Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 8 из 12



Нарэшце Харчанка выклікаў сакратарку і сказаў, што прыём скончаны і ён едзе ў Зялёны Луг. Калі сакратарка выйшла, Харчанка з усмешкай сказаў да Тодара:

— Вот колькі спраў!

— І колькі дробязей, таварыш капітан!

— Дробязі. Усё наша жыццё з гэтых дробязей складваецца. — сказаў ён неяк сцішана.

Паехалі ўтрох: Харчанка, Тодар і інструктар райкома, таксама былы ваенны. Густое асенняе сонца афарбавала зямлю ў яркія рэзкія тоны. У акантоўцы чорна-сіняй хвоі стаяць чырвоныя клёны. Гэта — як языкі полымя і дзіўна, што яны не падпалілі лесу. У спакоі ляжыць рудое поле, а над ім празрыстае паветра, ядронае і таксама спакойнае. Праехалі крыж, а за ім — абломкі цягача. Можа, ён і штурхнуў думкі Харчанкі:

— Нямецкія фашысты, — сказаў ён, — пакінулі пасля сябе не толькі сляды варварскага разбурэння. Яны пакінулі і ў свядомасці нашых людзей след. Яны намагаліся выпаліць з нашых людзей пачуццё калектывізму, свабоды, сацыялістычных прынцыпаў. Народ выстаяў супроць спакусы, але ў свядомасці многіх фашысцкая атрута зрабіла свой разбуральны ўплыў. Вось чаму мы асабліва ўважліва падтрымліваем кожную новую партыйную арганізацыю на вёсцы. Праз сельскіх камуністаў нам лягчэй будзе рабіць уплыў на калгасныя масы. Я ўпэўнены, што ваша тройка скора абрасце новымі людзьмі, толькі да іх трэба ставіцца ўважліва, правяраць іх.

— Добрага здароўя, матка! — яшчэ з машыны прывітаў Харчанка ста­рую. — Мая праўда: сына прычакалася! А то ўсё непакоілася, што толькі аб горы людзям павінен паведамляць, што будуць клясці.

— Ну, за што ж вас клясці, таварыш ваенком!

Маладзенькі інструктар уставіў слова:

— Ён не ваенком. Таварыш Харчанка цяпер — сакратар раённага камітэта партыі.

Ганна замяшалася. Харчанка ўзяў яе пад руку, а да хлапца сказаў:

— Глупства! Не перашкаджайце нам. Я і ў райкоме астаўся салдатам. Ну, пойдзем, матка, хату сваю паказвай.

Старая ажывілася, зірнула на пачырванеўшага райкомаўца і сказала безапеляцыйна:

— Ваенком ці сакратар, нам усё адно, ён — наш, мілы чалавек.

Тады ў вечары аформілі партыйную арганізацыю ў Зялёным Лузе. Сакра­таром выбралі Тодара. А Ганне дасталося ад Харчанкі — як гэта яна згадзілася, каб хату накрылі драніцамі!

VIII

На сухую землю, на ціхую, лёг снег. І пацягнулася зіма. Звычайная зімовая цішыня панавала ў свеце, але работа ішла сваім чарадом. Дабудоўвалі кароўнік, на млыне ішоў мантаж рухавіка, рабілі сані, рамантавалі інвентар. З хлапечым імпэтам увязаўся ў жыццё калгаса аднарукі Тодар. Ці гэтая рабо­та, ці паветра радзімы зрабілі свой уплыў, але твар зноў быў малады, пад скурай пульсавала здаровая кроў. Па вечарах шумна было ў Ганчынай хаце. Старой моладзь не назаляла, наадварот — яна быццам рада была маладым гучным галасам. Не было яшчэ клуба і Тодар у матчынай хаце арганізаваў «паходную хату-чытальню», як, смеючыся, назваў ён гэтыя вячэрнія сходкі. Тут чыталіся газеты, кніжкі, тут, крышку шапялявячы, грымеў патэфон, часам, адарваўшыся ад сваіх машын, прыходзіў сюды і Чарнушэвіч з баянам і вясковыя хлопцы, як і раней, з цікавасцю сачылі зграбную хаду пасталеўшай, але яшчэ больш прывабнай Агаты. Тут жа арганізавалася партыйная школа. Тодар быў душой гэтай шумнай грамады і многія нават не заўважалі, што ў яго няма рукі. Аднак, аб гэтым ніколі не забывала Ганна і старалася рабіць так, каб вызваліць сына ад хатняй работы, ад такой, якую ён рабіць не можа. Калі што трэба было Тодару рабіць, дык ён злаваў, траціў многа сілы, каб адужаць, прызвычаіцца, і Ганна бачыла, што многа на гэта ідзе ў сына энергіі. Але ён ні разу не паскардзіўся, ён быў упарты, самалюбівы чалавек.

Напраканцы зімы прыйшоў інструкцыйны ліст, у якім прапаноўвалася праўленню калгаса распачаць работы па снегазатрыманні. Зіма сёлета, — пісалася ў лісце, — адменная, мала снегу, значыць — мала вільгаці ў глебе, трэба зрабіць так, каб увесь снег растаў на палях, каб палі ўвабралі ў сябе як мага больш вільгаці.

— Колькі жыву, такога не бачыў і не чуў! — сказаў Нічыпар і сплюнуў.

