Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 4 из 64

«Як быццам» — таму, што я памятаў і яшчэ памятаю — тады непасрэдна, а сёння з даўно па-бацькоўску сталай адлегласці,— як я ляжаў на зямлі, як мяне прытомніла наша суровая, сухаватая маці. Яна кленчыла побач, паднімала мяне аберуч пад галаву і плечы, цалавала і плакала:

— Міша, сыночак, не трэба! Не трэ-ба!

А я, здаецца, усміхаўся, пачынаў усё разумець, мне было добра, я быў шчаслівы ад такой, яшчэ дзіцячай, радасці. Тады было так, а сёння гэта бачыцца мне не проста расчулена па-старэчы — я цяпер тое «не трэба» чую і разумею інакш...

Такім было развітанне з маленствам.

Другі выпадак.

Васіль наш захварэў, не ўставаў ужо чацвёрты дзень. І вось я сам ужо, як гаспадар, вадзіў кабылу да жарабца. У князёў двор.

Мы ўжо адтуль вяртаемся. Я сяджу на возе, перада мною, збоку, ляжыць непатрэбная пуга. А кабыліца, прыкметна паспакайнелая, то тупае спраўнай, спорнай ступою, то лёгка, імкліва рысіць, толькі крані ляйчынай ці цмокні, а то і самахоць, асабліва як з горачкі. Яшчэ і папырхвае весела.

А я ўспамінам перажываю сваё зусім нядаўняе, толькі тры кіламетры назад, хваляванне.

Калі я пасля ўсяго зайшоў у князеву канцылярыю, каб выпісаць пасведчанне, мяне накіравалі да століка, за якім сядзела маладзенькая паненка. У той час кожны, хто чыста апрануты ў будзень, здаваўся і называўся папам. Тая паненка — чарнявая, у белай кофтачцы, нізка адкрытай пад грудзьмі.

А мне — пятнаццаты. Я многа працаваў, але ж і чытаў нямала. Сярод выпадкова знойдзеных кніг трапляліся і такія, дзе мне не ўсё было зразумела, хоць і цягнула ў тую панадную, таямнічую незразумеласць. Жанчына таксама была яшчэ недзе далёка — тая, што будзе маёй, аднак уяўляць тое наша, што калісьці прыйдзе, было то нясцерпна, хвалююча соладка, то ад пэўнай прыблізнасці прыкра, то зноў паэтычна, і таямніча, і радасна. Шчасце расло ў маёй душы, паўнапраўная маладосць спакваля падкрадалася мужнаю сілай, з боку гледзячы — я быў і сарамлівы трохі, і вуграваты, і ніштаваты з выгляду хлопец.

А чарнявай ды паўнагрудай паненачцы гэта было як быццам зусім нецікава. Яна пісала, запаўняла бланк, на якім я, праз нечаканую тут гарачыню хвалявання і нейкага сораму, бачыў буйныя польскія літары друкаванага загалоўка: Świadectwo pokrycia. У маім уяўленні яшчэ так свежа і неспакойна жыло зусім нядаўняе відовішча красы і сілы, а цяпер на тое, што было, гарачай хваляй ішло ўяўленне новае. Я стаяў над сталом, маладое, цыбатае, расхваляванае боўдзіла, і, калі яна, узняўшы позірк ад паперыны, спыталася, як маё прозвішча і як завуць маю «кляч», ледзь прыпомніў другое, ледзь вымавіў такое простае, ніколі яшчэ не пісанае: Каштанка...

Наступнай вясной у Каштанкі ўжо быў жарэбчык, па бацьках каштанавай масці, бо і яго панічык тата, англічанін «огер Джон», як стаяла ў пасведчанні, быў такі самы.

Шэсцьдзесят пяць гадоў — гэта многа. Прасцей акінуць іх вокам з канца да пачатку, непараўнана цяжэй, складаней было жыць дзень за днём, калі не лічачы іх, а калі дык і дробячы на мінуты, секунды. Пад снарадамі ў акопе, у бяссоннай трывозе за жыццё кагосьці з найбліжэйшых... Я многіх блізкіх перажыў, нямала пахадзіў ды паездзіў, паплаваў ды палятаў, пабачыў многа рознага, у тым ліку, вядома, і добрага, прыгожага. І сярод гэтага ўсяго мне іншы раз светла і цёпла згадваюцца нашы бяскрайнія лугі ў раскошнай квецені, ціхая, чыстая рэчка майго пачатку. А ў гэтай рэчцы, у павольнай, ласкавай у паўдзённую спёку вадзе плыве наша быстрая красуня, наша работніца Каштанка. Шчасліва, вольна плыве, толькі папырхвае над вадой, выцягнуўшы крутую шыю, храпай нібы п'ючы тую ваду, нібы гулліва цмокаючы асцярожным пацалункам. А побач з ёю плыве яе першы сынок. Такі яшчэ нясмелы, што мне прыйшлося піхнуць яго з берага ў ваду, такі яшчэ безабаронна трапяткі, а ўжо так хораша, адразу так свабодна, сам па сабе ўмеючы тое, чаму мы, людзі, змалку і часамі доўга вучымся.

З павадамі ў руцэ я плыву побач з маткай і сыпам. Таксама шчаслівы.

