Страница 18 из 71
Пэўна, у гэтым месцы свайго паведамлення дырэктар Патоцкi, каб удакладнiць дату, глянуў на каляндар, бо наступiла паўза, пасля якой ён паўтарыў:
- Роўна праз восем дзён. Але сваёй уладай, так, так, панове, сваёй дырэктарскай уладай, я вымушаны затрымаць вас тут яшчэ дзён на пятнаццаць, не менш. Нiхто не можа гарантаваць, што змена, якая павiнна вас замянiць, прыбудзе своечасова. Мы будзем адпускаць вас порцыямi.
- Як марожанае, - пажартаваў Карл Гакенхольц.
- Вось i ўсё, - скончыў Патоцкi. - Зараз вам нешта, спадзяюся вясёленькае, скажа наш культмасавiк Алачка Зелянуха, а я прашу стрэсографа Радаслава Буслейку з дванаццатай кабiны зайсцi да мяне ў кабiнет. Жывуць Сонца i Кiсларод!
Патоцкi змоўк, i адразу ж пачуўся вясёлы, бадзёры, нейкi аж iскрысты голас Алачкi Зелянухi:
- Таварышы!
О Вялiкая Эра Плюралiзму! Ты сапраўды вялiкая. Ты дала магчымасць кожнаму чалавеку быць свабодным у думках, словах i дзеяннях. Звяртаючыся да грамады, можна ўжываць якiя хочаш словы: "панове", "спадары", "джэнтльмены" i гэтак далей. Вось Алачцы Зелянусе падабаецца слова "таварышы". Калi ласка, Алачка. Дарэчы, самае-найсамае "рыначнае" слова. Што такое "таварышы"? Купцы, гандляры, якiя маюць тавар. Што такое "таварыш"? Сябра па рынку, па гандлю.)
Радаслаў Буслейка, надта не ўслухоўваючыся ў тое, аб чым шчабеча культмасавiк, на старым абшарпаным лiфце паехаў да Леха Патоцкага, кабiнет у якога быў на самай верхатуры, "блiжэй да Сонца", як любiў жартаваць дырэктар. На стрэсографе быццам бы не працавалi дзецi або падлеткi, а кабiна лiфта была ўся спiсана i нават зрэзана сцiзорыкамi. Адзiн глыбакадумны надпiс чырвоным фламастэрам здзiвiў Радаслава. "Эйнштэйн цi я?" - было напiсана якраз на дзвярах лiфта. Мудрагелiстае пытанне. Цяжка наконт яго сказаць нешта пэўнае, асаблiва калi не ведаеш, што за фiгура жадае паспрачацца з генiем. Але ў Буслейкi быў гатовы адказ: "Эйнштэнн". Лiфт тым часам калацiўся i скавытаў, як быццам прышчамiў сам сабе палец.
Дзед у сваiм шыкоўным кабiнеце, з вокнамi на ўсю сцяну, пiў пiва. Прапанаваў поўны кубак Радаславу.
- Пакаштуй. Ваша пiва, беларускае. З Лiды.
Пiва было важнецкае - праглынеш язык. "Павiнна ж быць i ў зайца радасць перад халоднаю зiмой", - успомнiлiся раптам Буслейку словы з верша Караткевiча "Заяц варыць пiва".
- Вось што, пане Радаслаў, - па сваёй звычцы пачаў круцiць гузiк на чужой кашулi Патоцкi. - Цi не хочацца табе на дзянькi два або тры злётаць у сваю Беларусь?
- У мяне ж змена, - сказаў Буслейка.
- Змена не жонка. Запомнi гэта. Дык цi не хочацца?
- Хочацца, - шчыра прызнаўся Буслейка. - Але я не разумею, як гэта можна зрабiць.
- Слухай жа, калi хочацца. - Зноў даў яму поўны кубак пiва дырэктар. Сусветны Саюз Стрэсаператараў - ты ж яго член таксама - вырашыў паслаць у раён Менска, туды, дзе лакалiзуюць СЦ, сваю групу, цi свой атрад, як хочаш называй. Трэба нарэшце, каб i стрэсаператары вочы ў вочы, твар у твар сутыкнулiся са Старой Цывiлiзацыяй. А то гiбеем тут каля экранаў i не ведаем, з кiм цi з чым змагаемся. А там бой iдзе, ды яшчэ якi. Чытаў "Вайну светаў" Уэлса?
