Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 5 из 64

Ён ужо быў дзецюком, кавалерам, хадзіў да дзяўчыны ў суседнюю вёску. Са мной, па нашай даўняй прывычцы, ён дзяліўся ўсім патаемным, якое, зрэшты, дайшло ў яго тады толькі яшчэ да пацалункаў. І ён не разумеў, відаць, што гэтымі расказамі не выводзіў мяне ў сталасць, а дадаваў маёй адзіноце трывогі, пакуты, зайздрасці, спякотна-тужлівага чакання. Я не ведаў, як у яго, а ў мяне, у маім патаемным, было і такое, што заставалася толькі маім, і падзяліцца гэтым нават з ім, не проста братам, але і другам з маленства, было нялёгка. Скажам, пасля той леташняй збянтэжанасці ў князевай канцылярыі я расказаў Васілю пра наненачку і маё хваляванне, аднак не ўсё расказаў. Без таго, што за ёю, чарнявай ды паўнагрудай, у тым складаным, і чыстым, і брыдкім хваляванні стаяла для мяне другая, непараўнана мілейшая — мая яна, суседка Зося, што потым яна яшчэ больш ярка і шчасліва мучыла маё ўяўленне... І такога не скажаш, нават яму, Васілю, што мне часамі, узяўшы маленькага, шчабятлівага Толю на рукі, хацелася пацалаваць... Ну, не проста яго, не так, як цалуюць малых, як я, дарэчы, ніколі не цалаваў ні Валодзю, ні Валю, а праз яго, Толіка,— яе, зноў жа яе, яго маму.

Яна прыйшла за Проньку з далёкай вёскі. Тады маладзенькая, сарамлівая, цяпер і памажнелая і пасмялелая ў хаце і з людзьмі. Пасля Толі пагодкам нарадзілася дзяўчынка, а Зося зноў была прыгожай, маладой, як і раней, і ў новай сталасці са сваёй, назаўсёды дадзенай, мілай, як быццам дзіцячай усмешкай, якую ўзяў ад яе, і так хацелася, каб назаўсёды захаваў яе Толік.

У панядзелак, пасля чарговага паходу да свае Зіны, Васіль не пра яе расказаў мне яшчэ што-небудзь, а расказаў... пра маю... пра Зосю... Не думаючы, што вось ён яшчэ раз залез у маё патаемнае.

Васіль ішоў Раманавым дваром, потым па агароднай дарозе, а тады, штосьці заўважыўшы, спыніўся пад вішняй.

Што ж ён заўважыў? Ды нічога незвычайнага. Быў ранні пагодлівы адвячорак, нядзеля, прыемная пара, пярэдых паміж сенаваннем, якое закончылася, і жнівом, якое вось-вось пачнецца. Стараваты, як мне здавалася, Пронька па-свойму спакойна і важна ішоў са свайго двара ў прыгуменную адрыну. Не бачачы Васіля, адчыніў палавіну дзвярэй, увайшоў туды, знік, а дзверы засталіся прыадчыненыя.

Сюды ж, аказваецца, ішла і Зося. Нібы чагосьці там, у хаце, не закончыўшы, а то і знарок не надта спяшаючыся («Вытрывае, вельмі ўжо загарэлася»,— як за яе падумаўшы, сказаў мне Васіль), яна ішла за мужам зводдаль. На свежае сена, у вольную волю, бо дзе ж там — у люднай хаце ды ў белы дзень...

Адрынку з сярэдзіны зачыніла яна. А пакуль зачыніць, пакуль зусім не звузілася шчыліна паміж дзвюма палавінкамі шырокіх, шэрых дзвярэй, Зося ўсміхнулася. Заўважыла пад вішняй Васіля і ўсміхнулася. Ужо як сталаму, які ведае, што да чаго, аднак і маладзейшаму не толькі за Проньку, але і за самую яе: хоць ты ўжо і дзяцюк, ды шчасце такое, як наша, звычайнае, спакойнае, табе яшчэ недаступна...

«На трэцяе былі, відаць, закладзіны»,— закончыў свой расказ Васіль. І гэта не здалося мне, калі па-сёнпяшняму ўспамінаю, грубаватым, але вельмі змястоўным — было. Зайздросным, раўніва пакутлівым — таксама.

І вось тады, у тыя дні са мною адбылося страшнае, дзеля чаго я наогул усё гэта ўпамінаю.

3

Ад рання я быў у полі, даворваў папар пад жыта, на восень, вярнуўся ў самы пачатак спёкі, выпрагаў з плуга (на санках) Каштанку, а мой найменшы сябрук круціўся каля мяне адзін, без Валодзі і Валі. Прыбег, бо быў якраз на вуліцы. Толя не «памагаў» у чым-небудзь, са сваімі бясконцымі «што хэта, ха?», а вельмі ж нешта раздурэўся. Спачатку ён, смеючыся, бегаў вакол жарабяці, якое таксама стамілася на ворыве, то гойсаючы там, то поўзаючы побач з маткай за плугам, і было вялаватае, нават і потнае. Потым Толя забегаў вакол Каштанкі і мяне. Я быў штосьці задуманы і не заўважыў, як ён, збочыўшы з круга, скокнуў кабыле пад жывот і, выскачыўшы на другі бок, радасна, пераможна крыкнуў:

— Міся, глядзі!

