Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 19 из 89

- Вось цiкава! - сказала маленькая Iда i нават у далонi запляскала. - I я таксама не магу iх убачыць?

- Можаш, - сказаў студэнт. - Варта табе толькi, калi зноў пойдзеш туды, зазiрнуць у акенцы. Вось я сёння бачыў там доўгую жоўтую лiлею; яна ляжала i пацягвалася на канапе - уяўляла, што з'яўляецца прыдворнай дамай.

- А кветкi з Батанiчнага саду таксама могуць прыйсцi туды, хаця сад далёка ад палаца?

- Ну, канешне, могуць! - адказаў студэнт. - Бо яны ўмеюць лётаць i лётаюць, калi захочуць. Цi ж ты не заўважыла, якiя прыгожыя матылькi, чырвоныя, жоўтыя, белыя? Яны зусiм як кветкi i калiсьцi былi кветкамi. Аднойчы скочылi яны са сцяблiнкi высока ў паветра, запляскалi пялёсткамi, быццам малюпасенькiмi крылцамi, i паляцелi. I, менавiта таму, што яны паводзiлi сябе добра, iм дазволiлi лётаць i днём. Цяпер iм ужо не патрэбна было вяртацца дадому i сцiшана сядзець на сцяблiнцы, вось iх пялёсткi i пераўтварылiся ў сапраўдныя крылцы. Ты ж гэта сама бачыла. Хаця, магчыма, кветкi з Батанiчнага саду i не бываюць у каралеўскiм палацы. Магчыма, яны нават не ведаюць, як там весела па начах! Вось што ты павiнна зрабiць, - i няхай потым здзiўляецца прафесар батанiкi, якi жыве тут побач, ты ж яго ведаеш? - Калi прыедзеш у яго сад, раскажы якой-небудзь кветачцы пра вялiкiя балi ў каралеўскiм палацы! Кветка раскажа пра гэта астатнiм, i ўсе яны збягуць. Прафесар прыйдзе ў сад, а там нiводнай кветачкi! Вось ён здзiвiцца! "Куды ж яны падзелiся?" - падумае.

- Ды як жа кветка раскажа iншым? Кветкi ж не размаўляюць.

- Вядома, не, - адказаў студэнт, - затое яны ўмеюць гаварыць знакамi. Ты сама бачыла, як яны пагойдваюцца, ледзь падзьме ветрык, як варушаць сваiмi зялёнымi лiсточкамi. I яны гэтак жа добра разумеюць адна другую, як мы, калi гутарым.

- А прафесар разумее iх? - спытала маленькая Iда.

- А як жа ж! Аднойчы ранiцай ён прыйшоў у сад i бачыць, што высокая крапiва робiць знакi сваiм лiсцем цудоўным чырвоным гваздзiкам. Вось што iм казала крапiва: "Вы такiя мiлыя, я вас вельмi люблю". Прафесару гэта не спадабалася, i ён ударыў крапiву па лiсцi, а лiсце ў яе - усё роўна, што ў нас пальцы, - ударыў i апёкся! З той пары ён не асмельваецца яе чапаць.

- Вось цiкава! - сказала маленькая Iда i засмяялася.

- Ну цi ж можна забiваць дзiцяцi галаву такой брыдотай? - абурыўся сумны саветнiк, якi таксама прыйшоў у госцi да бацькоў Iды i сядзеў на канапе.

Ён цярпець не мог студэнта i вечна бурчэў на яго, асаблiва калi той выразаў мудрагелiстыя, забаўныя фiгуркi, накшталт чалавека на шыбенiцы i з сэрцам у руках - яго павесiлi за тое, што ён краў сэрцы, - цi старой ведзьмы на мятле, з мужам на носе. Усё гэта вельмi не падабалася саветнiку, i ён заўсёды паўтараў:

- Ну цi ж можна забiваць дзiцяцi галаву такой брыдотай? Дурныя выдумкi!

Але Iду вельмi захапiў расказ студэнта пра кветкi, i яна думала пра гэта цэлы дзень.

"Значыць, кветачкi павесiлi галоўкi таму, што стамiлiся пасля балю!" I маленькая Iда пайшла да свайго столiка, дзе стаялi ўсе цацкi; скрынка столiка таксама бiтком ляжала набiта розным дабром. Лялька Сафi ляжала ў сваiм ложку i спала, але Iда сказала ёй:

- Табе прыйдзецца ўстаць, Сафi, i паляжаць гэтую ноч у скрынцы: бедныя кветкi хворыя, iх трэба пакласцi ў тваю пасцельку, - магчыма, яны стануць здаровымi!





