Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 4 из 12

IV

Тамаш праводзіў Чарнушэвіча з таварышамі і, хаця бралася толькі-толькі на дзень, пайшоў ад гасцінца праз калгасную сенажаць да ракі — там па кустах укасіць хоць крышку і сваёй рабой. Але, праходзячы праз сенажаць, убачыў недакошаны ражок, нехта з касцоў адстаў. Тамашоваму гаспадарскаму воку было непрыемна бачыць гэты недаробак і ён аж спыніўся. Хто ж гэта касіў? — думаў ён. — От гультай, от абібок! — Тамаш не мог цярпець недаробак, усё рупіла рабіць так, каб справа заканчвалася сёння, каб назаўтра можна было рабіць новае. Ён не цярпеў і недаедзенай міскі круп, і недапітай чаркі. На стале — недаёд, на полі — няўрод! — казаў ён і ўсе зналі Тамаша за спраўнага гаспадара. І калі зноў пасля нямецкае нягоды пачалі збіраць калгаснае дабро ў супольную гаспадарку, усе пашкадавалі, што сярод іх няма іхняга былога старшыні Антона Красуцкага, а пашкадаваўшы, вырашылі за старшыню зрабіць даўнішняга ключніка — Тамаша. Ён без кніг ведаў, без запісаў, хто што забраў у свой двор з калгаснага дабра, і цяпер рупна збіраў яго. Аднак, сам Тамаш казаў, што не яму старшынстваваць, што ён «не ўмее камандаваць», а жонка яго, гэткая ж руплівая, аднак — куды спрытнейшая за мужа кабета, казала, што «Тамаш да начальства талентаў не мае». Дык пагадзіліся на тым, што ён возьмецца часова, а потым мо’ раён нараіць каго ў старшыні. І бывала ўгоніць чалавека ў злосць, дык ён адно адмахнецца рукой і скажа: я — часовы, рабіце, як ведаеце. Тамаш добра ведаў, што трэба рабіць, але і сапраўды да ўсяго не хапала «таленту».

А трэба было рабіць край як багата.

Багата зямлі дзірваном легла за гады нямецкага панавання. Сёлета на працэнтаў шэсцьдзясят узнялі, а рэшту не адужалі. Ледзь управіліся з сяўбой, узяліся за калгасныя будынкі — усё ж гэта папалена: і кароўнік, і свіран. А тым часам падышла касавіца і ўсе сілы кінулі на сенажаць. Трэба прызнацца, не ўсе добра браліся за работу. Якія там свірны, калі самі ў гнілых ямах сядзім, — казалі. Тамаш разумеў, што трэба будаваць хаты. Дзяржава давала пазыку, дарма пілавалі дошкі, але гэтага было мала. Трэба было арганізаваць у калгасе рабочую сілу, бо калі яе не арганізаваць, дык кожны сабе будзе рабіць і тады калгасная гаспадарка адсунецца на задні план. Тамаш быў вельмі задаволены, што прыехаўшыя з раёна хлапцы дапамаглі вывезці лес, добра, што і хату старой Ганне паставілі. Ён усё важыўся пайсці ў раён, каб яшчэ далі машыну, але падаспела касавіца. І вось тут упершыню сутыкнуліся Тамашовы жаданні з людскімі намерамі: многія ўхіляліся ад касьбы, спасылаючыся на тое, што ў сваёй сядзібе трэба спачатку лад знайсці. У Тамаша не хапала сілы з некаторымі сварыцца, ён тады махаў рукой, кідаў сваё ўлюбёнае — От, абівалка! — браў касу ці сякеру і рабіў сам. Вось у працы ён адыходзіў, злосць сціхала, рабілася лёгка на сэрцы. А да ўсяго — яшчэ і Тамашыха мэнчыла чалавека.

— Навошта табе заядацца з людзьмі, — казала траха што не кожны вечар Кацярына, бегаючы па дзядзінцу і робячы амаль дзесяць работ узапар. — Ці табе больш за ўсіх трэба? Ты ж часовы! Не трэба заядацца з суседзямі. Я і так сёння ў сне бачыла, што наш зруб гарыць.

Гэты зруб — новы, недакончаны — быў тым самым каменем, аб які білася даўняя сямейная згода. Рубіў яго Тамаш кароткімі раніцамі ды адну-дзве гадзіны парабляў увечары, каб не адрываць часу ад калгаснай работы. Але, ведама, часу было гэтага мала, а чалавеку карціла рабіць, і ён неяк парабляў у нядзелю, потым і ў другую. Тут Кацярына не змаўчала.

— У святкі рабіць — грэх! Усё адно ў гэтай хаце не будзе шчасця. Пабойся бога! Учора, як заходзіла сонца, я ткі бачыла чорны крыж на небе. Будзе бяда.

Столькі прыкмет і столькі знаменняў было ў Тамашыхі, што спакойны і трохі з гумарам Тамаш пачаў не на жарты злаваць на жонку. Гэтага не рабі, гэтага не трэба, тады не бярыся! Дайце рады! Ён цяпер ахвотна выпраўляў Кацярыну ў царкву, а сам тым часам браў сякеру і хоць бервяно, але такі дакладаў да будыніны. І чаму б суседзям не будавацца — спакваля, покуль гарачая пара — памаленьку, а потым, як поле да парадку давядзём, грамадой возьмемся. Дык не, не ўсе так разважаюць. Недарма кажуць — што не чала­век, то і розум.

Тамаш пастаяў над недакошаным ражком і пайшоў махаць касой. Праз нейкую абівалку рабая яго без травы будзе!

