Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 47 из 89

- Цяпер я раскажу! - сказаў цень i прыцiснуў нагамi ў лакiраваных ботах рукаў новага ценю вучонага, якi, як сабачка, ляжаў каля яго ног. Нашто ён гэта зрабiў, з фанабэрыi цi, можа, у надзеi прыклеiць яго да сваiх ног - невядома. Цень жа, што ляжаў на падлозе, нават не варухнуўся, увесь ператварыўся ў слых: яму вельмi хацелася ведаць, як гэта можна дабiцца свабоды i стаць сабе самому панам.

- Ведаеце, хто жыў у тым доме? - спытаў былы цень. - Нешта найцудоўнейшае ў свеце - сама Паэзiя! Я прабыў там тры тыднi, а гэта тое ж самае, што пражыць на свеце тры тысячы гадоў i прачытаць усё, што прыдумана i напiсана паэтамi, запэўнiваю вас! Я бачыў усё i ведаю ўсё - i гэта шчырая праўда!

- Паэзiя! - ускрыкнуў вучоны. - Так, так! Яна часта жыве пустэльнiкам у вялiкiх гарадах! Паэзiя! Я бачыў яе толькi мелькам, ды i то сонны. Яна стаяла на балконе i свяцiлася, як паўночнае ззянне! Расказвай жа, расказвай! Ты быў на балконе, зайшоў у дзверы i...?

- I трапiў у прыхожую! - падхапiў цень. - Вы ж заўсёды сядзелi i глядзелi на прыхожую. Яна не была асветлена, i ў ёй панаваў нейкi паўзмрок, але праз адчыненыя дзверы бачылася анфiлада асветленых пакояў. Мяне б гэта святло знiшчыла ўшчэнт, калi б я ў той жа мiг не выйшаў да дзяўчыны, але я быў разважлiвы i дачакаўся зручнага моманту. Так варта рабiць заўсёды!

- I што ж ты там убачыў? - спытаў вучоны.

- Усё, i я раскажу вам пра ўсё, але... Цi бачыце, я не з гордасцi, а... з прычыны той свабоды i ведаў, якiя я маю, не кажучы ўжо пра маё становiшча ў свеце... Я вельмi б жадаў, каб вы звярталiся да мяне на вы.

- Ах, прашу прабачыць мне! - сказаў вучоны. - Гэта я па старой прывычцы!.. Я з вамi згодзен! I я не забуду гэтага. Але раскажыце, што вы там бачылi?

- Усё! - адказаў цень. - Я бачыў усё i ведаю ўсё!

- Што ж нагадвалi гэтыя ўнутраныя пакоi? - спытаў вучоны. - Цi свежы зялёны лес? Або святы храм? Або вачам вашым адкрылася зорнае неба, якое вiдаць толькi з горных вяршынь?

- Усё там было! - сказаў цень. - Я, аднак, не заходзiў у тыя пакоi, я заставаўся ў прыхожай, у паўцемры, але там адчуваў сябе выдатна, я бачыў усё, i я ведаю ўсё! Я ж правёў гэтулькi часу ў прыхожай пры двары Паэзii.

- Ну што ж вы бачылi там? Велiчныя шэсцi старажытных багоў? Барацьбу герояў шэрай даўнiны? Гульнi мiлых дзяцей, лепятанне аб дзiўных марах?..

