Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 85 из 89

У куратнiку было цёмна. Куры ўсе сядзелi поплеч, i тая, што была збоку з гэтай прыстойнай курыцаю, не спала яшчэ: яна не тое каб наўмысна падслухоўвала суседчыныя шэпты, але ўсё ж крыху чула iх, - бо так i трэба, калi хочаш мiрна жыць з суседзямi. I вось яна не выцерпела i прашаптала другой сваёй суседцы:

- Чула? Я не хачу называць iмён, але тут ёсць курыца, якая можа вырваць на сабе ўсё пер'е, каб толькi быць прыгажэйшай. Каб была я пеўнем, дык пагарджала б ёю!

Якраз над курамi сядзела ў гняздзе сава з мужам i дзеткамi; совы маюць востры слых, i яны пачулi ўсё, што тут гаварылi. Усе яны пры гэтым жвавей пакручвалi вачыма, а савiха махала крыллем, нiбы веерамi.

- Тс-с! Не слухайце, дзеткi! Зрэшты, вы, канечне, ужо чулi? Я таксама. Ах! Проста вушы вянуць. Адна курыца да таго дайшла, што пачала вырываць на сабе пер'е перад самымi вачыма пеўня!

- Рrеnez gаrde аuх еnfаnts!* - сказаў сава-бацька. - Дзецям зусiм не варта чуць такое!

* Цiшэй, тут дзецi! (фр.)

- Трэба будзе расказаць пра гэта нашай суседцы, яна такая мiлая асоба!

I савiха паляцела да суседкi.

- У-гу, у-гу! - загукалi пасля абедзве савы над недалёкай галубятняй. - Вы чулi? Вы чулi? У-гу! Адна курыца выскубла з сябе ўсё пер'е дзеля пеўня! Яна замерзне, замерзне насмерць! Калi ўжо не акачанела! У-гу!

- Вур-вур! Дзе? Дзе? - вуркаталi галубы.

- На суседняй сядзiбе! Гэта амаль на маiх вачах было! Проста непрыстойна i гаварыць пра гэта, але ўсё тут шчырая праўда!

- Верым, верым! - сказалi галубы i завуркаталi курам, якiя сядзелi знiзу:

- Вур-вур! Адна курыца, кажуць, нават дзве курыцы выскублi з сябе ўсё пер'е, каб спадабацца пеўню! Небяспечная задума! Можна ж прастудзiцца i памерцi, ды яны памерлi ўжо!

- Кукарэку! - заспяваў певень, узлятаючы на плот. - Прачнiцеся! - У яго самога вочы яшчэ зусiм злiпалiся спрасоння, а ён ужо крычаў: - Тры курыцы загiнулi ад няшчаснага кахання да пеўня! Яны выскублi на сабе ўсё пер'е! Такая вось непрыстойная гiсторыя! Не хачу маўчаць пра яе! Няхай разыдзецца гэта па ўсiм свеце!

- Няхай, няхай! - запiшчалi кажаны, закудахкалi куры, загарланiлi пеўнi. Няхай, няхай!

I гiсторыя паняслася - з двара ў двор, з куратнiка ў куратнiк i дайшла нарэшце да таго месца, адкуль пачалася.

- Пяць курыц, - гаварылi тут, - выскублi з сябе ўсё пер'е, каб паказаць, хто з iх болей схуднеў ад любовi да пеўня! Пасля яны задзяўблi адна адну насмерць, на сорам i ганьбу ўсяму свайму роду i на страту сваiм гаспадарам!

Курыца, якая згубiла адну пярынку, канечне, не ўведала, што гэтая гiсторыя пачалася з яе, i, як курыца ва ўсiх адносiнах паважная, сказала:





- Я пагарджаю такiмi курамi! Але такiх нямала! Пра такiя рэчы, аднак, нельга маўчаць! I я, са свайго боку, зраблю ўсё, каб гэтая гiсторыя трапiла ў газеты! Няхай разыдзецца па ўсiм свеце - гэтыя куры i ўвесь iхнi род вартыя такога!

I ў газетах сапраўды змясцiлi ўсю гiсторыю, i гэта шчырая праўда: адной маленькай пярынцы зусiм не цяжка пераўтварыцца ажно ў пяць курыц!

ШТО МУЖ НI ЗРОБIЦЬ, УСЁ ДОБРА

Раскажу я табе казку, якую сам чуў у маленстве. I кожны раз, як я ўспамiнаў яе пасля, яна здавалася мне ўсё лепшай i лепшай, бо i з казкамi бывае гэтак жа, як шмат з кiм з людзей: з гадамi яны становяцца ўсё лепшымi i лепшымi, i гэта вельмi добра!

