Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 30 из 71

Дэлегаты стоячы апладзiравалi Карлу i Гаю. Некаторыя з жанчын кiдалi iм яркiя трапiчныя кветкi. Старшыня Джон Мур усмiхаўся на ўсю шчаку i быў падобен сваёй ружовашчокасцю i кiрпатасцю на Санта Клаўса. У гэты час да Карла падышоў высакарослы, вельмi загарэлы чалавек з надзiва блакiтнымi вачамi i сказаў:

- Дык на планету Вар паляцеў Радаслаў Буслейка? Я - Гром Стралковiч i працую з ягонай жонкай Шнай. Яна нiчога не ведае пра палёт свайго мужа.

Iмя старшынi Лiгi барацьбы супраць мутантаў было надзвычай папулярнае сярод грамадзян Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi. Маленькiя дзецi гулялi ў "дзядзьку Грома, якi вельмi трапна страляе". Юныя прыгажунi на сваiх блузках i спаднiцах насiлi ягоныя партрэты. Праўда, "зялёныя" рэзка крытыкавалi Грома i байкатавалi дзе толькi можна, але байкот байкотам, а некаму трэба было адбiваць пастаянныя жорсткiя набегi двухгаловых гiганцкiх воўкасабакаў, што вадзiлiся ў балотах уздоўж сярэдняга цячэння Прыпяцi.

- Прымiце маё глыбокае спачуванне, спадар Дубровiч, - прамовiў Гром, злёгку нахiлiўшы густавалосую галаву. Па левай скронi ў яго прабягаў няроўны чырвоны шрам - след кiпцюроў воўкасабакi.

- Шчыра вам дзякую, - пакланiўся ў адказ Гай. - Шмат добрага чуў i чытаў пра вас, марыў сустрэцца - i вось...

- I вось мы пабачылiся, - трохi бесцырымонна перарваў яго Стралковiч. Прабачце, толькi я не люблю, калi пра маю сцiплую асобу гавораць болып дзесяцi слоў. На адзiнаццатым хвалебным слове мне пачынае здавацца, што справа пахне культам асобы. Была калiсьцi такая хвароба ў нашых слаўных продкаў.

- Але вы i сапраўды герой, - горача загаварыў Гай Дубровiч. - У наш камфортны век жыць у дзiкiм лесе, начаваць пад снегам i дажджом у пустым полi... Згадзiцеся, такое не кожнаму пад сiлу. А пастаянная канфрантацыя з мутантамi? Мне расказвалi, што ў некаторых зграях iх налiчваецца пад сотню галоў.

- Яны аб'ядноўваюцца ў велiзарныя зграi, у цэлыя полчышчы, калi выкарыстоўваць нашу чалавечую тэрмiналогiю, - згадзiўся Гром Стралковiч.

- I не страшна?

- Не. Мы, людзi, мацней за iх. Мы iх даўно б маглi знiшчыць, але кожнае жыццё ёсць жыццё, i, памятаючы пра гэта, мы сочым толькi за тым, каб не выпускаць iх з балотаў. Ды мутантаў як магнiтам цягне чамусьцi на поўнач.

- А вы спрабавалi пайсцi да iх, пайсцi ў балоты? - умяшаўся ў размову Карл Гакенхольц.

Гром Стралковiч сурова глянуў на яго. Падалося вялiкаму паляўнiчаму, што нейкi востры хiтра схаваны кручок тырчыць у, здавалася б, наiўным пытаннi. Падалося нават, што гэты хлышч-стрэсаператар сумняваецца ў ягонай адвазе. Але Гром быў цёртым чалавекам, не раз выкручваўся з найскладанейшых пераплётаў.

- У балоты мы ходзiм кожны год, адразу як спадзе паводка i падсохне зямля, - сказаў ён. - Гэты шрам на скронi я прынёс адтуль. Не дай бог каму-небудзь з вас трапiць туды. Уначы воўкасабакi выюць так, што аж калоцяцца дрэвы. Куды нi глянь - усюды ашчэраныя пашчы i шалёныя вочы. Апошнiм жа часам там наогул не лес, не балоты, а сапраўднае пекла.

- Што ж там такое? - шчыра пацiкавiўся Карл Гакенхольц, сваiм пытаннем крыху скалупнуўшы лядок з суровага сэрца паляўнiчага.





