Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 31 из 95

«Ну, — думаю, — усё роўна не застанемся, не вырабімся жывымі».

Неяк так… Ці то чалавеку жыць паложана?..

Пайшлі яны. Потым адзін з сабакам зайшоў. Сабака — уядаецца!.. Потым чую — запалкі зашасталі. Чую — салома пачала гарэць…

Вылез я на ток. Уздумаў, што і бацька мой тут. Узяў сахор, парнуў — варушыцца. Выцягнуў я яго. Я абгарэў слаба, а ў бацькі ўвесь твар быў з паўгода абгарэлы, нельга было глядзець… Выйшлі мы з гэтага гумна. Гумны адно ад аднаго — метраў шэсць. Глядзім — чалавек перад намі. Спалохаліся, стаім, як стаўбы, адзін на аднаго пазіраем, а потым пазнаем: сусед.

— Гэта вы, дзядзька? — пытаецца. — I хлопец з вамі?..

Пайшлі мы ўтрох да дарогі.

А яны апошні дом, дзе сядзела начальства, падпальваюць.

Напароліся мы на немца. Нёс куль саломы. Метры два ад яго я рукі распасцёр, каб тых, што ззаду беглі, затрымаць. У дыме ён мяне не заўважыў, а двор вузенькі. Мы — назад. Я — цераз плот. У суседа вуллі былі на зіму састаўлены, я паміж імі, у лужыну — снег ад пажару растаў — лёг і ляжу…

Паехалі немцы.

«Давай, — думаю я, — пайду пагляджу на магілу…» Дзіцячы розум… Пазнаходзіў адзежу, мацерыну і сясцёр. Раздзявалі ўсіх да бялізны…

Тая магіла, дзе мужчыны, паднімалася няшмат, санціметраў на дваццаць. А кроў каля сценкі — фантанам. А дзе жанчыны… Клянуся… ісціным богам, што на жанчынах не менш як санціметраў на семдзесят зямля то паднімецца, то асядзе… Значыцца, яны толькі трохі прысыпалі, каб не відно было.

Потым людзей прыганялі, на трэці дзень, дабаўлялі зямлі…»

Пакуль ён расказваў, за спіной яго, на парозе, амаль увесь час стаяў хлапчук. Адзін з тых вясёлых «філосафаў» з плота. Ужо разумна прыціхлы. Калі адыходзіўся або вяртаўся зноў на парог — абавязкова асцярожна і, басанож, зусім нячутна. Меншы, чым бацька ў той час, калі яго забівалі, ды ўжо таксама звыш дзесяці…

Дзяўчынцы было нецікава. Толькі трохі паслухаўшы, скакуха пабегла з двара, шукаць новай забавы.

I ўсё над намі і навокал нас было ў спакоі яснага адвячорка.

* * *

Вялікая Воля Дзятлаўскага раёна.

Лясная вёска, з векавечнымі дубамі і гонкімі соснамі — не толькі навокал яе, але і на вуліцах з кіпарысным ядлоўцам на палянах паміж рэдка раскіданымі сядзібамі, з драўлянай царквой на могілках, прыгожай і ў сваёй пашарэлай ды пахілай старасці. Добрыя хаты ў вялікавольцаў, амаль усе — пасляваенныя.

16 снежня 1942 года немцы забілі тут каля двухсот чалавек. Сярод вельмі нямногіх, каму пашанцавала ўратавацца, былі два падлеткі.

Адзін з іх, калгасны жывёлавод Аляксей Ламака, так расказвае пра той дзень.

«.. У той час я яшчэ быў малы, мне было ўсяго адзінаццаты год.

Помню я — прыйшлі немцы, сталі нас выганяць з хатаў. Немец адчыніў дзверы і сказаў: «Выходзьце!» Мы жылі ў хаце дзве сям'і, бо наша хата згарэла і мы жылі ў падсуседзях. Вышлі мы з хаты і бачым, што тут ужо ўся вёска сагната. Падагналі нас метраў, можа, з пяцьдзесят, паставілі ўсіх у калону. Не памятаю, колькі там чалавек было ў калоне. Закамандавалі нам усім пакленчыць, і ззаду прыйшла машына. I сталі мы паміж сабой гаварыць, што, можа, паліць нас будуць жывых… А яны нас сталі фатаграфіраваць — з нейкім апаратам стаяла машына.

Сфатаграфіравалі яны нас, падалі каманду ўстаць, тады бралі па дванаццаць чалавек, адлічвалі па дванаццаць чалавек, і на метраў сорак ці, можа, пяцьдзесят адводзяць тых дванаццаць чалавек і камандуюць лажыцца ў такім во палажэнні, пад гару. (Паказвае.) І з кулямёта тады шуруе.

Я папаў тады якраз у другую групу, дваццаць чацвёрты чалавек. Я толькі помню, што я датуль быў пры памяці, пакуль камандавалі лажыцца. Упаў я — ужо стрэлаў не чуў, як па нас стралялі. Можа, і заснуў. Нешта палучылася.

Ужо потым, калі ўсіх перастралялі, устаў стары Васіль Ламака і гаворыць:

— Хлопцы, хто застаўся жывы, уставайце. Немцы паехалі.

