Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 48 из 95

А потым, на другую ноч, ляжаў ваенны ранены, наш ваенны. Ён усё да мяне прыходзіў, распытваўся, распытваўся. А я баюся гаварыць. Але ён ані шагу ад мяне. Усё: «Цётка, так як там партызаны?» А я яму гавару, але і баюся, бо хто яго знае…

А потым я прыехала дадому, і ён прыходзіць: уцёк таксама. Далі яму ўсё — і боты пад бальніцу прынеслі, і пайшоў з бальніцы. Праз дзве нядзелі прыходзіць ён.

— Ну вот, а я, — кажа, — ужо ў партызанах!

Прыехала я з той бальніцы — ні паліць, ні варыць, ні адзецца.

Завёз мяне Антон да сястры, за сем кіламетраў, і была я там да самага апрэля месяца, там ляжала.

Разам са мной тады забілі восемдзесят шэсць чалавек…»

Вёска Васілевічы. Партызан тут не было. Іх стаянкі былі на правым, лясістым, беразе Шчары, а сюды, на густа заселенае левабярэжжа, яны прыходзілі толькі начамі, як у зону дзеяння і забеспячэння. Дабрацца да партызан і ўступіць з імі ў бой акупанты не квапіліся. Тут, як і ў іншых мясцінах, яны пусцілі ў ход д'ябальскую тактыку: абвінаваціць у існаванні партызан насельніцтва, убіць клін паміж мірнымі жыхарамі і партызанамі.

Акупанть? загадалі па ўсіх шчароўскіх сёлах пад пагрозай смерці не пускаць партызан у хаты, не даваць есці, не размаўляць з імі. Але хіба можа маці не пусціць у хату сына, жонка мужа, сястра брата, ды і проста чалавек чалавека? Не можа, вядома, покуль не перастаў чалавек быць чалавекам. Такім чынам, акупанты стварылі сітуацыю, у якой усе людзі станавіліся вінаватымі толькі таму і толькі за тое, што яны — людзі.

Паслухаем, як тут праходзіла крывавая «акцыя».

Расказвае Марыя Фёдараўна Сасноўская.

«…Ну вот, гэта перад коляды прыехалі да нас сюды біць нас, у сераду. Калі гэта было — я не ведаю, я няграматная.

Мы сядзелі ў хаце ўсе. Мой муж паехаў у горад, павёз — яшчэ мы былі вінаватыя — пастаўку. А дзве старэйшыя дачкі пашлі да суседа з кудзеляю, прасці. А я з гэтымі меншымі хлопцамі была дома. У мяне гэта было шасцёра дзяцей, а я сама сёмая. Дзеці меншыя забаўляюцца, а немец прышоў у хату… Не ведаю я — немец ён ці не немец, але ў нямецкай адзежы.

— Здрастуйце! А дзе хадзяін?

— Паехаў у горад.

— Ну, то збірайцеся на сабранія.

— На якое сабранія?

— Будзеце бачыць якое.

— Мае дзеткі малыя, босыя, голыя, холадна ім будзе.

Бо бедна мы жылі. Дзеці малыя: аднаму тры гады, гэтаму во пяць лет, і тыя папрыходзілі дзяўчаткі, ужо ўсе сабраліся, сем чалавек у хату. Ну, я за гэтага, закруціла, нясу. А тога меншага, што тры годы, старшая дзевачка нясла. А ён кажа:

— Замыкайце халупу і ўсе выходзьце. Ну, мы ўсе сабраліся і пайшлі. I прывялі нас пад Адама, пад мост. I тут усіх выганялі. I мы стаялі мо паўдня. Ажно холадна стала, дзеці пачалі дрыжаць, плакаць. Тут — едзе таксі з горада. А паўнамочаны быў у горадзе. I Экарт. Гэта паўнамочаны і Экарт прыехалі на таксі.

Мы стаім на гэты бок моста, ад Адама, а таксі стала на той бок. Зараз павылазілі яны, і Экарт будзе пытацца:

Паўнамочаны, якія гэта людзі? Што ты сабраў усіх?

А ён:

— У-у-у! Ушысткі бандыты!

Мае дзеткі маленькія — і «бандыты»!..

А Экарт ізноў будзе пытацца:

— А дзе ж тыя паліцэйскія пастрадаўшыя, спаленыя партызанамі?

— А-а, Сонечка, — будзе крычаць солтыс, — ідзі сюды!

Там другая, трэцяя… Вызваў нешта чалавек пяць… паліцэйскіх сямей…

А што з намі рабіць? Хацелі нас загнаць у Адамава гумно, папаліць. Адкрылі гумно тое, паглядзелі, што там поўна збожжа, яшчэ не змалочанае, і сена, — не памесцяцца, нешта дзвесце чалавек. Старыя, малыя, хлопцы, дзяўчата, усе разам, хто толькі быў дома. Не памесцяцца. Закрылі гумно. А паўнамочаны кажа:

— Іх на цмэнтаж[20] ганіце, там убіваць. I пагналі нас усіх, як авечак, на надворак. Закрылі. Кругом немцы нас абступілі. Пачалі нас па дзесяць чалавек усё выганяць.

