Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 60 из 95

Расказвае малады чарнявы мужчына ў цяльняшцы пад расшпіленай кашуляй. Прыпяцкі бакеншчык Андрэй Казак, у хаце якога мы адразу тут прыпыніліся.

«…Мне восем гадоў было. Я помню так: Падышлі машыны, к нам напроці, дзе вот мы жывом на цэнтры. Падышла машына з халабудай. Стала. Там гэта, у гэтай халабудзе, знаходзілася бочка. Кожны падыходзіў ды па кружцы пілі чаго-та. Там і немцы, і паліцаі былі. Наверна, гарэлку.

Народ сагналі ўвесь і пачалі зганяць на бераг.

Мы малыя былі, нас матка за рукі дзяржала. Матка чаго-та сказала на аднаго паліцая. Ён вінтоўку наставіў і хацеў: моў, я цябе прыкончу! Тутака мы пачалі галасіць.

Ну, мы ў той спісак не папалі, дзе бытта партызанскія сем'і. Таму мы засталіся. Нас вывезлі адсюль.

А калі мы потым вярнуліся ў сяло, каб накапаць картошкі ці жыта сваё зжаць, — усё тут было спалена.

Патом пачалі калодзежы глядзець: гэта ўжо было пасля вайны.

Немцы людзей у душагубках травілі на беразе, а потым прывозілі і скідвалі ў калодзежы. Тут чатыры такія калодзежы. Душагубка — машына спецыяльная была, закрытая, і газам атраўлівалі…

Немцы спачатку людзям сказалі, што будуць прывозіць малых дзяцей, сірат, каб у нас яны, у Касцюковічах, жылі. Дык мы думалі, калі яны прыехалі, што гэта яны вязуць тых дзяцей. А яны не дзяцей нам везлі, а прыехалі ды нас загубілі…»

Больш памятае Дар'я Гусак, тады — ужо дарослая.

Людзі з сяла былі выгнаны на бераг Прыпяці, што і тады спакойна плыла сабе ў сваю вечнасць па раздоллі зялёнай даліны, унізе ад Касцюковіч і далекавата, калі хадзіць на раку пехатой.

«…Нас, партызанскія сем'і,— расказвае Дар'я Несцераўна, — паставілі на беразе асобна. Мужчын і жанчын асобна. Яшчэ ў мяне сястра была, з дваццаць чацвёртага года. Маці папрасіла аднаго паліцая:

— Мой даражэнькі, ты маіх гэтых дзевак забяры куды-небудзь, усё роўна нам ужо магіла.

Дык ён нас дваіх узяў туды, дзе збіралі адпраўляць у Германію.

Як мы ўжо ішлі, дык бачылі — разбіралі ў вёсцы калодзезі, ужо іх падгатаўлялі на людзей… А гэтыя душагубкі, знаеце, яшчэ толькі пад'ехалі. Такія яны, як вот ездзяць нападобіе кузні ў нас. З МТС. Толькі ў гэтых цвет цёмна-зялёны, а там, як бы вам сказаць, салатавы. Такія нейкія вілюхі. Іх дзве было: адна на беразе, а другая ўжо тут пад'ехаўшы, к калодзежу.

Яны, знаеце што, сядзелі на беразе, мужчыны, іх пасадзілі ў рад па шэсць чалавек, на каленцах… То адзін яшчэ аглянуўся так, — гэта Грыша Адамоўскі,— а немец падышоў і прыкладам як дасць сюды па шыі, дык ён вот так абвесіў галаву, і кроў пайшла з носа, з рота. I ён болын не падняў галавы.

У мяне маці і бацька засталіся там…»

Нейкі Іван Рачыцкі, чорная душа, перад вайною спрытны прыстасаванец, што залез быў, калі браць па ягоных маштабах, даволі высока, дапамагаў карнікам распазнаваць у натоўпе касцюкоўцаў партызанскія сем'і і тых, каго ён лічыў памочнікам партызан.

«…Дык адных астаўлялі, а другіх выводзілі,— расказвае яшчэ адна цётка, значна старэйшая, Дар'я Мінаўна Карась. — А тых, што пакінулі, а потым забілі,— тым гаварылі, што іх павязуць кацерамі.

Толькі іх не павезлі тымі кацерамі, а чатыры калодзежы напхалі. Вот у гэтым адны жанчыны, у гэтым адны дзеткі. Там два калодзежы — адны мужчыны… Яны падзялілі іх.

Як прыязджала наша камісія, руская, — раскопвалі. Дык тут адны мужчыны. Голыя, голыя! Раздзявалі іх. Бацька адзін прышоў, сына свайго пазнаў, ён наверсе быў, і пахаваў на могілках. Цэленькія ўсе былі, не пазгорбленыя і нічога. Словам — яны травілі. Бо як кідалі б жыўём, дык чалавек курчыўся б, гнуўся б у вадзе, а то яны цэленькія, роўненькія. Ляжалі, як іх пакідаў, так і ляжалі…»



Карнікі стараліся, каб іх работа была чыстая», каб яе ў вёсцы тады ніхто, апроч х саміх, не бачыў. На беразе Прыпяці людзей саджалі ў тыя «салатавыя аўтобусы», у кожным з якіх змяшчалася да шасцідзесяці чалавек. У дарозе да вёскі людзі душыліся выхлапным газам, каля калодзежаў іх гаспадарліва раздзявалі і голых кідалі ў прадонне. Усё рабілася настолькі спраўна і ціха, што тыя, хто заставаўся тым часам каля ракі, стоячы на каленях і тварам ад вёскі, нічога не бачылі і не чулі. Тыя ж, хто быў у той дзень асуджаны не на смерць, а толькі на часовае выгнанне з роднай вёскі або на вываз у Нямеччыну, былі ўжо выгнаны і вывезены з Касцюковіч.