А бацька мой быў цяжка ранены па жываце і, як пачуў гэты разгавор, пытаецца:

— Алёшка, а ты не ранены? Паварушыся…

Ой, я забыўся — я гэта адразу з бацькам гаварыў, як толькі яны перастралялі, яшчэ не хадзілі дабіваць. Бацька гаворыць мне:

— Ты, сынок, жыў?

— Жыў, — кажу.

— I не паранены?



— Не, не чуетвую.

— Не пячэ нідзе?

— Не.

Дык ён кажа:

— Не варушыся, бо ходзяць дабіваюць.

Праз мінут, можа, пяць падыходзіць немец да мае галавы, узяў нагою за маю галаву, а я гэтак во… (Паказвае.) I ён пайшоў далей.

А потым ужо гэты Ламака Васіль устаў і гаворыць:

— Хлопцы, хто жывы застаўся, уставайце. Немцы паехалі.

Устаў я, і пайшлі мы па трупох шукаць людзей, каторыя жывыя.

Яшчэ я застаў сваю сястру, ёй было тады сем лет. У яе была нага перабіта ніжэй калена. Я яе метраў, можа, сто, можа, семдзесят аднёс. Ну, тады ж я быў пацан, каб гэта, як цяпер, быў самастаяцельны… Яна стала прасіцца, што баліць, што палажы мяне, і я палажыў і пайшоў за тымі старыкамі ў лес.

Ну, у лесе мы таксама хадзілі двое сутак. Есці ў нас не было чаго, мы там абнаружылі партызанскі лагер. Прыйшлі мы ў той лагер, было там трохі пшаніцы і мяса нямнога. Узялі мы каструлю. Голыя ж мы былі, ніхто ж не знаў, што прыдзецца яшчэ доўга жыць. А ўжо зіма была. Знайшлі мы нейкага матэрыялу на парцянкі, адзеліся трошкі, узялі гэтую пшаніцу і мяса, наварылі там, пад'елі…

А на другую ноч рашылі: хадзем у сваю вёску.

Прышлі мы туды, дзе я палажыў сястру, — сястры ўжо не было. Дзе яна падзелася — ці яе забралі ды разам з людзьмі засыпалі, дабілі, ці яна сама зайшлася, — хто яго ведае. У лесе яна ляжала, прама ў лесе, бо я яе метраў сто, можа, і менш, аднёс за прыгорак, яна стала прасіцца, і там я яе палажыў…

Ну, а потым узялі мы ў вёсцы хлеба, у каго дзе знайшлі ў каморцы, што-небудзь так, мяса якое-небудзь…

Падыходзілі мы потым і да магіл, але яны былі ўжо ўсе засыпаныя. Яны прыгналі з Малое Волі людзей і засыпалі.

Узялі мы прадуктаў з вёскі, дзе ў каго што знайшлі, — галодны ўжо не глядзіш, сваё не сваё, ліш бы дзе, — і пайшлі ў лес.

I думаю я: пайду дзе да людзей, шукаць людзей.

Ішоў, а там стаяла адрынка, гумно такое на балоце. Каторыя багачшыя людзі, то стаўлялі там гумна і клалі сена. Заходжу я ў тую адрынку — ляжыць Барыс паранены. Я гавару яму:

— Барыс, што рабіць, як цябе ратаваць? Яму ўжо гадоў дваццаць было. Ён мне кажа:

— Схадзі да Крупіцаў, да маёй сястры, скажы ім, няхай па мяне прыедуць.

Ну, я і пайшоў памаленьку, разглядаючы, каб дзе не нарвацца, і дайшоў аж да Крупіцаў, наказаў, і яны яго забралі.

I я сам астаўся ў Крупіцах, у цёткі, мамінай сястры…»

Другі Ламака, Радзівон, якраз быў тут, у роднай Вялікай Волі, — прыехаў з Ленінграда ў адпачынак.

Знайшлі мы яго на беразе Шчары, з малою Любушкай, дачкой, што ведае і любіць татаву вёску, вельмі ахвотна прыязджае з ім сюды, на сырадой, сон на свежым, духмяным сене, да быстрай і маляўнічай Шчары. Хоць і вузейшая яна за Няву, але ж такая празрыстая, цёплая. А лес — суніцы, чарніцы, лісічкі, баравікі!..

Працуе Радзівон у Ленінградзе «дзяжурным механікам у харчовай прамысловасці». Падаўся ён туды адразу пасля вайны, там закончыў рамеснае вучылішча, а потым тэхнікум.

У тым жахлівым снежні яму было адзінаццаць год, і ён, як сам гаворыць, «усё добра памятае».

«…Прыйшлі яны, немцы, сабралі ўсіх і выгналі на развілку дарог. Усіх паставілі, перш мужчын адагналі ў адзін бок, а тады жанчын і дзяцей — у аддзельны бок. I зрабілі кіназ'ёмку. Тады я не разбіраўся, што яны робяць, што гэта да чаго. Давалі каманду паднімаць рукі і здымалі нас, як ім наравілася.

Пасля першую парцію мужчын пагналі, жанчын адных аставілі. Пабілі мужчын — пагналі жанчын з дзецьмі…

Колькі там крыві, колькі енку было!..

Не ведаю, як гэта вышла так удачна, што ў мяне не папала ніводная пуля, ніводнай царапінкі не было.