І тут ён успомніў учарашнюю гутарку са Стафанам. Тамаш прыйшоў да яго і заспеў на дзядзінцы. Стафан распілоўваў плашкі, каб зрабіць зруб сваёй, нядаўна выкапанай, крыніцы.

— Добры вечар!

— Добры вечар! — адказаў Стафан і па твары прабегла непатрэбная ўсмешка, схаваўшыся ў рудых вусах, крануўшы іх. — Прынясі старшыні лаўку! — гукнуў ён у хату.

— Дарма! — аж збянтэжыўся Тамаш — я тут у халадку. — Ён сеў на новых прыступках і колькі хвілін сачыў за спрытнымі Стафанавымі рукамі.

— Ну, як, ажываешся?

— Не прывыкаць! Толькі сядзіба малая. Сотак трыццаць прырэзаць па закону палагаецца. Ганна ў суседзі не пусціла, а ёй, старой ды адзінокай, і не трэба.

— Па восені і без Ганнінай сядзібы знойдзем адкуль адрэзаць, — сказаў Тамаш. — Старую абіжаць не можна, яе сыны за нас ваююць, адзін голаву злажыў. Быў у нас за старшыню, шкада такога чалавека. Цяжкая доля старой выпала.





— Кожнаму выпала цяжкая доля! — неяк чмыхнуў у рудыя вусы Ста­фан. — Агата! Нясі капшук, старшыню пачастуй.

«От, халера, дылындыча адно — старшыня, старшыня!» Агата прынесла капшук, у ціхім надвячоркавым паветры прагучала скрыпічная фраза — «Добры дзень!» «Выліты партрэт, уся па бацьку, толькі той руды, абівалка».

— Ці не пакошваеш заўтра, Стафан? — не закурваючы, прыступіўся Тамаш.

Той узняў галаву ад плашак і калючыя вочы спыніліся на Тамашовым твары, ледзь ніжэй носа. «І чаго чалавек пасміхаецца?» Тамаш нават пальцамі скрабануў сваю пасівелую бараду.

— Агата штодня ў калгасе робіць, ты гэта ведаеш. А я ўпраўляюся з хатай і хлявом, паркан пастаўлю, тады таксама пайду рабіць. Я ж член новы, у вас не ўсе робяць апрача мяне.

— На іншых не спіхайся, пра іх гаворка не ідзе. Я ў цябе пытаюся. Сена­жаць, як лес, стаіць і дні такія, што грэх не касіць. Пагодай карыстацца трэба.

— Упраўлюся, пайду.

Адчуванне неспакою ўзнікла ў Тамаша. Так заўсёды ў яго было, калі чалавек не хацеў з ім пагадзіцца, і было дзіўна, чаму ідзе наўпрэкі, калі тое, што кажа Тамаш, бессумненнае і пільна патрэбнае.

— Дык ты мяркуеш, што з касьбой можна і пачакаць?

Стафан падагнаў плашку да плашкі, потым паклаў сякеру і сеў на зямлі. Прысадзісты, здаровы, з крутой кароткай шыяй, сядзеў ён перад Тамашом і пасміхаўся. Стружка прычапілася да рудога вуса і пакіўвалася пакваля — нібы і яна смяялася.

— Уласць нам кажа з зямлянак вылазіць, ажывацца, — ад простага адказу вось чым ухіліўся Тамаш. — Я б меў права ад цябе дапамогі прасіць, але мне пашэнціла хату на знос прыдбаць, дык я і без вашай дапамогі ўпраўлюся. Толькі не замінай, братка. Я раблю ўгодную дзяржаве справу.

Не, не тое, што трэба, казаў гэты чалавек. Тамаш добра разумеў, што зусім не тое, але ў яго не было слоў, каб адказаць, як след.

— А пакошваць трэба, — адно сказаў ён і ўзняўся, каб ісці. Каля брамы ўжо сказаў: — У цябе і так усё тут, як мае быць. Так, быццам і не гарэў ты, а пераехаў з месца на месца.

— Я не чакаю, покуль з неба зваліцца. Я — гаспадар! — услед засмяяўся Стафан.

Ужо з-за лесу стрэліў порсткі сонечны прамень. Ужо ў неба падняўся жаўрык. Ішла лагодная летняя раніца. Тамаш павярнуў з сенажаці да сяла. Дружна бяруцца зернавыя на калгасным полі. Шкада, што не ўдалося засеяць усё, што меркавалі, увосень будзе зноў цесна. Але як ні біўся за гэта Тамаш, многія не падтрымалі. Вось, напрыклад, хударлявы чорнабароды Нічыпар. Калісьці ён быў добрым супольнікам, рабіў у калгасе, спраўна, пагодліва жыў з суседзямі. А і ён больш пільнавацца стаў сваёй сядзібы і часам не-не, а ўздыхне: які шнур у яго быў пры немцах!.. Многім атруцілі мазгі гэтыя нямецкія гады, некаторых збілі з той роўнай дарогі, па якой ішлі аж з трыццатага года. Цяжка звычайнаму чалавеку, не вельмі нават пісьменнаму, такому, як Тамаш, лячыць гэтых людзей. От бы быў жывы Антон, ён быў чалавек з галавой, умеў да кожнага знайсці патрэбную сцежку, умеў бачыць не толькі тое, што чалавек каторы робіць, але і што мяркуе рабіць. Шкада, што не пераказаў Тамаш сваю гутарку Юрку Чарнушэвічу ці Зубу, яны — франтавікі, парадзілі б, што рабіць, дапамаглі знайсці такое слова, ад якога ўсе доказы Стафанавы разляцеліся б ушчэнт. З такімі думкамі выходзіць Тамаш на дарогу.