Я вінаваты быў, што не спыніў, не паўшчуваў яго, і ён, нібыта разгуляўшыся паміж ножкамі стала, шмыгануў пад Каштанку зноў. І ўжо не проста пад жывот, а з-пад жывата паміж задніх ног. Стомленая, злосная ад мух кабыліца капрызна трэпнула нагой, і Толя паляцеў ад яе — збоку ад плуга. Я рвануўся да яго, а Каштанка, з яшчэ нязнятым хамутом,— ад нас. Як быццам са страху: чаго нарабіла!.. Малы — на зямлі, пад нагамі — зайшоўся ад плачу, заліўся крывёю... На мой страшэнны крык прыбег сам Пронька, бо дома ў нас нікога не было. Ён моўчкі схапіў Толіка з маіх рук і подбегам панёс дамоў.

А я, ужо не памятаючы не толькі пра кабылу з жарэбем ды пра плуг сярод двара,— нічога не памятаючы, пайшоў чамусьці да гумна.

У пустым, падрыхтаваным для новых снапоў прыстаранку, ад мышэй засланым церпка-духмяным палыном, я вяла лёг вачыма ў той палын і, нічога не бачачы, не чуючы, паўтараў:

— Я за-біў ча-ла-ве-ка... Я за-біў ча-ла-ве-ка...

Паўтараў і трымаўся за гэтыя бездапаможна доўгія словы, як быццам нацягнутыя вяровачкай, сям-там перацёртай, пацягнутыя назаўсёды над чорнай ужо прорвай, паўтараў і нібы ў іх, у слоў гэтых, прасіў паратунку.

Павінна была прыйсці Толева бабуля, жміндлівая «мая каманда», і праклясці мяне самым апошнім праклёнам. І я нават не варухнуўся б у сваім палыне.

Павінен быў прыйсці важны Пронька і, як бацька, забіць мяне тут. І я не падумаў бы абараняцца або крычаць.

Павінна была прыйсці сама яна, Зося, і ў мяне не знайшлося б ні духу, ні сілы, каб устаць і зноў упасці — да ног яе, ногі ёй цалаваць...

Ніхто не ішоў.

Хоць бы ўжо маці наша прыйшла напаследак, але ж яна яшчэ там усё недзе, у цёткі Агаты, сваёй сястры, што захварэла цяжка ў сваіх Несутычах.

І прыйшоў мой Васіль, што ездзіў з дзядзькам Раманам у Мір, прадаваць вішні, і вось якраз — як жа дарэчы! — вярнуўся.

Васіль таксама многа чытаў. Днямі ён з нейкай, як заўсёды, выпадковай кнігі (цяпер не памятаю ўжо, з якой) вычытаў мянушку для мяне, яшчэ адну, нязлосную і толькі нашу, смешную для нас дваіх.

— Ганс-бублік,— сказаў ён,— не плач! Толя жывы. Адно па лобе трошкі шкрабанула. Уставай!

Толькі тады я заплакаў.

...Якое шчасце! — я не забіў, ён і сёння жыве, толькі з ледзь-ледзь прыкметным рубчыкам на разумным ілбе матэматыка. Мы сустракаемся рэдка, але прыемна. Толькі ні разу за сорак гадоў не сустрэліся ў нашай вёсцы, дзе ўжо нікога ў нас абодвух не засталося, а ўсё тут, у горадзе, дый то больш па тэлефоне. Адносіны ў нас сталыя, бо і яму ўжо за пяцьдзесят, але ж і сёння ў мяне, нібы калісьці з Васілём, ёсць і толькі сваё, патаемнае. Не сказаць жа яму, што падлеткам я быў закаханы ў ягоную маці, цяпер даўно ўжо бабулю, што дажывае недзе пры адной з вясковых дачок.

«Быў закаханы...» А ці ж яно — усё тое — зусім-зусім прайшло?..

Вось жа і сёння я не той свой жах успомніў адразу, а ці не раней за яго — тую ўсмешку, хоць і не мне, праз дзверы, што зачыняліся з сярэдзіны.

Чаму ён, гэты ўспамін, які мне зрэдку пабліскваў калісьці у маладзейшай памяці, цяпер паўтарыўся, нібы зусім не паблёкшы ад часу?

Учора бачыў я хлопчыка на руцэ ў маладзенькай і маладосцю сваёй сімпатычнай мамы. Мы стаялі ў магазіне самаабслугоўвання, у чарзе да касы. У правай руцэ маладой гаспадынькі, што стаяла перада мною, быў металічны кошык з хлебам, маслам і пакетам малака, а на левай яна трымала малога. Яго чарнявая галоўка была, над маміным плячом, павернута тварыкам да мяне, а мама не азіралася, і твару яе я не бачыў. Толькі профіль мільгнуў разы два.

Малы, які пакуль што ведае, відаць, адно-два-тры першыя словы, так пільна прыглядаўся да мяне, і смех так міла хадзіў па ягоных губах і вачах, што я, ледзь не міжволі, падміргнуў яму. І ён, нарэшце, усміхнуўся. А мне прыгадалася раптам яшчэ падлеткам сустрэтае ў Лермантава: «Воздух чист и свеж, как поцелуй ребенка». І любоў да дзяцей, асабліва бацькоўская, непасрэдна найшчаслівейшая, быццам уся адразу, як сонечны, буйнакраплісты дождж на траву і лістоту, вярнулася да мяне.