Добавить в цитаты Настройки чтения

Страница 17 из 64

Неяк уранні, калі я, як звычайна, пастукаўся да яго, з палаты пачулася жаночае: «Няможна. Трохі пачакайце». Чакаць прыйшлося даўгавата. Пасля адтуль выйшлі дзве ў белым. Адна, з пасудзінай і ахапкам бялізны, шмыганула па калідоры, другая спынілася перада мною. Павіталася з цёплым святлом спакою на прыемным абліччы, усёй паставай здалася мне чысценька белай.

— Вы з трыццаць пятай? Друг ваш цяжкі, але памаленьку ўсё будзе добра.

Пасля гэтых чыстых слоў пайшлі «нячыстыя», што зусім не здаліся такімі:

— Страўнік трэба было ачысціць. Столькі дзён...— Яна з дакорам пакруціла галавой.— Памыць яго трэба было, пасцель змяніць. Заходзьце.

З сябрам цуду, вядома, адразу не адбылося. Перада мною ён звычайна не лічыў патрэбным усміхацца, калі горка. А тут усміхнуўся сяк-так — чысты, у чыстай пасцелі — і скупа, але без натугі сказаў:

— Во чалавек... Прысядзь.

Можа, так яно і не вельмі тактоўна было, але праз тыдзень, калі мы ўжо збіраліся ад'язджаць, сябар, яшчэ ўсё лежачы, намогся, а я не змог не паслухаць, і — ад яго — прапанаваў ён грошай... У вестыбюлі, сам-насам. Сказаць, што жанчына надта здзівілася, не скажу: відаць, такое бывала ўжо неаднойчы. Сказала, праўда, «навошта гэта?», а я сказаў, што ён вельмі прасіў не пакрыўдзіць яго, прыняць. «Што ж...» Яна ўзяла тыя ружовыя купюрынкі, палажыла ў кішэню халата, і мы пастаялі, пагаварылі.

Я не памыліўся — яна тут новая, не толькі ў гэтым корпусе, а наогул у санаторыі. Дагэтуль працавала ў анкалагічнай бальніцы, за дваццаць год наглядзелася ўсяго. Муж на адказнай рабоце, сын ужо кандыдат. А пра сябе: «Ну, як сказаць? Проста сваю работу я люблю»..

На развітанне я працягнуў руку. Яна падала сваю — малую, цёплую і чыстую пасля ўсяго «нячыстага» і цяжкага, што ёй так часта, многа даводзілася і яшчэ давядзецца рабіць. Пацалаваўшы гэтую руку, я, каб схаваць шчаслівую збянтэжанасць, зманіў:

— І гэта па ягонай просьбе.

...Штосьці падобнае, трошкі падобнае я адчуваў і цяпер, седзячы перад «дзіва-жанчынай».

Калі яна пераставала таптаць ды чараваць рукамі і пыталася: «Што, адчуваеце палёгку?» — я, затаіўшы ўсмешку як найглыбей, гаварыў: «Ага, адчуваю». Так паўтаралася разоў са тры. А потым мы з гэтай светлай дзівачкай ціха, прыязна рассталіся. Я і падзякаваў, сказаўшы, што гэта — за дабрату.

Нешта такое ж сказалася пасля і добраму хлопцу, гаспадару.

Я выйшаў у прыхожую, а з другога пакоя ў той, дзе засталася жанчына, быў запрошаны наступны. Яшчэ адзін паважны таварыш, якога, дарэчы, раней не было. Наш агульны з гаспадаром знаёмы, ужо не толькі літаратар, але і вучоны, доктар ажно філасофскіх навук. З выгляду — дай бог кожнаму, але ж таксама з нейкай бядой ды з усмешкай, заўсёды ў яго поўнай веры ў бясхмарную бясконцасць, а цяпер — нібы крыху вінаватай, ці што, а больш дык такой, што і ён, разумеецца, трапіў сюды толькі з чыста прафесійнай цікаўнасці...

Успамінаю ўсё гэта, а маналог на лаўцы каля зялёнага плоціка яшчэ ўсё ідзе. І тэма тая самая — пра Чмута.

— ...Сустрэў я раз яго,— расказвае таварыш весела,— гадоў са тры таму назад, дык ён гэта, браце, ледзьве ўжо хвост валачэ. «А дзе ж гіпноз? — пытаюся.— Што ж ты сам сябе не палечыш?..» Толькі рукою махнуў. Толькі пратэсу, ліха яму, бяры ды ідзі... Стой, браце, гэта ўжо мой аўтобус!

Маналог абарваўся. Расказчык амаль усхапіўся, узяў вядро, яшчэ ўсё моцна паціснуў маю руку, спешна падаўся да аўтобуса. Хоць ён толькі што спыніўся і як быццам адразу дваімі дзвярмі ўздыхнуў, адчыніўся з духаты ўсярэдзіне — на свежасць на дварэ. Пасажыры выходзяць, хто назусім, а хто праветрыцца ды размяцца. Новых сабралася няшмат. Нам яшчэ можна было б і пастаяць, бо і аўтобус жа пастаіць. Аднак таварыш ведае, што і пра месца трэба загадзя... Сеў ды махае мне рукой. І на развітанне, і каб я ўжо ішоў сабе, на лавачку, чакаць свайго.