I яна выцягнула ляльку з ложка. Сафi паглядзела на Iду вельмi незадаволена i не сказала нi слова, - яна раззлавалася за тое, што ёй не даюць спаць у яе пасцелi.

Iда паклала кветкi, ухутала iх старанна коўдрай i загадала iм ляжаць цiха, за гэта яна абяцала напаiць iх гарбатай, i тады яны ўстануць заўтра ранiцай зусiм здаровымi! Потым яна зашморгнула шторы, каб сонца не свяцiла кветкам у вочы.

Расказ студэнта не выходзiў у яе з галавы, i, кладучыся спаць, Iда не магла ўстрымацца, каб не зазiрнуць за фiранкi, зашморгнутыя нанач; на акенцах стаялi цудоўныя мамiны кветкi - цюльпаны i гiяцынты, i маленькая Iда прашаптала iм:

- Я ведаю, што ў вас ноччу будзе баль!

Кветкi стаялi як нi ў чым не бывала i нават не варухнулiся, што з таго, што маленькая Iда штосьцi такое ведала.

У пасцелi Iда доўга яшчэ думала пра тое ж i ўсё ўяўляла сабе, як гэта павiнна быць мiла, калi кветкi танцуюць! "Няўжо i мае кветкi былi на балi ў палацы?" - падумала яна i заснула.

Але сярод ночы маленькая Iда раптам прачнулася; яна бачыла ў сне кветкi, студэнта i саветнiка, якi лаяў студэнта за тое, што той забiвае ёй галаву абы чым. У пакоi, дзе ляжала Iда, было цiха, на стале гарэў начнiк, i тата з мамай моцна спалi.

- Хацелася б мне ведаць: цi спяць мае кветкi ў пасцельцы? - сказала маленькая Iда сабе i прыпаднялася з падушкi, каб паглядзець у паўрасчыненыя дзверы, за якiмi былi яе цацкi i кветкi; потым яна прыслухалася, - ёй здалося, што ў тым пакоi iграюць на фартэп'яна, але вельмi цiха i пяшчотна; такой музыкi яна нiколi яшчэ не чула.

- Гэта, пэўна, кветкi танцуюць! - сказала Iда. - Божа, як бы мне хацелася паглядзець!

Але яна не асмелiлася ўстаць з пасцелi, каб не разбудзiць тату з мамай.

- Хоць бы кветкi ўвайшлi сюды! - сказала яна.

Але кветкi не ўваходзiлi, а музыка ўсё працягвалася, такая цiхая, пяшчотная, проста дзiва! Тады Iда не вытрымала, яна пацiху вылезла з ложка, падышла на дыбачках да дзвярэй i зазiрнула ў суседнi пакой. Што за дзiва было там!

У тым пакоi не гарэў начнiк, а было ўсё ж светла, як днём, ад месяца, якi глядзеў з акенца прама на падлогу, на якой у два рады стаялi цюльпаны i гiяцынты; на вокнах не засталося нiводнай кветкi - адны гаршчкi з зямлёй. Кветкi вельмi мiла танцавалi: яны то станавiлiся ў круг, то, узяўшыся за доўгiя зялёныя лiсточкi, быццам за рукi, кружылiся парамi. На фартэп'яна iграла вялiкая жоўтая лiлея - гэта, пэўна, яе маленькая Iда бачыла летам! Яна добра памятала, як студэнт сказаў: "Ах, як яна падобна на фрэкен Лiну!" Усе пасмяялiся тады над iм, але цяпер Iдзе i на самай справе падалося, быццам доўгая жоўтая лiлея падобна на Лiну; яна i на раялi iграла гэтак жа, як Лiна; паварочвала свой прадаўгаваты твар то ў адзiн бок, то ў другi i кiвала ў такт дзiвоснай музыцы. Нiхто не заўважаў Iды.

Раптам маленькая Iда ўбачыла, што вялiкi блакiтны крокус скочыў прама на сярэдзiну стала з цацкамi, падышоў да лялечнага ложка i адхiнуў полаг, там ляжалi вялiкiя кветкi, але яны жыва паднялiся i пахiтнулi галоўкамi ў знак таго, што яны таксама хочуць танцаваць.