Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 15 из 95

Ручнік яшчэ ўсё ляжыць на каленях. Ды слёз ужо няма…

Закончыўшы сваю аповесць, Вольга Андрэеўна маўчыць. I мы маўчым.

I ў гэтым маўчанні яна схамянулася:

«…Божа, божа, яшчэ ж адно забылася я!.. Такое праісшэсцвіе было, што я проста на сябе віну бяру. I гэта тады яшчэ, у першую блакіроўку, у сорак другім. Яй-богу, і крлькі я жыцьму, я буду столькі віну на сабе імець!..

Адна жанчына — у яе пляменнік быў у партызанах, а меншыя хлопчыкі, яго брацікі, дома. Калі яны сталі нам, немцы, гранаты кідаць у хаты, дык гэтая жанчына і свае дзевачкі, і гэтых хлопчыкаў… Выскачыла з хаты і крычыць:

— Дзеткі, бяжыце куды вочы глядзяць!..

Гэтыя дзевачкі, большанькія яны, дык яны пабяжалі за мацераю, а тыя хлопчыкі, меншанькія ўдвох, — па колькі ім было годзікаў, не прадстаўляю, — дык яны прабеглі трохі з цёткай ды ўжо і не ведаюць, куды яна пайшла…

Я цягла мужыка, ужо вечарам гэта, і, вы знаеце, што вот так, метраў трыццаць, яны ад мяне ішлі назад, за рукі пабраліся хлопчыкі, ішлі назад у сяло. I чаму мне розуму не было — яй-богу, ну, проста непрасціцельна! Чаму мне было не сказаць: «Дзеткі, вяртайцеся назад!» Мне неяк на вум… Проста я расцерана была. А патом ужо, назаўтра, я апомнілася. I вот на сягоння, вот, дзе пабачу двое дзетак роўных, дык абязацельна я напамяну тых дзяцей. I я вот на сябе віну бяру: чаму я іх не вярнула, тых дзетак… I пайшлі яны, і так ніхто не знае, дзе яны дзеліся. Ці яны іх таксама, немцы, у агонь пакідалі?..»

Гэта праўда — душэўны вы, Вольга Андрэеўна, чалавек!

I як ні добра, як ні ладна жывецца вам сёння — не забыцца ніколі пра тое ўсё, што было.

I тыя хлопчыкі маленькія, пабраўшыся за ручкі, будуць ісці ды ісці па снезе… Крывавым снезе вашай памяці.

Цяпер —. ужо не толькі вашай…

Я таксама з вогненнай…

Успаміны людзей, якія тут прагучалі і будуць зноў і зноў гучаць, мы збіралі чатыры гады. А збіраць паехалі амаль тры дзесяцігоддзі пасля саміх падзей.

Што ж яны такое — гэтыя людскія ўспаміны, расказы, запісаныя на магнітафонную стужку, калі мінула ўжо столькі часу? Наколькі гэта дакумент? I які гэта дакумент?

Мы не баімся самі задаць такое пытанне, бо нам, хто бачыў, чуў усіх гэтых людзей, вельмі розных і ў той жа час у нечым вельмі падобных, нам адказ вядомы.

Так, гэта дакумент. Псіхалагічны, сацыяльны. I не толькі дакумент таго, як сёння, у 70-я гады, народ памятае ваенныя Хатыні, аднак і надзвычай важкі дакумент аб праўдзе саміх падзей. Хоць і прайшло з тых часоў больш за чвэртку стагоддзя.

Праўда гэтых расказаў перш за ўсё псіхалагічная. Што і як было з ім самім, як адчуваў, успрымаў, бачыў тое ён сам — чалавек помніць настолькі дакладна, што праўда гэтая не толькі пераконвае цябе, але гучыць часам проста невыносна. Настолькі зблізку глядзіць памяць на тыя жудасныя падзеі і набліжае да цябе іх так раптоўна, адразу, такім «буйным планам», што сам ты робішся нібы сведкам — не слухачом ці «гледачом», а сведкам падзеі…

«Я не з гэтай, але таксама з вогненнай…» — пачулі мы на Віцебшчыне, у Шумілінскім раёне.

Жанчына гаварыла пра вёску, але ж і пра памяць: вогненная!

Псіхалагічная праўдзівасць гэтых расказаў — немалая гарантыя і ўсякай іншай дакладнасці, фактычнай таксама. Тут магчымы, вядома, і памылкі, правалы памяці (калі што адбывалася, прозвішчы людзей, паслядоўнасць падзей). У такіх выпадках мы стараліся ўдакладняць расказы.

Былыя партызаны расказалі нам, як на шашы Магілёў — Бабруйск была знішчана група карнікаў. Частка тых самых эсэсаўцаў, што забілі ў Борках тысячу восемсот мірных жыхароў.

Ананіч Аляксей Андрэевіч.

«…Было іх так чалавек шэсцьдзесят. Эсэсаўцы. Але што характэрна — характэрна было тое, што калі мы бралі іх штыкі, то яны былі ў крыві. Гэта была адна з груп, што ўчаствавалі ў Борках».



Ананіч Іван Сяргеевіч.

«…Возьмем іх вешчмяшок, дык там дзіцячае барахло было. Дажа вынімалі іх гэтыя фінкі, дык у крыві былі. Яны людзей прыразалі і кідалі ў агонь».

