Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 49 из 95

Уратавала маці Сашу Сасноўскага. I вырас ён дужым і спраўным, стаў трактарыстам у родным калгасе «Савецкая Беларусь». Высокі, здаровы, з бясхітраснаю праматою ў блакітных вачах і валявою ўпартасцю ў прамой моцнай шыі. Толькі між густымі брывамі затоена нейкая збянтэжанасць: ён, як і маці, тужыцца і ніяк не можа адказаць на пытанне: чаму такое было з ім? Расказваючы, ён нібы ўвесь час пытаецца…

Вось і суседка Сасноўскіх, Тэкля Пятроўна Гарасімчык, б'ецца над гэтым пытаннем.

«…Тут я і нарадзілася, тут я і замуж пайшла. I раскажу я тое самаё… У тысяча дзевяцьсот сорак другім годзе, шаснаццатага дзекабра была серада. Я выпаліла ў печы, усё гэта… пакарміла дзяцей і стала мясці хату. А муж быў у гумне, архаваў ці ячмень, ці авёс. Ну вот, прыходзіць немец у хату:

— Цурык, цурык!..

— Куды, пане?

— Туды, на сабранне.

— Адной мне? — пытаюся.

— Не, і дзеці бяры. Кіндэр, кіндэр!.. Ну, і што… У мяне было тры годзікі хлопчыку. Я ўкруціла так яго, накрыла.

Пагнаў ён нас. Прыгнаў да моста. I мужа пагнаў з гумна. Муж уперад пайшоў, а я ўжо з дзецьмі за ім. З намі была Гануся і Маруся Майсеева, дзве старушкі. Прыгналі сюды пад мост, каля Адама Гарасімчыка. Акружылі нас, уставілі нас ва двары. Хацелі спачатку ў сарай, каб сажэч жывых, але тут ужо не было ім як: поўна было накладзена, толькі адзін ток гуляў, з аднаго боку сена, а з другога — жыта немалочанае…

Ну, і ўсё дажыдаліся гэтага солтыса-людаеда. Прыехаў ён з горада на таксі, з тым начальнікам-немцам. Давай гаварыць:

— Дзе тут твае спалёныя людзі?

Ну, стаяў яго зяць з сям'ёй, ён за заця:

— Во гэта мае. Больш я нікога не хачу.

Я з дзіцем на руках, дзяржала хлопчыка, дзіця зашчаміла мяне за шыю і не дало мне нідзе аглянуцца:

— Мамачка, мамачка, не кідай мяне. Будзем разам, нас немец пастраляе разам.

Тры годзікі было.

— Не, — кажу, — сынок, не кіну, не

кіну.

Муж мой узяў яго ў мяне, а ён:

— Не, я да мамкі, да мамкі.

I мой свёкар стаяў, восемдзесят лет, у той самай групе. I дзевер, і залоўка з малым, і я з дзіцем. Гэта нас гналі ўсіх. А дзіця гэтае ўчапілася проста як клешч. Пагналі. Прыгналі на кладбішча і гавораць: «Падай!» Я тут упала з дзіцем, а муж мой — пабег уцякаць за раку. I яшчэ адзін старычок, Малец. Пабеглі яны ўдваіх. Гэты старычок быў лягчэйшы, перабег, а мой муж — не ведаю, ці ён заваліўся ў раку… дабег да яго немец, у яго ўсё страляў і забіў там яго. I ён ляжаў там тры дні.

Я на могілках ляжала, не чула, ці каго стралялі, бо ў мяне сэрца забілася, і не помню… Я пасля ўжо ачнулася — нікога няма, толькі вакол трупы ляжаць… Я падняла галаву — ой, ужо не бачу нічога на адно вока, мне ўсё тут запухла. Куля тут во папала і праз вока выйшла. Я паднялася, зноў упала, бачу: дзіця ляжыць нежывое. Я гавару яму: «Косцік, Косцік», а ён нічога, ужо нежывы. Тут свёкар забіты, тут залоўка ляжыць. Ятроўка забітая з дзіцем. Я паднялася і зноў упала…

А ўжо вечарэе. А майго свёкра дом каля могілкаў на хутары стаіць. Я паднялася ўсё-такі, падзяржалася за кусцік трохі. Усё на мне скарэла, у крыві. Кінула тое каўдзёрка, што дзіця было ўкручана, і папаўзла. Прыпаўзла я да дому гэтага, упаўзла ў дом — нікога няма. Я лягла тут на караваць, ляжала, ляжала, ужо мне ўсё шуміць… А потым уваходзіць у хату… А я думаю, што гэта заходзіць мяне забіваць. Адно ж прыходзіць Кацярына Хатунчык да мяне проста, да ложка. I яе дзяцей трое забілі. А яна пайшла карове тады даваць якраз і так засталася. А Любу, ятроўку яе, з дзеткамі разам забілі. Цяпер яна мне гаворыць:

— Ты жывая?

— Жывая, — адказваю.

— Хадзем, — кажа яна, — я цябе завяду ў сваю хату.

Падняла яна мяне, пад руку ўзяла, накрыла мяне радзюжкай і павяла мяне ў свой дом. Я тут упала каля дома свайго і ляжала, — нідзе нікога нямашака. После яна ўсё-такі мяне падняла і правяла ў Пападзічкову хату. А там жыў солтысаў зяць. Адчыняе яна хату і вядзе мяне туды. А яны крычаць:

— А куды ты яе вядзеш?



