Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 44 из 71

"У люк!" - закрычаў Аюс.

I толькi тут Буслейка ўбачыў, як пярэдняя птушка, што была ўжо амаль над ягонай галавой, выпусцiла з кiпцюрыстых лапаў бела-чырвонае яйка. З вышынi, прыкладна, дваццацi метраў яйка з глухiм свiстам падала ў пясок. "Дык гэта ж бамбардзiроўка!" - як апякло Радаслава. Ён iрвануўся да люка, але спатыкнуўся i ўпаў. Гэта выратавала яго, бо прабяжы ён крок-другi, i смертаноснае яйка пляснулася б яму проста ў цемя. Грымнуў выбух, узвiўся пясок. Нiбы агнём, паласнула па правай шчацэ. Стрэсаператар кумiльгом увалiўся ў люк, паспеўшы ўбачыць краем вока, як лiхаманкава ўсвiдроўвае, закопвае сваю лычастую галаву ў пясок Аюс i як зялёнымi пухiрамi ўстаюць наўкол яго фантанчыкi выбухаў. Крангi, пакiдаючы на пяску чорныя вастракрылыя ценi, калючай шарэнгаю мiльганулi над iржавым люкам i знiклi, як расталi ў зялёным небе.

- Цьфу на вас! - пагразiў iм кулаком Клён. - I водзiцца ж гэткая нечысць.

"Няхай жывуць, - раптам сказаў Аюс Першы. - Хiба неба ад iх абвалiцца?"

Кароль жывёл планеты Вар, адзiн з усiх не схаваўшыся ад крангаў, глядзеў зверху ўнiз праз шырокае жэрала люка на зямлян i на сваiх падданых, i кроў тонкiмi палоскамi бегла з тых месцаў, дзе асколкi ўсё ж прабiлi цвёрдую, як бубен, скуру.

- Але ж яны цябе паранiлi, - здзiвiўся Клён.

"У мяне шмат ран, як i ў кожнага сапраўднага караля, - горда прамовiў Аюс. - Я ўжо прывык. А крангi няхай жывуць, бо гэта часцiнка нашай планеты, нашага Вара. У нас няма, як на вашай Зямлi, пчол або чмялёў, але ёсць крангi. Хiба гэта дрэнна?"

Клён нiчога не мог запярэчыць.

"Кука, пеўня, я адвучыў удзельнiчаць у пеўневых баях, якiя так любяць Жалезныя Людзi, - казаў далей Аюс, калi ўсе ўжо вылезлi з люка. - Пеўню зламалi крыло i ледзь не выдзеўблi вочы. А я выратаваў яго. I ён больш нiколi не будзе бiцца на пацеху дурным Жалезным Людзям. Праўда, Кук?"

Смаляна-чорны певень, седзячы на спiне ў чырвонага быка, звонка залопаў крыламi i закукарэкаў.

"Крангаў жа не перавучыш. Пэўна, таму, што iхнiя продкi нарадзiлiся не на Зямлi, а тут, на Вары, дзе грымяць бясконцыя бiтвы плазмоiдаў. Кранг адзiная птушка планеты Вар. Бачылi, з чаго ён будуе гняздо? З калючага дроту. I кладзе ў тое гняздо дванаццаць яечак - адно зялёнае, адзiнаццаць ярка-белых з чырвонымi крапiнамi. Гэтыя адзiнаццаць - ягоныя бомбы. Вы самi пераканалiся, як яны сякуць асколкамi. (Дарэчы, высакарослы i светлавалосы, у цябе моцна паранена шчака, i зараз мы пойдзем лячыцца да Ракi Адноўленых Твараў.) З зялёнага ж яйка нараджаецца маленькi кранг. Адзiн на ўсё гняздо. Вось чаму так берагуць крангi свае гнёзды".

Слухаючы Аюса, зямляне дайшлi да Ракi Адноўленых Твараў, i Радаслаў старанна прамыў рану. Потым у "ваду" зайшоў сам кароль жывёл планеты Вар i з вялiкай насалодай тры разы акунуўся ў яе. Конь, бык i певень з берага ўважлiва пазiралi на яго, i нiхто з iх нават не шавяльнуўся. "Прыдворны этыкет", - падумаў Радаслаў Буслейка.

Начавалi ў Вялiкiм Балоце. Прычым дзiк i ўсе астатнiя жывёлы пайшлi спаць у чараты, а зямляне атабарылiся ў маленькiм сiнiм вагончыку, якi стаяў на круглым лапiку бетону. Пэўна, тут была нейкая паходная майстэрня Жалезных Людзей, бо на падлозе валялiся блiскучыя маткi дроту, выкарыстаныя электроды, балты i гайкi. Востра пахла машынным маслам. Уздоўж сцен вагончыка стаялi два старыя тапчаны.





