Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 31 из 71

- Добра, - кiўнуў галавой Стралковiч. - Заўтра ляцiм.

Спаў Гай Дубровiч у пакоi-планетарыi, сцены i столь якога ўяўлялi дакладную копiю начнога зорнага неба. Чорнае бяздонне, засыпанае срэбнымi зярнятамi, глядзела на яго. Млечны Шлях, быццам слуп iскрыстага бязважкага дыму, перасякаў усё неба, губляўся ў бязмежнай таемнасцi, у недасяжнай, да марозных дрыжыкаў, далечы. Палярная Зорка ярка свяцiла праз тоўшчу прасторы i часу, нязгасным вокам пазiрала проста ў душу. Гай быў сынам паўночных шыротаў, i таму гэта цудоўная зорка сыпала на яго свае праменнi. Калiсьцi на такое неба, уздрыгваючы кожнай сваёй жылкай, глядзелi халдзейскiя пастухi, смуглатварыя чорнабародыя капiтаны першых прымiтыўных паруснiкаў, жрацы, фiлосафы Элады, рымскiя легiянеры. Калiсьцi на такое неба, прадчуваючы блiзкую пакутную Галгофу, глядзеў Хрыстос, i мiльготкае святло зорак разам з ценямi хуткалётных няясных воблакаў клалася на твар. Гай да салодкай знямогi, да рэзi ўваччу ўзiраўся ў агромнiстую вечна загадкавую i вечна новую прастору. Ён быў часцiнкай Космасу, кропляй зорнага дажджу, залатой пылiнкай эфiру. Ён быў несмяротным i маладым. Ён чуў шапаценне зорак, яркiя галасы далёкiх планет, бiццё нечых сэрцаў. "Сын мой, - думаў Гай, - дзе ты зараз, што з табою? Мёртвы ты цi жывы? Сын мой, я аддаў бы сваё дыханне за адну тваю ўсмешку, за адно кароткае слова. Я помню цябе маленькiм, помню кволай былiнкай, што тулiлася да мяне ў хвiлiны небяспекi. А небяспекай калiсьцi было ўсё: i чужы незнаёмы твар, i грукат грому, i суседаў сабачка, вясёлы i бяскрыўдны, i вецер, што ляскаў фортачкай на Чорным Хутары. Ты падрастаў, рос. Я помню, як ты зламаў руку, як плакаў ад болю i слёзы кацiлiся па бледных шчоках. Той боль, якi рэзаў мне тады душу, я не забуду нiкслi".

Так глядзеў на неба, так думаў Гай, а ноч пляла свае чорныя карункi, туманiла галаву, бегла па зямным абшары, усё часцей азiраючыся, бо на пяткi ёй наступаў малады гарачы дзень.

Паляцелi на "Боiнгу" праз Каiр i Адэсу да Старога Смалявiцкага аэрапорта. Гром Стралковiч увесь час глядзеў праз iлюмiнатар на мутна-жоўтыя воблакi i маўчаў. Гаю здавалася, што паляўнiчы злуе на яго, i таму ён сядзеў як на iголках: то чытаў газету, то адкiдваў яе, то пiў нясмачны цёплы лiманад, а потым пачаў сачыць за чорнасiняй афрыканскай мухай, якая мiтусiлася ў салоне, садзiлася на беласнежныя фiранкi, на белыя спiнкi крэслаў i, пэўна ж, не здагадвалася аб тым, што падарожнiчае з мацерыка на мацярык.

У аэрапорце перабралiся на аўтамабiль "Днепр", магутную васьмiмесную машыну, i ўзялi курс на поўдзень, на Тоўсты Лес. "Днепр", апошняе слова аўтамабiлебудаўнiкоў, глытаў кiламетры з такой прагнасцю i хуткасцю, з якой галодныя глытаюць хлеб. Аўтамабiльныя пробкi на скрыжаваннях дарог ён проста пераскокваў пры дапамозе рухавiка вертыкальнага ўзлёту, якi даваў магчымасць метраў трыццаць - пяцьдзесят ляцець у паветры.

- Вось i Тоўсты Лес, - быццам бы спакойна i нават бясстрасна прамовiў Гром Стралковiч, але Гай адчуў, што ён хвалюецца. Як кожнаму гаспадару, Грому хацелася, каб ягонае жытло, ягоны дом спадабалiся госцю. На небасхiле сцяной стаялi сосны ўперамешку з бярозамi, такiя агромнiстыя i велiчныя, аж сэрца замiрала. Нездарма кажуць, што з гадамi людзi бялеюць, а бярозы чарнеюць - лес быў медна-чырвоны ад соснаў i змрочна-цёмны, амаль чорны ад бяроз.

