Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 17 из 89

- Я лётала над зялёнай пальмай i квiтучым мiндальным дрэвам, - спявала канарэйка, - разам з братамi i сёстрамi я лётала над дзiвоснымi кветкамi i люстранай гладдзю азёр, i нам прыветлiва кiвалi адлюстраваннi прыбярэжных раслiн. Я бачыла чароды прыгожых папугаяў, якiя расказвалi мноства дзiвоснейшых гiсторый.

- Гэта дзiкiя птушкi, - адклiкнуўся папугай. - Яны не атрымалi нiякай адукацыi. Не, будзем людзьмi! Што ж ты не смяешся, неразумная птушка? Калi гэтаму досцiпу смяецца i сама гаспадыня, i яе госцi, дык чаму ж не пасмяяцца i табе? Не цанiць вясёлых досцiпаў - гэта вельмi вялiкi грэх, павiнен вам сказаць. Не, будзем людзьмi!

- А ты помнiш прыгожых дзяўчат, што скакалi пад шатамi квiтучых дрэў? Помнiш салодкiя плады i халодны сок дзiкiх раслiн?

- Канечне, помню, - адказваў папугай, - але тут мне намнога лепш! Мяне цудоўна кормяць i ўсяляк весяляць. Я ведаю, што я разумны, i з мяне дастаткова. Не, будзем людзьмi! У цябе, што называецца, паэтычная натура, а я дасведчаны ў навуках i дасцiпны. У табе ёсць гэтая самая генiяльнасць, але не хапае разважлiвасцi. Ты iмкнешся занадта высока, таму людзi цябе асаджваюць. Са мной яны так паступаць не будуць, таму што я абышоўся iм дорага. Я ўнушаю павагу ўжо адной сваёй дзюбай, а балбатнёю сваёй магу каго заўгодна паставiць на месца. Не, будзем людзьмi!

- О, мая цёплая, квiтучая радзiма, - спявала канарэйка, - я буду спяваць аб тваiх цёмна-зялёных дрэвах, чые галiны цалуюць празрыстыя воды цiхiх залiваў, аб светлай радасцi маiх братоў i сясцёр, аб вечназялёных захавальнiках вiльгацi ў пустынi - кактусах.

- Перастань хныкаць! - прамовiў папугай. - Скажы лепш што-небудзь смешнае. Смех - гэта знак вышэйшай ступенi духоўнага развiцця. Вось хiба могуць, да прыкладу, смяяцца сабака альбо конь? Не, яны могуць плакаць, а здольнасцю смяяцца адораны толькi чалавек. Ха-ха-ха! - разрагатаўся папугай i канчаткова збянтэжыў субяседнiкаў сваiм "Не, будзем людзьмi!"

- I ты, маленькая шэрая дацкая птушачка, - сказала канарэйка жаўранку, ты таксама стала палоннiцай. У тваiх лясах, напэўна, холадна, але затое ты ў iх вольная. Ляцi ж адсюль! Глядзi, яны забылi зачынiць тваю клетку. Фортачка адчынена, ляцi ж - хутчэй, хутчэй.

Пiсар так i зрабiў, вылецеў з клеткi i ўсеўся каля яе. У гэты мiг дзверы ў суседнi пакой адчынiлiся i на парозе з'явiлася кошка, гiбкая, страшная, з зялёнымi злоснымi вачыма. Кошка ўжо зусiм было падрыхтавалася да скачка, але канарэйка замiтусiлася ў клетцы, а папугай заляпаў крыламi i закрычаў: "Не, будзем людзьмi!" Пiсар пахаладзеў ад жаху i, вылецеўшы ў акно, паляцеў над дамамi i вулiцамi. Ляцеў, ляцеў, нарэшце стамiўся, - i вось убачыў дом, якi здаўся яму знаёмым. Адно акно ў доме было адчынена. Пiсар уляцеў у пакой i прысеў на стол. Да свайго здзiўлення, ён убачыў, што гэта яго ўласны пакой.

"Не, будзем людзьмi!" - машынальна паўтарыў ён любiмую фразу папугая i ў тую ж хвiлiну зноў стаў палiцэйскiм пiсарам, якi невядома чаму ўсеўся на стол.

"Божа, злiтуйся, - сказаў пiсар, - як гэта я трапiў на стол, ды яшчэ заснуў? I якi дзiкi сон мне прыснiўся? Якая дурнота!"

VI. Лепшае, што зрабiлi галёшы

На другi дзень, раным рана, калi пiсар ляжаў яшчэ ў пасцелi, у дзверы пастукалi, i зайшоў яго сусед, якi здымаў пакой на тым жа паверсе, - малады студэнт-багаслоў.

- Пазыч мне, калi ласка, свае галёшы, - сказаў ён. - Хоць у садзе i сыра, ды вельмi ўжо ярка свецiць сонейка. Хачу туды пайсцi выпалiць люлечку.





Ён надзеў галёшы i выйшаў у сад, у якiм раслi толькi два дрэвы - слiва i груша; зрэшты, нават такая бедная раслiннасць у Капенгагене вялiкая рэдкасць.

Студэнт праходжваўся ўзад i ўперад па дарожцы. Час быў раннi, усяго шэсць гадзiн ранiцы. На вулiцы зайграў ражок паштовага дылiжанса.

- О, падарожнiчаць, падарожнiчаць! - вырвалася ў яго. - Што можа быць лепш! Гэта мяжа ўсiх маiх летуценняў. Калi б яны ажыццявiлiся, я б тады, напэўна, уцiхамiрыўся i перастаў бы мiтусiцца. Як хочацца паехаць чым далей адсюль, убачыць чароўную Швейцарыю, паездзiць па Iталii!

Добра яшчэ, што галёшы шчасця выконвалi жаданнi адразу, а то б студэнт, бадай, забраўся б занадта далёка i для сябе самога, i для нас з вамi. У той жа мiг ён ужо вандраваў па Швейцарыi, запхнуты ў паштовы дылiжанс разам з васьмярыма iншымi пасажырамi. Галава ў яго трашчала, шыю ламала, ногi зацяклi i балелi, таму што боты цiснулi немiласэрна. Ён не спаў i не драмаў, але быў у стане нейкага пакутлiвага здранцвення. У правай кiшэнi ў яго ляжаў акрэдытыў, у левай - пашпарт, а ў скураным мяшочку на грудзях было зашыта некалькi залатых. Варта нашаму падарожнiку дзюбнуць носам, як яму тут жа пачынала здавацца, што ён ужо згубiў якi-небудзь з гэтых сваiх скарбаў, i тады яго кiдала ў дрыжыкi, а рука яго сутаргава апiсвала трохкутнiк - справа налева i на грудзi, - каб праверыць, цi ўсё цэлае. У сетцы над галовамi пасажыраў хiсталiся парасоны, кульбакi, капелюшы, i ўсё гэта перашкаджала студэнту любавацца цудоўным горным пейзажам. Але ён усё глядзеў, глядзеў i не мог наглядзецца, а ў сэрцы яго гучалi радкi верша, якi напiсаў, хаця i не стаў друкаваць, адзiн вядомы нам швейцарскi паэт:

Цудоўны край у днi вясны!

Манблан бялеецца ўбаку.

Тут, праўда, быў бы рай зямны,

Каб грошай больш у кашальку.

Прырода тут была змрочная, суровая i велiчная. Хваёвыя лясы, якiя пакрывалi завоблачныя горныя вяршынi, здалёку здавалiся проста зараснiкамi верасу. Пайшоў снег, падзьмуў рэзкi халодны вецер.

- Ух! - уздыхнуў студэнт. - Калi б мы ўжо былi па той бок Альпаў! Там цяпер надышло лета, i я нарэшце атрымаў бы па акрэдытыву свае грошы. Я так за iх баюся, што ўсё гэтае альпiйскае хараство перастала мяне вабiць. Ах, калi б я ўжо быў там!

I ён тут жа апынуўся ў самым сэрцы Iталii, дзесьцi на дарозе памiж Фларэнцыяй i Рымам. Апошнiя промнi сонца асвятлялi Тразiменскае возера, што ляжала памiж двума цёмна-сiнiмi пагоркамi, ператвараючы яго воды ў расплаўленае золата. Там, дзе калiсьцi Ганiбал разбiў Фламiнiя, цяпер вiнаградныя лозы мiрна абвiвалi адна адну сваiмi зялёнымi пляцёнкамi. Ля дарогi, пад шатамi пахучых лаўраў, цудоўныя напаўголыя дзеткi пасвiлi статак чорных як смоль свiней. Так, калi б апiсаць гэтую карцiну, як трэба, усе б толькi i сцвярджалi: "Ах, цудоўнейшая Iталiя!" Але, як нi дзiўна, нi багаслоў, нi яго спадарожнiкi гэтага не думалi. Тысячы ядавiтых мух i камароў хмарамi насiлiся ў паветры; дарэмна падарожнiкi адмахвалiся мiртавымi галiнкамi, насякомыя ўсё-адно кусалi i джалiлi iх. У карэце не было чалавека, у якога не распух бы ўвесь твар, пакусаны да крывi. У коней быў яшчэ больш няшчасны выгляд: бедных жывёл спрэс абляпiлi велiзарныя раi насякомых, так што фурман час ад часу злазiў з козлаў i адганяў ад коней iх мучыцеляў, але ўжо праз iмгненне наляталi новыя полчышчы. Хутка зайшло сонца, i падарожнiкаў ахапiў пранiзваючы холад - праўда, ненадоўга, але ўсё роўна гэта было не надта прыемна. Затое вяршынi гор i воблакi афарбавалiся ў неперадавальна прыгожыя зялёныя таны, якiя адлiвалi бляскам апошнiх сонечных промняў. Гэтая гульня фарбаў не паддаецца апiсанню, яе трэба бачыць. Вiдовiшча дзiвоснае, усе з гэтым згадзiлiся, але ў страўнiку ў кожнага было пуста, цела стамiлася, душа хацела прытулку на ноч, а дзе яго знайсцi? Цяпер усе гэтыя пытаннi цiкавiлi падарожнiкаў намнога больш, чым прыгажосць прыроды.