Страница 1 из 12
Барыс МІКУЛІЧ
ЗЯЛЁНЫ ЛУГ
Аповесць пра маіх знаёмых
І
Пчаліны рой прыляцеў у разбураны вулей, і ў гэтым была надта вялікая Ганчына радасць. Цяпер ужо ў яе быў пэўны клопат і не так балела сэрца, калі старая самотная жанчына глядзела са свайго пагорка на зруйнаванае сяло. Грудкі цэглы ды парасцягненае бярвенне, рэдкія голыя каміны ды леташняе сцябло траў... А цяпер над пагоркам лёталі руплівыя пчолы, напаўняючы паветра працавітым гудам, а сэрца старой — надзеяй. Вясна была халодная, дзьмулі з захаду рэзкія вятры, наганяючы парваныя хмары, з якіх сек то халодны дождж, то дробны, быццам град, снег. Пчолам было надта цяжка змагацца з такой чортавай пагодай, многія з іх гінулі — і ад холаду, і ад нястачы харчоў. У голым полі, можа, дзе зацвіталі першыя пралескі ды на ўзлессі, можа, гарэлі рэдкія сінія ды жоўтыя сны, але пчолам, відаць, не ўсім шчаслівілася да іх дасягнуць. Многія з пчол, слабыя, гінулі. Ёсць нешта вельмі сумнае і жаласлівае ў выглядзе паміраючай пчалы. Ні руплівасці, ні працавітага гудзення, ні ваяўнічай імклівасці. Ціхае кволае зумканне, імкненне знайсці ямінку, шчылінку, каб забіцца ў яе, схавацца ад сонца, ад галасоў сваіх крылатых сяброў, ад прынаднага паху кветак, да якіх ужо не даляцець. Ганна брала пчолак на далоні і яны слаба тыкаліся ў глыбокія боразны зморшчын, нарэшце падалі на зямлю. У гэткую хвіліну прыгадваліся старой сыны. Яна так стаяла з працягнутай далонню і позірк яе прасветленых на момант вачэй блукаў недзе далёка, на людзях, сярод сыноў. Яна, можа, што і думала, але не, мусіць, не думкі паглыналі яе ўвагу, а быццам прывід жывых сыноў паўставаў перад ёю. Потым схамянецца — падхарчаваць бы пчолак цукровай вадзіцай ці перавараным у вадзе мядком. Але ў маленькім скляпку, які адзін і ўцалеў на пагорку, нічога такога не было ў старой, каб прадаць ці вымяняць на цукар. У склепе было надта нядобра, сцюдзёна, але ўсё лепш, чым пад небам, добра, што ён хоць уцалеў ад немцаў, бо зямлянку скідаць не вэдлуг яе сілы.
Хоць і халодная, але ішла вясна і трэба было што рабіць. Пчала б’ецца за жыццё, а чалавеку тым больш не прыставаць трэба, аж пакуль ногі ходзяць па зямлі. Ганна бачыла, што навокал на руінах хто-дзе пачаў варушыцца, значыць — і ёй трэба было рабіць. Але як было рабіць, з чаго пачынаць? Пры немцах сеялі аднаасобна, хто як, а цяпер на сяле частка крычала, каб так і сеялі, а частка дбала пра калгас, і Ганна ўзяла руку апошніх. Нарэшце на кані верхам прыехаў з раёна ўпаўнаважаны, доўга гутарыў і нарэшце-такі аднавілі калгас. З саўгаса, дзе пры немцах быў маёнтак, прывезлі сеялку, жатку, а потым дзяржава пачала даваць у крэдыт жывёлу і, значыцца, зноў пачалі ажывацца.
Рупіла Ганне дайсці да мястэчка, каб хаця даведацца аб сынах, але пакуль што не было аддыхі ад работы: яна, як і даўней да вайны, што дня рабіла ў калгасе, быццам не заміналі гады і быццам сын Антон па-ранейшаму кіраваў калгасам. У гэтыя цяжкія часіны Ганна вырашыла, што яна павінна ўзяць бок тых, хто пачаў аднаўляць калгас, бок сына свайго Антона, які невядома дзе быў, бок забітай яго жонкі Ніны. Надта мала засеялі ў тую першую вясну пасля вайны, надта цяжка было ўсіх людзей зноў заахвоціць да супольнай работы, цяжка было сабраць патрэбны інвентар, які парасцягвалі за гады вайны. Ганна штодня ішла на работу з салодкай надзеяй, што, можа, сёння прыйдзе з вайны сын Антон ці сын Тодар, першы — добры і вясёлы гаспадар, другі — яшчэ зусім маладзёнак, матчын пястун. Усё цяпер рабіла старая так, быццам ведала, што большы сын глядзіць на яе працу шэрым сваім вясёлым вокам і кажа — гэта добра, а гэта — дрэнна.