Ну што ж, бывай! Мо і сустрэнемся яшчэ. Без пратэсаў, на самагіпнозе, не стогнучы.

1983

Званок

На сустрэчы з выдатным артыстам яму задалі і такое пытанне:

«Ці адчуваеце вы цяжар сваёй вядомасці?»

Артыст усміхнуўся, нават узяўся рукой за галаву, нібы з жаданнем заклапочана чухнуцца, тады яшчэ шырэй усміхнуўся і расказаў пра адзін тэлефонны званок.

Званок быў, вядома, не першы і не апошні, аднак вельмі позні. Ні днём, ні ноччу спакою няма!.. Артыст празаічна вылез з-пад коўдры і, штосьці адпаведнае мармычучы, падышоў да тэлефона.

«Міжгорад? Хто? Ну, Міша, ну і што?.. А, гэта ты, Сяргей! Ну, што там у цябе?»

Тут наш славуты госць зусім натуральна выявіў на твары тую самую начную радасць. Аказваецца, у яго нічога не прасілі, нікуды не выклікалі, не запрашалі, ніяк не хвалілі! Той Сяргей, апынуўшыся ў далёкай камандзіроўцы, добра-такі там засумаваў, і вось яму захацелася проста пачуць жывы сяброўскі голас.

Як гэта добра — проста сяброўскі голас!





Вядомасць — яна ў кожнага свая, хто колькі зарабіў. Розных званкоў таксама бывае больш ці менш, як у каго. Але каб агоркнуць часамі — хапае іх кожнаму.

Адзін званок, даволі позні, не так мяне ўзлаваў, як спачатку вельмі здзівіў.

Сябар з вайны, слаўны хлапчына, з якім мы сустракаемся вельмі рэдка, а пішам адзін аднаму толькі пад Новы год, паштовачку, раптам звоніць па міжгароднім, з далёкага райцэнтра, ноччу... Здароў! Здароў!.. Нешта ж павінна быць вельмі пільнае: ці ў Мінск, «да добрага доктара», трэба самому або камусьці з блізкіх, ці паступаць вучыцца нехта збіраецца, ці перавесці каго з адной работы на іншую, ці стаць якой сваячцы на чаргу з кватэрай... Пакуль што — нічога падобнага. Пытаецца, як жыву. Расказвае, як жыве. Даволі весела, зусім няспешна.

«Во размахнуўся,— думаю,— Рублёў па пяць напрастарэкуе. А то і да дзесяткі ўжо дабіраецца...»

А ў яго тым часам і яшчэ пытанне:

— А як табе, браце, падабаецца міжнароднае становішча? Га? От дзе паршыўцы!..

І гэтак далей. Ледзь не з поўнай свабодай. Глядзі, што вось-вось і да ўнутранага пяройдзе. Цуд, дый годзе. А потым, нарэшце, разгадка. І радасць. Бо звоніць ён — проста так сабе.

— І я ўжо, браце, на пенсіі. Не будаўнік. Дома сядзець не захацелася, бо што ты выседзіш. Адна таска заесць. Вартаўніком цяпер у нашай канторы дзяржбанка. Дзяжуру сёння. Сяджу сабе і думаю: дай пазваню. Тэлефон на стале. Па справачнай мне нумар твой далі. Ахвота словам перакінуцца.

Ахвота, браце, а як жа. Дзякуй, што пазваніў! Хоць раз за трыццаць дзевяць год. І яшчэ калі пазвані. Бо тэлефон ужо ёсць, ды яшчэ ж і казённы. Усё ж такі ты на заслужаным адтачыне.

1983

Шапка

У чалавека вялікая галава. Вечныя клопаты з тым, што называюць галаўным уборам. Улетку можна і без нічога, а то ж зіма ўжо, вецер, снег і мароз, і чалавеку холадна ў берэце. Зноў сунуўся ён у адзін, у другі магазін — нічога не надыходзіць. Не вытрываў — пайшоў да самога дырэктара універмага.

Стаіць, нібы дакладвае, бо той, з-за свайго вялікага пісьмовага стала, прысесці не запрасіў. Выслухаў і спытаўся:

— Кім работаеце?

У чалавека ледзь-ледзь праз горла пралезла:

— Пісьменнік.

Дырэктар падумаў і вырашыў:

— Выша кроліка не зможам. Ды і кролікаў пака няма.

У вачах чалавека пачалі загарацца слёзы.

— Каб вы ведалі, як мне прыемна з вамі гаварыць,— сказаў ён і пайшоў.

Для справядлівасці дадамо: дырэктар потым пісьменніку пазваніў. Што ёсць «кролік», што можна зайсці. Ды той ужо штосьці тым часам дастаў,— падзякаваў і не зайшоў.

І яшчэ адзін эпілог. Калі мы з сябрам наведалі ў бальніцы аднаго з нашых найбольш паважаных старэйшын і засталі там аднаго з адказных за ўзровень літаратуры, я расказаў пра гэтае сваё здарэнне з шапкай. Усе мы смяяліся. Толькі адзін чамусьці неяк стрымана, як не паверыўшы...

1983

Парыпванне