Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 43 из 95

«…Я гэта падумаю, дык мне страшна…

Я жыла ў тыя войны, як тыя войны былі. Ужо не маладая. Ну, то свіней бяруць, то што…

Ад звера дык хоць уцячэш, на хвойку якую, ці што. А гэта ж чалавек. Чалавек чалавека трапіць, дзе ўчуе.

Ой, што ўжо гэта! — гэта ж не вайна была, а проста так… Ну, той, што на фронце, ну, таго чалавека заб'юць — дык ён жа ваяваў, праўда? А дзіця тое беднае? Хлопчык — ён жа, бедны, нідзе не быў. Таксама білі… Гэтае дзіця маленькае бяжыць — зашто ж яго? Яно ж маленькае, яно ж дзіця, яно ж кацілася, як тое яблычка… А яны — б'юць. Іскры скачуць!..

Што гэта, што гэта за такое было ў іх — я не ведаю.

Гэта звярэ былі, а не людзі.

Гэта не людзі былі, гэта — звярэ былі».

Сцішнаватая радасць

«…Иванова Акулина Семеновна, 1908, белоруска, отношение к семье — мать. Проколот язык 2 раза, съела песку горсть и бита в голову, но выжила и вылезла сама из ямы, где была».

Гэта — са «Списка погибших семей от руки германского фашизма жителей д. Рудня, Руднянского сельсовета». Подпісана: «Комиссар парт. отряда им. Чапаева Дроздов. 8.VIII. 42». Заўвага, зробленая праз чвэртку стагоддзя: «Подлинник списка в партархиве ЦК КПБ, фонд 3904, вязка 1, дело 1, опись 1, лист 15».

Намі гэты дакумент заўважаны ў фондах Расонскага «Музея народнай славы».

«…Дапрашвалі, білі іх там. Яны ўсе ссінёныя былі… Забілі болыпага мальчыка, патом меншага на руках, патом яе — трэцюю. А з ямы яна вылезла сама. Пачуствавала, што нямнога пяску навярху, пачуствавала, што яна вылезець, і стала нагамі шавяліць, шавяліць — і выпаўзла з ямы. Но далына яна ісці нікуда не магла. Так і ляжала каля ямы. Яна баялася, што, можа, немцы ў дзярэўні, ды яна ўжо і не магла ісці. Патом прывялі яе к нам, палажылі на пол. Рвоты ў яе сталі такія сільныя: проста зелле і пясок…

А на другую ноч абратна немцы вярнуліся к нам. Экспедыцыя явілася. А ў яе сазнанне пацерана, яна стала крычаць… Дождж такі быў у тую ноч! Сабраліся ў нашу хату поўна людзей. Яна крычыць без памяці: «Ай-ай-ай-ай!» А мама і я суцішаем яе, што не крычы — кругом немцы. Заціскаем ёй рот.

А немцы кругом хаты — толькі каскі ляпаюць па сценках. Дождж лье такі, што страшна. I мы не можам выйці на двор, і яны, сволачы, не просяцца ў хату. Ні адзін не пастукаў. Так ціханька стаяць, слышым толькі: «Гар-гар-гар!» I каскамі па сценках ляпаюць…»

(З расказу Алены Жарчанкі, сваячкі Акуліны Івановай. Вёска Рудня Расонскага раёна.)

Тут быў знойдзены сённяшні адрас уваскрэслай жанчыны: вёска Баранава каля Полацка.

З ганка вялікага і ўжо старога драўлянага многакватэрнага дома відаць шырокая, зялёная даліна, густа, яшчэ не высока парослая алешнікам і лазняком. У гушчары ўгадваецца вада — рачулка або проста мокрая лагчына.

— У вас тут многа салаўёў.

Не пытанне, а нібы сцверджанне, упэўненасць. Бо хоць і чэрвень ужо, а салаўі тут, на зялёнай ды азёрнай Віцебшчыне, дружна праследуюць нас у кожным раёне, ад вёскі да вёскі.

— Чаго-чаго, а гэтага хапае, — адказвае жанчына тонам прыязнай гаспадыні.

У дом інвалідаў, што размяшчаецца недалёка адгэтуль, ёй, санітарцы, было пазвонена пра нас з раёна. Акуліна Сямёнаўна, сёння выхадная, сустрэла нас на сцежцы, далекавата ад дома, у якім жыве.

У цесным, чыстым пакойчыку адзінокай жанчыны — швейная машына, ложак, шафа, столік, вялікае люстра. Пяці чалавекам — як павярнуцца. «Сядайце тут во, у мяне на ложку чысценька». Аднак сядзіць толькі адзін, з магнітафонам каля століка. Стаіць і гаспадыня, хоць ёй якраз і прысесці было б на краечку свае пышнае пасцелі.

Расказвае жанчына, а слёзы нібы не асмельваюцца паказацца. Нават як дзетак стралялі, яна гаворыць амаль што стрымана.

«…Муж мой быў у атрадзе. Мы малако збіралі, вазілі ў атрад. I гэта вярнуліся з атрада. Усе мы зносілі малако парцізанам. Завязлі і прыехалі дамоў. I толькі я пачала печку паліць — сяйчас прыбягае Шчадроў, сусед, і будзе гаварыць: «Немцы ідуць!» Тут я скарэй з хаты што-небудзь вынесла, а тут і пачаўся стрэл.

