Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 94 из 95

«Логіка» маньяка была дзяржаўным мысленнем фашысцкай імперыі, і не дзіўна, што і паплечнікі Гітлера разважалі і дзейнічалі ў тым жа кірунку. Калі справа, напрыклад, датычылася партызан ды і наогул усёй сітуацыі на акупаваных землях.

Улетку 1943 года Гімлер разаслаў начальніку карных груп, вышэйшым начальнікам СС і паліцыі Украіны, а таксама «сярэдзіннай Расіі» загад Гітлера пра тое, што «вобласці паўночнай Украіны і сярэдзіннай Расіі павінны быць ачышчаны ад усякага насельніцтва». Тут мелася на ўвазе і беларускае Палессе, якое немцы ўключылі ў «рэйхскамісарыят Украіны».

«Сярэдзіннай Расіі» ў немцаў ужо не было, а Палессе яшчэ трэба было нанова адваяваць — ад партызан, каб прыступіць да выканання гэтага чарговага людаедскага загаду. Але загад напісан, і фюрэры чакаюць, што нейкія сілы выканаюць яго дакладна. Былі ж сілы для гэтага…

Праз нейкіх 10 дзён Гімлер гнеўна паўтарае свой загад — бо штосьці сапсавалася ў «машыне», недакладна працуюць яе звенні і «шурупчыкі-людзі». I зноў былы аграном Гімлер выкладвае свае (і свайго фюрэра) ідэі пра барацьбу з партызанамі з дапамогай кок-сагызу. Але найперш — планы помсты насельніцтву, якое ўсё яшчэ жыве і збіраецца перажыць і «планы» гітлёраўскага Берліна, і саміх аўтараў усіх тых людаедскіх загадаў і намераў.

Рэйхсфюрэр СС Аператыўнае ўпраўленне №З9(168)4З 20 ліпеня 1943

САКРЭТНА

1. Начальніку паліцыі бяспекі і СД.

2. Начальніку карных груп па барацьбе з бандамі.

3. Вышэйшаму начальніку СС і паліцыі сярэдзівнай Расіі.

4. Вышэйшаму начальніку СС і паліцыі паўднёвай Расіі.

5. Начальніку галоўнага гаспадарчага і ўпраўленчага аддзела СС.

Пэўны час таму назад я выдаў загад аб тым, што на ўсходзе павінны быць усталяваны лагеры, у якіх мы будзем гадаваць дзяцей эвакуіраванага бандыцкага насельніцтва, рабіць з іх прыдатных да працы людзей, якія пазвей будуць уяўляць сабой добрую рабочую сілу для нямецкага народа. Як мне здаецца, вырашэнне гэтага пытання не надта пасоўваецца наперад. Разам з тым я атрымліваю ад начальніка паліцыі бяспекі і СД ад 10.7.1943 г. прапанову аб ізаляваным утрыманні жонак бандытаў разам з іх дзецьмі ў спецыяльным лагеры Траўнікі. Гэтая прапанова, на маю думку, не з'яўляецца рашэннем праблемы.

Я прашу адпаведных начальнікаў галоўных упраўленняў і обергрупэнфюрэраў СС разам абмеркаваць і правесці ў жыццё наступнае выдадзенае мною распараджэнне.

Фюрэр загадаў, каб бандыцкія тэрыторыі паўночнай Украіны і сярэдзіннай Расіі былі канчаткова і без астатку ачышчаны ад насельніцтва. Гэта павінна быць зроблена на працягу наступных чатырох месяцаў. У будучым гэтыя тэрыторыі трывала застаюцца недаступнымі для засялення бандытамі, таму што там яны не будуць мець нічога для пражытку — ні сховішча, ні харчовых прадуктаў. З другога боку, я думаю, што мы не павінны пакідаць гэтыя тэрыторыі неасвоенымі — у сэнсе атрымання пушніны і выкарыстання зямлі. Уяўляю сабе перш за ўсё дзве магчымасці.

1. З сіламі, дастатковымі для падтрымання бяспекі, мы займаем на некалькі тыдняў тую ці іншую тэрыторыю. Разам з намі прыбывае персанал ляснога ўпраўлення, а з ім — рабочыя-дрэвараспрацоўшчыкі. На працягу гэтых тыдняў праводзіцца вырубка ў ахоўваемых лясах, і, што, можа, самае лепшае, драўніна вывозіцца на нізкарослых рускіх конях: або на чыгунку, або, калі яшчэ стаіць лета, да водных шляхоў, па якіх яна будзе сплаўляцца.

2. На землях, якія акажуцца прыгоднымі, мы пачнём вырошчванне кок-сагызу або іншых раслін, якія нам могуць спатрэбіцца, але якія не ўжываюцца людзьмі ў ежу. Я маю на ўвазе, напрыклад, каноплі (не лён) ці алейныя культуры або развядзенне вярбы (для снарадных кашоў). Магчыма, знойдуцца і некаторыя іншыя такога роду расліны. Але перш за ўсё я думаю пра вырошчванне, пры наяўнасці добрай зямлі, кок-сагызу. У гэтым сэнсе тут можна было б ужыць спосаб дзеяння, як пры выкарыстанні лясоў для атрымання драўніны.

Пры вырошчванні гэтых культур я не баюся разбурэнняў ад рук бандытаў, бо нават вялікая колькасць людзей, якія тым не меней апынуліся б на пазбаўленай спажыўных прадуктаў тэрыторыі, маглі б знішчыць пасеўныя плошчы толькі вытраўліваннем раслін, пераворваннем або вытоптваннем. А гэта наогул вельмі складаная справа, і яна магла б быць лёгка выяўлена і спынена кантрольнымі аблётамі.





У тыя дні, калі для апрацоўкі глебы або збору ўраджаю патрабуецца шмат рабочай сілы, тэрыторыя займаецца намі і туды ўвозяцца жанчыны і дзеці для выканання сельскагаспадарчых работ.

Таму я лічу мэтазгодным, каб жонкі бандытаў і ўсе сабраныя дзеці былі расселены ў вёсках на ўскраінах бандыцкіх тэрыторый і заняты там карыснай працай: напрыклад, пляценнем кашоў і таму падобным. Яны павінны, аднак, атрымліваць рацыён прадуктаў харчавання, дастатковы толькі на некалькі дзён, і ім не павінны выдзяляцца ніякія сельскагаспадарчыя ўгоддзі ў памерах большых, чым гэта патрэбна для пракорму саміх сябе і дзяцей. У час збору ўраджаю павінна быць удзелена ўвага таму, каб усё сабранае складвалася намі ў бяспечных месцах, каб банды ніякім чынам не маглі харчавацца за кошт раскрадання прадуктаў ці іх разгублення. З другога боку, дастатковае дзённае харчаванне рабочых шляхам выдачы ім дзённага рацыёну павінна праводзіцца выключна па рускай акорднай і стаханаўскай сістэме.

Я спадзяюся, што групэнфюрэр СС Глобачнік правядзе гэтую работу як самую першачарговую ў сярэдзіннай Расіі. Оберштурмбанфюрэр СС Г. Гімлер.

Тое, што раней і зусім нядаўна выглядала злавесна, усё больш ператвараецца ў мітусню раз'юшаных і перапалоханых пацукоў, якіх вось-вось спасцігне расплата. Усё менш у фашысцкіх кіраўнікоў магчымасці помсціць насельніцтву акупаваных зямель. Тым больш — думаць пра «канчатковае ўрэгуляванне».

I тым не менш яны працягваюць выконваць той свой першапачатковы план «Ост». Рушацца ваенныя стратэгічныя і тактычныя планы, надзеі на перамогуі на хуткае сусветнае панаванне, на тысячагадовы «трэці рэйх», а яны вунь як стараюцца забіць… ну, хоць яшчэ адно дзіця — рускае, беларускае, украінскае, польскае…

Што тут — аўтаматызм нейкага бяздумнага жудаснага механізму? Не, не толькі. У нейкіх штабах і ў нечых мазгах усё гэтамела цалкам «рацыянальны» сэнс, служыла плану яшчэ больш глабальнаму.

Пангерманізм, — а гітлерызм, нацызм можна разгледжваць як асабліва злавесны этап у развіцці і дамаганнях даўняга пангерманізму, — заўсёды кіраваўся наступньім: нават прайграючы вайну, зрабіць як мага большую шкоду сумежным краінам, народам. Асабліва — іх «біялагічнаму патэнцыялу», каб «наступным разам» іх было менш, а немцаў больш…

Адзін з пангерманістаў, Клаус Вагнер, яшчэ ў 1906 годзе ў сваёй кнізе «Вайна» прапаведаваў:

«Давайце смела арганізуем масавае прымусовае перасяленне еўрапейскіх народаў. Нашчадкі будуць нам удзячныя. Неабходна будзе ўжыць меры прымусу. Гэтыя народы трэба загнаць у рэзервацыі, дзе мы будзем трымаць іх ізаляванымі, каб мы маглі атрымаць прастору, неабходную для нашай экспазіцыі».

Голас, інтанацыі, фразеалогія — цалкам розенбергаўскія… Або вось яшчэ — з выступлення другога пангерманіста, Генрыха Класа, які прарочыў у 1913 годзе:

«Мы павінны закрыць нашы сэрцы для літасці…

…Малыя краіны, накшталт Галандыі і Бельгіі, страцілі сваё права на існаванне…

Мы павінны праводзіць агрэсіўную палітыку. Францыя павінна быць знішчана раз і назаўсёды. Няхай вайна будзе для нас свяшчэннай. Мы павінны вітаць яе як лекара нашай душы… Мы чакаем фюрэра! Цярплівасць, цярплівасць, ён з'явіцца».

А ў 1943 годзе — ужо ад імя таго цярпліва чаканага фюрэра — фельдмаршал Рундштэд вучыў слухачоў Берлінскай ваеннай акадэміі:

«Знішчэнне суседніх народаў і іхніх багаццяў зусім неабходна для нашай перамогі. Адна з сур'ёзных памылак 1918 года заключалася ў тым, што мы не знішчалі грамадзянскае насельніцтва варожых краін, бо неабходна, каб немцы заўсёды, прынамсі ўдвая, пераўзыходзілі па колькасці народы сумежных краін. Таму мы абавязаны знішчыць, прынамсі, трэцюю частку іх жыхароў…» Нават фактычна прайграўшы вайну, яны яшчэ ўсё забівалі — жанчын, дзяцей… Яшчэ хоць адно рускае, беларускае, украінскае, польскае дзіця… I аўтаматызм у гэтым — кашмарны аўтаматызм фашысцкай машыны знішчэння. У кожным паасобным выпадку. А ў цэлым — зноў план, зноў разлік. На далёкую будучыню.