- Спартанскiя ўмовы, - уздыхнула Вера. - Трэба адзначыць, што Вар не самая камфортная планета.

- Дзе беласнежныя прасцiны? Дзе душ? - у тон ёй, але яўна пацвельваючыся, ледзь не праспяваў Клён.

Вера ўважлiва паглядзела на яго.

- Мiлы Клёнiк, - сказала яна, - дадаць можна яшчэ адно пытанне: "Дзе асобная жаночая спальня цi хаця б шырма?" Але прабач, я забылася, што плазмоiды бясполыя i iх падобныя пытаннi нiколькi не хвалявалi.

- Неяк пакiмарым, - вiнаватым голасам прамовiў Радаслаў Буслейка. - Мы з Клёнам паспрабуем умясцiцца на адным тапчане.

Перад сном Клён выйшаў з вагончыка. Моцны вецер, якi дзьме толькi ўначы, ужо ваўсю пачынаў развiнаць свае халодныя крылы. На фоне зялёнага неба трывожна хiсталiся вершалiны тулураў. Фасфарычны, нежывы бляск струменiўся адтуль. Клёну здавалася, што нечае цяжкое вока пiльна пазiрае на яго. Адчуванне гэтага позiрку было такое вострае, такое рэальнае, аж дрыжыкi пабеглi па скуры. Вярнуцца б на Зямлю, на Чорны Хутар, хутчэй убачыць мацi з бацькам, а потым на захадзе сонца слухаць, як шумяць дробнай варухлiвай лiстотай маладыя бярозкi.

Раптам з густой зялёнай цемры пачуўся гук, якi прымусiў уздрыгнуць сэрца. Гэта адначасова быў i ўрачыста-радасны крык, i прыдушаны стогн, i невыносны хваравiты хрып. Ён выплыў з начных прастораў Вара нечакана i ўладна. Але нечаканым ён быў для зямлянiна, для Клёна, бо нейкае падсвядомае пачуццё падказала, што гэты ашаламляльны крыкенк жыве тут заўсёды, вечна, што наваколле прывыкла да яго, як прывыкаюць да неба над галавой. Вядома ж, выдаваць такi гук, вывяргаць яго магла толькi жывая iстота, прычым каласальных памераў. Клён хуценька вярнуўся ў вагончык, накiнуў знутры металiчную завалу на дзверы, асцярожна лёг побач з Радаславам. Сэрца ўсё калацiлася, i ён прыцiснуў руку да грудзей, i кляў сябе самымi крыўднымi словамi за палахлiвасць, бо памiж равеснiкаў заўсёды хадзiў у адважных. Ужо супакоiўшыся, засынаючы, ён падумаў, што на Вары адвага, як i ўсё астатняе, можа быць не падобнай на зямную адвагу.

Спалi ўсю ноч, гэта значыць, каля сарака васьмi гадзiн. Арганiзм зямлянiна ў нармальных умовах не разлiчаны на такi працяглы сон, але плазмоiды далi па глытку элiксiру, якi ўшчыльняе час.

Прачнуўся Клён ад пякучага адчування трывогi. Радаслаў з Верай ужо стаялi каля дзвярэй вагончыка. Стрэсаператар, скiнуўшы металiчную завалу, спрабаваў адчынiць дзверы, ды яны чамусьцi не адчынялiся. Радаслаў аж пачырванеў ад напружання.

- Радаслаў Алесевiч, нас нехта не хоча выпусцiць, - спалохана, пацiшэлым голасам сказала Вера Хрысцiнюк.

- Што за д'ябальшчына? - гарачыўся Радаслаў, налягаючы плячом.

Клён усхапiўся з тапчана, прыслухаўся. Нi шолаху, нi шэпту не даносiлася знадворку. Здавалася, увесь Вар яшчэ спiць, усё анямела. А зусiм жа нядаўна з лiпкай зялёнай цемры нёсся жахлiвы ўсемагутны крык, ад якога ледзянела душа. Клён падбег да прарэзанага ў сцяне вагончыка вузенькага акенца. Яно было амаль пад столлю, i давялося стаць на пальчыкi i выцягнуць шыю. Ён убачыў такое, ад чаго адхiснуўся, нiбы ў твар плюхнулi кiленем. Трыма шарэнгамi, плячо да пляча, маўклiва стаялi, абкружаючы вагончык, нейкiя металiчныя блiскучыя стварэннi з чорнымi прутамi ў рукахклешнях. Пэўна, гэтая нямая раць ужо даўно пiльнавала зямлян, з самай ночы, бо ўсе яны былi абсыпаны густой расой.