гiпноз не будзе мець такой сiлы. Але нага ўпарта цягнулася ў яго бок, свяцiлася ўсёй сваёй луской, а пранiзлiвае вока пачынала ўжо свiдраваць душу. Як жа ратавацца? Клён убачыў раптам паржавелую металiчную канiстру, якую, пэўна, пакiнулi ў вагончыку робаты. У канiстры плёхалася машыннае масла. Ён лiнуў гэтым маслам у вока Пяцiногу, а потым i канiстру шпурнуў. Мяркуючы па ўсяму, нечаканае супрацiўленне збянтэжыла Пяцiнога. Агрэсiўная зорка iмгненна прыняла сваю нагу, рэцiравалася з вагончыка. Там, за сцяной, наступiла мёртвая цiшыня. Можна было толькi здагадвацца, што Жалезныя Людзi стаяць як стаялi, непарушнай сцяной, i чакаюць, пакуль Пяцiног пачне новыя манiпуляцыi. Ды той чамусьцi не спяшаўся. "Пэўна, зараз робаты зноў возьмуцца за свае сякеркi, падумаў Клён. - Дастануць мяне адсюль, як барсука з нары". Яму было вельмi шкада Радаслава i Веру. Такiя разумныя, такiя адважныя i моцныя, а нейкае страшыдла з лёгкасцю перамагло iх. Значыць, чалавек не ўсясiльны, значыць, не толькi для чалавека некiм задумваўся i будаваўся Сусвет.