Пясчаная дарога бегла, вiхляла мiж тоўстымi, у некалькi чалавечых абхватаў, дрэвамi. Сонца было заслонена шчыльным веццем дрэў. Зрэдку праз непралазную гушчыню галiн прарываўся прамень i аслабела падаў на шэра-зялёную вiльготную зямлю. Сярод буралому ўбачылi маладога мядзведзiка. Ён пабег у гушчар, мiльгануўшы бура-карычневай спiной. "Ёсць у мядзведзя кажух, ды прышыты", - успомнiў Гай словы свайго дзеда, якi памёр гадоў дваццаць назад i ляжыць зараз на могiльнiку ў Чорным Хутары.

Тры каляровыя домiкi - чырвоны, зялёны i сiнi - стаялi над спакойнай лясной ракой, у якой жылi асляпляльна белыя гарлачыкi i шэрыя непалахлiвыя качкi. Ад ракi iшла маладая русавалосая жанчына ў элегантных шортах з мноствам кiшэняў, у майцы з атрыбутыкай спартыўнага таварыства "Эўрапеец". На галаве ў яе прыгожа сядзеў вяночак, сплецены з рамонкаў i васiлькоў.

- Жывуць Сонца i Кiсларод, - прыязна, з адкрытай усмешкай сказала жанчына, падышоўшы да Грома i Гая, што ўжо вылезлi з аўтамабiля i чакалi яе.

"Шна Буслейка", - здагадаўся Гай.

- Вы бацька таго хлопчыка? - спытала яна, пазiраючы на Дубровiча прамянiстымi шэрымi вачамi.

- Так. Бацька, - адказаў Гай, ацанiўшы яе тактоўнасць i далiкатнасць, бо Нiна нi словам, нi мiмiкай не напомнiла аб душэўнай траўме, якую перажываў ён.

- А вы жонка стрэсаператара Буслейкi, што паляцеў на планету Вар? - у сваю чаргу спытаўся Дубровiч.





- Жонка, - кiўнула галавой Нiна. - Не хвалюйцеся, усё з вашым сынам будзе добра. Мой Радаслаў (яна сказала слова "мой" з годнасцю i прытоенай пяшчотай) валодае моцным i вельмi станоўчым бiяполем. Я ведаю. I таму ўсё будзе нармальна.

Яна зноў усмiхнулася.

- Нiна, - паклаў ёй руку на плячо Гром Стралковiч, - хочаш, праспяваю табе песеньку, якую пачуў у вёсцы пад Менскам?

- Вядома, хачу, - весела адказала Шна.

- Ну то слухай.

I Гром зацягнуў прыемным глухаватым барытонам:

Як была я дзевачкай, Хадзiлi ка мне з гарэлачкай, А як стала маладзiцаю, Не сталi хадзiць i з вадзiцаю.

Скончыўшы, Гром чамусьцi выцер губы вялiзным кулаком, быццам толькi што кульнуў чарку добрай гарэлкi, спытаў:

- Дык якi з мяне вакалiст? Колькi балаў мне паставiце?

- Прабач, Гром, але твая стрэльба, з якой ты ходзiш на мутантаў, страляе лепш, - сказала Нiна Буслейка, i шэрыя вочы былi сур'ёзнымi.

Так Гай Дубровiч на некалькi дзён пасялiўся ў Тоўстым Лесе. Далi яму часовы прытулак (верхняе месца ў двух'ярусным ложку), паставiлi на "катлавое забеспячэнне", i пацяклi хвiлiны, гадзiны, днi. Удзень i ўначы глуха шумелi старыя дрэвы. Вецер накiдваўся на iх з нябёсаў, абломваў крохкiя галiнкi, змятаў зверху чорны пыл, птушыныя пёры, жучкоў. Рэзка пахла карой, зямлёй, рачным карычневым глеем.

Увесь час Гай думаў пра Нiну Буслейка ("Буслейчыху", як сказаў бы ягоны дзед). I гэта не было нейкiм дзiвацтвам, прымхамi, бо, у рэшце рэшт, думаючы пра яе, жадаючы ёй дабра, ён ратаваў свайго сына. Тут узнiкала складаная глыбоканасычаная духоўная сувязь - дадатныя iмпульсы iшлi ад Гая да Шны, ад Нiны да Радаслава (успомнiм хаця б "мазгаграму"!), ад Радаслава да Клёна, Клёна Дубровiча. Так хваля падштурхоўвае хвалю, не дае ёй спынiцца, i разам яны ствараюць жывое паўнагучнае мора. Калi ацэньваць колькасць нервовых клетак у галаўным мозгу чалавека лiчбаю ў 60 мiльярдаў, то людзi ВЭП выкарыстоўвалi каля 22 працэнтаў закладзенага ў iх iнтэлекту. У дваццатым жа стагоддзi, напрыклад, каэфiцыент карыснага дзеяння iнтэлекту складаў усяго 7 працэнтаў.