I усё ж Дар'я Гусак, калі яе міма гналі, заўважыла, як рыхтавалі для людзей калодзежы, бачыла і той «салатавы аўтобус»… Бачыла, аднак не ведала, што тут да чаго, і разабралася толькі пасля, значна пазней, калі над тымі карнікамі, якім не ўдалося ўцячы або замесці сляды, адбыўся суд і на судзе тым пабывалі людзі з Касцюковіч.

Выраз «Чынгісхан з тэлеграфамі» належыць А. I. Герцэну. Сімвал нелюдства бачыўся яму ў палавіне мінулага стагоддзя ўзброеным ужо не толькі рукамі ды нагамі, шаблямі ды лукамі, але тэлеграфамі, параходамі, чыгункамі, стрэльбамі Мінье і ракетамі Кангрэва…

Знішчаючы мірнае насельніцтва, фашысцкія чынгісханы розных рангаў карысталіся і метадамі сваіх папярэднікаў, і новай, дасканалай тэхнікай. Былі ў іх аўтаматы, міны, аўтамабілі, радыё, бронецягнікі, самалёты і супернавінка — іхняе вынаходніцтва — Sonderwagen або Gaswagen, душагубка, рухомая памочніца канцлагерных газавых камер.

Альберт Шпэер, міністр узбраення і ваеннай прамысловасці трэцяга рэйха, адсядзеўшы дваццаць гадоў, адмераных яму на Нюрнбергскім працэсе, напісаў «успаміны». У гэтай кнізе пра свайго друга і фюрэра ён гаворыць так:

«Гітлер быў першы, хто здолеў прымяніць тэхналогію для мэтаў масавага злачынства».

Колькі пакут, колькі жахлівай антычалавечнасці стаіць за словамі гэтага кампетэнтнага сведчання!..

«Селекцыя»

Прыходзіць чарговы эшалон з «перасяленцамі» з Балкан ці з Усходу, людзей выгружаюць, рабуюць іх рэчы ў казну рэйха, саміх гоняць калонамі ў лагер і, выстраіўшы, разводзяць у два бакі: каго адразу ў крэматорый, у полымя, а каму яшчэ, покуль голад не з'еў іх мускулы, працаваць на карысць фашысцкай Германіі.

«Селекцыя» — так гэта называлася ў асвенцімах і майданаках.

Мэты, якія фашызм здзяйсняў на фабрыках смерці, у канцлагерах, рэалізоўваліся таксама і ў беларускіх вёсках. I тут — з аднаго боку масавае знішчэнне «непатрэбнага» насельніцтва, а з другога — паляванне на рабоў, лоўля людзей для працы ў Германіі.

«Селекцыя», адбор: каго забіць адразу, спаліць сёння, на месцы, а каго заўтра — цяжкай працай, голадам у Германіі. Мэты — тыя самыя, што і ў лагерах смерці. Толькі прыёмы, метады — дапасаваныя да ўмоў, калі ахвяры, людзі, не акружаны дротам, калі навокал поле, кусты, партызанскі лес…

Стэфа Пятроўна Каваленя. Осава Салігорскага раёна.

«…Вайна была, мае мілыя. Мужчыны спасаліся, а мы, бабы, думалі, што мы будзем жыць, што гэта мужчынам трэба спасацца. Я бачу, што вельмі едуць падводы. Кажу:

— Ты ўцякай, а я буду з дзеткамі.

А ён і збег, схаваўся. Далей едуць, прыехалі, акружылі, ацапілі — ужо нам некуды. Забралі нас. У мяне шасцёра дзяцей было. Бальная ляжу. Мяне прышлі і выганяюць. А ў мяне дзіцятка ў грудзёх было, маленькае. I ўсе дзеткі дробненькія. Адзін цяпер жыве, а тыя пагарэлі. Забралі нас, павялі ў гумно. Зайшла я туды, а хазяін там — злавілі, занялі недзе…

Адсюль нас пагналі ў Заброддзе. Забродскіх папалілі раней, мы не бачылі. Загналі нас у сарай. Узялі яны гэтых людзей і становяць. Каторыя з дзеткамі — тых у адну сторану, а гэтых, каторыя свабодныя, здаравейшыя — тых у другую. Дык тых пагналі. а нас — там гуменца было такое, — нас туды. А тыя, каторыя здароўшыя былі, гавораць:

— Нашто нам дажыдацца, каб нас забілі, уністажалі, давайце дзверы ламем. Дык каго заб'юць, а хто ўцячэ.

А яны, мабыць, пачулі. Нейкі пераводчык там быў. Яны сяйчас дзверы адкрылі: