Страница 17 из 71
- I ты таксама - як гэта правiльней па-вашаму сказаць - купальнiк? пацiкавiўся тады Карл Гакенхольц.
Буслейка засмяяўся.
- У купальнiках прыгожыя жанчыны ходзяць. Я - хрысцiянiн, але я i купалец. А жонка мая, Нiначка, купалка.
- Купалка, - як рэха, паўтарыў за iм Карл, прыслухоўваючыся да новага слова. - Гучыць няблага.
З таго часу любiў ён гаварыць Радаславу: "Калi ты адлучаўся ў горы, твая купалка па тэлефоне званiла".
Буслейка, пiльна сочачы за экранам, з пяшчотай успамiнаў сваю маладую жонку, сваю Шначку. Ужо амаль тры месяцы, як яны не бачылiся. Ён неадрыўна сядзiць тут, на стрэсографе, а Нiначка, русавалосая, тоненькая (ён зваў яе "Нiнка-трасцiнка"), працуе заолагам у перасоўным летнiм лагеры, якi штогод стварае Лiга барацьбы супраць мутантаў. Нежаночая прафесiя ў жонкi. Былi б яшчэ вавёрачкi, вожыкi, зайчыкi, а то даводзiцца лавiць у лясах i балотах дзiкоў, ласёў, ваўкоў, нават зуброў i лячыць iх. Аднойчы параненая вярнулася з лагеру - уз'юшаны дзiк варсануў iкламi па назе. Усё часцей нараджаюцца мiж звяроў мутанты, у якiх папсаваны генетычны код, - гiганцкiя ваўкi, дзвюхгаловыя сабакi, бязвокiя зайцы. Прырода, атручаная чалавекам, узбунтавалася, сышла, як цягнiк-лакаматыў, з рэек, ляцiць пад адхон i ўсё ломiць на сваёй дарозе. Раней мутантаў адстрэльвалi, усiх без разбору, але Нiначка i яе сябры дамаглiся лячыць iх, вывучаць, каб узяць пакуль што некантралюемую сiтуацыю пад кантроль. "Нiначка ў мяне настойлiвая, - з патаемнай радасцю думаў Буслейка. - Надумае што зрабiць, абавязкова зробiць". Ён быў яшчэ на той стадыi ўзнёслага юначага кахання, калi юнак, мужчына, спелячы ў сабе рыцара, добраахвотна, з найвялiкшай асалодай падпарадкоўваецца сваёй абраннiцы (адзiнай на Зямлi!), патурае ўсiм яе слабасцям i капрызам i гатоў памерцi па кiву яе пальчыка. На вялiкую радасць для чалавецтва, такое салодкае ачмурэнне праз нейкi час праходзiць, iначай рэзка скарацiлася б колькасць мужчын.
- Увага, Радаслаў. Бачу канцэнтрацыю, - раптам усхвалявана сказаў Карл Гакенхольц.
На вялiкiм экране, якi амаль увесь займала карта Эўразii i якi ззяў спакойным блакiтнаватым святлом, з'явiлася чорная пульсуючая кропка. Яна нервова трапятала, то павялiчвалася, то змяншалася i здавалася агiднай гнойнай болькай на чыстым здаровым целе.
- Дзе гэта? Давай удакладнiм каардынаты, - наструнiўся, адразу пастражэў Буслейка.
Камп'ютэр iмгненна зрабiў неабходныя разлiкi.
- Што мы маем? Пяцьдзесят тры градусы сорак чатыры хвiлiны паўночнай шырынi, дваццаць сем градусаў пяцьдзесят восем хвiлiн усходняй даўгаты. Здаецца, гэта твае родныя мясцiны.
Карл запытальна паглядзеў на Радаслава.
- Так, - адказаў той. - Гэта цэнтральная Беларусь, на ўсход ад Менска. Выключны па сiле прарыў адмоўнай жывой энергii. Стрэлка стаiць на адзнацы "9". Вельмi высокая катэгорыя, а значыць, могуць быць чалавечыя ахвяры. Не шанцуе землякам.
Ён казаў усё гэта, казаў, здавалася, роўным бясстрасным голасам, а ў душы кiпела трывога. Але мозг, вочы i рукi рабiлi, амаль аўтаматычна, патрэбную ў такiх выпадках справу. Была прыведзена ў баявую гатоўнасць кальцавая сiстэма электрамагнiтнай аховы ад Берасця да Крычава на ўсход i ад Полацка да ракi Прыпяць на поўдзень. Услед за гэтым неадкладна ўключылi па ўсяму перыметру кальцавой дарогi ахоўны электрамагнiтны пояс горада Менска. Усе мегаполiсы, усе гарады-"мiльёншчыкi" мелi такiя паясы, бо Вялiкi Жах (i гэта паказаў прыклад Чыкага) з найвялiкшай ярасцю i ўпартасцю атакуе менавiта там.
