Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 25 из 64

— У Равічы сядзеў я з Паўлам Валошыным, членам ЦК стотысячнай Грамады, паслом польскага сейма ад рэвалюцыйна-дэмакратычнага крыла беларускай нацыянальнай фракцыі...— Гэта не я цяпер, а ён, расказчык, так гаварыў, няспешна чаканячы сваю дакладнасць.— Любіў я гэтага чалавека, мы сябравалі. Класічны тып беларуса. Гаварылі пра Тарашкевіча. Тарашкевічаў бацька, шкадуючы сына, пытаўся: «Броня, як ты думаеш, народ наш ужо дарос да таго, каб за яго галаву аддаваць?» А сып яму: «За яго заўсёды можна было і трэба было аддаваць галаву».

Другі фрагмент, пасля хвілін маўчання:

— Кожнага падпольшчыка пілсудчыкі намагаліся зрабіць шпіёнам, шпегам, паставіць яго па-за законам. «Нема венкшэго ўрога, ніж шпег». «Сонд доразьны», сто адзінаццаты артыкул яшчэ царскага кодэкса з тысяча дзевяцьсот трэцяга года. На гміне, на тэлеграфных слупах вывешваліся адозвы: хто выдасць шпіёна — тысяча злотых. А гектар зямлі быў тады дзвесце-трыста-чатырыста злотых. Увосень трыццаць першага года тут, у Баранавічах, было павешана дзевяць чалавек — за шпіянаж. Кат Мацееўскі атрымліваў чатырыста злотых у месяц і па сто злотых ад галавы. У Польшчы было тады дванаццаць чыноўных разрадаў, у ката — дзевяты разрад. Белыя пальчаткі, новыя для кожнага. Занятак па цэлы дзень. І фраза, што была крылатай: «Справедлівосці стало сень задосць» — справядлівасць задаволена.

Пра гэтае павешанне было ў газеце ІКЦ, «Ілюстраваны кур'ер цодзенны», адной з самых санацыйных. Чытаў я пра павешанне ва Ўронках.

Зноў паўза і роздум на высокім ілбе чалавека, якому так многа давялося думаць за чатырнаццаць гадоў турмы, з якіх дзесяць у адзіночцы. А пасля паўзы — зноў, як з Валошыным і Тарашкевічам, грунтоўна ўзважанае слова пра блізкага чалавека:

— Сярод тых дзевяці быў Аляксандр Скачко. Шафёр з аўтобуса «Крэсавянка», на трасе Стоўбцы — Наваградак.

Запісваў я гэта ўлетку пяцьдзесят восьмага,— з таго часу прайшла другая чвэртка стагоддзя. Запісы тыя, не ўсе выкарыстаныя ў маім нарысе, днямі я перачытваў: чытаюцца як штосьці новае, бо сёе-тое ўжо і забылася.

Аднак успамін пра шафёра, Мішаў расказ пра павешанне вярнуўся да мяне не ад запісаў,— ад незвычайнага польскага «бочек», які ў рускім акрэсленні, «объядение»...

1983

Пераход

Вясковы ксёндз Магнушэўскі — добраахвотны настаўнік Багрыма, нашага Шаўчэнкі, задушанага ў зародку. Міцкевіч і Чачот,— у аднаго высокааўтарытэтныя выказванні пра беларускую мову, у другога шчырае збіранне нашых песень. Сыракомля, Манюшка і Дунін-Марцінкевіч, Багушэвіч і Ажэшка — іх творчая дружба.

Царскія «цэнзары» гаварылі, што беларуская мова, літаратура — варожая польская выдумка...

Кожны «заходнік» майго пакалення — старэйшы хто, аднагодак і маладзейшы — успамінае школьны вершык: «Кто ты естэсь? Поляк малы!» Пра гэта ўжо і пісалі, хто з нашых стаў літаратарам. Што ж, раней, калі сама Польшча была пад трайным прыгнётам, вершык гэты быў своеасаблівым катэхізісам патрыятычнага выхавання польскіх дзяцей. Потым, механічна перанесены на чужую глебу, ён стаў для нас, непалякаў, адным з сімвалаў нацыянальнага прыгнёту.

Тады ўжо, стаўшы незалежнымі, некаторыя польскія ідэолагі, у сваю чаргу, пісалі, што нейкую там Беларусь, нейкую беларускую мову, літаратуру проста «прыдумалі бальшавікі»...

Што ўжо казаць пра такіх цемрашалаў, калі і ў людзей прагрэсіўных і сёння часамі пе-не дый пакажацца шыла ці шыльца з мяшка.

Адна старая польская пісьменніца, з якою я перад вайной перапісваўся, якая прысылала мне ў вёску і ў войска добрыя кнігі, перакладчыца Бертрана Рассела і сама пацыфістка, змагарка за мір, калі я ў сямідзесятым годзе наведаў яе ў Варшаве, у гутарцы прагаварылася: «Кіеў? Ён жа наш, вядома, польскі». А на маё здзіўленне, спахапіўшыся, з усмешкай самаасуджэння дадала: «Што ж, кожны народ, нават самы найменшы, мае поўнае права авалодаць усім светам...»

