Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 62 из 95

А потым я зайшла на мамін двор. Я ж ведаю, колькі душ трэба каб было. Колькі чалавечых недагаркаў. А паглядзелі — няма. Бацькуто мы ўродзе бачылі, што яго забралі з канём, а мая мама — я ж не ведала дзе.

У Косціка Ціхана ў хаце лішняе дзіця было забіта і спалена. Можа, гэта і маё? Можа, яго Косцікавы дзеці куды пад печ зацягнулі ці куды…»

Алена Казіміраўна Камінская. Ціхань Слуцкага раёна.

«…Снегу было многа, мароз быў вялікі.

А потым ішоў карацельны атрад. Астанавіўся ў нас, у Ціхані. Потым пайшлі на Гандарэва, на Чырвоную Старонку, Лявішча, Падстарэва, Старэва… Папалілі, пабілі, скот пабралі. Людзей у Германію пабралі маладых. А старых пабілі. I дзяцей.

Ну, што яны яшчэ рабілі?..

Чалавек іх дванаццаць ці дзесяць зайшлі да нас. Халаты — у крыві. Бабы пыталі старыя ў іх:

— Што вы рабілі так?

— Гусям голавы адсякалі, — кажуць яны. Во, так яны гаварылі.

Ну, нас вызвалі на вуліцу, ціханцаў, выстраілі так у рад, паставілі з аднаго боку пулямёт на нас, з другога боку пулямёт. Ішоў афіцэр з немцам і адбіраў маладых у Германію. А мы так з дзецьмі асталіся ў гэтым раду. Потым загадалі нам сабраць падушачку, адзяяла, на тры дні есці, і паліцаяў паставілі ў калітках, каб гэтыя ўжо не заходзілі, каго ў Германію адабралі. Ну, мы так вынеслі ім на вуліцу есці, усё сабралі. Іх пагналі, маладых, у Германію. Забралі скот.

А гэтыя дзесяць ці дванаццаць немцаў заехалі ў Лазараў Бор. Паехалі туды, глядзім — гарыць. Стрэлу нарабілі. Там людзям сказалі, што як сустрэнуць немцаў са сталом, хораша сустрэнуць, дык яны паліць не будуць. Яны іх сустрэлі сталом ужо, акуратна. Яны ўсё пабралі, той стол перавярнулі, а людзей пазаганялі ў хаты, спалілі, а скот пабралі. Маладых у Германію адабралі і пагналі…»

Вось так усю Беларусь хацелі ператварыць у лагер смерці. Толькі замест калючых дратоў — ланцугі, «ацэп» карнікаў з усіх бакоў, набітыя людзьмі хаты, свірны, хлявы — гэта ўжо «вясковыя крэматорыі». I называлася яно не па-лагернаму, не «селекцыяй», а ўсяго толькі: «сход», «сабранне», «праверка пашпартаў»…

Ірына Іванаўна Лапатка. Лочын Асіпавіцкага раёна.

«…Ну, а тады ходзіць гэты немец і — на вуліцу! Гоніць на вуліцу. Усіх да адной душы на вуліцу. Ну, мы, праўда… Я дзевачку за руку, і булка хлеба ляжала на шкафчыку — я за гэту булку пад паху і на вуліцу. Мы ж думалі, што пастрояць і зноў, можа, пусцяць.

А яны пастроілі ў рады, у тры рады, і пагналі на калхозны двор. Там зноў пастроілі ў два рады… у тры рады таксама. Усіх, усіх! Усіх павыганялі: з бані, з магазіна, з клуба — усіх, усіх. А тады ходзяць і выбіраюць. Вот паглядзіць у вочы і — за плячо ці за руку выцягне. I выцягне, у другі рад ставіць.

Дык я на дзевачку кажу:

— Налечка, бяжы да бабушкі і стой. А мы з Кацяй уцячом.

Ятроўка так называлася. I ў яе трое дзяцей. Ужо намярэнне было, што нас на Пагарэлае пагоняць, а там вялікі лес, дык я кажу:

— Мы ўцячом. Лесам будуць гнаць, дык мы ўцячом.

Ужо сяло гарыць. Дзверы ў нас адчыненыя, у хаце, дык наклалі саломы, нацягалі немцы, і ўжо з дзвярэй палае агонь. I тады яны пагналі нас. А гэтая дзевачка мая плача:

— Не хачу.

Стала ля бабы і стаіць ужо, плача. Паліцай ідзе.

— Чаго ты, дзевачка, плачаш?

— К маме хачу.

— А дзе твая мама? Ідзі к маме.

Яна прыбегла, я яе за руку, і камандуюць нам:

— Упярод!

Пагналі нас. А гэты вот стары быў, наш сусед, дык ён не можа ісці, дык яны яго палкай, палкай! Потым адна старуха была.

I тую палкай. I дзеўка, мусіць, дзевятнаццаць ці дваццаць гадоў, дык яна пад ельнікам ляжала, схавалася. Дні два там ляжала. А тады вясна халодная была, у маі, ці што. Гэта ўжо паследні год быў. Дык яны к той дзеўцы і паспіхалі ўсіх, і мы іх больш ужо не бачылі. Ну, а нам скамандавалі:

— Упярод!



