Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 30 из 95

«…Я ўзяў жонку свайго таварыша. Мой таварыш быў беларус. Адзінец Мікалай. Яго забілі. Ён папрасіўся пайсці дамоў, у свае Касарычы. Прыйшоў, а там вёску акружылі і павялі на расстрэл. А з ім быў яшчэ Коўзун Пятро, таксама там папаўся. Дык той кажа:

— Мы што — скаціна? Давайце разбягацца!.. Пачалі яны разбягацца. Адзінец перабег цераз поле, ускочыў у лес, а тут разведка нямецкая… Забілі яго.

А мы з ім дагаварыліся раней: хто застанецца жывы — сям'і дапамагаць. Не ведаю, як ён зрабіў бы, але я зрабіў па-чэснаму: забраў яго трое дзяцей. Меншаму, Мікалаю, паўтары гады было.

Яна гаворыць:

— Хіба ж ты мяне возьмеш — трое дзяцей?.. А я кажу:

— Я не цябе бяру, але толькі дзяцей — трэба.

Але раз ужо мы сышліся па характару, то і жывём разам. Ужо дваццаць шэсць год. Жывем. Дзяцей павывучвалі, дзеці ў нас усе на рабоце. (Далей гаворыць, пераходзячы ад партрэта да партрэта.) Во гэтая дачка. Гэта во сын, каторы ў пары: вяселле было. А гэта во ўжо наша з ёю першая дачка. А гэта сын, каторы ў Ленінградзе вучыўся. А гэта во старэйшы сын, працуе ў Рызе. Во якая ў мяне сям'я!.. Чатыры дачкі і два сыны. Усе працуюць. Тамара сантэхнікам, Галя кранаўшчыцай, Ганна маляром, Ліда тэлеграфісткай, Мікола мулярам, а гэты во, Аляксандр, як вы бачыце, афіцэр. I сама яшчэ, мая Люба, ад маладзейшых не адстае — і цяпер у полі. I я працую. Лесніком з сорак восьмага года…»

Ходзіць па лесе чалавек. I многа думае, многае ўспамінаецца яму ў адзіноце, якое так многа. Адзіноты і цішыні.

Звыш дзесяці

«…Маленькіх хлопчыкаў, як і бабаў, яны тады не стралялі, а ўжо як катораму гадоў дзесяць — такіх разам з мужчынамі…»

(Аляксандра Міхалап. Стаўпішча Кіраўскага раёна.)

«…Жанчын аддзельна замыкалі паліць, а мужчын аддзельна. Такіх хлапцоў, што большыя, дык туды, з мужчынамі, а малыя дык з намі былі».

(Тэкля Круглова. Гарадскі пасёлак Акцябрскі.)

«…Немцы дзяцей любілі… Возьме на рукі, паносіць, а потым — у агонь…»

(Віталь Шадура. Зенякі Шчучынскага раёна.)

У двух першых выпадках — прыватная прыхамаць якога-небудзь «звышчалавека» ў паліцэйскай ці эсэсаўскай форме; у трэцім выпадку — яшчэ раз пацвярджаецца тое, што мардаванне дзяцей, ад немаўлят да падлеткаў, было на захопленых землях састаўной і неад'емнай часткай фашысцкага плана «перабудовы свету».

Гаворачы цяпер з мужчынамі, якія ў гады акупацыі пераходзілі з маленства ў самую першую сталасць, ужо саромеліся маміных пяшчотаў і яшчэ ўсё мужчынамі не былі, — нельга не хвалявацца неяк па-асабліваму…

* * *

Вёска Байкі на Пружаншчыне. Чэрвень, раскошнае лета. Пасля кароткага ліўня — яшчэ больш ласкавае сонца, якое ўжо добра схіліла з поўдня. Раз-поразу магутна кукарэкаюць па заплоццю старыя пеўні. Здалёк чуваць працавіты трактарны грукат. Звініць сваёй нястомнай песняй жаўранак. Ці, можа, многа іх, толькі над намі — адзін.

I дзеці гамоняць, крычаць і смяюцца недзе зусім недалёка ад лаўкі каля плота, на якой мы сядзім, — мы іх не бачым, а толькі чуем.

Бачым адну дзяўчынку, што паміж намі і хатай на той бок вуліцы гуляе ў «класы». Сама з сабой, засяроджана, зусім, што называецца, для душы.

Бацькі гэтай скакухі, да якога мы прыехалі, яшчэ усё няма з касьбы.

Ідзём туды, адкуль чуецца хлапечы гоман і смех. Вось яны — маляўнічая група босай ды чубаценькай каманды «філосафаў і паэтаў», спакушаных многімі таямніцамі кніг, кінакарцін, футбольных і хакейных матчаў — «без адрыву» ад роднае хаты з тэлеэкранам, ад роднай вёскі з клубам і школай. Адпачываюць — хто на жэрдках агароджы, а хто і на слупе, каму дзе ямчэй пасля добрай палавіны доўгага і змястоўнага дня. Яшчэ не канікулы. Але гэтым мужчынам — па выгляду, чацвёрты, пяты, шосты класы — заканчэнне школьнага года асаблівых цяжкасцей не прыносіць: ні экзаменаў табе, ні клопатаў пра нейкі інстытут. Смех — іхняе паветра. Нават і перад аб'ектывам фотаапарата смех гэты цяжка стрымаць.