- Туды, як я разумею, панадзiлася гэтая самая СЦ, Старая Цывiлiзацыя, пра якую ўсе мы далдонiм на з'ездзе, - сказаў Стралковiч. - Над Тоўстым Лесам у напрамку балотаў часта лётаюць, асаблiва на прыцемку, шары, дырыжаблi, талеркi, нейкiя бясформенныя згусткi, падобныя на пену або туман, адным словам, розная нечысць. Мы, прызнацца, i стралялi ў iх, i на верталётах за iмi ганялiся, i сеткi-перамёты памiж высокiх дрэў чаплялi, а ў вынiку - адзiн пшык. I што цiкава - калi прыляцiць у балоты СЦ, то мутанты не выюць, маўчаць. Пэўна ж, яна iх нечым частуе, паддобрываецца, як я разумею. А калi вылятаюць гэтыя шары адтуль - ого, якi канцэрт пачынаецца. Вушы затыкаем. Воўкасабакi выюць, як нажом па жывому целу рэжуць. Цьфу ты.

Гром Стралковiч аж зморшчыўся, аж перасмыкнуў шырокiмi плячамi.

- I Нiнка-трысцiнка вушы затыкае? - з лёгкай усмешкай спытаў Карл Гакенхольц.

- Хто? - не зразумеў Стралковiч.

- Нiна Буслейка, жонка майго сябра, якi паляцеў на планету Вар.

- Ведаю такую. Выдатны, трэба сказаць, заолаг i цудоўная жанчына, прыгажуня. Разам у балоты хадзiлi. Дазвольце-дазвольце, дык я ж з-за яе да вас i падышоў. Пачуў знаёмае прозвiшча i падышоў.

Гром Стралковiч з непаразуменнем глянуў на Карла, i ў ярка-блакiтных вачах зноў пачынала вiраваць незадаволенасць. "Лясны чалавек", - звысоку падумаў пра яго Карл, а сам сказаў:

- Вельмi кахае Нiну Радаслаў. Ён у нас адналюб. I вельмi перажываў, што абставiны змусiлi яго тэрмiнова ляцець на Вар. У Радаслава ж з Нiнай, калi вы ведаеце, вось-вось павiнен з'явiцца сын.

- На гэтакую тэму я з ёй не гутарыў, - холадна прамовiў Стралковiч i хацеў быў вярнуцца на сваё месца, але Гай Дубровiч усхвалявана схапiў яго за руку:

- Пачакайце, пастойце. Прашу вас - вазьмiце мяне з сабой у Тоўсты Лес.

Усё адбылося так iмпульсiўна, так iмгненна, што Гром з Карлам зiрнулi на Гая, як на малога капрызлiвага хлапчука, а сам ён збянтэжыўся, густа пачырванеў. Ды людзi ВЭП не прывыклi хаваць пачуццяў. Лiчылася, што трэба смела гаварыць сваю думку, сваю праўду, не ўтойваць iх нi ад кога. Наогул, век быў рацыяналiстычны, дзелавы, без лiшнiх охаў i ахаў. Чалавек хацеў добра i зручна жыць, зарабляць грошы, купляць прыгожыя рэчы, мець усё неабходнае: дом, зямельны ўчастак, аўтамабiль, верталёт або лёгкi самалёт, яхту... Чалавек хацеў, каб ягоная жонка, выпраўляючыся вечарам у тэатр цi ў госцi, мела магчымасць пакрасавацца ў дарагiх упрыгожаннях, бо жанчына заўсёды застаецца жанчынай. Актуальным было выслоўе: "Трэба ведаць, чаго ты жадаеш, трэба ведаць, з якога боку на тваiм бутэрбродзе намазана масла".

Таму Гай Дубровiч, справiўшыся з сабою, сказаў:

- Вы ўжо чулi, спадар Гром, што дзеля выратавання майго адзiнага сына стрэсаператар Радаслаў Буслейка, аб iснаваннi якога я нават i не здагадваўся, паляцеў на планету Вар. Палёт цяжкi i небяспечны, але ён паляцеў, хоць ягоная жонка, якая працуе ў вашым летнiм лагеры, рыхтуецца нарадзiць, запалiць агонь новага жыцця. Вазьмiце мяне ў Тоўсты Лес, i я гляну ў вочы гэтай цудоўнай жанчыне, я перадам ёй усю дадатную энергiю, якую маю ў сваёй душы, а Радаслаў Буслейка такую ж энергiю перадасць майму сыну Клёну. Прашу вас. Мая жонка Бярозка знаходзiцца зараз у Доме Роздуму, слухае Моцарта i Бетховена, развiтваецца з сынам. А я так не магу. Я хачу паехаць з вамi ў Тоўсты Лес.