На магнітнай стужцы засталіся нашы настойлівыя (можа, нават і занадта настойлівыя) пытанні: як яно ўсё-такі было, як адбывалася? Эсэсаўцаў было шэсцьдзесят, партызан — сто з нечым, ды з засады — можна было знішчыць фашыстаў, нават нікога не страціўшы. Аднаго толькі партызана паранілі. Але ж, як мы даведаліся пазней, той бой пачаўся не зусім удала.

Ананіч Іван Сяргеевіч.

«…Не даехалі машыны метраў пяцьсот — некаторыя нашы сталі патроны заганяць у патроннікі. I нячаянна адзін партызан выстраліў. Немцы пачулі выстрал. Яны спешыліся, шафёр адкрыў дзвёрку і паціхонечку ехаў. А немцы куветам ідуць…»

Пры такіх акалічнасцях ды такі бяскроўны для партызан бой? Ці не легенда гэта трохі? Шчыра кажучы, мы засумняваліся, што ўсё тут дакладна:

— А колькі іх было ўсіх?

— Іх, гавораць, чалавек шэсцьдзесят было.

— Усіх пабілі?

— Усіх.

— А машын колькі?

— Тры, здаецца.

— I адзін толькі ранены ў вас?

— Так. У нас адзін ранены быў толькі.

— А яны, мабыць, не ўсе па гэтай дарозе пайшлі, бо Боркі вельмі ж вялікія і немцаў больш прыязджала?

— Так, можа, на Магілёў пашлі часць. А мы ляжалі ў сторану Бабруйска.

Потым, распытаўшы добра яшчэ людзей, мы ўпэўніліся, што так і было: сапраўды, надзіва ўдала правёў бой Аркадзь Анцюх, які камандаваў партызанскай ротай. Усё так і адбывалася, як расказваюць Ананічы Аляксей і Іван.

Працягвае расказ Іван Сяргеевіч.

«…Аддае загад: зрабіць не простую засаду, а трымаць сапраўдны франтальны бой. Агню ў нас, мы адчуваем, хопіць — мы рашылі прыняць бой. Для гэтага мы размясцілі ўзводы буквай «Г». А самаму правафланговаму ўзводу камандзір даў каманду: як толькі завяжацца бой, перасякаць шашу і — цэп'ю, для таго каб лягчэй было расправіцца…

Ну, завязаўся бой. Адтуль нашы ўжо сталі перабягаць, каб абкружыць, але — тут біў кулямётчык нямецкі. Я перабег у канаву, дзе немцы, і пакуль падбеглі нашы — развярнуўся і ўбіў кулямётчыка і другога номера таксама, і тут жа, у гэты момант, і мне ў нагу ўдарыла… Я сеў, пакуль мяне перавязалі, прайшло пяць мінут, і бой, аперацыя была закончана. Рабята падбеглі і змялі іх, буквальна за пяць мінут…»

Вядома, так дапытвацца пра ўсе абставіны, «муштраваць» (хай яны нам даруюць!) мы маглі па-сяброўску толькі хлопцаў-партызан. Удакладняць расказы жанчын ці старых, што прайшлі праз усе жахі, не станеш вось такім «адкрытым спосабам». Тут ужо мы стараліся апытаць як мага больш людзей, спецыяльна звяртаючы іх увагу на той ці іншы факт (дату, колькасць ахвяр, прозвішчы, паслядоўнасць падзей і г. д.), шукалі матэрыялы ў мясцовых музеях, глядзелі дакументы ў райкомах і райвыканкомах, звярталіся да дакументальных кніг і спецыяльных прац.

Але гэта — што датычыцца «знешніх фактаў». А пра тое, што чалавек сам перажыў, адчуў, што ён рабіў і што з ім нелюдзі выраблялі, — пра тое вам Тэкля Круглова ці Вольга Мініч так і такое раскажуць, што іх успамінамі можна удакладняць многае. I ўжо не ў маштабах вёскі, ці раёна, ці нават Беларусі. Цэламу свету маюць што сказаць яны — гэтыя жанчыны.

Жывуць сярод іншых, сённяшніх людзей — таксама сённяшнія, тыя, каго мы шукалі, ездзячы з вобласці ў вобласць, з раёна ў раён, з вёскі ў вёску… Па спісах абкомаўскіх, аблвыканкомаўскіх, потым — па райкомаўскіх і райвыканкомаўскіх, а далей — па жывым ланцужку чалавечай памяці: назваў чалавек факт, прозвішча, вёску — едзем туды, а там — новы ланцужок да іншых фактаў і людзей, якія, можа, нідзе, ні ў якіх паперах і не абазначаны. Ланцужок гэты вядзе да ўсё новых і новых людзей, успамінаў, трагедый чалавечага болю і жорсткасці нелюдзяў, адразу перакідаючы цябе, а разам з тым і сонца, і вуліцу з дзіцячымі тварыкамі і галасамі, і дамы, і лес, і дарогу — туды, за тры дзесяцігоддзі назад.

Вось спыніўся наш «газік» сярод пясчанай, нейкай занадта шырокай вуліцы. Пасля пажараў і ад пасляваеннага бязлюддзя ўзнікла такая «прасторная» планіроўка.