- Па Ўсходняй Эўропе б'е без перадыху, - сказаў Карл Гакенхольц. Чатыры канцэнтрацыi за апошнiя паўгода. Цiкава: выпадковасць гэта або заканамернасць?
Ён дапытлiва паглядзеў на Радаслава.
- Лiчу, што заканамернасць, - адказаў Буслейка, не адводзячы позiрку ад экрана, дзе ўсё бушавала, аж вугальна чарнела няроўная мiгатлiвая пляма. Славяне, як i румыны, як i венгры, у палiтычным i эканамiчным плане пазней стабiлiзавалiся, чым, скажам, германскiя народы. Вобразна кажучы, вулканiчны працэс у нас зацягнуўся. Адпаведна рэзка павялiчылася крытычная маса адмоўных эмоцый. Вось Вялiкi Жах i выкарыстаў гэта. "Дзе тонка, там i рвецца", як кажа наша прымаўка.
У гэтыя iмгненнi яго востра непакоiла адно: толькi б Шначка не надумала раней часу вярнуцца ў Менск. Няхай бы трапiўся ёй якi-небудзь звер-звярыла, дзiкун з дзiкуноў, мутант з мутантаў, i яна б важдалася з iм у сваiм летнiм лагеры, а праз дзень-два i Вялiкi Жах загналi б, як джына, у бутэльку. Яму ўспамiнаўся дакументальны фiльм аб падзеях у Чыкага: скручаныя трамвайныя рэйкi, патоўчанае на драбнюткi мак аконнае шкло, згрызены (!) гранiт на набярэжнай. Гэта было нялёгка бачыць: сляды ад велiзарных зубоў на ружовым гранiце...
Раптам загадна загучаў селектар унутранай сувязi:
- Увага! Праз хвiлiну слухайце паведамленне асаблiвай важнасцi.
Памаўчаўшы, селектар паўтарыў, строга i трывожна:
- Праз хвiлiну слухайце паведамленне асаблiвай важнасцi.
Стрэсаператары пераглянулiся.
- Дзед, напэўна, будзе гаварыць, - сказаў Буслейка.
"Дзедам" усе звалi дырэктара Галоўнага Iндаэўрапейскага Стрэсографа Леха Патоцкага, сямiдзесяцiгадовага барадача, якi з аднолькавым напорыстым iмпэтам хадзiў па скалах Татраў у альпiнiсцкай звязцы i на вясёлых капуснiках танцаваў мазурку.
- Панове, - пачуўся неўзабаве магутны бас Патоцкага, - як вы ўжо ведаеце, мае месца атака Старой Цывiлiзацыi ў раёнах усходней i паўднёвей Менска. Сiтуацыя кантралюецца, але з вялiкiм напружаннем. Загiнула ў агнi трое вучняў Вышэйшых курсаў лесаводства.
- Чаму ў агнi? - неяк машынальна вымавiў Буслейка.
Дзед, нiбы пачуў ягоныя словы, растлумачыў:
- Чарговая, двухсот сорак трэцяя атака Старой Цывiлiзацыi адрознiваецца ад папярэднiх незвычайнасцю формаў. Ёсць, вядома, i стэрэатыпныя формы: КЛА ў выглядзе шароў, ромбаў i талерак, псеўдалюдзi з лысымi шышкаватымi галовамi i ружовай дзiцячай скурай, але амаль дзевяноста працэнтаў адмоўнай жывой энергii рэалiзуецца ў выглядзе вогненнага вала, якi нястрымна коцiцца па зямлi. Нездарма СЦ абрала Беларусь - там маюцца яшчэ даволi лясiстыя раёны, агню хапае ежы.
Дзед гучна кашлянуў.
- Сiтуацыя, як я ўжо казаў, кантралюецца з вялiкiм напружаннем. Справа абцяжарваецца яшчэ i тым, што да СЦ далучылася каля пяцi тысяч робатаў, якiх намервалiся здаць на пераплаўку. Iхняя падпольная тэрарыстычная арганiзацыя "Механiчная Рука" канцэнтравалася, як стала вядома, у Доме Пераўтварэнняў доктара Метэора. Сам доктар або забiты, або, па некаторых неправераных чутках, узяты робатамi ў якасцi заложнiка i знаходзiцца, зноў жа па некаторых неправераных чутках, у старой выпрацаванай калiйнай шахце непадалёку ад горада Салiгорска. Там у робатаў, аказваецца, былi склады зброi. Вось такое становiшча, панове. Стрэсограф працуе вахтавым метадам, i вас усiх, ад стрэсаператараў да буфетчыц i вартаўнiкоў, павiнны былi замянiць роўна праз восем дзён.