- Гавару ж вам, я быў там, значыць, бачыў усё, што толькi можна было бачыць! Калi б вы з'явiлiся там, вы не сталi б чалавекам, а я iм стаў! Я спазнаў там сваю ўласную натуру, сваю прыродную роднасць з паэзiяй. Так, у тыя часы, калi я быў з вамi, я яшчэ i не думаў пра нешта падобнае. Але прыпомнiце толькi, як я заўсёды дзiўна вырастаў на ўсходзе i захадзе сонца! Пры святле ж месяца я быў прыкметны не больш, чым вы! Але тады яшчэ я не разумеў сваёй натуры, мяне азарыла толькi ў прыхожай! Там я стаў чалавекам, зусiм сталым. Але вас ужо не было ў гарачай краiне; памiж тым, я, у якасцi чалавека, саромеўся ўжо з'яўляцца ў сваiм ранейшым выглядзе: мне патрэбны былi боты, прыстойны касцюм, адным словам, я меў патрэбу ва ўсiм гэтым знешнiм чалавечым глянцы, пры якiм прызнаюць вас за чалавека. I вось я знайшоў сабе сховiшча... Так, вам я прызнаюся ў гэтым, вы ж не надрукуеце гэта: я знайшоў сабе сховiшча пад спаднiцай гандляркi ласункамi! Жанчына i не здагадвалася, што яна хавала! Выходзiў я толькi вечарам, бегаў па вулiцах пры святле месяца, выцягваўся на ўвесь рост па сцяне - гэта так прыемна казыча спiну! Узбiраўся па сценах наверх, злазiў унiз, заглядваў у вокны верхнiх паверхаў, заглядваў i ў залы, i на гарышчы, заглядваў i туды, куды нiхто не мог заглядваць, бачыў тое, чаго нiхто не павiнен быў бачыць! I я даведаўся, якi, па сутнасцi, ганебны свет! Далiбог, я не хацеў бы нават быць чалавекам, калi б толькi не лiчылася гэта нечым асаблiвым! Я заўважыў самае неверагоднае ў жанчын, у мужчын, у бацькоў, нават у мiлых, цудоўных дзетак. Я бачыў тое, - дадаў цень, - чаго нiхто не павiнен быў - але вельмi хацеў! - бачыць - тайныя недахопы i грахi людскiя. Калi б я друкаваўся ў газетах, мяне б чыталi! Але я пiсаў толькi зацiкаўленым асобам i наводзiў на ўсiх i ўсюды, дзе б я нi з'яўляўся, толькi жах! Усе так баялiся мяне i так любiлi! Прафесары прызнавалi мяне сваiм калегам, краўцы апраналi мяне - касцюмаў у мяне цяпер удосталь, - манетчыкi чаканiлi для мяне манеты, а жанчыны захаплялiся маёй прыгажосцю! I вось я стаў тым, кiм ёсць. А цяпер я развiтаюся з вамi: вось мая картка. Жыву я на сонечным баку, i ў дажджлiвае надвор'е заўсёды дома!

З гэтымi словамi цень пайшоў.

- Як жа гэта ўсё дзiўна! - сказаў вучоны.





Iшлi днi i гады; раптам цень зноў з'явiўся да вучонага.

- Ну, як справы? - спытаў ён.

- На жаль! - адказваў вучоны. - Я пiшу пра iсцiну, дабро i прыгажосць, а нiкому да гэтага няма справы. Я проста ў роспачы: мяне гэта так засмучае.

- А вось мяне - не! - сказаў цень. - Таму я ўсё таўсцею, а гэта самае галоўнае! Так, не ўмееце вы жыць на свеце. Яшчэ захварэеце, не дай Бог. Вам трэба пападарожнiчаць трохi. Я якраз i збiраюся летам - хочаце паехаць са мной? Мне патрэбны людзi ў дарозе, дык цi не паедзеце вы... у якасцi майго ценю? Сапраўды, ваша кампанiя была б для мяне вельмi прыемнай; усе выдаткi я бяру на сябе!

- Не, гэта ўжо занадта! - раззлаваўся вучоны.

- Ды гэта як глянуць на справу! - сказаў цень. - Паездка прынесла б вам вялiкую карысць! А варта толькi вам згадзiцца, быць маiм ценем, - i вы паедзеце за мой кошт!

- Гэта ўжо абы-што! - аж крыкнуў вучоны.

- Такi свет, - сказаў цень. - Такiм ён i застанецца!

I цень пайшоў.

Вучоны адчуваў сябе блага, а гора i клопаты па-ранейшаму хадзiлi за iм: ён пiсаў пра iсцiну, дабрыню i прыгажосць, а людзi разумелi ўсё гэта не больш, чым каровы траву. Нарэшце ён зусiм захварэў.

- Вас не пазнаць, вы зрабiлiся проста ценем! - гаварылi вучонаму людзi, i па яго спiне прабягалi дрыжыкi ад думкi, якая заўсёды прыходзiла яму ў галаву пры гэтых словах.

- Вам трэба ехаць куды-небудзь на воды! - сказаў цень, якi зноў павярнуўся да яго. - Нiчога iншага для вас не застаецца! Я згодны ўзяць вас з сабою дзеля нашага знаёмства. Я бяру на сябе ўсе выдаткi па падарожжу, а вы апiшаце нашу паездку i будзеце прыемна забаўляць мяне ў дарозе. Я збiраюся на воды; мая барада не расце так, як трэба, а гэта ж нейкая хвароба, - барада павiнна быць! Ну, будзьце разважлiвым, прымайце маю прапанову: мы ж паедзем як таварышы.