Шчаслівыя аднагодкі тых, каму ў чорныя дні гітлераўскай акупацыі было столькі, як ім цяпер, тых, што і тут, у гэтай вёсцы, гінулі разам з усімі — і меншымі, і большымі за іх…

Пагаварыўшы трохі з хлопцамі, вяртаемся да нашай лаўкі.

Дзяўчынка ўжо адскакала сваё і кудысьці пабегла. А бацькі яе і яшчэ ўсё няма.

Ён вернецца з касьбы, былы ваенны падлетак, ён нам раскажа, як вырваўся з агню, з-пад куляў…

Адно, што тым часам ведаем пра яго, адна дэталь, што загадзя ажыўляе незнаёмы вобраз, — гэта тое, што нам сказала сёння адна бабуля, таксама былая пакутніца. Ён, Мікалай Шабуня, у бацькі свайго быў не сынам, а пасынкам, але «дай бог, каб кожны родны бацька любіў роднага сына так, як Мікалая войчым».



I вось ён, Мікалай Сцяпанавіч, нарэшце прыйшоў. З касою на плячы, з павагай прывычнай стомы. Мужчына трохі за сорак, спакойны і дужы.

Адпачываючы на ганку, ён расказаў.

«…Ішлі мы раніцай у Ружаны, рэзаць дровы да бургамістра. Выйшлі на шашу, а тут немцы:

— Хальт! Падыходзяць:

— Цурык нах гавус! Пайшлі мы дадому.

Сказаў я бацькам, яны ўстрывожыліся. Глядзім у акно — едуць да солтыса на машынах і пешыя ідуць.

— Бярыце ўсе дакументы і выходзьце!.. Туды, дзе і цяпер вялікая ёлка стаіць.

Вынеслі яны сталы на вуліцу. У каго грошы, гадзіннік, кальцо сярэбранае або пазалочанае — усё чыста забіраюць і ў стол. Калідор з немцаў зрабілі, адзін немец ад аднаго на тры-чатыры метры, і людзей гоняць аднаго за адным — у гумно.

Прыгналі людзей з іншых вёсак, з Навасадаў і Колкаў. Капаць магілы…

А мы ў гумне сядзім. Той тое, той тое.

— Сёння, — кажуць, — сітка будзе густое. Прасеюць. Адных пабяруць, паб'юць, а другіх пусцяць. Паб'юць тых, у каго сваякі ў партызанах або каторыя самі сувязь маюць…

Сядзелі, сядзелі, чакалі, каб як праз тое сітка прайсці, каму гэта прыйдзецца, а тут папалі — усе без разбору.

Выводзілі з гумна — хто пад руку папаў. Мужчыны — не больш як па чатыры, пяць чалавек. Бывае ўсякі характар — можа супраціўляцца. А жанчын выводзіў — колькі выпара…

Гэта цяпер ужо, калі хадзяін з хадзяйкай жыве, то дзяцей у іх двое-трое найбольш, а тады было па пяцёра, сямёра.

Палепяцца за спадніцу і так валакуцца…

Вочарадзі былі кароткія. Толькі, было, раніць. А жанчын з дзецьмі — працэнтаў на шэсцьдзесят жыўцом закопвалі.

Два чалавекі геройскі пагібалі — Шпак Даніла і Кава Сямён.

— Бі, — кажа, — сволач, у твар, а не ў патыліцу!.. Я спачатку прадраў страху і сам глядзеў. Бачыў.

Стаяла ахрана каля гумна. Калі не вылазіш, то не страляюць. Я памахаў рукою, што вылазіць не буду. «Глядзі сабе, вытрымаеш — глядзі…» I пакуль сёстраў і маці не забілі, і гэтых двух — я глядзеў. А цотым… нібы страх… Родных пабілі — страх авалодаў. А так чалавек проста стаўбом стаяў, без чусцвія…

Як цяпер гаворыцца, па маскоўскаму часу, з васьмі гадзін да шаснаццаці была праверка, а потым пачалі расстрэльваць. Дзве гадзіны расстрэльвалі, не больш.

У гумне сядзелі на сене і курылі, ніхто тады не асцерагаўся. Чулі, што страляюць.

— Люс! Люс! — хто крайні.

Не хоча — прыкладам, галава не галава…

Форма ўся нямецкая: і шэрая, і чорная. У чорнай больш стаялі на пастах. А немцы — выпорвалі, падводзілі. Расстрэльвалі тыя, што пайшлі… ну, паліцыя. З Івацэвіч прыехалі, з Пружан прыехалі, з Ваўкавыска прыехалі, са Слоніма прыехалі, з Баранавіч прыехалі.

А тыя, што забіралі дакументы, гаварылі па-нямецку, цераз перагаворшчыка.

Усіх пабілі, а мы з бацькам пад сена зарыліся. Бацька першы, а я яго закідаў сенам.

Даскубся я да сцяны, а каля сцяны вялікая бочка, на замок замкнёная, стаіць. Немцы прыйшлі, давай глядзець, што ў бочцы. Прыкладамі разбілі яе. А я якраз да яе дакапаўся. Сена было так на метр трыццаць сантыметраў, а як праскубці, каб чалавеку далезці, то палучаецца прагіб. На мне стаяў немец. Разбіў бочку, пачаў вакол яе пароць штыхом. Аж да адзежы мае дапорваўся.