- Вядома, чытаў, - радасна азваўся Буслейка.
- Сёння там нешта падобнае адбываецца. Я й падумаў - ты ж з Беларусi, каму, як не табе, ляцець?
- Вельмi правiльна падумалi, - ледзь не расцалаваў дырэктара Буслейка. Патоцкi быў лаканiчны:
- Адлёт - заўтра.
- Пан Лех, - узмалiўся Буслейка: - Адна малюсенькая просьба. Адпусцiце са мной, будзьце ласкавы, i Карла Гакенхольца, майго напарнiка, Я разумею, што на Стрэсографе зараз работы вышэй галавы, але ж...
- Дагаворвай-дагаворвай, - сярдзiта прыжмурыўся Патоцкi. - Паплач у тры ручаi. Прабач, але я думаў, што вы, беларусы, не такiя шустрыя. Што ж, паляцiць разам з табой i Гакенхольц. I не трэба мне дзякаваць. Лiчыце гэты палёт узнагародай. Вы ж з Карлам стрэсаператары экстракласа, можна сказаць, генii. А ведаеш, што сказаў вялiкi Зыгмунд Фрэйд? "Генiй i паслухмянства дзве несумяшчальныя рэчы".
V
Перад вылетам усiх стрэсаператараў i тэхнiкаў (Лех Патоцкi дазволiў ляцець дваццацi пяцi чалавекам) сабралi на iнструктаж. Вёў яго прадстаўнiк Сусветнага Саюза Стрэсаператараў, высокi прыгожы негр, валасы ў якога былi ў найдрабнейшых завiтушках.
- Я зайздрошчу вам, - сказаў кучаравы смольнаскуры прадстаўнiк. - Адна справа - сачыць за экранамi i камп'ютэрамi, зусiм iншае - самому сутыкнуцца з СЦ. Усюды i заўсёды прашу памятаць, што вас пасылае наш саюз, можна сказаць, лепшы прафесiйны саюз планеты. Саламон у прытчах навучаў: "Не адхiляй вуха свайго ад слухання законаў". I вы будзьце дысцыплiнаванымi, уважлiвымi, падпарадкоўвайцеся загадам вайсковых кiраўнiкоў.
- Маралiст, - скептычна ўсмiхнуўся Карл Гакенхольц, якi сядзеў побач з Буслейкам.
- I збiрайце ўсю даступную вам iнфармацыю аб СЦ, - вёў сваё прадстаўнiк, - не прапускайце нiводнай дробязi. Упершыню пасля Чыкага Вялiкi Жах выступiў такiм шырокiм фронтам. Чаго ён дамагаецца? У чым сэнс яраснай атакi? На жаль, мы пакуль што не можам даць адказ на гэтыя пытаннi. Хацелася б верыць, што з-пад Менска вы пастараецеся прывезцi адказ. Жадаю вам усiм шчаслiвага вяртання. Жывуць Сонца i Кiсларод!
Паляцелi ў дапатопным транспартным самалёце, якi, калi верыць чуткам, мiрна дажываў век у вайсковым музеi i быў падобны на сучасныя рэактыўныя аэробусы, як курыца на арла. Моцна калацiла, падкiдвала на паветраных ямах.
- У нашых продкаў страўнiкi былi здаравейшыя, - сказаў Карл, убачыўшы, як некалькi пазелянелых дэсантнiкаў нахiлiлiся, быццам па камандзе, над гiгiенiчнымi пакетамi. Дый сам ён надта ж кiсла моршчыўся i ўздыхаў. Але як бы там нi было, прызямлiлiся на шурпатай бетонцы Старога Смалявiцкага аэрапорта.
Iх ужо чакаў капiтан рэспублiканскiх гвардзейцаў, якi трымаў над сабой чорны парасон, бо церусiў дожджык.
- Капiтан Хвалiбог, - адрэкамендаваўся ён. - Буду, так сказаць, вашым гiдам.
- Капiтан, што тут у вас робiцца? - на правах земляка адразу ж задаў пытанне Радаслаў.
- У якiм сэнсе? - не зразумеў, ускiнуў тонкае брыво Хвалiбог. Пэўна, яму падалося, што маецца на ўвазе нейкае ягонае асабiстае ўпушчэнне, а ён, мяркуючы па ладнай падцягнутай фiгуры, па ўпэўненасцi рухаў, службiстам быў хвацкiм.