2

У тыя дні, калі я сам даўно ўжо быў не дзіця, аднак мне яшчэ вельмі далёка было да шчасця бацькоўства, любіў я сябраваць з суседскімі малымі. Яны гэта адчувалі, і ад іх было, як часамі казала наша маці, не абагнацца, каб і хацеў. А я, вядома, не хацеў. Яны дапамагалі мне і працаваць, і есці, ахвотна і спалі б са мною, асабліва ўлетку, на сене, калі б іх не клікалі ды не гналі дахаты.

Іх было трое. Валодзя, найменшы сынок бравага дзядзькі Рамана, асірацелы яшчэ тады, калі ён гэтага не разумеў. Маму яму сяк-так замяняла сястра, гультаяватая Люба, і ён, як збоку здавалася, быў недагледжаны, з нямытай, нястрыжанай галавой, нейкі заўсёды галаднаваты, спадцішка вясёлы, разумны пяцігадовы хлапчук. Другая была Валя, таксама сірата, ужо без бацькі. Чатыры гады і худзенькая, але гэта ўжо не ад нядогляду, а па такой прыродзе. Светлыя валасы і вялікія сінія вочы. Добра запамінала ўсё і, па маме сваёй, была галасістая. Папросіш, і яна пачне спяваць. З усёй дзіцячай шчырасцю ды сур'ёзнасцю, і голасна, як птушка, якой гэта трэба, як быццам і не звяртаючы ўвагі на тое, слухаюць яе ці не. Песні былі дарослыя, маміны, і гэта неяк расчульвала сваёй неадпаведнасцю, заўчаснасцю для такога благоцця. А трэці быў Толя, першы, шчаслівы сынок Пронькавай Зосі, нашай маладой суседкі. Шчаслівы не проста таму, што ў яго былі і мама, і тата, і бабуля, але таму, што мама такая, як у нікога іншага...

Ды гэта ўжо думкі не ягоныя — мае.

Толю было два з нечым гады, у тройцы маіх сяброў ды памочнікаў ён быў малым і для Валодзі з Валяй, і так мы ўсе глядзелі на яго, на нашага найменшага, вясёленькага, шустрага, чарнавокага пестуна. І Валодзя, і Валя, як ім зусім сур'ёзна думалася, былі ўжо далёка ад таго, чым быў мілы наш найменшы, і яны разам са мной, а часамі і з Васілём, і з мамай паблажліва і прыемна смяяліся з яго ўсё новай ды новай пацешнасці. То ён ката возьме аберуч за вушы і смачна раз і два, а то і тры разы, калі паспее, цмокне ў самую сонна-муркатлівую, нездаволеную гэтай ласкай пысачку. То ён, абедаючы ў кампаніі са мною, Валодзем і Валяй, з адной місы дружна чэрпаючы бульбяны забелены «булён», раптам кідае лыжку на стол і — тыц у місу зноў жа аберуч. Бо там мільгануў, перавярнуўся і знік, у белым — чырвоны, салодкі скрылік морквы, і нельга ж не схапіць яго самым падзейным спосабам, хоць скрылік той і не адзін. А колькі пытанняў у яго, бясконцых і мілых, дакучлівых і зноў пацешных: «А хэта што, ха? А чаму хэта, ха?» І свая, непаўторная словатворчасць. «Толя, чаму ж ты болей не ясі?» Ён тады зноў за лыжку і радасна: «Я ясю!» На цвік казаў ён ціка, а на малаток — цюка, што так дасціпна, дакладна ішло ад цюкання тым малатком. Замест люблю — любум, замест не магу — мугугу. І зноў якое-небудзь: «Міся, ха? Ты зловіш мне верабея?...»

Я ўжо быў на шаснаццатым годзе, аднак любаваўся жыццём разам з гэтаю тройкай, многае бачачы нібы іхнімі вачыма, а каб выказаць радасць, карыстаўся і тым, што ўжо даўно ад- чута і прыдумана, што мне вядома было з кніг і ад людзей, карыстаўся і тым таксама, што хацелася зрабіць самому. Дзе не хапала да вершаў мелодыі, «падбіраў» сам. І сам складаў для малых, а потым для сябе запісваў, вершыкі пра кума-вераб'я, пра шпака на бярозе, яшчэ пра нейкую радасць. Няхай сабе тыя «творы» мае і непрыгодныя, каб тут іх паўтараць, але тады яны і слухачам, і аўтару падабаліся. Дзеці запаміналі іх, лепш Валя, горш Валодзя, і гэтай славы ці проста радасці мне хапала. Дзецям гульні — таксама. Як хапае кіёчка замест каня — і таму, хто так едзе, і хто гэтым любуецца.

Толя да нашай самадзейнасці яшчэ не дарос, яму заўсёды было цікава ды весела і з гэтым, і без гэтага. А я, зверху любуючыся ім ці беручы яго на рукі, часта лавіў сябе на тым, што любуюся не проста мілым хлапчуком, але сынам яе, нават цераз яго — ёю самой...

Тым больш і люба, і пакутліва, і сорамна, і зноў — найбольш! — хвалююча гэта бывала для мяне пасля аднаго здарэння. Нават і не са мной здарэння, а з Васілём.