Нарэшце выдаліся ціхія, цёплыя дні, і Ганна пайшла ў мястэчка за 15 вёрст. Ішла яна не спяшаючыся, але спора, гаспадарлівым і бывалым вокам аглядаючы свет. Вось тут апошні раз бачылася яна з сынавай, іх гналі ў мястэчка, а Ніна ўпіралася, яе два разы ўдарылі, а потым яна павалілася, яе прыстрэлілі. Вось тут... гэта было-такі гадоў трыццаць пяць таму назад... светлавалосы Паўлік пераняў маладую Ганулю, прыступіўся, і яна сказала — калі бацькі аддадуць, пойдзе за яго... А гэта Паўлу толькі і трэба было. Тады стаяў тут на развілках белы новы крыж з фартушкамі, ён стаяў скрозь усе гады, яго не чапалі, ён толькі счарнеў, а немцы прыбілі да яго надпісы з назвамі вёсак. Няма цяпер гэтага крыжа, толькі буйная шыпшына засталася. У гонях дзвюх ад дарогі скрозь быў вясёлы лес, немцы яго пасеклі і цяпер адны толькі жоўтыя пні віднеюцца навокал — на іх выступілі кроплі жывіцы. Вось абгарэлы танк. Руіны вёскі. І ўсюды, як кінуць вокам, дружная вясновая зеляніна. Прырода рупна залечвае свае раны, чалавеку гэта цяжэй.
У мястэчку яна пайшла ў райваенкамат. У цесных ад розных рэчаў і скрыняў пакоях народу было не так многа. Відаць, што толькі-толькі тут ладзіўся парадак і яшчэ не паспелі як след усё папарадкаваць. Яна прыгледзелася да ваенных і выбрала аднаго — светла-русага, як Тодар, з пісягом падкоўкай на падбародку. Ён нешта пісаў, нахіліўшыся над сталом, і падпяваў сваёй рабоце. Ганна прыступілася да яго. Ён перапыніў работу і пачаў слухаць. Старая бачыла, як ураз вясёлыя аганькі згаслі ў шэрых вачах, твар зрабіўся ўважлівы, сур’ёзны.
— Пачакай, матка, тут, — нарэшце сказаў светларусы, — пра меншага сына мы нічога яшчэ не ведаем, а пра Антона Красуцкага... — Ён рэзка, нагой, адсунуў крэсла і выйшаў з пакоя.
У цяжкім хваляванні прайшло некалькі мінут. Тады здавалася — гадзіны прайшлі. Гэта ж тры гады не мела магчымасці маці даведацца пра сыноў. Чакала, што яны прыйдуць самі, яна перамые ім бялізну, свежага сена прынясе і пакрые яго чыстай пасцілкай, каб стомленыя сыны нарэшце адпачылі як след. А яна, маці, будзе ціхенька сядзець і глядзець на змораныя іхнія, салдацкія твары. Светларусы нарэшце прынёс нейкія паперы і скрыню, якую ён паставіў на стол. У дзвярах мільгануў нейкі чалавек і спехам прычыніў іх.
— Вось. — сказаў хрыпла светларусы. — Ваш сын Антон Красуцкі, гвардыі капітан, загінуў, як герой.
Не, тады не плакала Ганна. Яна ўзяла паперы, два Антонавых ордэны, скрыню з ваеннай вопраткай і несла ўсё гэта ашчадна, як калісьці насіла малога. І толькі дома, у сырым склепе, частыя слёзы паліліся на зашчытны фрэнч, на картачку, на два ордэны, на гэта ўсё — што засталося ад старэйшага сына. Яна нават не звярнула ўвагі на грошы, якія былі тут. Што ёй — старой — былі яны? А над пагоркам хадзіла вясновае сонца, руплівыя пчолы, памацнеўшы, лёталі, несучы нектар і пяргу, напаўняючы паветра заўзятым гудам. Спяваў жаўрык, даносіўся стук сякеры. Раптам яна пачула галасы.
— Вот добрае месца, сухое, вясёлае!
Яна глянула праз шчыліну ў дашчатай фортцы і ўбачыла незнаёмага чалавека, з круглай бародкай, бародка — рудая, з асобнымі сівымі валасамі. Побач з ім стаяла дзяўчына — невялікая, але ладная, вастраносая, быстрая. На плячах у дзяўчыны была блакітная хустка — тонкая, шаўковая. Ганна выйшла да іх.
— Што вам тут трэба, людзі?
Дзяўчына адвярнулася, а чалавек, гасячы ў вуснах непатрэбную ўсмешку, адказаў:
— Хату будзем тут ставіць, мы — прыезджыя.
— Хату тут буду ставіць я, — сказала Ганна. — Сорак гадоў тут стаяла наша хата. Гэта — мая сядзіба.
Рудабароды паглядзеў на самотны вулей, на груду цэглы, на зарослы маладой спорай травой склепчык, і ўжо не хаваў усмешкі, а так, смеючыся, лагодна заўважыў:
— Колькі табе, старая, трэба? Мы твайго палаца не кранем. Месца добрае сухое, вясёлае.
Дзяўчына пайшла з пагорка і стала на вуліцы, узіраючыся ў далечу. Там, куды яна глядзела, быў выган, на выгане пасвіліся каровы, над каровамі было веснавое неба — без хмурынкі. Сонечны спакой панаваў у свеце. Дзяўчына пазяхнула, і лёгкае хваляванне прайшло па ўсёй яе зграбнай постаці.
— Не мне палац, — абурана сказала Ганна, — а сынам. Вось. — Яна пабегла ў скляпок, вынесла адтуль ордэны і зноў, паказваючы іх, сказала: — Вось.
Чалавек пальцам паскроб у барадзе. І месца яму падабалася, і сварыцца не хацелася. Гэта было выразна відаць па яго твары.