Другі паляк, маладзейшы, яшчэ больш сучасны, даволі старанна перакладае «з усходнеславянскіх літаратур», не менш карпатліва займаючыся вышукваннем ва ўсім польскіх першакрыніц; польскага паходжання, дзе хоць крышку, хоць крышачку можна не толькі, скажам, у Купалы («з каталіцкай, значыцца, з польскай сям'і»), але і ў Коласа (няхай сабе з праваслаўных, але ж Міцкевіч, значыцца, са шляхты, з палякаў). Нядаўна ён зноў парадаваў нас сваёй вучонай глыбіннасцю: да перакладзенага ім верша даў грувасткую заўвагу пра паходжанпе назвы «Туганавічы», ад слова «туга». Спаслаўся на слоўнік, складзены ў канцы мінулага стагоддзя (калі, кім, дзе — усё дакладненька), які, вы бачыце, «падае, што туга — крэсовае акрэсленне тэнскноты». Слова, значыцца, не беларускае, не ўкраінскае, чаго ён, кніжнік і перакладчык з даволі вялікім стажам, узброены сучаснымі дапаможнікамі, не можа не ведаць, а слова на збуцвела-архіўны лад «крэсовае»... У зусім неглыбокім падтэксце — старая, пратухлая песня пра «польскосць тэй земі» — Беларусі і Украіны...

Тое агіднае, антылюдскае, што ідзе следам за вызваленнем таго ці іншага народа: яго прэтэнзіі да іншых, яго жаданне дзяўбаць іх зверху. Словы Дастаеўскага: «Нізкая душа, вырваўшыся з-пад прыгнёту, прыгнятае сама» — трэба аднесці да нізкасці ў кожным нацыяналізме. І ў Маркса яно: «Не можа быць свабодным народ, які прыгнятае іншыя народы».

Як адбываецца пераход ад прыгнечанага да прыгнятальніка — гэта я назіраў на прыкладзе даваеннай Польшчы, адчуваў той прыгнёт у нейкай меры і на сабе. «Сізіфава праца» Жаромскага стаяла ў школьнай кніжнай шафе, а такую ж нялюдскую асіміляцыю слабейшага мы бачылі штодня і ў школе і за сценамі яе.





Але ж гэта было ўжо даволі даўно!..

1983

Нібыта рознае

Ідылія ў вагоне электрычкі.

Маладая пара вяртаецца з вёскі (мы разам адтуль дабіраліся да вакзала). Спачатку гулялі ў «дурня», на яе прыполе. А потым яна ўзяла купленую ў вакзальным буфеце гарадскую булачку, спачатку жавала яе так, пасля ён растуліў вялікую сумку, зняў покрыўку з трохлітровага слоіка з малаком, і шчаслівая маладзічка, як малая, адхлёбвала гулліва, з мілай, так зразумелай ім абаім, пястотай, хатняе, з маміна-цешчынай даёнкі малако і шчасліва ўсміхалася.

І гарадская ўжо, і яшчэ вясковая,— толькі як госця, на грунтоўным бацькоўскім падмацунку.

*

«Што гэтая ваша паэзія — адна пустата. Вось матэматыка — гэта навука, гэта апора, гэта жыццё!»

Прыблізна так, часта і аднастайна марочыў мне галаву зямляк, малодшы брат майго друга, пасляваенны студэнт матфака.

Неяк ён плаваў з двума сябрамі і дзяўчынай, якая яму «падабалася», па возеры, у адной лодцы, і дзяўчына ўтапілася. Развесяліліся надта, перавярнуліся і трэба ж — адна яна не даплыла да берага.

Калі яе неслі хаваць, ён не пасмеў быць там, дзе ўсе. Пачуўшы з акна інтэрната апошнюю музыку, ён кінуўся з чацвёртага паверха ўніз галавой.

Ох, матэматыка...

*

Руплівы сын руплівага бацькі. І жоначка руплівая. Паставілі добрую хату, што і знадворку, і ў сярэдзіне «як гарадская». А жыць у гэтай выгодзе няма каму. Сын штосьці сярэдняе закончыў, кудысьці паехаў, яшчэ халасты. Дачка таксама штосьці не большае закончыла, паехала, там выйшла замуж, нарадзіць збіраецца. Жывуць на прыватнай кватэры, стоячы ў доўгай чарзе «на кааператыў». А ў бацькоў — за вялікімі, светлымі вокнамі — такое добрае жыта, такі раскошны сад!..

— Што ж гэта будзе далей з нашым сельскім хадзяйствам? — уздыхае чалавек.— Да чаго гэта дойдзе, да якога развалу? Усю маладзёж павывучвалі, каб хваліцца, відаць, што ў нас усе вучоныя, а хлеб рабіць адвучылі...

*

У мясцовым аўтобусе поўна і. перапоўнена. Лета, жніво, а людзі валочацца. Гэта — сказаўшы па-сялянску, па-даўнейшаму, бо сёння пішуць і кажуць інакш: міграцыя, урбанізацыя, энтээр... Моладзь, сталыя людзі, дзеці, старыя, зусім старэнькія. Хто бяззубы, хто з устаўнымі. Дзед, якому аж страшна зазірнуць у твар пад старою кепкай, і бабуля, як смерць, з высокай, крываватай кульбай.