— Бог снег паслаў, бог і дождж пашле, — даверліва казала Тамашу Кацярына. — Гэта ніколі не было, каб чалавек мог што зрабіць замест бога.

— Ды там жа вучоныя людзі пішуць, пустое не будуць малоць, — не згаджаўся з жонкай Тамаш. — Бог богам, а чалавечы розум — моцная рэч.

Кацярына злавала:

— Маўчы хаця! Ты ў нядзелю робіш, ты і бога забыў.

— Ат жа не валіцца! — пасміхаўся Тамаш, паказваючы на столь новай хаты.

Гутарак вакол ліста было многа. Чарнушэвіч параіўся са Стафанам. Той сказаў, што ліст — не загад, і можна выконваць, і можна абысціся. Вядома, восень была сухая, снег потым лёг малы, вільгаці ў зямлі трохі як бы і малавата, але нешта не верыцца, каб там рознымі хваёвымі лапкамі можна было затрымаць веснавую ваду. На гэты раз Стафан нічога пэўнага не парадзіў, але Чарнушэвіч вырашыў, што ліст можна падшыць у справу, а самому заняцца электрастанцыяй.





Усё было гатова, ужо ставілі слупы, толькі была затрымка з праводкай. І тут трохі выручыў цесць. Аднаго разу ён запрог каня і некуды паехаў. К вечару ён прывёз два вялікія скруткі палявога кабеля. «Адкуль» — аж узрадаваўся Юрка. «Трафейны» — сказаў нібы сур’ёзна. З мястэчка нарэшце прыехаў манцёр, спачатку не хацеў рабіць праводку з гэтага проваду, але потым памякчэў.

Калі Тодар прыйшоў да Шаршнёў у хату, якраз закончылі праводку. Стафан скруціў у пальцах новенькі патрон, што павіс на чырвоным провадзе над сталом, манцёр сядзеў на лаве побач з Чарнушэвічам і той з захапленнем апавядаў:

— У стайні — лямпачка! Кароўнік таксама асветлены. Малочная ўся электрыфікавана! І гэта ўсё ад маленькага рухавічка.

Тодар здагадаўся, пра што ідзе гаворка, але ўсё ж запытаўся:

— Дзе гэта такое?

— У Германіі бачыў.

— Ага!

Агата падсунула Тодару табурэтку.

— Заўтра ў вашай хаце будзем рабіць мантаж. Па нядзелі з раёна провад прывязуць, тады вонкавую праводку зробім, і ўсё будзе гатова. Шкада, што клуба няма.

— Шкада. Хоць бы хату-чытальню на першы выпадак, — сказаў Тодар. — Трэба пабудаваць адзін хаця дом, каб і праўленне ў ім было, і хата-чытальня.

— Будзем будаваць! — упэўнена сказаў Чарнушэвіч.

— Але ёсць больш пільныя справы. Райаддзел папярэджвае, што вясна будзе сухая.

— Ты пра гэты ліст? Гаспадары кажуць — глупства.

Тодар зірнуў на Стафана. Той не выпускаў з рук патрон і пасміхаўся.

— Што кажуць — гэта не важна. Дзяржава многае робіць, што старым людзям здаецца непатрэбным і дзіўным. Каналы будуюць, мары, новыя расліны вырошчваюць.

— Я гэта ведаю, сяржант.

Можа, і не хацеў перапыняць яго, але Стафанава ўсмешка прымусіла.

— Мяркую, што трэба зрабіць тое, што прапануецца ў лісце.

— Каб хаця людзям занятак даць, — заўважыў Стафан. Пусціў з пальцаў патрон і ён пачаў гойдацца. — Усё гэта глупства! Можа, для якой краіны гэта і добра, а ў нас засухі не было ніколі.

— Але можа быць.

— Хто гэта ведае, што будзе. Прырода свае законы правіць.

— А людзі свае.

З гутаркі нічога не выйшла. Тодар аж узлаваўся, што Чарнушэвіч маўчаў, а ўвесь час адказваў яму Стафан, не прапускаючы слова. Тодар нарэшце развітаўся, вырашыўшы адкласці гутарку да іншага разу. Ён папрасіў, каб з раёна прыслалі лектара. Лекцыя на тэму, як чалавек кіруе прыродай, адбылася ў перапоўненай Ганчынай хаце, слухалі яе надта ўважліва, бо лектар гаварыў аб цікавых справах. Аб тым, як воляй бальшавікоў перарабляецца чалавек, як гэты волат-чалавек перарабляе прыроду, прымушаючы яе быць паслухмянай. Аб тым, як за паўночны круг прыйшлі яблыні, як жоўтыя пустыні аджылі ад вады, што прыйшла па каналах, як па маленькіх рэчках пайшлі акіянскія параходы, як успыхнула ў мядзведжых кутках электрычнасць. Пад канец завітаў у хату і Чарнушэвіч. Спачатку ён разглядаў людзей, думаў аб сваім, а потым і яго захапіў лектар. Пасля лекцыі Тодар пераказваў змест ліста і прапанаваў арганізаваць брыгаду для работы па снегазатрыманню. Але тут паднялася Галя Краўчанка, камсамолка, і сказала, што некалькі чалавек моладзі хоча арганізаваць сталую брыгаду, гэтая брыгада правядзе работу па снегазатрыманню, усю веснавую работу, сяўбу, будзе даглядаць пасевы, але няхай праўленне вызначыць для брыгады пэўныя ўчасткі.