А я ўсё помню, толькі не бачу нічога во гэтым вокам, бо запухла ўсё. А маці ў яго старая гаворыць:

— Во, каб за яе яшчэ і нас пабілі.

Яна памерла. Каб яна жыла, дык я б ёй у вочы сказала. Яны сабраліся ды з тае хаты пайшлі, а я засталася адна. Ляжу. Цёмна ўжо, нікога нідзе, цішыня… А потым адчыняюць хату і ўваходзіць Малашка і на мяне гэтак:

— Ты жывая?

— Жывая, — адказваю.

— Хадзем я цябе да сябе занясу…

Мяне ўзяла ў радзюжку і занясла Герасімчык Малання да свае хаты. I яна мяне ўсю ноч, гэта, глядзела. I муж яе Мікалай. Памёр ужо ён. А яна яшчэ ёсць жывая.

А на ранькі і гэты солтыс прыехаў. А гэты солтыс быў Малашын дзевер.

— А што, — кажа ён, — жывая, засталася яшчэ…

А яму кажуць:

— Ну, і жывая. I няхай жыве.

I яшчэ засталіся ў мяне дзве дочкі і сынок. Сыну было сем год, і ён быў у сястры. Так і застаўся. Адна дочка, Таня, з катораю я цяпер жыву, уцякла. Пад печку схавалася з цёткай. Чатыры разы прыходзілі ў хату іх шукаць, а яны пад печкай картопляю прыгарнуліся…

А на ранькі прыехала мая сястра, забрала мяне і павязла ў бальніцу. А выйшла з бальніцы, так трэба было работаць, тады ж яшчэ калхозаў не было. З дзеткамі я так і работала патроху. Хадзіла, абвязаўшы галаву. I цяпер яна яшчэ ўсё баліць, дваццаць восем год прайшло, а яна ўсё баліць…

I работала я, і пастаўкі ўсе здавала, і радавалася, што хоць Савецкая ўлада прышла і што хоць лягу ды сплю спакойна…»

Тэкля Гарасімчык руплівая, удумлівая жанчына. У сённяшніх умовах з такіх выходзяць добрыя настаўніцы, узгадавальніцы моладзі. Ёй рупіць дайсці да канца, да карэння, да прычын… Тэкля Пятроўна была сведкай абвінавачання на судзе над фашысцкімі злачынцамі і іх памагатымі. На тым судзе апраўдваўся солтыс: «Не я вас біў, гэта акцыя біла…»

Тэкля Пятроўна сказала настойліва, цвёрда сказала:

— Не акцыя біла, а вы!

Дзяўчына ў паэзіі ўсіх народаў свету выступае як істота пяшчотнай чысціні. Беларуская песня ўвасабляе яе ў вобразе белай бярозкі, каліны ў цвеце, пялёсткаў ружы ў ранішняй расе.

А вось два дзявочыя лёсы, апаленыя агнём і смерцю. Марыя Скок з Паўлавіч і Яўгеня Бардун з Ніза. Марыя ў той час ужо ўбіралася ў дзяўчыну, а Яўгеня была яшчэ дзіцем, як і Саша Сасноўскі.

Марыя Скок пачынае свой расказ разважаннямі.

Ёсць у яе гаворцы ноткі гордасці. Ёсць і высокае разуменне непарушнасці той сувязі партызан з народам, якая тады была. Ёсць і глыбокае ўсведамленне таго, што трагедыя сяла не можа быць вытлумачана барацьбою акупантаў супраць партызан. Сёння ўжо вопытны чалавек, яна разумее, што ўся справа ў карэннай ненармальнасці, звыроднасці фашызму.

«…Парцізанам памагалі. I зналі, што да дабра не дойдзе. Але бароліся…

Ну, што… Нас сазвалі пашпарты мяняць. Гавораць: «Ідзіце пашпарты мяняць». Туды, дзе крыж стаяў.

I да гэтага некалькі разоў прыязджалі. I на калені стаўлялі нас, і палохалі. I кулямётамі білі па вярху, і пад расстрэл стаўлялі, і запальвалі, і гаварылі: «Зарубіце сабе на насу, што вам гэта непаздаровіцца». У канцы канцоў прыехалі і гавораць: «Ідзіце пашпарты правяраць». Пайшлі з пашпартамі. Каторыя малодшыя мужчыны, тых у старонку. А жанчын з дзецьмі…

Была ў два канцы хата, нас сагналі туды, пастанавілі патруле і ў сенях, і пад вокнамі з гранатамі. I давай па восем, па дзесяць чалавек выганяць. I там расстрэльваць.

Во гэтак во: за адну руку дзяржыць, падвядзе пад яму і ў затылак б'е… Там у іх чатырох чалавек было, каторыя расстрэльвалі, пазакатваны пасюль во рукава і дзяржаць ліворверы ў руках. Адзежа на каторых была лепшая, дык яны здымалі і ў кучу скідалі. З жывых яшчэ, да расстрэлу. Падвядуць да ямы і— у затылак. Сто два чалавекі са мной было ў той магіле. Са ста двух чалавек — адна. Мяне зразу…як выстралілі, то я ўпала і без чуўсцвія была, а пасля дайшла да сазнання. Дык яны во — у ладошкі!..

Вечарэла ўжо. Каб дзе пад ніз, дык дзе я там устала б, а то наверсе ляжала.