А ўсіх, каго павыцягвалі з радоў,— назад у сяло. У дом іх нагналі, і ў сенцы. I яшчэ ў два дамы…

А калі вярнуліся з лесу тыя, што былі ў лесе, дык яны ўжо гарэлі. Дык яны багры бралі, яны іх тут варочалі — пазнавалі, кожны свайго.

Хавалі потым. Вот тут памятнік стаіць. Многа, многа — мусіць, дамы чатыры нагналі!..

А нас гналі на Пагарэлае спачатку, сямей дзесяць з дзецьмі. Потым прашу дзевак:

— Дзеўкі, уцячыце каторая. Парцізаны ж не ўсе прападуць, хоць скажаце, хто жывы, а хто…

Дзяўчат некалькі там ішло з намі. I ніхто, тады ніхто не ўцёк. Тады нас на Буду загналі і закрылі ў сарай. А мужчын аддзялілі і ў варыўню запёрлі. Дык мужчын там многа было, а памяшчэнне малое, дыхаць не было чым, дык яны паталок узарвалі. Ну, а нас загналі ў сарай, усе начавалі. Ну, а назаўтра выгналі, і зноў пастроілі, і зноў таксама выбіралі. Шчэ нашых сем жэншчын з дзецьмі выбралі.

Пытанне: — Што-небудзь пыталіся ці проста так: паглядзіць і выбірае?

— Так вот паглядзіць і за руку выцягне ці за каўнер выцягне — ужо гэта пагоняць у Лапічы. Дык многія просяцца. Тут у нас адна жэншчына была, ужо старая, дык яна кажа:

— Паночак, я ўжо старая, я не дайду ў Лапічы.

Сама ў агонь… А некаторую сілком выцягне — чорт іх ведае! Я не знаю, як яны пазнавалі…»

Куды, у якую шарэнгу прасіцца, людзі не ведаюць. I многія — самі ў тую, якую якраз асудзілі на смерць, на спальванне. А катам вунь як весела гуляць «у ката і мыш»: ну, ну, бабка, гары, калі сама просішся!..

«…Дык тых у варыўню загналі, а нас павялі ў Лапічы. Іх спачатку ў варыўню загналі. Пасля казалі, пагналі ў Палядкі і там спалілі. Сем жэншчын з дзецьмі. А адна дзевачка бальшая была і пры ёй чэцвера меншых, дык яна сама просіцца, кажа:

— Паночак, я не данясу. Адно пры ёй невялічкае было.

— Ну, дык станавіся тут! I яе, тую дзевачку з дзецьмі, тожа загналі і спалілі. Не ведала і папрасілася….»

Гэта яны любілі — павесяліцца, «працуючы». У Збышыне Кіраўскага раёна забілі ўсіх, каго знайшлі, а жывымі пакінулі дзвюх старэнькіх жанчын, па семдзесят гадоў, а адна яшчэ і сляпая была: «Няхай жывуць — Савецкаму Саюзу на расплод будзе!..» Гэта іх так ап'яняла — улада над жыццём і смерцю людзей, цэлых сем'яў, цэлых вёсак. Шурупчыкі велізарнай нялюдскай машыны, механічныя выканаўцы волі “вышэйшых” тут яны цешылі сваю душу ўладай над іншымі — адчувалі сябе «арыйскімі багамі», што самі сабе выбіраюць чалавечыя ахвяры.

Іншы раён, іншая вёска, іншы расказ…

«…Сядзелі мы ў той хаце, мо два часы, а мо і больш. У крайняй хаце. Адале ўжо два ідуць. Адзін перагаворшчык, а другі так высокі немец. Накульгваў на правую нагу. Палка ў яго была. Дзяржыць палку гэтую разінавую… Ну, знаеце… Як адчынілі хату — сталі ў дзвярах і пазіраюць. Паглядзелі, паглядзелі, сем'і паліцэйскіх адразу вычыталі і вывелі. Іхняе родства. А нам ужо ўсім, значыць, паложана пагібаць… Ну, тамака ў нас быў па тыдню стараста. Адзін чалавек быў стараста, другі быў стараста, трэці… I тут ён падышоў і стаў прасіцца:

— Пусціце мяне з сям'ёю…

Ён як быццам бы ім служыў. Можа б, яны яго і пусцілі, але тут жонка падыходзіць і гаворыць:

— Паночкі, пусціце, нас партызаны сёння абідзелі — кабанчыка забралі…

Немец гаворыць:

— Дык што — ты партызанам кабана аддала!

Палкай выцяў па галаве, у першую вочарадзь забралі і павялі іх… Павялі, а куды павялі — ніхто ж не ведае. Падыходзіць другі чалавек:

— Пусціце мяне. Камендант — мой сродсцвеннік. У Старобіне.

Доўга ён ім нешта стаў гаварыць, а ім цярпення няма — ім ужо ахвота біць, а ён усё гаворыць. Зноў яны палкаю па галаве, і гэтага забралі, і сям'ю, і тожа павялі…

А мая дзевачка стаіць старэйшая… У мяне чэцвера было дзяцей, а бярэменная я ўжо была пятым. Падбягае яна:

— Папачка, усіх людзей вядуць, усе просяцца, а ты не просішся. Хоць бы ты, папка, папрасіўся! Гэтая ж во хата будзе гарэць — будуць нашы вочкі выскакваць… А ты, папачка, нікога не просіш…

А бацька гаворыць: