Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 84 из 95

Не-а, і кабан выскачыў, і куры ходзяць. Не, свёкра сям'ю пабілі. I сяйчас як пабілі — ідуць утрох к нам. Вот жа радам так. К нам прышлі…

Гэта — як каму жыць нада. Ідуць, і мы так усе рукі стала ламаць, што ўжо трэба расстацца з светам з естым, ідуць жа… Падышлі к калітцэ к нашай і так нешта цоп… Не, не так. Ішлі яны і нешта вярнуліся на ганак. Мусіць, там яшчэ не забілі душу. Мы ўжо понялі самі пасля. Яны гэта… Душа адна… Ета дзевачка, яна, мусіць, як аджыла — прыглушылі, ці што, — яна заплакала. Назад вярнуліся, і чую — выстрал палучыўся, — яны дабілі етую дзевачку. I пайшлі назад. А мы ўсё адно стаім, дажыдаем. I самі расцяраліся і не знаем, што дзелаць. Патом ідуць яны назад — прама к нам у калітку. Ідуць і сталі ля каліткі. А мы так на іх у акно смотрым, а яны на нас — і так плачам мы! Патом яны нешта… А задні адзін загергетаў, па-нямецку гаварыць стаў — і пашлі назад цераз вуліцу. Бо там крайні астаецца яшчэ двор. Яны мінаюць яшчэ двор. Дык яны пайшлі ў той двор, а ў тым дварэ, мы знаем, што нікога няма, там ужо выйшлі, уцяклі з таго двара. Дык я кажу… Не, ён кажа:

— Валечка, — гэта ў нас дачка, — схадзі паглядзі, што ў дзеда ё.

Яна пайшла — яна не магла атцу адмовіць і пайшла. Гэта калі яны пайшлі ўжо. Паглядзела: а там усе пабітыя, дзевачка тая, мусіць, хацела ў дзверы, яны яе тут і ўбілі. Як бяжыць наша Валечка:

— Татка мой!.. (Лезець цераз забор і так во!) Папачка мой!..

Паказвае нам: уцякайце! Ускочыла ў хату:

— Пабілі ўжо ўсіх, папачка, у дзедушкі. Уцякайма, папка!..

А дзед, кажа, ляжыць каля стала, і так цераз усю комнату кроў цячэ…

Я ў ету руку ўзяла хлопца, а ў ету — дзеўку і пайшла. I заходжу ў суседні двор.

А дзеці ж пабачылі ўжо бітых, дык яны:

— Мамка наша родная, спасі нашу жызнь, дзень нас дзе.

Кажу:

— Дзеткі мае, жыта малое, ні быльніку нідзе няма яшчэ, дзе ж я вас, дзеткі, схаваю.

Позняя ж такая вясна была. Яно не парасло яшчэ нідзе нічога. I кажу:

— Я не магу вас, дзеткі, схаваць… Як сумееце, так і спратайцесь.

А жана таго суседа просіцца ў свайго:

— Уцякайма! Уцякайма! Сенечка, уцякайма! А ён гавора:

— Не, нікуды не пайдзеш, — і ўверчвае рабёнка, платок вязаны бальшы, а на нас кажа: — А вы выйдзіце.

Ну, як «выйдзіце» — можа, і нас пабілі б там разам з імі — ну, як «выйдзіце», мы і пайшлі. За гэтых двое дзяцей і пайшла. Разламіла гэткі высокі частакол, пералезла з дзецьмі, цераз адзін двор выйшла на вуліцу. Там стаіць жэншчына.

— Цётачка, — кажу, — нашых бацькоў пабілі, а куды ж мы дзенемся?

А яна кажа… Ваабшчэ, нарвалася на самастаяцельную жэншчыну. Яна кажа:

— Знаеце што, пабяжымо ў лес, я пабягу па сваіх сыноў, і пабяжым у лес.

— Ну, — кажу, — пабяжым.

Я яшчэ ў двор зайшла, яшчэ зайшла, заходжу ў гэты двор — гоняць мяне з гэтага двара:

— Ідзі, ідзі ад нас!



Уродзе гэта іх паб'юць за маіх дзяцей. Я кажу:

— Мне ўжо далына некуда ісці. Я ўжо нікуды не пайду. Я ўжо астаюся ў вас.

Яны выскачылі, паглядзелі, а ў іхняга дзядзькі — цераз вуліцу так жыў — восьмера душ сям'і… I там етыя дзетачкі і матка выйшла і селі на агародзе сваім і вот так ручачкамі прасіліся, парасстаўлялі, а ён іх вот так падрад страляе, страляе — усіх пастраляў… Дык хазяйка пабачыла гэта, ускочыла ў двор і гавора:

— Ну, уцякайма цяпер, цётка!

Яна гнала мяне, а гэта бачыць, што робіцца, дык і яны: «Уцякайма!» Сабраліся, вышлі. Дык і тая жэншчына, што па сыноў пабегла, ідзе, і дачка мая большая бяжыць. А там вада была такая, яміна бальшая, дык яна, мая дачка з яе сынам, упалі ў гэтую яму ды давай тапіцца, а яна стаіць ды кажа:

— Не тапіцеся, дзеткі мае, не тапіцеся!

А немец як пастраляў тую сям'ю, давай па іх біць. Яны тады з вады тае ды да нас, дзе я. I мы ўсе — уцякаць.

Пытанне: — Яны самі тапіліся, хацелі ўтапіцца?

— Самі ўжо ўтапіцца, са страху, дзеці гэта нашы, а маці: «Не тапіцеся, дзетачкі мае, кажа, вылазьце». Дык немцы сталі, гэтае, страчыць, адтуль… Ну, мы папрашчаліся ўжо тутка на дварэ, яны са сваімі і я са сваімі, мы прашчалісь, бо нас жа ўжо паб'юць. Ужо з естай стараны машына, і ўперадзі часавыя стаяць на апушцы лесу.

Пытанне: — Ачутно, што ўсюды страляюць?

— Страля-я-юць! Па ўсіх пасёлках стральба ідзе…»

Забіваюць. Сям'ю за сям'ёй. Хату за хатай. Машына працуе, машына, кожны шурупчык якой — таксама быццам бы людзі. Ідуць па вуліцы двухногія, прыглядаюцца, каб не прапусціць хату, «душу» — старанна працуюць. Аб нечым жа паміж сабой размаўляюць на чалавечай мове, і ў кожнага ў чарапной каробцы 10 млрд. клетак мазгавога рэчыва. Усе «законныя» дзесяць мільярдаў.

«…Прыходзяць у хату, — сведчыць, успамінае Ганна Мікітаўна Сініца, — а ў нас так былі дзве хаты і адны дзверы вот так сюдой выходзяць, і тут печка. Дык як мама ля печкі бралася ўжо нам снедаць даваць, стаяла, і яны ўвайшлі толькі — іх тры ішло к нам, — і так адзін з вінтоўкі выстраліў. Выстраліў у яе. А я стаяла во так — за дзвярыма ў другую палавіну, — ім не было як мяне ўбіць, дык яны як у яе выстралілі, а яна перайшла яшчэ ў тую хату і цераз парог упала. Толькі: «Дзеткі!..» Як яна ўжо ўпала, я тады закрычала і ўзляцела на печ. Ужо ж дзецца негдзе. Я на печ, і етыя за мной — браціха з дзевачкай, і суседняя дзеўка, і сястра мая. I я павалілася паўз сценку так во, а тады паўз мяне сястра, а етыя ўжо так — на нас паляцелі. Пулі разрыўныя былі — сталі ля печкі во так, сталі і стралялі. Прама на печ стралялі. Адзін — з краваці. Ну што — пастралялі, пастралялі, тады буфет у нас гэты быў. Яны ўсё па століках лазілі. Што ўжо яны шукалі, я не знаю.

Як яны вышлі з хаты, так я тады: што мне, думаю, здзелаць. А ў нас вакол печы быў ход — бацька ў нас столяр быў, дык ён там доскі лажыў і ўсё, вокны дзелаў. Я яшчэ не думала, што яны будуць паліць, дажа і не думала. А баялася, што з печыбудуць скідаць гэтых бітых. Дык дай я залезу за печку. Лягла ў гэта запечча. Тады думаю: не, не буду я тут, а то мяне тут заб'юць. Я думала, што гэта наш адзін пасёлак паляць, а дзед жа тут жыў на Хватаўцы… Дык я думаю: дзед прыдзе і ён тады мяне забітую не найдзе тут. Тых панаходзе, а мяне не. Вылезу я назад. Праўда, я зноў вылезла, на сваё месца лягла. Ну, і ляжу.

Прыходзяць зноў гэтыя немцы. Зноў па хаце гэтымі сваімі падковамі — ходзяць усё, ходзяць. Што яны шукалі? ІІраўда, адзеяла ў нас было пухавое. Забралі яго адразу. А так яшчэ нічога тады не бралі. Патэфон стаяў. Паігралі, нашу пласцінку паслухалі: «Полюшка-поле» была пласцінка. Пасвісцелі і пайшлі.

Паляжала, паляжала. Думаю — не, буду неяк выбірацца. Яны ўжо хату паадчынялі, хлеў адчынілі, карову выгналі. Паглядзела я ў адно акно, у другое…»

Якаў Сяргеевіч Стрынатка — памятае, сведчыць:

«…А стральба: та-та-та!.. Патом гляджу: ідуць двое ў суседні двор. Не — тры немцы. Яны Уладзіміра гэтага, Дабравольскага, за каўнер і ў хату. Я гавару:

— Што такое?

Ну, яны там ужо страляюць вочараддзю.

Пастралялі, патом другая хата была, новая. Бачым, пайшлі ў тую хату. Там пастралялі. Ну, і бачым — сюда ідуць.

Вот яны прыходзяць сюда. А мы як сядзелі: хазяін за сталом, я — р-раз адскочыў ад яго, каб адлучыцца. Сеў на пасцель. Чуем, яны ўсё: га-га, га-га. А ў хаце філонскія дзверы. Адчыняюцца. Ён старуху — сюда, патом як піхнуў, яна бегла, бегла, чуць не павалілася. Толькі нешта стала гаварыць, а ён з аўтамата: тр-тр-тр! А я ўжо… А ў мяне цёмна-цёмна ў вачах, я ўжо не знаю. Сяджу на пасцелі. А той сын хазяіна — раз, устаў над сталом, дык яны: тр-тр-тр! Той туды ссунуўся. А тады яны на мяне, я — валюся…

Калі я валіўся, дык пуля во сюда ў плячо, сюда і сюда — чатыры пулі ў мяне. Я так і мёртвы быў.

Колькі я там ляжаў, не знаю. А патом усхапіўся. А ў мяне галасавыя звязкі паўрадзіла, дык я хачу: «Я — жывы!» А яно не гаворыцца, нічога не гаворьвдца. Думаю, нада хавацца. А не знаю, што ў мяне яшчэ і рука перабіта. Каб не ўбачылі з акна, я — раз на каленцы. I тады чую — у-ух, у мяне рука! Я руку так сюда і папоўз пад печ. А падпечча гэта якраз напроці акна. Думаю, ногі відна. А там мост стары, хата старая была, я масніцу падымаю…