А яны абайшлі кругом па ляску, па акраіне, гэтыя немцы, і начаўся стрэл. А мы тады з лесу ды пад раз'езд. Селі там, паляжалі, і сяйчас немцы нас там акружылі. Узялі і паставілі.

Вот, — гавораць, — вот калі вашы муж'я не ў партызанах, дык па вас партызаны будуць страляць, а еслі ў партызанах, дык па вас страляць не будуць.

Партызаны сціхлі. Там пулямёты іхнія папсаваліся, ці што. Сціхлі страляць.



Немцы нас і пагналі…

Пытанне: — А вас яны дзе, вы казалі, паставілі?

— Тут, дзе наш раз'езд. I вот так паставілі, на ўзмежак пры дарозе. Каб партызаны бачылі. А самі стаяЦь. I Паўтарэнка. Абняўся ён, пацалаваўся з тым, у каторага какарда бальшая… Паўтарэнка хто такі? Ён здох нядаўна. Каторы нас прадаў немцам. Наш, пуцявой быўшы абходчык.

I вот пагналі нас у Рудню. I загналі ў байню. I сядзелі мы там.

Сталі дапрашваць. I вот, каго дапросяць — выведуць туды і пачнуць сеч. Сякуць у Восіпавай хаце. Там і сястра мая была. Сястру маю паймалі назаўтра з каровай у полі і прывялі. I кароў прыгналі ўсіх, забралі. Адну дапрасілі, другую дапрасілі і пусцілі. Ну, думаем, пусцяць усіх. Нам з байні ў акошка відаць. А потым пабеглі за імі і іх вярнулі. Тут Дзюбенчыху вызвалі. Каждую сям'ю адзельна. I секлі плеццямі.

Дзюбенчыху вызвалі, Шарпенчыху вызвалі, Быхаўцаву вызвалі… Каждую сям'ю адзельна. I — нет. Вызавуць — і нет… I мне прышлося з рабяткамі. Вызвалі.

Пытанне: — Колькі гадоў было вашым дзецям?

— Мальчык быў адзін з трыццаць трэцяга года, другой — з трыццаць сёмага. Ну, і вот, як толькі вызвалі туды, у хату, так сразу:

— Гавары, дзе твой мужык! Я гавару:

— Узят па первай мабілізацыі.

— Гавары, парцізанская морда! Дзе ты была сягоння?

— Нідзе, — гавару. — Рабятам есці гатовіла, бяллё сцірала. Нідзе не была.

— Гавары сяйчас жа!..

Цап за валасы — аб зямлю. Начаў лупіць. Прыняслі банку пяску, бальшую такую, сухога.

— Еш, — гаворыць, — парцізанская сабачая морда!

На стол насыпалі. I гэты пясок ела я. Сухой, не лезе. Там і навоз, і ўсё. Ніяк не з'ем. I ўсё ж ела — захліпалася, дышаць нечым. Усё з'ела. Шчэлачка там была. Расшчапіўшы стол, а там пясок. Ён як пачаў лупіць па галаве плёткай.

— Выліжы, сабачая морда, гэны пясок!

Языком вылізала. Тады:

— Высалопвай язык! На стол!

Я так стаю, а ён як матанець галаву за валасы, выцягнуў язык і шаршаткай пачаў калоць. Проста абамлела ўсё, не чуствую нічога. Тады — валасы… Палажылі… Адзін накруціці» і другі накруціць валасы — як дзёрнуць, як дзёрнуць!.. Вырвалі ўсе валасы з галавы. Тады палажылі, адзін стаў на галаву, другі на ногі і сталі сеч плёткамі. Секлі, секлі… Яны б засеклі да смерці, так, як і сястру, і Зыбенчыху… Дык прынеслі ім есці. Хлеб намазаны маслам і кацялочкі такія. Яны зграблі гэтую яду і пайшлі на вуліцу.

А немец і пацягнуў нас у хлеў. Ажно туды прыцягнуў і паказвае — накрыў трапішніцай[17] і паказвае: не падымайся. А сам пайшоў, і нет яго, і нет. Прыводзіць каня. Конь бальшушчы такі. Началі гэта вадзіць па людзях, таптаць. Рабят — гэтым канём… Афіцэр прывёў, пераводчык. Немец.

Яшчэ людзі будуць гаварыць:

— Вы няправільна дзелаеце… гаспадзін пераводчык!

— Пачаму, — гаворыць, — няправільна?

— Па первай мабілізацыі ўзяты мой… А што вы нас так казніце?..

— Патом пераводчык пачаў сматрэць, як хто ляжыць — хто жывой. Ужо было позненька так. А гэтым паліцаям… Як ужо яны здзякаліся з нас!.. Перва-наперва ўзялі Быхаўцаву Ліду і пацягнулі. I мальчыка штыком прабілі. I прама ў яму — і стрэлілі. Ну, а патом Шарпенчыху. Тады Дзюбенкіну сям'ю. А Дзюбенкіна дзяўчонка была, звалі Янінай, шаснаццаць лет ёй было. Прышоў немец, афіцэр, і будзе гаварыць:

— Еслі са мной сагласішся — будзеш жыць, а не сагласішся — уб'ем.