Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 93 из 95

Пра таго расплаканага немца ўспамінае таксама Яўхіма Баланцэвіч:

«…Одын німець зайшоў до хаты і ламаў на собе рукы. Я бачыла сама. Так подывытся на той народ, так во пакалыхае галавою, адвэрнэцца і платочком вытыраўся. I ўсі бачылы — тыя, шо і побытэ потым людэ. Кажуць:

— Дывысь, як плачэ…

I ён не выстаяў, дэсь выйшаў у солтысавы сіні і ўпаў. Сам упаў. I тоды, як побачылы ёго, одразу одвэзлы. Німцы одвэзлы.

Пытанне: — На падводзе?

— Не, легковою ёго одвэзлы»…

Зманіў у справаздачы обер-лейтэнант Мюлер, — аказваецца, не па падазрэнню на жаўтуху быў адпраўлены ў Брэст адзін яго падначалены. Зрэшты, і схлусіў Мюлер без асаблівай рызыкі. Найвышэйшы яго начальнік Гімлер настойваў, каб называць праявы чалавечнасці — слабасцямі, значыць, нядужасцю. Выступаючы на нарадзе обер-групэнфюрэраў СС з акупаваных усходніх зямель у Познані 4 кастрычніка 1943 года, Гімлер хваліўся сам і хваліў сваіх падручных за тое, што яны пазбавіліся сумлення, як чалавечай слабасці. Гімлер гаварыў менавіта пра такіх голінгаў, мюлераў, каспераў, пельсаў: «Большасць з нас павінна ведаць, як выглядаюць 100 трупаў, якія ляжаць у рад, або 500, або 1000. Вытрымліваць усё гэта да канца і ў той жа час — за выключэннем паасобных фактаў праяўлення чалавечай слабасці — заставацца прыстойнымі людзьмі — вось што гартавала нас».

Рэспубліка «самых бяскрыўдных славян», як спачатку лічылі «планіроўшчыкі» народных лёсаў у фашысцкім Берліне, паказала сябе краінай усенароднага партызанскага руху. Амаль паўмільённая ўзброеная армія народных мсціўцаў Беларусі разам з партызанамі другіх рэспублік стварыла сапраўдны «другі фронт» у тыле нямецкай арміі. Каб справіцца з гэтым гневам народным, з полымем усенароднай вайны, у фашыстаў сілы ўжо не было, і чым далей, тым меней яе заставалася, той сілы. Затое злосці, лютасці сапраўды набіралася больш. Злосці на ўсіх, хто аказаўся мацнейшым, чым гэта «планавалася» ў фашысцкім рэйху, хто не хацеў ні «перасяляцца», ні «высяляцца», ні станавіцца пакорлівым рабом акупанта. Злосць іхняя таксама забівала — самых мірных, безабаронных. Працягвалася знішчэнне насельніцтва ў вёсках і гарадах, ператварэнне ў зоны пустыні цэлых раёнаў — асабліва на Віцебшчыне, на поўначы Мінскай вобласці… Фашысцкія тэарэтыкі «абязлюджвання» ператварыліся ў слуг таго «плана», які самі ж прыдумалі. Але і вар'яцтва палітычнае ўзнікае не само сабой, а на пэўнай глебе.

Яшчэ ў дваццатыя гады пачаў падбіраць і дрэсіраваць сабе кадры палітычных авантурыстаў, пагромшчыкаў, гвалтаўнікоў аблудны агітатар з баварскіх піўных, яфрэйтар першай сусветнай вайны Адольф Гітлер. Ён вынюхаў у нямецкім мяшчанстве помслівы дух рэваншызму, а ў вайсковай касце пыхлівую ваяўнічасць. У асяроддзі прамыслоўцаў і фінансістаў, напалоханых прывідам «чырвонай рэвалюцыі», ён убачыў эканамічную сілу, якая гатова яго падтрымаць і будзе фінансаваць падрыхтоўку да агрэсіі. З'яднаць у адзін кулак нацысцкай дыктатуры ўсе гэтыя сілы і рынуцца на заваёву «жыццёвых прастораў» на ўсходзе — так нахабна і груба вылажыў палітычны авантурыст сваю праграму і «абгрунтаваў» яе звярынымі прынцыпамі барацьбы за існаванне і натуральнага адбору: «У барацьбе бачу прызначэнне кожнай істоты». «Сіла — гэта найпершае права». «Капіталісты выйшлі наперад, дзякуючы сваім здольнасцям і па прынцыпу адбору, што яшчэ раз даводзіць вышэйшасць іх расы; яны маюць права кіраваць іншымі».

Гітлер строіў свае планы не на адным баламутным крыкунстве. Разбойныя дактрыны падмацоўваліся ў яго палітычным тэрорам, ён скалаціў ваенізаваныя атрады нацысцкай партыі СА і СС, даў ім заданне авалодаць вуліцай, а цераз вуліцы і плошчы вёў шлях да ўлады.

Выбраных у партыйны апарат Гітлер узвышаў да нябёс, ставіў над людзьмі, называў «рыцарскім ордэнам правадыроў». Прэтэндэнту на правадырства дастаткова было вызваліцца ад чалавечага сумлення, прызнаць грубую сілу законам жыцця, навучыцца слепа падпарадкоўвацца загадам дужэйшага, не сумнявацца, не крытыкаваць, каб быць залічаным у касту правадыроў і трапіць на пасаду мікрафюрэра ў які-небудзь з раёнаў акупаваных зямель.



Спачатку, калі Гітлер толькі пачынаў палітычную авантуру, дык вышэй за ўсё цаніў у сваіх «партайгэносаў» разбойную ініцыятыву, задзірыстасць, раіў мець сваім дэвізам выраз: «Калі ты не немец, я расквашу табе галаву». А ўжо ў 30-я гады, калі ён падышоў да рашаючага кроку — захопу ўлады, — то ўзяў сваіх спадручных на ланцуг, патрабаваў сляпога паслушэнства. «Кожны член партыі павінен рабіць тое, што яму загадвае фюрэр. Фюрэр — увасабленне ідэі, і толькі ён ведае яе канчатковую мэту».

I тут ужо «сістэма», «арганізацыя», якую багацеі паклікалі да жыцця, фінансавалі, якой дапамагалі ўмацавацца, набыла пэўную самастойнасць, ператвараючы і гаспадароў у сваіх слуг, у шурупчыкі жудаснай, таталітарнай машыны: пасля камуністаў, сацыял-дэмакратаў, прадстаўнікоў навуковай і творчай інтэлігенцыі, знішчаных ці загнаных за калючы дрот, фашысцкая машына з такой жа бязлітасцю пачала трушчыць косці кожнаму, хто хацеў бы зберагчы сваю асабістую незалежнасць, самастойнасць.

Напорыста і планамерна стваралі нацысты культ сілы. Улада для іх была ідэалам, нейкаю асобаю формаю ўласнасці, асабліваю каштоўнасцю.

Далучэнне да ўлады, размеркаванне ўлады і спажыванне яе рэгулявалася спецыяльнымі рытуаламі.

Рытуал панавання — гэта масавыя відовішчы, мітынгі, пагромы, оргіі, у часе якіх Гітлер і яго зграя публічна абжыраліся ўладай, заражаючы ўладаманіяй абывацеляў, ператвараючы дробных мяшчан у агрэсіўных авантурыстаў. У меру таго як попыт на панаванне хваравіта разрастаўся, фашысцкая зграя кінула кліч да міжнароднага разбою — аншлюс Аўстрыі, акупацыя Чэхаславакіі, Польшчы, Даніі, Нарвегіі, Бельгіі, Галандыі, Францыі і г. д. Усё гэта новыя залежы ўлады, новыя сеансы ўладарніцтва. Пры гэтым яны рыхтавалі нямецкага буржуа і абывацеля да галоўнага акта — агрэсіі супраць СССР.

Нядаўнія шаўцы, каўбаснікі, півавары, крамнікі, канцылярысты — стандартная буржуазная драбната, гарадскія і вясковыя люмпены, прайшоўшы апрацоўку нацызмам, слеплі і глухлі ад бляску і бразгату атрыбутаў безгранічнай улады, якімі надзялялі іх паплечнікі фюрэра, пасылаючы наводзіць новы парадак на акупаваных савецкіх землях. У гэтых мікрафюрэраў вочы зацягваліся папяровымі бельмамі, на якіх былі толькі словы загадаў і дырэктыў. У гэтых марыянетак выраслі папяровыя вушы, цераз якія не пранікалі іншыя словы, акрамя загадаў фюрэра. Фюрэр назваў гэты, перавернуты дагары дном, свет пачаткам новага свету, новым парадкам у Еўропе. Апрацаваны атрутай нацызму абывацель на пасадзе мікрафюрэра слепа верыў у гэта і працягваў разбурэнне цывілізацыйных асноў, сеяў гвалт, жорсткасць, жах і смерць.

I хоць гітлераўская ваенная машына пасля Сталінграда і асабліва пасля Курска ўжо безнадзейна кацілася да межаў Германіі, «план» вісеў над мазгаўнёй не толькі гэтых дробных, але і самых буйных «фюрэраў». Наколькі яны былі нават «здзіўлены», што ўсё ідзе не па іх планах, паказваюць сведчанні, прызнанні гітлераўскіх генералаў-«мемуарыстаў» (Гудэрыяна, Тыпэльскірха і інш.).

Вось што напісана ў мемуарах аднаго з лідэраў сакрэтнай службы Гітлера — у кнізе Вальтэра Шэленберга «Гаворыць шэф нацысцкай контрразведкі», выдадзенай у Парыжы ў 1957 годзе:

«Калі атрыманая інфармацыя не адпавядала іх уласным канцэпцыям, яны проста адкідвалі яе. Што ж датычыцца вышэйшага кіраўніцтва, дык тут справа выглядала яшчэ горш. Так, напрыклад, да канца 1944 года Гітлер ігнараваў любыя неспрыяльныя звесткі, нават калі яны заснаваны былі на фактах ці проста здаровым сэнсе».

Гітлер, напрыклад, амаль да самага канца ніяк не верыў, што ёсць, існуе магутная Савецкая Армія, якая гоніць немцаў на захад. Ён жа яе знішчыў яшчэ летам 1941 года і нават аб'явіў пра гэта на цэлы свет. А раз аб'явіў — так яно і ёсць. У сваё слова такія дыктатары вераць як у справу канчатковую і незваротную. Не, ва ўсім генералы вінаваты, іх бяздарнасць і здрада, бо не могуць жа «гэтыя рускія» гнаць «яго» армію, тым больш што Савецкай Арміі фактычна ўжо няма!