Я — сем душ — ішла на тры вочарадзі. Адразу мяне з гэтым хлопчыкам — я яго на руках нясу. А пасля на другую вочарадзь два і чалавекі, на трэцюю таксама. Са мною ўсе не ішлі, бо ўсе людзі круціліся тамака, плакалі, косы ірвалі…



I тады пагналі нас на могліцы. А я яго пад сябе, закруціла і ўпала на яго (паказвае на сына, што сядзіць побач), калі пачалі страляць. Чую, ужо мае нагі няма, ранена ўжо нага. А я ўжо… чую: кроў кап-кап-кап…

I пашпарт я паказвала, што нічога мы не вінаваты. Малая мая сям'я яшчэ, недарослая…

I гэта яму пуля праз вуха і праз шыю, тры раны. I чую я, кроў кап-кап-кап. I пашпарт мой увесь быў у крыві.

Ну вось, нас перабілі, пасля другіх гналі. Сталі, пастаялі, кажа:

— Ушысткім капут.

Пастаялі, пакурылі і пайшлі.

Ямаў яны не капалі. Прама прыжануць дзесяць чалавек, паложаць на зямлю… I мы гэта лажымося… Вядома, каб чалавек не бачыў гэтыя кулі. I гэтак усё ў галаву, у галаву…

Калі маіх дзяцей пабілі потым — я ўжо не бачыла і не чула, бо не паднімалася.

Усіх перабілі, адно адна жанчына… Дзяцей яе пабілі, яна бачыць, што іх пабілі, а сама скінула валёнкі і бягом у Парэчча. Тыя ўжо не гналіся за ёю і не забілі. Але ўсё роўна сохла-сохла яна і памерла.

А тады ўжо назаўтра пазганялі падводаў, мужчынаў, выкапалі яму такую велькую, як капец, і тады ўсіх гэтых трупаў пацягалі і пазакрывалі. Не з нашай вёскі мужчыны, вераб'ёўскія і разанаўскія. У нас не было падводаў. Нашы каторыя мужчыны былі, то яны паехалі на вывазку ў лес. Адно жанчыны былі дома…»

Кажуць, што блізкасць лёсу робіць людзей душэўна падобнымі адзін на аднаго. Калі гэта праўда, то сын Марыі Фёдараўны, Сасноўскі Аляксандр — ідэальная ілюстрацыя такой заканамернасці. Падабенства іх настолькі прыкметнае, што пачынаеш думаць, можа, тады, на могілках, калі маці другі раз падарыла Сашу жыццё, можа, тады і набыў ён гэтае дзіўнае падабенства. Штосьці несамавітае ёсць і ў прамаце характару, і ў манеры гаварыць напрасткі, кароткімі сказамі, як ісці па раллі з цяжкою ношай на плячах. А хада скіравана ўсё да яе, да маці. Нават цяпер, праз трыццаць гадоў пасля таго:

«…Тады было пяць год. Я помню, як мы сядзелі з братам маленькім у хаце. Зайшоў немец — мы папалохаліся. Ды да маткі схапіліся ўдвох. Ён пастаяў, сказаў матцы збірацца…»

А там, на могільніку, у часе расстрэлу, калі маці прыкрыла Сашу сабою, хлопчыка захлынула гэта спракаветнае адчуванне мацярынскай апекі, пачуццё бяспечнасці ля яе грудзей. Саша прыгадвае.

«…А я ўсё на матку сваю:

— Дахаты, — гавару, — пойдзем.

А матка возьме мяне за руку, сцісне:

— Ляжы, не аказвайся.

Калі ўсіх перабілі, пашлі ў дзярэўню тыя немцы. Давай па хатах хадзіць, куры браць, парасёнкі, пачалі грабіць. Чуваць было нам на могілках, як яны грабілі тут усё.

Ну, а як паехалі, мы ўсталі. Холадна было. Я голы быў во так. Маці з большай дзеўчыны пальцішка зняла, гэта я яго адзеў, пакінуу матку і бягом дахаты. Прыбег, сеў на надворку і чакаю — прыдзе матка…

Ужо немцаў няма, немцы паехалі ў горад, сяло пустое, толькі дзверы скрыпяць — вецер усхадзіўся, проста страшна так…

Ну, я сядзеў, сцямнела ўжо, а матка не дайшла да свае хаты, а да маткі свае зайшла. А там, у той хаце, суседка была, гадоў восемдзесят старушка, дык мама мая пытаецца:

— Можа, бачылі, як хлопчык які тут бег?

— Бачыла, кажа, бег нейкі.

— Пайдзіце, бабка, яго прывядзіце.

Прышла бабка, за руку мяне цягне:

— Хадзем да нас.

А я ўпіраюся, не хачу ісці. Кажу:

— Адкрыйце мне, я пайду ў нашу хату.

Ну, а яна мяне за руку і павяла туды. Дзве нядзелі мы там так ляжалі, ніякай перавязкі, нічога. Баяліся ехаць да доктара: білі нас немцы і зноў да іх ехаць, — даб'юць, страшна ўсё-такі. А потым усё-такі рашылі— ці так, ці так, а трэба ехаць.

Паехалі. У Слонім, туды, у бальніцу бацька завёз. Месяц мы ляжалі ў бальніцы. А ўрачы гэтыя ў бальніцы нічога не ведалі, дапытваюцца: «Дзе вы былі, на фронце?» Вёску нашу не спалілі, а ў Слоніме не ведалі, што нас пастралялі.

Месяц мы паляжалі ў бальніцы і зноў дадому прышлі…»