Ты, вядома, бываў у вёсцы, i табе, напэўна, даводзiлася бачыць старэнькiя вясковыя хаты з саламянымi стрэхамi. Стрэхi гэтыя абраслi мохам, травою, на вiльчыку абавязкова буслiнае гняздо, сцены пакрывiлiся, акенцы нiзенькiя, i адчыняецца ўсяго адно; на кухнi печ выпучваецца, нiбы жывот таўстуна; цераз агароджу звiсае куст бузiны. А дзе трапiцца лужына, па якой плавае качка з качанятамi, там прыткнулася i вузлаватая, каравая вярба. Каля хаты ёсць, вядома, навязаны на ланцуг сабака, якi брэша на ўсiх i кожнага.

Якраз вось такая хатка i стаяла ў адной вёсцы, а ў ёй жылi старыя муж з жонкай. Ды як нi бедна яны жылi, сёе-тое было ў iх i лiшняе. Так яны маглi абысцiся без свайго каня, бо работы для яго не было, i ён цэлыя днi пасвiўся ў прыдарожнай канаве. Муж часамi ездзiў на канi ў горад, iншы раз пазычаў яго суседзям, за што тыя расплачвалiся дробнымi паслугамi. Але ўсё-такi выгадней было б прадаць гэтага каня або памяняць на што-небудзь больш патрэбнае. А на што памяняць?

- Ну, што прадаць, а што купiць, ты лепей за мяне ведаеш! - сказала мужу жонка. - Цяпер якраз кiрмаш у горадзе, едзь туды, ды i прадай конiка або памяняй з выгадай! Ты ж у мяне заўсёды што нi зробiш, дык усё добра! Едзь з Богам!

I яна завязала яму на шыю хусцiнку - гэта яна ўсё-такi ўмела рабiць лепш за мужа, завязала яе падвойным вузлом; вельмi прыгожа выйшла! Потым яна прыгладзiла далонню капялюш мужа i пацалавала старога проста ў губы. I вось ён паехаў на канi, якога трэба было або прадаць, або прамяняць у горадзе. А ўжо ў чым, у чым, а ў куплi-продажы ён разбiраўся!

Сонца так i пякло, на небе не было нi воблачка. Над дарогай стаялi хмары пылу, бо на кiрмаш ехала i iшло столькi народу - хто на возе, хто вярхом, а хто проста пешкi. Спёка стаяла нясцерпная, i нiдзе на ўсёй дарозе анiякага ценю.

I тут стары ўбачыў, што па дарозе iдзе чалавек i гонiць перад сабою карову, ды такую прыгожую, адно заглядзенне! "Пэўна, i малако яна дае цудоўнае! - падумаў наш селянiн. - От бы выменяць яе за каня!"

- Гэй, ты там, з кароваю! - гукнуў ён. - Давай пагамонiм! Бачыш майго каня? Я думаю, ён каштуе даражэй за тваю карову, але карова мне больш патрэбна. Давай памяняемся, га?

- Давай, - згадзiўся гаспадар каровы, i яны памянялiся.

Памянялiся, i цяпер селянiн мог спакойна вярнуцца дадому. Але ж ён збiраўся пабываць у горадзе i таму разам з каровай рушыў далей, каб хоць паглядзець на кiрмаш.

Iшоў ён шпарка, карова не адставала, i неўзабаве яны дагналi чалавека, якi вёў авечку. Авечка была добрая, укормленая, з густою воўнаю.

"От бы мне такую! - падумаў селянiн. - Улетку ёй хопiць корму ў нашай канаве, а на зiму яе можна браць у хату. I праўда, нам зручней трымаць авечку, чым карову. Памяняцца, цi што?"

Гаспадар авечкi ахвотна згадзiўся на абмен, i селянiн пайшоў далей ужо з авечкай. Раптам ён убачыў пры дарозе чалавека, якi трымаў пад пахаю вялiкую гусь.

- Ну i гусь у цябе! - залюбаваўся селянiн. - Ды тлустая якая! Ды пер'я на ёй колькi! Хораша было б паглядзець, як яна плавае на прывязi ў нашай лужыне. I старой маёй было б для каго збiраць аб'едкi! Яна не раз гаварыла: "Ах, каб у нас была гусь!" Ну вось цяпер яна будзе яе мець! Хочаш мяняцца? Даю табе за гусь авечку, ды яшчэ дзякуй скажу ў прыдачу!